— Вы цяжка паранены? — спытаў ён. Гэта быў высокі чалавек, у стальных акулярах.
— Абедзве нагі.
— Спадзяюся, несур'ёзна. Хочаце цыгарэту?
— Дзякуй.
— Я чуў, што вы страцілі двух шафёраў?
— Так. Адзін забіты, другі — той, хто прывёў вас.
— Справа дрэнь. Mo нам узяць іхнія машыны?
— Я якраз хацеў папрасіць вас пра гэта.
— Яны будуць у нас у парадку, а пасля мы іх вам аддадзім. Вы ж з дзвесце шостага?
— Ага.
— Добрае там у вас месца. Я вас бачыў у горадзе. Мне сказалі, што вы амерыканец.
— Так, амерыканец.
— А я англічанін.
— Няўжо?
— Праўда, англічанін. А вы думалі — італьянец? У нас у адным атрадзе ёсць італьянцы.
— Вельмі добра, што вы возьмеце нашы машыны.
— Мы аддадзім іх у поўным парадку. — Ён выпрастаўся. — Ваш шафёр вельмі прасіў мяне дамовіцца з вамі. — Ён паляпаў Гардзіні па плячы. Гардзіні здрыгануўся і ўсміхнуўся. Англічанін свабодна і лёгка пачаў гаварыць па-італьянску.
— Ну, усё добра, я дамовіўся з тваім tenente. Мы бяром абедзве вашы машыны. Зараз табе не трэба хвалявацца. — Ён перапыніў сябе. — Трэба яшчэ дабіцца, каб вас выцягнулі адсюль. Я зараз пагавару з дактарамі. Мы возьмем вас з сабой, калі паедзем.
Ён накіраваўся да ўваходу, асцярожна ступаючы паміж параненымі. Я ўбачыў, як паднялася коўдра, якой быў завешаны ўваход, стала бачна святло, і ён увайшоў туды.
— Ён паклапоціцца пра вас, tenente, — сказаў Гардзіні.
— Як вы сябе адчуваеце, Франка?
— Нічога.
Ён сеў побач са мной. У гэты час коўдра, якой быў завешаны ўваход на пункт, адхінулася, і адтуль выйшлі два санітары і з імі высокі англічанін. Ён падвёў іх да мяне.
— Вось амерыканскі tenente, — сказаў ён па-італьянску.
— Я магу пачакаць, — сказаў я. — Тут ёсць больш цяжкія параненыя. Мне не так блага.
— Ну, ну, добра, — сказаў ён, — не трэба строіць з сябе героя. — Затым па-італьянску: — Падымайце асцярожна, асабліва ногі. Яму вельмі баліць. Гэта законны сын прэзідэнта Вільсана.
Яны паднялі мяне і ўнеслі ў памяшканне пункта. На ўсіх сталах ішлі аперацыі. Маленькі галоўны ўрач сурова азірнуўся на нас. Ён пазнаў мяне і памахаў мне шчыпцамі:
— Са va bien?¹⁹
— Са va²⁰.
— Гэта я яго прынёс, — сказаў высокі англічанін па-італьянску. — Адзіны сын амерыканскага пасла. Ён паляжыць тут, пакуль вы ім зоймецеся. А пасля я першым рэйсам адвязу яго. — Ён схіліўся да мяне. Я пагляджу, каб вам выправілі дакументы, тады справа пойдзе хутчэй. — Ён нагнуўся, каб прайсці ў дзвярах, і выйшаў. Галоўны ўрач развёў шчыпцы і кінуў іх у таз. Я назіраў за яго рухамі. Зараз ён накладваў павязку. Пасля санітары знялі параненага са стала.
— Давайце мне амерыканскага tenente, — сказаў адзін з дактароў.
