Литмир - Электронная Библиотека
Содержание  
A
A

— Правільна. Яны былі вельмі прывабныя?

— Не ведаю.

— Ты толькі мой. Гэта праўда, і ніколі нічым ты не быў. Але мне ўсё роўна, нават калі і не так. Я іх не баюся. Толькі ты мне не расказвай пра іх. А калі жанчына кажа мужчыне пра тое, колькі гэта каштуе?

— Не ведаю.

— Ну вядома, ты не ведаеш. А яна гаворыць яму, што кахае яго? Скажы мне. Я хачу ведаць.

— Так. Калі ён гэтага хоча.

— А ён гаворыць ёй, што кахае яе? Скажы. Гэта вельмі важна.

— Гаворыць, калі хоча.

— Але ты ніколі не гаварыў? Праўда?

— Не.

— Не, праўда? Скажы мне праўду.

— Не, — зманіў я.

— Ты не гаварыў, — сказала яна. — Я так і ведала, што ты не гаварыў. Ты мілы, і я цябе вельмі, вельмі кахаю.

Сонца высока стаяла над дахамі, і я бачыў шпілі сабоpa з сонечнымі водбліскамі на іх. Я быў чысты звонку і знутры і чакаў прыходу доктара.

— Значыць, так? — сказала Кэтрын. — Яна гаворыць усё, што яму хочацца?

— Не заўсёды.

— А я буду заўсёды. Я буду заўсёды гаварыць усё, што ты захочаш, і я буду рабіць усё, што ты захочаш, і ты ніколі не захочаш іншых жанчын, праўда? — Яна паглядзела на мяне радасна. — Я буду рабіць тое, што табе хочацца, і гаварыць тое, што табе хочацца, і тады ўсё будзе цудоўна, праўда?

— Праўда.

— Ну, вось ты і гатовы да аперацыі. А цяпер скажы, чаго б табе хацелася зараз?

— Хадзі да мяне.

— Добра. Іду.

— Ты мая вельмі, вельмі, вельмі каханая, — сказаў я.

— Вось бачыш, — сказала яна. — Я раблю ўсё, што ты хочаш.

— Ты ў мяне разумніца.

— Я толькі баюся, што ты яшчэ не зусім мной задаволены.

— Ты разумніца.

— Я хачу тое, што хочаш ты. Мяне больш няма. Толькі тое, што хочаш ты.

— Мілая.

— Ты задаволены? Праўда, ты задаволены? Ты не хочаш іншых жанчын?

— Не.

— Бачыш, ты задаволены. Я раблю ўсё, што ты хочаш.

РАЗДЗЕЛ СЕМНАЦЦАТЫ

Калі я прачнуўся пасля аперацыі, было не падобна, што я некуды знікаў. Падчас гэтага не знікаеш. Толькі бярэ ўдушша. Гэта не падобна на смерць, гэта проста ўдушша ад газу, і тады перастаеш усё адчуваць, а пасля такое адчуванне, быццам быў моцна п'яны, а калі пасля моцна ванітуе, то адной жоўцю і не робіцца лепей. У нагах ложка я ўбачыў мяшкі з пяском. Яны прыціскалі стрыжні, што тырчалі з гіпсавай павязкі. Крыху счакаўшы я ўбачыў міс Гэйдж, і яна спытала:

— Ну, як?

— Лепш, — сказаў я.

— Ён проста цуд зрабіў з вашым каленам.

— Колькі гэта доўжылася?

— Дзве з паловай гадзіны.

— Я гаварыў якія-небудзь глупствы?

— Не, нічога. Маўчыце. Ляжыце спакойна.

Мяне ванітавала, і Кэтрын мела рацыю. Мне было ўсё роўна, хто дзяжурыць гэтай ноччу.

У шпіталі акрамя мяне было яшчэ трое: худы хлопец з Джорджыі, супрацоўнік Чырвонага Крыжа, хворы на малярыю, добры хлопец з Нью-Йорка, таксама худы на выгляд, хворы на малярыю і жаўтуху, і наймілейшы хлопец, які захацеў адкруціць калпачок ад дыстанцыйнай трубкі аўстрыйскага снарада, каб узяць сабе на памяць. Гэта быў камбінаваны шрапнельна-фугасны снарад, якімі аўстрыйцы карысталіся ў гарах: шрапнель з дыстанцыйнай трубкай двайнога дзеяння.

Усе сёстры вельмі любілі Кэтрын Барклі за тое, што яна заўсёды была гатовая дзяжурыць ноччу. Малярыкі не патрабавалі шмат клопату, а той, што адкруціў каўпачок узрывальніка, быў з намі ў дружбе і званіў ноччу толькі ў выпадку асаблівай неабходнасці, і ўвесь вольны ад работы час яна праводзіла са мной. Я вельмі кахаў яе, і яна кахала мяне. Удзень я спаў, а калі мы не спалі, то пісалі адно аднаму запіскі і перасылалі іх праз Фергюсон. Фергюсон была слаўная дзяўчына. Я нічога не ведаў пра яе, акрамя таго, што ў яе адзін брат у пяцьдзесят другой дывізіі, а другі — у Месапатаміі і што яна вельмі паважае Кэтрын Барклі.

— Прыйдзеце да нас на вяселле, Ферджы? — спытаў я неяк у яе.

