Литмир - Электронная Библиотека
Содержание  
A
A

— У Лез-Аван над Мантрэ найлепшыя ўмовы для любога зімовага спорту.

Патрыёт Мантрэ злосна зірнуў на свайго калегу.

— Панове, — сказаў я. — На жаль, мы павінны ехаць. Мая кузіна вельмі стамілася. Мы рызыкнём адправіцца ў Мантрэ.

— Вітаю ваша рашэнне. — Першы чыноўнік паціснуў мне руку.

— Думаю, што вы будзеце шкадаваць пра ад'езд з Лакарна, — сказаў другі чыноўнік. — Ва ўсякім выпадку, у Мантрэ вам давядзецца з'явіцца ў паліцыю.

— Ніякіх непаразуменняў з паліцыяй у вас не будзе, — запэўніў мяне першы чыноўнік. — З боку насельніцтва вы сустрэнеце выключную гасціннасць і дружалюбнасць.

— Вялікае дзякуй вам абодвум, — сказаў я. — Вашы парады для нас вельмі каштоўныя.

— Да пабачэння, — сказала Кэтрын.

— Вялікае дзякуй вам абодвум.

Яны праводзілі нас з паклонамі, патрыёт Лакарна неяк халаднавата. Мы спусціліся па лесвіцы і селі ў экіпаж.

— О, Божа! —сказала Кэтрын. — Няўжо нельга было выбрацца адгэтуль раней? — Я даў вазніцы адрас гатэля, рэкамендаванага нам адным з чыноўнікаў. Вазніца падабраў лейцы.

— Ты забыўся про армію, — сказала Кэтрын. Салдат стаяў каля экіпажа. Я даў яму дзесяць лір. — У мяне яшчэ няма швейцарскіх грошай, — сказаў я. Ён падзякаваў, узяў пад казырок і пайшоў. Экіпаж крануўся, і мы паехалі ў гатэль.

— Чаму ты загаварыла пра Мантрэ? — спытаў я ў Кэтрын. — Ты сапраўды хочаш туды ехаць?

— Гэта было першае, што прыйшло мне ў галаву, — сказала яна. — Там няблага. Мы можам пасяліцца дзе-небудзь наверсе, у гарах.

— Табе хочацца спаць?

— Я ўжо амаль сплю.

— Мы добра выспімся. Бедная мая Кэт! Дасталася табе гэтай ноччу.

— Мне было вельмі весела, — сказала Кэтрын. — Асабліва калі ты сядзеў з парасонам.

— Ты разумееш, што мы ў Швейцарыі?

— Не, мне ўсё здаецца: вось я прачнуся, і гэта ўсё няпраўда.

— I мне таксама.

— Але ж гэта праўда, любы? Гэта ж не на Міланскі вакзал еду я, каб правесці цябе?

— Спадзяюся, што не.

— Не кажы так. Я баюся. А раптам гэта акажацца праўдай.

— Я быццам п'яны і нічога не разумею, — сказаў я.

— Пакажы свае рукі.

Я працягнуў ёй абедзве рукі. Яны былі сцёртыя да жывога мяса.

— Раны няма толькі ў баку, — сказаў я.

— Не смейся.

Я вельмі стаміўся, і ў мяне кружылася галава. Уся мая жвавасць прапала. Экіпаж каціўся па вуліцы.

— Бедныя рукі! — сказала Кэтрын.

— Не чапай іх, — сказаў я. — Што за д'ябал, я не разумею, дзе мы. Куды мы едзем, вазніца?

Вазніца спыніў каня.

— У гатэль Метраполь. Хіба вы не туды хацелі?

— Так, так, — сказаў я. — Усё ў парадку, Кэт.

— Усё ў парадку, любы. Не хвалюйся. Мы добра выспімся, і заўтра ты ўжо не будзеш п'яны.

— Я зусім п'яны, — сказаў я. — Увесь гэты дзень падобны на аперэту. Магчыма, я галодны.

— Ты проста стаміўся, любы. Гэта ўсё пройдзе.

Экіпаж спыніўся каля гатэля. Хлопчык выйшаў забраць нашы чамаданы.

— Ужо праходзіць, —сказаў я. Мы былі на вуліцы і ішлі ў гатэль.

— Я ведала, што пройдзе. Ты проста стаміўся. Табе трэба выспацца.

— Ва ўсякім выпадку, мы ў Швейцарыі.

— Так, мы сапраўды ў Швейцарыі.

Следам за хлопчыкам з чамаданамі мы ўвайшлі ў гатэль.

Кніга пятая

РАЗДЗЕЛ ТРЫЦЦАЦЬ СЁМЫ

Той восенню снег выпаў вельмі позна. Мы жылі ў драўлянай хаціне сярод соснаў на схіле гары, і начамі бывалі замаразкі, вада ў двух збанах на рукамыйніку пакрывалася да раніцы тонкай скарынкай лёду. Madame Гуцінген ранкам уваходзіла ў пакой, каб зачыніць вокны, і распальвала высокую кафляную печку. Сасновыя дровы трашчалі і разгараліся, і агонь у печцы пачынаў гусці, і madame Гуцінген другі раз заходзіла ў пакой, несучы тоўстыя палены для печкі і збан з гарачай вадой. Калі пакой награваўся, яна прыносіла снеданне. Снедаючы ў ложку, мы бачылі возера і горы на тым баку возера, на французскім беразе. На вяршынях гор ляжаў снег, і возера было шэрае са стальной сінявой.