Мяне паднялі і паклалі на стол. Ён быў цвёрды і слізкі. Вакол было мноства моцных пахаў, пахі лякарстваў і салодкі пах крыві. З мяне знялі штаны, і доктар пачаў дыктаваць фельчару-асістэнту, працягваючы працу:
— Шматлікія паверхневыя раненні левага і правага бядра, левага і правага калена, правей ступні. Глыбокія раненні правага калена і ступні. Рваныя раны на галаве (ён уставіў зонд: «Балюча?» — «0-о-о, д'ябал! Баліць!») з магчымай трэшчынай чарапной касці. Паранены на баявым пасту. — Так ва ўсякім разе вас не аддадуць пад ваенна-палявы суд за знарочыстае членашкодніцтва, — сказаў ён. — Хочаце глыток каньяку? Як гэта вам наогул собіла? Захацелася скончыць жыццё самазабойствам? Дайце мне супрацьслупняковую сываратку і адзначце на картачцы крыжыкам абедзве нагі. Так, дзякуй. Зараз я крыху вычышчу, прамыю і зраблю вам перавязку. У вас добра згортваецца кроў.
Асістэнт, падымаючы вочы ад карткі:
— Чым прычынены раненні?
Доктар:
— Чым гэта вас?
Я, з заплюшчанымі вачыма:
— Мінай.
Доктар, нешта робячы, што прычыняе востры боль, і разразаючы тканкі:
— Вы ўпэўнены?
Я, стараючыся ляжаць спакойна і адчуваючы, як у жываце ў мяне нешта дрыжыць, калі скальпель уразаецца ў цела:
— Здаецца, так.
Доктар убачыў нешта, што яго зацікавіла:
— Асколкі непрыяцельскай міны. Калі хочаце, я яшчэ прайду зондам з гэтага боку, але ў гэтым няма патрэбы. Зараз я змажу тут і… Што, пячэ? Ну, гэта дробязь у параўнанні з тым, што будзе пасля. Боль яшчэ не пачаўся. Прынясіце яму кілішак каньяку. Шок прытупляе адчуванне болю. Аднак баяцца вам не трэба, калі толькі не будзе заражэння, а гэта зараз здараецца рэдка. Як ваша галава?
— О, Божа! — сказаў я.
— Тады лепш не піце шмат каньяку. Калі ёсць трэшчына, можа пачацца запаленне, а гэта нам не патрэбна. Што, вось тут — баліць?
Я ўспацеў.
— О, Божа! — сказаў я.
— Відаць, усё-ткі ёсць трэшчына. Я зараз забінтую, а вы не круціце галавой.
Ён пачаў перавязваць, рукі яго рухаліся вельмі хутка, і перавязка атрымлівалася тугая і моцная.
— Ну вось, шчаслівай дарогі, i Vive la France!²¹
— Ён амерыканец, — сказаў другі доктар.
— А мне здалося, што вы сказалі: француз. Ён гаворыць па-французску, — сказаў доктар. — Я ведаў яго і раней. Я заўсёды думаў, што ён француз. — Ён выпіў паўкілішка каньяку. — Ну, давайце што-небудзь больш сур'ёзнае. I падрыхтуйце яшчэ супрацьслупняковую сываратку. — Ён памахаў мне рукой. Мяне паднялі і панеслі; коўдра, якая служыла занавескай, мазнула мне па твары. Калі мяне паклалі, фельчар-асістэнт стаў каля мяне на калені.
— Прозвішча? — спытаў ён амаль шэптам. — Імя? Узрост? Чын? Месца нараджэння? Якая часць? Які корпус? — і гэтак далей. — Непрыемна, што вам і галаву зачапіла, tenente. Але зараз вам, відаць, ужо лягчэй. Я адпраўлю вас на англійскай санітарнай машыне.
— Мне добра, — сказаў я. — Я вельмі вам удзячны.
