— Вяртайся адразу ж.
— Я вярнуся, як толькі можна будзе.
— Да пабачэння.
— Да пабачэння, мой харошы.
Яна выйшла. Бачыць Бог, я не хацеў закахацца ў яе. Я ні ў кога не хацеў закахацца. Але, бачыць Бог, я закахаўся і ляжаў на ложку ў міланскім шпіталі, і ўсялякія думкі лезлі мне ў галаву, і мне было вельмі добра, і нарэшце ў пакой увайшла міс Гэйдж.
— Доктар прыязджае, — сказала яна. — Ён званіў з Кома.
— Калі ён будзе тут?
— Ён прыедзе вечарам.
РАЗДЗЕЛ ПЯТНАЦЦАТЫ
Да вечара нічога не адбылося. Доктар быў ціхі, худзенькі чалавечак, якога вайна, здавалася, выбіла з каляіны. З далікатнай і вытанчанай агідай ён дастаў з майго сцягна некалькі дробных стальных асколкаў. Ён скарыстаў мясцовую анестэзію, ці, як ён казаў, «замарожванне», ад якога тканкі знямелі і боль не адчуваўся, пакуль зонд, скальпель ці ланцэт не пранікалі глыбей за замарожаны слой. Можна было дакладна вызначыць, дзе гэты слой канчаецца, і хутка далікатнасць доктара скончылася, і ён сказаў, што лепш зрабіць рэнтген. Зандзіраванне нічога не дае, сказаў ён.
Рэнтгенаўскі кабінет быў у Ospedale Maggiore²⁴, i доктар, які рабіў прасвечванне, быў шумны, лоўкі і вясёлы. Пацыента падтрымлівалі за плечы, так што ён сам мог бачыць на экране самыя вялікія іншародныя целы. Здымкі павінны былі прыслаць потым. Доктар запрасіў мяне напісаць у яго запісной кніжцы маё імя, полк і што-небудзь на памяць. Ён абвясціў, то ўсё іншароднае — агіднасць, мярзоцце, брыдота. Аўстрыйцы проста сукіны дзеці. Колькі я забіў? Я не забіў ніводнага, але мне вельмі хацелася сказаць яму прыемнае, і я сказаў, што забіў процьму аўстрыйцаў. Са мной была міс Гэйдж, і доктар абняў яе за талію і сказаў, што яна прыгажэйшая за Клеапатру. Ці зразумела яна? Клеапатра — былая егіпецкая царыца. Але, як Бог Святы, яна больш цудоўная.
Санітарная машына адвезла нас назад у шпіталь, і праз нейкі час, пасля шматлікіх вандровак з насілак на насілкі, я нарэшце апынуўся ўверсе, на сваім ложку. Пасля абеду прыбылі здымкі; доктар паабяцаў, што, як Бог Святы, яны будуць гатовыя пасля абеду, і стрымаў слова. Кэтрын Барклі наказала мне здымкі. Яны былі ў чырвоных канвертах, і яна дастала іх з канвертаў, і мы разам разглядалі іх на святло.
— Гэта правая нага, — сказала яна і паклала здымак зноў у канверт. — А гэта левая.
— Пакладзі іх куды-небудзь, — сказаў я, — а сама хадзі да мяне.
— Нельга, — сказала яна. — Я прыйшла толькі на хвілінку, паказаць табе здымкі.
Яна пайшла, і я застаўся адзін. Дзень быў гарачы, і мне вельмі надакучыла ляжаць на ложку. Я папрасіў швейцара купіць мне газеты, усе газеты, якія толькі можна дастаць.
Пакуль я чакаў яго, у пакой увайшлі тры доктары. Я даўно заўважыў, што дактары, якім не хапае вопыту, схільны прасіць адзін у аднаго дапамогі і парады. Доктар, які не можа як след выразаць вам апендыкс, пашле вас да іншага, які не здолее толкам выдаліць вам гланды. Гэтыя тры доктары былі такія.
— Вось наш малады чалавек, — сказаў шпітальны доктар, той, у якога былі далікатныя рухі.
— Добры дзень, — сказаў высокі, худы доктар з барадой. Трэці, які трымаў у руках рэнтгенаўскія здымкі ў чырвоных канвертах, нічога не сказаў.
— Здымем павязкі? — запытальна прамовіў барадаты доктар.
— Вядома. Здыміце, калі ласка, павязкі, сястра, — звярнуўся шпітальны доктар да міс Гэйдж.
Міс Гэйдж зняла павязкі. Я паглядзеў на свае ногі. Калі я ляжаў у палявым шпіталі, яны былі падобныя на заветралы мясны фарш. Цяпер яны былі пад скарынкай, і калена распухла і балела, а лытка абмякла, але гною не было.
— Вельмі чыста, — сказаў шпітальны доктар. — Вельмі чыста і добра.
— Гм, — сказаў барадаты доктар. Трэці ўрач зірнуў цераз плячо шпітальнага доктара.
— Сагніце, калі ласка, калена, — сказаў барадаты.
— Не магу.
— Праверым сустаў? — запытальна прамовіў барадаты доктар. У яго рукаве, акрамя трох зорачак, была яшчэ палоска. Гэта азначала, што ён мае чын капітана медыцынскай службы.
