— Я ў гэтым упэўнены.
— Вы ўпэўнены?
— Так.
Ён уважліва паглядзеў на мяне.
— Тады дазвольце сказаць вам адну рэч. Не разгульвайце ў гэтым мундзіры.
— Чаму?
— На рукавах яўна відаць месцы, адкуль паспораты зорачкі. Сукно іншага колеру.
Я прамаўчаў.
— Калі ў вас няма папер, я магу вам дастаць паперы.
— Якія паперы?
— Адпускное пасведчанне.
— Мне не патрэбны паперы. У мяне ёсць паперы.
— Добра, — сказаў ён. — Але калі вам патрэбны паперы, я магу дастаць вам усё, што трэба.
— Колькі каштуюць тыя паперы?
— Гледзячы што. Цана памяркоўная.
— Зараз мне нічога не трэба.
Ён паціснуў плячыма.
— У мяне ўсё як трэба, — сказаў я.
Калі я выходзіў, ён сказаў:
— Не забывайце, што я ваш сябар.
— Не забуду.
— Яшчэ ўбачымся.
— Абавязкова, — сказаў я.
Выйшаўшы, я абагнуў вакзал, дзе магла быць ваенная паліцыя, і наняў экіпаж каля агароджы маленькага парку. Я даў вазніцы адрас шпіталя. Прыехаўшы ў шпіталь, я ўвайшоў у каморку швейцара. Яго жонка расцалавала мяне. Ён паціснуў мне руку.
— Вы вярнуліся! Вы здаровы!
— Так.
— Вы снедалі?
— Так.
— Як ваша здароўе, tenente? Як здароўе? — пыталася жонка.
— Цудоўна.
— Мо паснедаеце з намі?
— Не, дзякую. Скажыце, міс Барклі зараз у шпіталі?
— Міс Барклі?
— Сястра-англічанка.
— Яго каханка, — сказала жонка. Яна пагладзіла мяне па плячы і ўсміхнулася.
— Не, — сказаў швейцар. — Яна паехала.
У мяне абарвалася сэрца.
— Вы ўпэўнены? Я кажу пра маладую англічанку — высокая, бландзінка.
— Я ўпэўнены, яна паехала ў Стрэзу.
— Калі яна паехала?
— Два дні таму, разам з другой сястрой-англічанкай.
— Так, — сказаў я. — Я хачу папрасіць вас аб нечым. Нікому не кажыце, што вы бачылі мяне. Гэта вельмі важна.
— Я нікому не скажу, — сказаў швейцар.
Я працягнуў яму дзесяць лір. Ён адпіхнуў руку.
— Я абяцаў вам, што не скажу нікому, — сказаў ён. — Мне не трэба грошай.
— Чым мы можам дапамагчы вам, signor tenente? — спытала яго жонка.
— Толькі гэтым, — сказаў я.
— Мы будзем нямыя, — сказаў швейцар. — Вы дайце мне знаць, калі што спатрэбіцца.
— Добра, — сказаў я. — Да пабачэння. Яшчэ ўбачымся.
Яны стаялі ў дзвярах, гледзячы мне ўслед.
Я сеў у экіпаж і даў вазніцы адрас Сіманса, таго майго знаёмага, які вучыўся спяваць.
Сіманс жыў на другім канцы горада, каля Порта-Маджэнта. Ён ляжаў на ложку і быў яшчэ зусім сонны, калі я прыйшоў да яго.
— Страшэнна рана вы ўсталі, Генры, — сказаў ён.
— Я прыехаў раннім цягніком.
— Што гэта за гісторыя з адступленнем? Вы былі на фронце? Хочаце цыгарэту? Вунь там, на стале.
Пакой быў вялікі, з ложкам каля сцяны, раялем у процілеглым куце, камодай і сталом. Я сеў на крэсла каля ложка. Сіманс сядзеў, падклаўшы падушкі над спіну, і курыў.
— У мяне дрэнныя справы, Сім, — сказаў я.
— У мяне таксама, — сказаў ён. — У мяне заўсёды дрэнныя справы. Курыць не хочаце?
— Не, — сказаў я. — Што трэба для таго, каб паехаць у Швейцарыю?
— Вам? Вас італьянцы не выпусцяць за мяжу.
— Гэта я ведаю. А швейцарцы? Што зробяць швейцарцы?
— Яны вас інтэрніруюць.
— Я ведаю. Але якая механіка гэтай справы?
— Ніякай. Гэта вельмі проста. Вы можаце ездзіць куды хочаце. Трэба, здаецца, толькі з'яўляцца на праверку ці на нешта падобнае. А што? Вас праследуе паліцыя?
— Пакуль яшчэ не.
— Калі не хочаце гаварыць, не трэба. Хоць цікава было б паслухаць. Я з трэскам праваліўся ў П'ячэнцы.
— Ды што вы!
— Так, так, вельмі дрэнна прайшло. I добра ж спяваў. Я збіраюся паспрабаваць яшчэ раз — тут, у «Лірыка».
— Вельмі шкада, што мне не ўдасца паслухаць.
— Вы вельмі мілы. У вас што, сур'ёзныя непрыемнасці?
— Не ведаю.
— Калі не хочаце гаварыць, не трэба. А чаму вы тут, а не на гэтым праклятым фронце?
— Я вырашыў, што з мяне хопіць.
— Малайчына. Я заўсёды ведаў, што вы не пазбаўлены развагі. Я магу вам чым-небудзь дапамагчы?
— Вы вельмі заняты.
