Литмир - Электронная Библиотека
Содержание  
A
A

— Я толькі на хвілінку, — сказаў ён. — Позна ўжо.

— Яшчэ не позна. Як там у нас? Ён усміхнуўся.

— Насміхаюцца з мяне па-ранейшаму. — Ягоны голас таксама гучаў стомлена. — Дзякуй Богу, усе здаровы.

— Я такі рады, што ў вас усё абышлося, — сказаў ён. — Вам не вельмі баліць?

Ён здаваўся стомленым, а я не прывык бачыць яго стомленым.

— Зараз ужо не.

— Мне вельмі сумна без вас за сталом.

— Я і сам бы хацеў вярнуцца хутчэй. Мне заўсёды было прыемна гутарыць з вамі.

— Я тут вам сёе-тое прынёс, — сказаў ён. Ён падняў з падлогі пакункі. — Вось сетка ад маскітаў. Вось бутэлька вермуту. Вы любіце вермут? Вось англійскія газеты.

— Калі ласка, разгарніце іх.

Ён узрадаваўся і стаў адкрываць бандэролі. Я ўзяў у рукі сетку ад маскітаў. Вермут ён падняў, каб паказаць мне, пасля зноў паставіў на стол ля ложка. Я ўзяў адну газету. Мне ўдалося прачытаць загаловак, павярнуўшы газету так, каб на яе падала слабае святло з акна. Гэта была «Ньюс оф уорлд».

— Астатнія — ілюстраваныя лісткі, — сказаў ён.

— З вялікай ахвотай прачытаю іх. Адкуль яны ў вас?

— Я пасылаў па іх у Местрэ. Я дастану яшчэ.

— Вы вельмі добры, што наведалі мяне, ойча мой. Вып'еце шклянку вермуту?

— Дзякуй, не варта. Гэта вам.

— Не, выпіце шкляначку.

— Ну, добра. Наступным разам я прынясу вам яшчэ.

Веставы прынёс шклянкі і адкрыў бутэльку. Корак раскрышыўся, і давялося прапіхнуць кавалак у бутэльку. Я бачыў, што святару гэта не спадабалася, і ён сказаў:

— Ну, нічога. Бывае.

— За ваша здароўе, ойча мой.

— За ваша здароўе.

Пасля ён трымаў шклянку ў руцэ, і мы глядзелі адзін на аднаго. Час ад часу мы спрабавалі распачаць сяброўскую гаворку, але сёння гэта не ўдавалася.

— Што з вамі, ойча мой? Вы вельмі стомлены?

— Я стаміўся, але я не маю на гэта права.

— Гэта ад гарачыні.

— Не. Бо яшчэ ж толькі вясна. На душы ў мяне цяжка.

— Вам надакучыла вайна?

— Не. Але я ненавіджу вайну.

— Я таксама не знаходжу ў ёй задавальнення, — сказаў я.

Ён пакруціў галавой і зірнуў у акно.

— Вам яна не перашкаджае. Вы яе не бачыце. Даруйце. Я ведаю, вы паранены.

— Гэта выпадковасць.

— I ўсё адно, нават паранены, вы не бачыце яе. Я перакананы ў гэтым. Я сам не бачу яе, але я крыху адчуваю.

— Калі мяне параніла, мы якраз гаварылі пра вайну. Пасіні гаварыў.

Святар наставіў шклянку. Ён думаў пра нешта іншае.

— Я іх разумею, бо я сам такі ж, як і яны, — сказаў ён.

— Але вы зусім іншы.

— А на самай справе я такі ж, як яны.

— Афіцэры нічога не бачаць.

— Не ўсе. Ёсць надта чулыя, ім яшчэ горш, чым нам.

— Такіх нямнога.

— Тут справа не ў адукацыі і не ў грашах. Тут нешта іншае. Такія людзі, як Пасіні, нават маючы адукацыю і грошы, не захацелі б быць афіцэрамі. Я не хацеў бы быць афіцэрам.

— Па чыну вы ўсё адно што афіцэр. I я афіцэр.

— Не, гэта не ўсё адно. А вы нават не італьянец. Вы замежны грамадзянін. Але вы бліжэй да афіцэраў, чым да радавых.

— У чым жа розніца?

— Мне цяжка растлумачыць. Ёсць людзі, якія хочуць ваяваць. У нашай краіне шмат такіх. Ёсць іншыя людзі, якія не хочуць ваяваць.

— Але першыя прымушаюць іх.

— Ага.

— А я дапамагаю гэтаму.

— Вы чужаземец. Вы патрыёт.

— А тыя, што не хочуць ваяваць? Ці могуць яны перашкодзіць вайне?

— Не ведаю.

Ён зноў зірнуў у акно. Я назіраў за ягоным тварам.

— Хіба яны калі-небудзь маглі перашкодзіць?

— Яны не арганізаваны і таму не могуць перашкаджаць, а калі яны арганізуюцца, іхнія важакі здраджваюць ім.

— Значыць, гэта безнадзейна?

— Няма нічога безнадзейнага. Але здараецца, што я не магу спадзявацца. Я заўсёды стараюся спадзявацца, але здараецца, што не магу.

— Але ж вайна некалі скончыцца?

— Спадзяюся.

— Што вы тады будзеце рабіць?

— Калі будзе можна, вярнуся ў Абруцы.

Яго смуглы твар раптам засвяціўся радасцю.

— Вы любіце Абруцы?

