У нас не было знаёмых у Мантрэ. Мы ішлі па беразе возера і бачылі лебедзяў, і мноства чаек, і буравеснікаў, якія ўзляталі, як толькі падыдзеш бліжэй, і жаласна крычалі, гледзячы ўніз на ваду. Далей ад берага плылі чароды гагар, маленькіх і цёмных, пакідаючы пасля сябе след на вадзе. Прыйшоўшы ў горад, мы пайшлі па галоўнай вуліцы і разглядвалі вітрыны магазінаў. Там было шмат вялікіх гатэляў, зараз зачыненых, але магазіны амаль усе былі адчынены, і нам усюды былі вельмі рады. Была вельмі добрая цырульня, і Кэтрын зайшла туды. Гаспадыня цырульні сустрэла яе вельмі ветліва, гэта была адзіная наша знаёмая ў Мантрэ. Пакуль Кэтрын была ў цырульні, я сядзеў у піўным паграбку і піў цёмнае мюнхенскае піва і чытаў газеты. Я чытаў «Карьерэ дэлла Сера» і англійскія і амерыканскія газеты з Парыжа. Усе аб'явы былі запэцканы друкарскай фарбай, відаць, каб нельга было выкарыстаць іх для зносін з непрыяцелем. Гэта было невясёлае чытанне. Справы ўсюды былі невясёлыя. Я сядзеў у кутку з вялікім куфлем цёмнага піва і разарваным папяровым пакетам pretzels³⁹ і еў pretzels, бо мне падабаўся іх саланаваты прысмак і тое, якім смачным ад іх станавілася піва, і чытаў пра разгром. Я думаў, што Кэтрын зойдзе па мяне, але яна не заходзіла, і я паклаў газеты на месца, заплаціў за піва і пайшоў шукаць яе. Дзень быў халодны, і пахмурны, і зімні, і камень у сценах здаваўся халодным. Кэтрын усё яшчэ была ў цырульні. Гаспадыня завівала ёй валасы. Я сядзеў у кабінеціку і глядзеў. Гэта мяне хвалявала, і Кэтрын усміхалася і размаўляла са мной, і голас мой быў крыху сіпаты ад хвалявання. Шчыпцы прыемна пазвоньвалі, і я бачыў валасы Кэтрын у трох люстэрках, і ў кабінеціку было цёпла і прыемна. Затым гаспадыня зрабіла ўкладку валасоў, і Кэтрын паглядзела ў люстэрка і крыху памяняла прычоску, дастаючы і заколваючы шпількі; затым устала.
— Мне проста сорамна, што я тут доўга.
— Monsieur было проста цікава. Хіба не так, monsieur? — усміхнулася гаспадыня.
— Праўда, — сказаў я.
Мы выйшлі і пайшлі па вуліцы. Было холадна і змрочна, і быў вецер.
— Ты нават не ведаеш, як я цябе кахаю, — сказаў я.
— Праўда ж, нам зараз вельмі добра? — сказала Кэтрын. — Ведаеш што? Давай куды-небудзь зойдзем і замест чаю вып'ем піва. Для маленькай Кэтрын піва вельмі карысна. Яно не дасць ёй занадта хутка расці.
— Ты і праўда не давай ёй расці, і калі гэта будзе хлопчык, ён здолее стаць жакеем.
— Бадай што, калі народзіцца дзіця, нам і на самай справе трэба будзе пажаніцца, — сказала Кэтрын. Мы сядзелі ў піўной за столікам у кутку. На вуліцы ўжо цямнела. Было рана, але дзень быў пахмурны, і рана наступіў вечар.
— Давай пажэнімся зараз, — сказаў я.
— Не, — сказала Кэтрын. — Зараз няёмка. Ужо надта прыкметна. Не пайду ж я такая ў мэрыю.
— Шкала, што мы не пажаніліся раней.
— Бадай, так было б лепей. Але калі ж мы маглі, любы?
— Не ведаю.
— А я ведаю толькі адно. Не пайду я ў мэрыю гэткай важнай матронай.
— Якая ж ты матрона?
— Самая сапраўдная, любы. Цырульніца пыталася, ці першае дзіця. Я сказала ёй, што ў нас ужо ёсць два хлапчукі і дзве дзяўчынкі.
— Калі ж мы пажэнімся?
— Як толькі я зноў пахудзею. Я хачу, каб у нас было цудоўнае вяселле і каб усе думалі: якая прыгожая пара.
— Але цябе гэта не засмучае?
— А чаго мне засмучацца, любы? У мяне толькі адзін раз было пагана на душы, гэта ў Мілане, калі я адчула сябе дзеўкай, і то праз пяць хвілін усё мінулася, і тут больш за ўсё быў вінаваты пакой. Хіба я дранная жонка?
— Ты цудоўная жонка.
— Вось і не думай пра фармальнасці, любы. Як толькі я зноў пахудзею, мы пажэнімся.
— Добра.
— Як ты лічыш, ці можна мне выпіць піва? Доктар сказаў, што ў мяне вузкаваты таз, так што лепей не дазваляць маленькай Кэтрын вельмі расці.
— Што ён яшчэ сказаў? — Я захваляваўся.
— Нічога. У мяне выдатны крывяны ціск, любы. Ён проста ў захапленні ад майго ціску.
— А што яшчэ ён сказаў наконт вузкага таза?
— Нічога. Зусім нічога. Ён сказаў, што мне нельга ездзіць на лыжах.