Боль, пра які казаў доктар, пачаўся, і ўсё, што адбывалася навокал, страціла сэнс і значэнне. Неўзабаве пад'ехала англійская машына, мяне паклалі на насілкі, затым паднялі насілкі на ўзровень кузава і засунулі ўнутр. Побач былі яшчэ насілкі, і на іх ляжаў чалавек, увесь твар якога быў забінтаваны, толькі нос, зусім васковы, тырчаў з бінтоў. Ён цяжка дыхаў. Яшчэ двое насілак паднялі і прасунулі ў раменныя лямкі зверху. Высокі шафёр-англічанін падышоў і зазірнуў унутр. — Я паеду паціху, — сказаў ён. — Пастараюся вас не турбаваць.—Я адчуваў, як завялі матор, адчуваў, як шафёр залез на пярэдняе сядзенне, адчуваў, як ён выключыў тормаз і даў хуткасць. Затым мы паехалі. Я ляжаў нерухома і не супраціўляўся болю.
Калі пачаўся пад'ём, машына збавіла хуткасць, часам яна спынялася, часам давала задні ход на павароце, нарэшце даволі хутка паехала ўгару. Я адчуў, як нешта капае зверху. Спачатку капалі рэдкія кроплі, затым пацёк струменьчык. Я паклікаў шафера. Ён спыніў машыну і павярнуўся да акенца.
— Што здарылася?
— У параненага нада мной крывацёк.
— Да перавала засталося нядоўга. Я адзін не дастану насілкі.
Машына паехала зноў. Струменьчык усё цёк. У цемры я не бачыў, дзе ён сачыўся цераз брызент. Я паспрабаваў адсунуцца ўбок, каб не трапляла на мяне. Там, дзе мне нацякло на сарочку, было цёпла і ліпка. Я змёрз, і нага балела так моцна, што мяне ванітавала. Крыху пазней струменьчык пацёк павольней, пасля зноў сталі капаць кроплі, і я пачуў і адчуў, як брызент насілак пачаў варушыцца, нібыта чалавек там хацеў легчы ямчэй.
— Ну, як там? — спытаў англічанін, павярнуўшыся.— Мы ўжо даехалі.
— Мне здаецца, ён памёр, — сказаў я.
Кроплі падалі вельмі рэдка, як падае вада з ледзяша пасля захаду сонца. Было холадна ноччу ў машыне, якая ехала ўгару. На пасту санітары дасталі насілкі і замянілі на іншыя, і мы паехалі далей.
РАЗДЗЕЛ ДЗЕСЯТЫ
У палаце палявога шпіталя мне сказалі, што пасля абеду да мяне зойдзе наведвальнік. Дзень быў гарачы, і ў пакоі было шмат мух. Мой веставы нарэзаў папяровых палос і, прывязаўшы іх да палкі, махаў, адганяючы мух. Я назіраў, як яны садзіліся на столь. Калі ён перастаў махаць і заснуў, яны ўсе зляцелі ўніз, і я здзьмухваў іх, і ў рэшце рэшт закрыў твар рукамі, і таксама заснуў. Было вельмі горача, і калі я прачнуўся, у мяне свярбелі ногі. Я разбудзіў веставога, і ён паліў мне на павязкі мінеральнай вадой. Пасцель стала сырой і не такой гарачай. Тыя з нас, хто не спаў, перагаворваліся цераз усю палату. Час пасля абеду быў самы спакойны. Раніцай тры санітары і доктар падыходзілі да кожнага ложка па чарзе, падымалі ляжачага на ёй і адносілі ў перавязачную, каб можна было паправіць пасцель, пакуль яму рабілі перавязку. Падарожжа ў перавязачную было не надта прыемным, але я тады не ведаў, што можна паправіць пасцель, не падымаючы чалавека. Мой веставы выліў усю ваду, і пасцель стала халаднаватай і прыемнай, і я якраз казаў яму, у якім месцы пачухаць мне падэшвы, каб зняць сверб, калі адзін з дактароў прывёў у палату Рынальдзі. Ён увайшоў вельмі хутка і нахіліўся над ложкам і пацалаваў мяне. Я заўважыў, што ён у пальчатках.