Звонку, ля самага доміка, праходзіла дарога. Ад марозу каляіны былі цвёрдыя як камень, і дарога ўпарта лезла ўгару цераз гай і затым, абвіўшы гару, выбіралася туды, дзе былі лугі, і хлявы, і хаціны на лугах на ўскраіне лесу, над самай далінай. Даліна была глыбокая, і на дне яе цякла рака, якая ўпадала ў возера, і калі вецер дзьмуў з даліны, было чуваць, як рака шуміць па камянях.

Часам мы збочвалі з дарогі і ішлі па сцежцы праз сасновы гай. У гаі зямля пад нагамі была мяккая: яна не сцвярдзела ад марозу, як на дарозе. Але нам не шкодзіла тое, што зямля на дарозе цвёрдая, бо падэшвы і абцасы ў нас былі падбіты цвікамі, і цвікі прабівалі мёрзлую зямлю, і ў падбітых цвікамі чаравіках ісці па дарозе было прыемна і бадзёрыста. Але ісці ў гаі было таксама прыемна.

Ля доміка, дзе мы жылі, пачынаўся круты спуск да невялікай раўніны ля возера, і ў сонечныя дні мы сядзелі на верандзе, і нам было бачна, як уецца дарога па горным схіле, і быў бачны схіл другой гары і размешчаныя тэрасамі вінаграднікі, дзе ўсе лозы ўжо высахлі па-зімоваму, і палі, падзеленыя агароджамі з каменю, і ніжэй вінаграднікаў гарадскія дамы на вузкай раўніне ля берага возера. На беразе быў астравок з двума дрэвамі, і дрэвы былі падобны на падвойны ветразь рыбацкай лодкі. Горына тым баку возера былі крутыя і вастраверхія, і ля паўднёвага краю возера доўгай упадзінай паміж двух горных кражаў ляжала даліна Роны, а ў далёкім канцы, там, дзе даліну зразалі горы, быў Дандзю-Мідзі. Гэта была высокая снежная тара, і яна валадарыла над далінай, але яна была так далёка, што не пакідала ценю.

Калі было сонца, мы снедалі на верандзе, але іншым часам мы елі наверсе, у маленькім пакойчыку з дашчатымі сценамі і вялікай печкай у кутку. Мы накуплялі ў горадзе часопісаў і кніг і навучыліся гуляць у карты. Маленькі пакойчык з печкай быў нашай залай і сталовай. Там былі два зручныя крэслы і столік для часопісаў, кніг, а ў карты мы гулялі на абедзенным стале, пасля таго як прыбяруць посуд. Monsieur і madame Гуцінген жылі ўнізе, і па вечарах мы часам чулі, як яны размаўляюць, і яны таксама былі вельмі шчаслівыя. Ён раней быў обер-кельнерам, а яна працавала пакаёўкай у тым жа гатэлі, і яны сабралі грошы, каб купіць гэты домік. У іх быў сын, які рыхтаваўся стаць обер-кельнерам. Ён служыў у гатэлі ў Цюрыху. Унізе было памяшканне, дзе прадавалі віно і піва, і вечарам мы часам чулі, як на дарозе спыняліся вазы і мужчыны падымаліся па прыступках, каб кульнуць шкляначку.

У калідоры ля нашага пакоя стаяла скрыня з дрывамі, і адтуль я браў палена за паленам, каб падкідваць у печку. Але мы не сядзелі позна. Мы клаліся спаць у нашай вялікай спальні, не запальваючы святла, і, распрануўшыся, я адчыняў вокны, і глядзеў у ноч, і на халодныя зоркі, і на сосны ля вокнаў, і пасля як мага хутчэй клаўся ў ложак. Добра ў ложку, калі паветра такое халоднае і чыстае, а за акном ноч. Мы спалі моцна, і калі ноччу я прачынаўся, то ведаў чаго, і тады я адсоўваў пярыну, вельмі асцярожна, каб не разбудзіць Кэтрын, і зноў засынаў, з новым адчуваннем лёгкасці ад тонкай коўдры. Вайна здавалася далёкай, як футбольны матч у чужым каледжы. Але з газет я ведаў, што баі ў гарах усё яшчэ ідуць, бо да гэтага часу не выпаў снег.

Часам мы спускаліся па схіле гары ў Мантрэ. Ад самага доміка ўніз вяла сцяжынка, але яна была вельмі крутая, і звычайна мы спускаліся па дарозе і ішлі па шырокай, зацвярдзелай ад марозу дарозе між палёў, а пасля між агароджамі з каменю вакол вінаграднікаў і яшчэ ніжэй паміж домікамі прыдарожных вёсак. Вёскі былі тры: Шарнэ, Фантаніван і яшчэ адна, забыўся якая. Затым па той жа дарозе мы праходзілі міма старога, моцна збітага мураванага château на выступе гары, сярод размешчаных тэрасамі вінаграднікаў, дзе кожная лаза была падвязана да тычкі, і ўсе лозы былі сухія і бурыя, і зямля чакала снегу, а ўнізе, у глыбіні, ляжала возера, гладкая і шэрае, як сталь. Ад château дарога ішла ўніз даволі паката, а затым збочвала ўправа, і далей быў выбрукаваны каменем вельмі круты спуск проста да Мантрэ.

50
{"b":"980839","o":1}