— Зусім не, дарагі Генры. Зусім не. Я буду рады чым-небудзь заняцца.
— Вы прыкладна майго ўзросту. Ці не сходзіце купіць мне цывільны касцюм? У мяне ёсць касцюмы, але ўсе яны ў Рыме.
— Так, вы ж там раней жылі. Што за гнюснае месца! Як вы маглі там жыць?
— Я хацеў стаць архітэктарам.
— Самае непадыходзячае для гэтага месца. Не купляйце нічога. Я вам дам усё, што трэба. Ідзіце вось туды, у гардэробную. Там ёсць шафа. Бярыце ўсё, што вам спадабаецца. I нічога вам не трэба купляць, дарагі мой.
— Я ўсё-ткі лепш купіў бы, Сім.
— Дарагі мой, мне куды лягчэй аддаць вам усё, што я маю, чым ісці купляць. У вас ёсць пашпарт? Без пашпарта вы далёка не паедзеце.
— Так. Мой стары пашпарт пры мне.
— Тады апранайцеся, дарагі мой, і наперад, у добрую старую Гельвецыю.
— Гэта ўсё не так проста. Мне яшчэ трэба ў Стрэзу.
— Што лепш, дарагі мой! А там у лодачку — і прамым ходам на другі бок. Калі б не маё спяванне, я паехаў бы з вамі. I паеду.
— Вы там можаце перайсці на цірольскі фальцэт.
— I перайду, дарагі мой. Хоць я і ўмею спяваць. У гэтым вось і недарэчнасць.
— Галавой ручаюся, што вы ўмееце спяваць. Ён адкінуўся назад і зноў закурыў цыгарэту.
— Галавой лепш не ручайцеся. Хоць усё-ткі я умею спяваць. Паслухайце. — Ён загалёкаў з «Афрыканкі»; шыя яго напружылася, жылы ўздуліся. — Я умею спяваць, — сказаў ён. — А там як ім хочацца.
Я паглядзеў у акно.
— Я пайду адпушчу экіпаж.
— Вяртайцеся хутчэй, дарагі мой, і сядзем снедаць.
Ён устаў з ложка, выпрастаўся, глыбока ўдыхнуў паветра і стаў рабіць гімнастычныя практыкаванні. Я сышоў уніз і расплаціўся з вазніцам.
РАЗДЗЕЛ ТРЫЦЦАЦЬ ТРЭЦІ
У цывільным я адчуваў сябе як на маскарадзе. Я вельмі доўга насіў ваенную форму, і мне цяпер не хапала адчування падцягнутасці ў адзенні. Штаны быццам матляліся. Я ўзяў у Мілане білет да Стрэзы. Я купіў сабе новы капялюш. Капялюш Сіма я не мог надзець, але касцюм быў вельмі добры. Ад яго пахла тытунём, і калі я сядзеў у купэ і глядзеў у акно, у мяне было такое адчуванне, што мой новы капялюш вельмі новы, а касцюм вельмі стары. Настрой у мяне быў сумны, як мокры ламбардскі ландшафт за акном. У купэ сядзелі нейкія лётчыкі, якія ацанілі мяне не вельмі высока. Яны пазбягалі глядзець на мяне і падкрэслівалі сваю пагарду да цывільнага чалавека майго ўзросту. Я не адчуваў сябе зняважаным. Раней я абразіў бы ix і ўчыніў бойку. Яны сышлі ў Галараце, і я быў рады, што застаўся адзін. У мяне была газета, але я не чытаў яе, бо не хацеў чытаць пра вайну. Я вырашыў забыцца пра вайну. Я заключыў сепаратны мір. Я адчуваў сябе адчайна адзінокім і быў рады, калі цягнік прыбыў у Стрэзу.
На вакзале я думаў убачыць камісіянераў з гатэляў, але ні аднаго не было. Сезон даўно ўжо скончыўся, і цягнік ніхто не сустракаў. Я выйшаў з вагона са сваім чамаданам, — гэта быў чамадан Сіма, вельмі лёгкі, таму што ў ім нічога не было, акрамя дзвюх сарочак, — і пастаяў на пероне пад дажджом, пакуль цягнік не крануўся. Я спытаў у аднаго з вакзальных служачых, ці не ведае ён, якія гатэлі яшчэ адчынены. «Гранд-Гатэль» быў адчынены, і «Дэз'іль-Барамэ», і некалькі маленькіх гатэляў, якія не зачыняліся цэлы год. Я пайшоў пад дажджом да «Дэз'іль-Барамэ», з чамаданам у руцэ. Я ўбачыў экіпаж, што праязджаў па вуліцы, і зрабіў знак вазніцы. Лепш было прыехаць у экіпажы. Мы падкацілі да пад'езда вялікага гатэля, і парцье выйшаў насустрач з парасонам і быў вельмі ветлівы.
Я выбраў добры нумар. Ён быў вялікі і светлы, з відам на возера. Над возерам нізка навіслі хмары, але я ведаў, што пры сонечным святле яно вельмі прыгожае. Я сказаў, што чакаю сваю жонку. У нумары стаяў вялікі двухспальны ложак, letto matrimoniale³¹, з атласнай коўдрай. Гэта быў вельмі шыкоўны гатэль. Я прайшоў па доўгім калідоры і потым па шырокай лесвіцы спусціўся ў бар. Бармен быў мой стары знаёмы, і я сядзеў на высокім табурэце і еў салёны міндаль і хрусткую бульбу. Марціні быў халодны і чысты на смак.