— Так, вельмі люблю.

— Вось і паедзьце туды.

— Гэта было б вялікае шчасце. Жыць там і любіць Бога і служыць яму.

— I карыстацца павагай, — сказаў я.

— Так, і карыстацца павагай. А што?

— Нічога. У вас для гэтага ёсць усе падставы.

— Не ў гэтым справа. Там, на маёй радзіме, лічыцца натуральным, што чалавек можа любіць Бога. Гэта не гнюсная камедыя.

— Разумею.

Ён паглядзеў на мяне і ўсміхнуўся.

— Вы разумееце, але вы не любіце Бога.

— Не.

— Зусім не любіце? — спытаў ён.

— Часам ноччу я баюся яго.

— Лепей вы любілі б яго.

— Я мала каго люблю.

— Не, — сказаў ён. — Няпраўда. Тыя ночы, пра якія вы мне расказвалі. Гэта не любоў. Гэта толькі пажаднасць і страсць. Калі любіш, хочацца нешта рабіць у імя любові. Хочацца ахвяраваць сабой. Хочацца служыць.

— Я нікога не люблю.

— Вы палюбіце. Я ведаю, што палюбіце. I тады вы будзеце шчаслівы.

— Я і так шчаслівы. Заўсёды шчаслівы.

— Гэта зусім іншае. Вы не можаце зразумець, што гэта, пакуль не адчуеце.

— Добра, — сказаў я, — калі я гэта некалі зразумею, я скажу вам.

— Я занадта доўга сяджу з вамі і занадта многа балбачу. — Ён шчыра занепакоіўся.

— Не. Не ідзіце. А каханне да жанчыны? Калі б я на самой справе пакахаў жанчыну, было б тое ж самае?

— Гэтага я не ведаю. Я не кахаў ніводнай жанчыны.

— А сваю маці?

— Так, маці я, напэўна, любіў.

— Вы заўсёды любілі Бога?

— З самага дзяцінства.

— Так, — сказаў я. Я не ведаў, што сказаць. — Вы яшчэ зусім малады.

— Я малады, — сказаў ён.— Але вы называеце мяне айцом.

— Гэта з ветлівасці. Ён усміхнуўся.

— Праўда, мне трэба ісці, — сказаў ён. — Вам ад мяне нічога не трэба? — спытаў ён з надзеяй.

— Не. Толькі размаўляць з вамі.

— Я перадам ад вас прывітанне ўсім нашым.

— Дзякуй за падарункі.

— Няма за што.

— Прыходзьце яшчэ адведаць мяне.

— Прыду. Да пабачэння, — ён паляпаў па маёй руцэ.

— Бывайце, — сказаў я на дыялекце.

— Сіао, — паўтарыў ён.

У пакоі было цёмна, і веставы, які ўвесь час сядзеў у нагах ложка, устаў і пайшоў правесці яго. Святар мне вельмі падабаўся, і я жадаў яму калі-небудзь вярнуцца ў Абруцы. У афіцэрскай сталоўцы яму псавалі жыццё, і ён вельмі міла пераносіў гэта, але я думаў пра тое, які ён у сябе на радзіме. У Капракота, расказваў ён, у рацэ ля самага горада водзіцца фарэль. Забаронена ноччу іграць на флейце. Моладзь спявае серэнады, і толькі іграць на флейце забаронена. Я спытаў — чаму. Бо дзяўчатам шкодна слухаць флейту ноччу. Сяляне называюць вас «дон» і здымаюць падчас сустрэчы капялюш. Яго бацька кожны дзень займаецца паляваннем і заходзіць паесці ў сялянскія хаціны. Там гэта лічаць за гонар. Чужаземцу, каб атрымаць дазвол на паляванне, трэба прад'явіць пасведчанне, што ён ніколі не быў арыштаваны. На Гран-Сасо д'Італія водзяцца мядзведзі, але гэта вельмі далёка. Аквіла — прыгожы горад. Летнія вечары не гарачыя, а вясна ў Абруцы самая цудоўная ва ўсёй Італіі. Але лепш за ўсё восенню, калі можна паляваць у каштанавых гаях. Дзічына вельмі добрая, бо харчуецца вінаградам. I снедання з сабой ніколі не трэба браць, сяляне лічаць за гонар, калі паясі ў іхняй хаце разам з імі. Неўзабаве я заснуў.

РАЗДЗЕЛ ДВАНАЦЦАТЫ

Палата была доўгая, з вокнамі ў правай сцяне і дзвярыма ў кутку, якія вялі ў перавязачную. Адзін рад ложкаў, дзе быў і мой, стаяў уздоўж сцяны, насупраць акон, а другі — ля вокан, насупраць сцяны. Лежачы на левым баку, я бачыў дзверы перавязачнай. У глыбіні былі яшчэ адны дзверы, у якія часам заходзілі людзі. Калі ў каго-небудзь пачыналася агонія, яго ложак адгароджвалі шырмай так, каб ніхто не бачыў, як ён памірае, і толькі чаравікі і абмоткі дактароў і санітараў былі відны з-пад шырмы, а часам напрыканцы чуўся шэпт. Пасля з-за шырмы выходзіў святар, і тады санітары зноў заходзілі за шырму і выносілі адтуль памерлага, з галавой накрытага коўдрай, і неслі яго ўздоўж праходу паміж ложкамі, і хто-небудзь складваў шырму і прымаў яе.

13
{"b":"980839","o":1}