— Вядома, — сказаў шпітальны доктар. Удвух яны асцярожна ўзяліся за маю правую нагу і сталі згінаць яе.
— Баліць, — сказаў я.
— Так, так. Яшчэ крыху.
— Хопіць. Далей не ідзе, — сказаў я.
— Функцыя не поўная, — сказаў барадаты. Ён выпрастаўся. — Дазвольце яшчэ раз зірнуць на здымкі, доктар. — Трэці доктар падаў яму адзін са здымкаў. — Не. Левую нагу, калі ласка.
— Гэта левая нага, доктар.
— Праўда. Я глядзеў не з таго боку. — Ён вярнуў здымак. Другі здымак ён разглядваў некалькі хвілін. — Бачыце, доктар? — Ён паказаў на адно з іншародных цел, якое выразна бачылася на святле. Яны разглядалі здымак яшчэ некалькі хвілін.
— Я магу сказаць толькі адно, — сказаў барадаты доктар у чыне капітана. — Гэта пытанне часу. Месяцы тры, а мо і паўгода.
— Безумоўна, бо павінна сабрацца зноў сінавіяльная вадкасць.
— Вядома. Гэта пытанне часу. Я не магу ўскрыць такі каленны сустаў, перш чым вакол утворыцца капсула.
— Цалкам падзяляю вашу думку, доктар.
— Навошта паўгода? — спытаў я.
— Паўгода, каб вакол асколка ўтварылася капсула і можна было без рызыкі ўскрыць каленны сустаў.
— Я гэтаму не веру, — сказаў я.
— Вы хочаце зберагчы нагу, малады чалавек?
— Не, — сказаў я.
— Што?
— Я хачу, каб яе адрэзалі, — сказаў я, — так, каб можна было прытачыць да яе кручок.
— Што вы хочаце сказаць? Кручок?
— Ён жартуе, — сказаў шпітальны доктар і вельмі далікатна паляпаў мяне па плячы. — Ён хоча зберагчы нагу. Гэта вельмі мужны малады чалавек. Ён прадстаўлены да сярэбранага медаля за храбрасць.
— Шчыра віншую, — сказаў доктар у чыне капітана. Ён паціснуў мне руку. — Я магу толькі сказаць, што, каб пазбегнуць рызыкі, трэба пачакаць сама мала паўгода, перш чым ускрываць такое калена. Зразумела, вы вольныя прытрымлівацца іншай думкі.
— Дзякую вам, — сказаў я. — Ваша думка для мяне вельмі важная.
Доктар у чыне капітана зірнуў на гадзіннік.
— Нам пара, — сказаў ён. — Жадаю вам усяго добрага.
— Вам таксама ўсяго добрага і вялікае дзякуй, — сказаў я.
Я паціснуў руку трэцяму доктару: «Capitano Varini — tenente Enry», — i ўсе трое выйшлі з пакоя.
— Міс Гэйдж, — паклікаў я. Яна ўвайшла. — Калі ласка, папрасіце шпітальнага доктара яшчэ на хвілінку да мяне.
Ён прыйшоў, трымаючы кепі ў руцэ, і стаў каля ложка.
— Вы хацелі мяне бачыць?
— Так. Я не магу чакаць аперацыі паўгода. Божа, доктар, вам даводзілася калі-небудзь паўгода ляжаць у ложку?
— Вы не будзеце ўвесь час ляжаць. Спачатку вам трэба будзе пагрэць раны на сонцы. Потым вы пачнеце хадзіць на мыліцах.
— Паўгода, а потым аперацыя?
— Гэта найменш рызыкоўны шлях. Трэба вычакаць, калі вакол іншародных цел утворыцца капсула і зноў збярэцца сінавіяльная вадкасць. Тады можна без рызыкі ўскрываць каленны сустаў.
— А вы самі ўпэўнены, што мне трэба так доўга чакаць?
— Гэта найменш рызыкоўны шлях.
— Хто гэты доктар у чыне капітана?
— Гэта вельмі добры міланскі хірург.
— Ён у чыне капітана, праўда?
— Так, але ён вельмі добры хірург.
— Я не хачу, каб у маёй назе капаўся нейкі капітан. Калі б ён быў нешта варты, то быў бы маёрам. Я ведаю, што такое капітан, доктар.
— Ён вельмі добры хірург, і я з яго думкай лічуся больш, чым з чыёй-небудзь іншай.
— Можна паказаць маю нагу іншаму хірургу?
— Вядома, калі вы захочаце. Але я асабіста паслухаўся б парады доктара Варэла.
— Вы можаце запрасіць да мяне іншага хірурга?
— Я запрашу Валенціні.
— Хто ён такі?
— Хірург з Ospedale Maggiore.
— Добра. Я вам буду вельмі ўдзячны. Зразумейце, доктар, не магу я ляжаць на ложку.
— Вы не будзеце ляжаць на ложку. Спачатку вы будзеце прымаць сонечныя ванны. Потым можна перайсці да лёгкіх практыкаванняў. Потым, калі утворыцца капсула, мы зробім аперацыю.