— Што вы тут робіце, in borghese?³² — спытаў бармен, змешваючы мне другі марціні.
— Я ў адпачынку. Атрымаў адпачынак для папраўкі здароўя.
— Тут цяпер пуста. Не ведаю, чаму яны не зачыняюць гатэль.
— Як ваша рыбалка?
— Я злавіў некалькі цудоўных фарэляў. У гэтую пару года часта трапляюцца цудоўныя фарэлі.
— Вы атрымалі тытунь, які я вам паслаў?
— Так. А вы не атрымалі маёй паштоўкі?
Я засмяяўся. Мне не ўдалося дастаць яму гэтай табакі. Гаворка ішла пра амерыканскі тытунь для люлькі, але мае родныя перасталі пасылаць яго, альбо яго дзе-небудзь затрымлівалі. Ва ўсякім выпадку, я яго больш не атрымліваў.
— Я дастану вам дзе-небудзь, — сказаў я. — Скажыце, вы не сустракалі ў горадзе дзвюх маладых англічанак? Яны прыехалі пазаўчора.
— У нас у гатэлі такіх няма.
— Яны сёстры з ваеннага шпіталя.
— Дзвюх сясцёр міласэрнасці я бачыў. Пачакайце хвіліну, я даведаюся, дзе яны спыніліся.
— Адна з ix — мая жонка. Я прыехаў сюды, каб сустрэцца з ёй.
— А другая — мая жонка.
— Я не жартую.
— Даруйце за недарэчны жарт, — сказаў ён. — Я не зразумеў.
Ён выйшаў і даволі доўга не вяртаўся. Я еў масліны, салёны міндаль і хрусткую бульбу і ў люстэрку за сабой бачыў сябе ў цывільным. Нарэшце бармен вярнуўся.
— Яны ў маленькім гатэлі каля вакзала, — сказаў ён.
— А што, сандвічы ў вас ёсць?
— Я зараз пазваню. Тут, бачыце, нічога няма, таму што ў нас няма народу.
— У вас зусім пуста?
— Ну, сёй-той ёсць, вядома.
Прынеслі сандвічы, і я з'еў тры штукі і выпіў яшчэ марціні. Ніколі я не піў нічога больш халоднага і чыстага. Смак марціні вярнуў мне самаадчуванне цывілізаванага чалавека. Я вельмі доўга харчаваўся чырвоным віном, хлебам, сырам, дрэннай кавай і грапай. Я сядзеў на высокім табурэце ў прыемным атачэнні чырвонага дрэва, бронзы і люстэркаў і ні пра што не думаў. Бармен задаў мне нейкае пытанне.
— Не трэба гаварыць пра вайну, — сказаў я.
Вайна была дзесьці вельмі далёка. А мо ніякай вайны і не было. Тут не было вайны. Я раптам зразумеў, што для мяне яна скончылася. Але ў мяне не было адчування, што яна сапраўды скончылася. У мяне было такое адчуванне, як у школьніка, які ўцёк з урокаў і думае пра тое, што зараз адбываецца ў школе.
Кэтрын і Элен Фергюсон абедалі, калі я прыйшоў да іх у гатэль. Яшчэ ў калідоры я ўбачыў іх за сталом. Кэтрын сядзела амаль спінай да мяне, і я бачыў вузел яе валасоў і частку шчакі і яе цудоўную шыю і плечы. Фергюсон штосьці расказвала. Яна замоўкла, калі я ўвайшоў.
— Божа! — сказала яна.
— Добры дзень! — сказаў я.
— Гэта вы? — сказала Кэтрын. Яе твар прасвятлеў. Здавалася, яна вельмі шчаслівая, каб паверыць. Я пацалаваў яе. Кэтрын пачырванела, і я сеў за іх стол.
— Вось дык гісторыя! — сказала Фергюсон. — Што вы тут робіце? Вы абедалі?
— Не.
Увайшла дзяўчына, якая падавала на стол, і я сказаў ёй прынесці мне прыбор. Кэтрын увесь час глядзела на мяне шчаслівымі вачыма.