— Правільна.
— Ён сказаў, што зараз ужо позна пачынаць, калі я да гэтага не ездзіла. Ён сказаў, што ўвогуле ездзіць на лыжах можна, толькі каб не падаць.
— Твой доктар жартаўнік.
— Не, на самай справе, ён вельмі слаўны. Мы паклічам яго, калі наступіць час нарадзіцца нашаму малому.
— Ты не пыталася ў яго, ці можна нам жаніцца?
— Не. Я сказала яму, што мы жанатыя чатыры гады. Ведаеш, любы, калі я выйду за цябе, я стану амерыканкай, а згодна з амерыканскімі законамі, калі б мы ні жаніліся, — дзіця лічыцца законным.
— Дзе ты гэта вычытала?
— У нью-йоркскім «Уорлд алманак» у бібліятэцы.
— Ты проста цуд.
— Я вельмі рада, што буду амерыканкай. I мы паедзем у Амерыку, праўда, любы? Я хачу паглядзець Ніягарскі вадаспад.
— Ты цуд.
— Я яшчэ нешта хацела паглядзець, толькі я забылася што.
— Бойні?
— Не. Я забылася.
— Небаскроб Вулварта?
— Не.
— Вялікі Каньён?
— Не. Але і гэта таксама.
— Тады што ж?
— Залатыя вароты! Во што я хацела паглядзець. Дзе гэта Залатыя вароты?
— У Сан-Францыска.
— Ну, дык паедзем туды. I наогул я хачу паглядзець Сан-Францыска.
— Выдатна. Туды мы і паедзем.
— Ладна. Толькі я вып'ю яшчэ піва.
Калі мы выйшлі, і пайшлі па вуліцы, і пачалі падымацца па лесвіцы да станцыі, было вельмі холадна. Халодны вецер дзьмуў з Ронскай даліны. У вітрынах магазінаў гарэлі агні, і мы падымаліся па крутой каменнай лесвіцы на верхнюю вуліцу і затым па іншай вуліцы на станцыю. Там ужо стаяў электрычны поезд, увесь асветлены. На вялікім цыферблаце быў пазначаны час адыходу. Стрэлкі паказвалі дзесяць хвілін шостай. Я паглядзеў на станцыйны гадзіннік. Было пяць хвілін шостай. Калі мы заходзілі ў вагон, я бачыў, як вагонаважаты і кандуктар выйшлі з буфета. Мы ўселіся і адчынілі акно. Вагон ацяпляўся электрычнасцю, і ў ім было душна, але ў акно заходзіла свежае халоднае паветра.
— Ты стамілася, Кэт? — спытаў я.
— Не. Я сябе выдатна адчуваю.
— Нам не доўга ехаць.
— Я з задавальненнем праедуся, — сказала яна. — Не перажывай за мяне, любы. Я адчуваю сябе выдатна.
Снег выпаў толькі за тры дні да Каляд. Неяк раніцай мы прачнуліся, і ішоў снег. У печцы гудзеў агонь, а мы ляжалі ў ложку і глядзелі, як сыпле снег. Madame Гуцінген прыбрала посуд пасля снедання і падкінула ў печку дроў. Гэта была сапраўдная завіруха. Мадам Гуцінген сказала, што яна пачалася каля поўначы. Я падышоў да акна і паглядзеў, але нічога не мог убачыць далей за дарогу. Дзьмула і мяло з усіх бакоў. Я зноў лёг у ложак, і мы ляжалі і размаўлялі.
— Добра было б пахадзіць на лыжах, — сказала Кэтрын. — Так шкада, што мне нельга на лыжах.
— Мы дастанем санкі і з'едзем па дарозе ўніз. Гэта для цябе не больш небяспечна, чым у аўтамабілі.
— А трасці не будзе?
— Можна паспрабаваць.
— Добра, каб не трасло.
— Крыху счакаўшы можна будзе выйсці пагуляць па снезе.
— Перад абедам, — сказала Кэтрын, — для апетыту.
— Я і так заўсёды галодны.
— I я таксама.
Мы выйшлі ў завіруху. Усюды намяло гурбы, і таму нельга было адысціся далёка. Я пайшоў наперад, пратоптваў сцежку, але пакуль мы дабраліся да станцыі, нам давялося ісці даволі доўга. Мяло так, што нельга было расплюшчыць вочы, і мы ўвайшлі ў маленькі кабачок ля станцыі, і, венікам ачысціўшы снег адно з аднаго, селі на лаўку, і папрасілі вермуту.
— Сёння моцная завіруха, — сказала кельнерша.
— Праўда.
— Снег сёлета выпаў позна.
— Ага.
— А мо я з'ем плітку шакаладу? — спытала Кэтрын. — Ці ўжо хутка снеданне? Я заўсёды галодная.
— Адну можаш з'есці, — сказаў я.
— Я вазьму з арэхамі, — сказала Кэтрын.
— З арэхамі вельмі смачны, — сказала дзяўчына. — Я больш за ўсё люблю з арэхамі.
— Я вып'ю яшчэ вермуту, — сказаў я.
Калі мы выйшлі, каб ісці дамоў, нашу сцежку ўжо занесла снегам. Толькі ледзь прыкметныя паглыбленні засталіся там, дзе раней былі сляды. Мяло проста ў твар, так што нельга было расплюшчыць вочы. Мы пачысціліся і пайшлі снедаць. Сняданак падаваў monsieur Гуцінген.