— З якой гэта вы нагоды ў муфці? — спытала Фергюсон.
— Я трапіў у Кабінет.
— Вы трапілі ў якую-небудзь дрэнную гісторыю.
— Развесяліцеся, Ферджы. Развесяліцеся крыху.
— Не вельмі весела глядзець на вас. Я ведаю, у якую гісторыю вы ўблыталі гэту дзяўчыну. Вы для мяне зусім не вясёлае відовішча.
Кэтрын усміхнулася мне і кранула мяне нагой пад сталом.
— Ніхто мяне ні ў якую гісторыю не ўблытваў, Ферджы. Я сама ўблыталася.
— Я яго цярпець не магу, — сказала Фергюсон. — Ён толькі загубіў вас сваімі вераломнымі італьянскімі штучкамі. Амерыканцы яшчэ горшыя за італьянцаў.
— Затое шатландцы — маральны народ, — сказала Кэтрын.
— Я зусім не пра гэта кажу. Я кажу пра яго італьянскае вераломства.
— Хіба я не вераломны чалавек, Ферджы?
— Так. Вы яшчэ больш чым вераломны. Вы сапраўдная змяя. Змяя ў італьянскім мундзіры і плашчы.
— Я ўжо зняў італьянскі мундзір.
— Гэта толькі лішні доказ вашага вераломства. Усё лета вы гулялі ў каханне і зрабілі дзяўчыне дзіця, а цяпер, верагодна, збіраецеся ўцячы.
Я ўсміхнуўся Кэтрын, і яна ўсміхнулася мне.
— Мы абое збіраемся ўцячы, — сказала яна.
— Вы вартыя адно аднаго, — сказала Ферджы. — Мне сорамна за вас, Кэтрын Барклі. У вас няма ні сораму, ні гонару, і вы такая ж вераломная, як і ён.
— Не трэба, Ферджы, — сказала Кэтрын і пагладзіла яе па руцэ. — Не сварыцеся на мяне. Вы ж ведаеце, што мы кахаем адно аднаго.
— Прыміце руку, — сказала Фергюсон. Яе твар быў чырвоны. — Калі б вы не страцілі сорам, была б іншая справа. Але вы цяжарная Бог ведае на якім месяцы і думаеце, што гэта ўсё жартачкі, і ўся расплываецеся ад усмешак таму, што ваш спакуснік вярнуўся. У вас няма ні сораму, ні сумлення.
Яна заплакала. Кэтрын падышла і абняла яе адной рукой. Калі яна устала, суцяшаючы Фергюсон, я не заўважыў ніякай перамены ў яе фігуры.
— Мне ўсё роўна, — усхліпвала Фергюсон. — Толькі ўсё гэта брыдка.
— Ну, ну, Ферджы, — суцяшала яе Кэтрын. — Я буду саромецца. Не плачце, Ферджы. Не плачце, добрая мая Ферджы.
— Я не плачу, — усхліпвала Фергюсон. — Я не плачу. Толькі вось як успомню, што з вамі здарылася. — Яна паглядзела на мяне. — Я вас ненавіджу, — сказала яна. — Яна не можа перашкодзіць мне ненавідзець вас. Вы гнюсны каварны амерыканскі італьянец. — Яе нос і вочы пачырванелі ад слёз.
Кэтрын усміхнулася мне.
— Не смейце ўсміхацца яму, калі вы мяне абдымаеце.
— Вы неразумная, Ферджы.
— Я сама ведаю, — усхліпвала Ферджы. — Не звяртайце на мяне ўвагі. Я так расхвалявалася. Я неразумная. Я сама ведаю. Я хачу, каб вы абое былі шчаслівыя.
— Мы і так шчаслівыя, — сказала Кэтрын. — Вы мая добрая Ферджы.
Фергюсон зноў заплакала.
— Я не хачу, каб вы былі шчаслівыя так, як цяпер. Чаму вы не пажэніцеся? Можа, ён жанаты, чаго добрага?
— Не, — сказаў я. Кэтрын смяялася.
— Няма нічога смешнага, — сказала Фергюсон. — Так вельмі часта бывае.
— Мы пажэнімся, Ферджы, — сказала Кэтрын, — каб зрабіць вам прыемнае.
— Не для майго задавальнення. Вы самі павінны былі падумаць пра гэта.
— Мы былі вельмі занятыя.
— Так. Я ведаю. Занятыя тым, што рабілі дзяцей.
Я думаў, што яна зноў пачне плакаць, але яна замест гэтага раптам пакрыўдзілася.
— Цяпер вы, вядома, пойдзеце з ім?
— Так, — сказала Кэтрын. — Калі ён хоча.
— А як жа я?
— Вы баіцеся застацца тут адна?
— Так, баюся.
— Тады я застануся з вамі.
— Не, ідзіце з ім. Ідзіце з ім зараз жа. Я не хачу вас больш бачыць.
— Вось толькі паабедаем.
— Не, ідзіце зараз жа.
— Ферджы, будзьце разумная.
— Зараз жа выбірайцеся адсюль, кажуць вам. Ідзіце абое.
— Пойдзем, — сказаў я. Мне надакучыла Ферджы.
— Вядома, вы радыя пайсці. Нават абедаць я павінна цяпер у адзіноце. Я так даўно марыла трапіць на італьянскія азёры, і вось што атрымалася. О-о! — Яна ўсхліпнула, затым зірнула на Кэтрын і папярхнулася.
— Мы застаёмся да канца абеду, — сказала Кэтрын.— I я не пакіну вас адну, калі вы хочаце, каб я была з вамі. Я не пакіну вас адну, Ферджы.
— Не. Не. Я хачу, каб вы пайшлі. — Яна выцерла вочы. — Я страшэнна неразумная. Калі ласка, не звяртайце на мяне ўвагі.
Дзяўчыну, якая падавала на стол, вельмі ўсхвалявалі ўсе гэтыя слёзы. Цяпер, прынёсшы наступную страву, яна яўна адчула палёгку, убачыўшы, што ўсё наладзілася.
Ноч у гатэлі, у нашым пакоі, дзе за дзвярыма доўгі пусты калідор і нашыя чаравікі каля дзвярэй, і тоўсты дыван на падлозе пакоя, і дождж за акном, і ў пакоі светла, і радасна, і ўтульна, а потым цемната, і радасць тонкіх прасцін і зручнай пасцелі, і адчуванне, што вярнуўся дадому, што ты не адзін, і ноччу, калі прачнешся, другі, як і раней, тут і не знік нікуды, — усё астатняе больш не існавала. Стаміўшыся, мы засыналі, і калі прачыналіся, то прачыналіся абое, і адзіноты не ўзнікала. Часам мужчыну хочацца пабыць аднаму і жанчыне хочацца пабыць адной, і кожнаму крыўдна адчуваць гэта ў іншым, калі яны кахаюць адно аднаго. Але ў нас такога ніколі не здаралася. Мы ўмелі адчуваць, што мы адны, калі былі разам, адны сярод усіх астатніх. Так са мной было ўпершыню. Я ведаў многіх жанчын, але заўсёды заставаўся адзінокі, бываючы з імі, а гэта — горшая адзінота. Але тут мы ніколі не адчувалі адзіноты і ніколі не адчувалі страху, калі былі разам. Я ведаю, што ноччу не тое, што днём, што ўсё інакш, што днём нельга патлумачыць начное, таму што яно тады не існуе, і калі чалавек ужо адчуў сябе адзінокім, то ноччу адзінота асабліва страшная. Але з Кэтрын ноч амаль нічым не адрознівалася ад дня, хіба што ноччу было яшчэ лепей. Калі людзі столькі мужнасці прыносяць у гэты свет, свет павінен забіць іх, каб зламаць, і таму ён іх і забівае. Свет ламае кожнага, і многія потым толькі мацнейшыя на зломе. Але тых, хто не хоча зламацца, ён забівае. Ён забівае самых добрых, і самых пяшчотных, і самых храбрых без разбору. А калі ты ні тое, ні другое, ні трэцяе, можаш быць упэўнены, што і цябе заб'юць, толькі асабліва не спяшаючыся.