— Вы ніколі не пажэніцеся.

— Пажэнімся.

— Не, не пажэніцеся.

— Чаму?

— Пасварыцеся да вяселля.

— Мы ніколі не сварымся.

— Яшчэ паспееце.

— Мы ніколі не будзем сварыцца.

— Значыць, памрэце. Пасварыцеся або памрэце. Так заўсёды бывае. I ніхто не пажэніцца.

Я выцягнуў да яе руку.

— Не чапайце мяне, — сказала яна. — Я і не думаю плакаць. Мо ў вас усё і абыдзецца. Толькі глядзіце, каб з ёй што-небудзь не здарылася. Калі з ёй здарыцца што-небудзь з-за вас, я заб'ю вас.

— Нічога з ёй не здарыцца.

— Глядзіце. Спадзяюся, што ў вас усё абыдзецца. Зараз вам добра.

— Зараз нам цудоўна.

— Дык вось, не сварыцеся і каб з ёй нічога не здарылася.

— Добра.

— Глядзіце ж. Я не хачу, каб яна засталася з дзіцем ваеннага часу на руках.

— Вы слаўная дзяўчына, Ферджы.

— Не слаўная. Не падлізвайцеся. Як ваша нага?

— Цудоўна.

— А галава? — Яна дакранулася пальцамі да маёй макушкі. Было адчуванне, як ад дотыку да здранцвелай нагі.

— Галава мяне ніколі не турбуе.

— Ад такой шышкі можна проста застацца крэцінам. Зусім не турбуе?

— Не.

— Ваша шчасце. Запіска гатовая? Я іду ўніз.

— Вось, вазьміце, — сказаў я.

— Вы павінны папрасіць яе, каб яна часова адмовілася ад начных дзяжурстваў. Яна вельмі стамляецца.

— Добра. Я папрашу яе.

— Я хацела падзяжурыць ноч, але яна мне не дазваляе. Іншыя рады саступіць сваю чаргу. Можаце даць ёй крыху адпачыць.

— Добра.

— Міс Ван-Кампен ужо гаворыць пра тое, што вы заўсёды спіце да паўдня.

— Гэтага трэба было чакаць.

— Вам трэба дамагчыся, каб яна некалькі начэй не дзяжурыла.

— Я сам хацеў бы гэтага.

— Няпраўда, вы не хацелі б. Але калі вы яе ўгаворыце, я буду вас паважаць.

— Я ўгавару яе.

— Штосьці не верыцца.

Яна ўзяла запіску і выйшла. Я пазваніў, і вельмі хутка ўвайшла міс Гэйдж.

— Што здарылася?

— Я проста хацеў пагаварыць з вамі. Як па-вашаму, ці не пара міс Барклі адпачыць крыху ад начных дзяжурстваў? У яе вельмі стомлены выгляд. Чаму яна так доўга ў начной змене?

Міс Гэйдж паглядзела на мяне.

— Я ваш сябар, — сказала яна. — Не трэба вам са мной так размаўляць.

— Што вы хочаце сказаць?

— Не прыкідвайцеся. Гэта ўсё, што вам трэба было?

— Выпіце са мной вермуту.

— Добра. Але потым я адразу ж пайду. — Яна дастала з шафы бутэльку і паставіла на столік шклянку.

— Вы бярыце шклянку, — сказаў я. — Я буду піць з бутэлькі.

— За ваша здароўе! — сказала міс Гэйдж.

— Што там Ван-Кампен гаварыла наконт таго, што я доўга сплю раніцай?

— Проста скрыпела на гэту тэму. Яна называе вас «наш прывілеяваны пацыент».

— Ну яе да д'ябла!

— Яна не злосная, — сказала міс Гэйдж. — Проста яна старая і з дзівацтвамі. Вы ёй адразу не спадабаліся.

— Гэта праўда.

— А мне вы падабаецеся. I я вам сябар. Помніце гэта.

— Вы на рэдкасць слаўная дзяўчына.

— Кіньце. Я ведаю, хто, па-вашаму, слаўны. Як нага?

— Цудоўна.

— Я прынясу халоднай мінеральнай вады і палью вам крыху. Напэўна, свярбіць пад гіпсам. Сёння горача.

— Вы слаўная.

— Моцна свярбіць?

— Не. Усё вельмі добра.

— Трэба паправіць мяшкі з пяском. — Яна нагнулася. — Я вам сябар.

— Я гэта ведаю.

— Не, вы не ведаеце, але калі-небудзь даведаецеся.

Кэтрын Барклі не дзяжурыла тры ночы, але потым яна зноў прыйшла. Было так, быццам кожны з нас ад'язджаў у доўгае падарожжа і цяпер мы сустрэліся зноў.

РАЗДЗЕЛ ВАСЕМНАЦЦАТЫ

Нам цудоўна жылося тым летам. Калі мне дазволілі ўставаць, мы сталі ездзіць у парк на прагулкі. Я помню брычку, каня, што марудна пераступаў, спіну вазніцы ўперадзе і яго лакіраваны цыліндр, і Кэтрын Барклі побач са мной на сядзенні. Калі нашы рукі датыкаліся, нават калі яе рука крыху дакраналася да маёй, гэта нас хвалявала. Пазней, калі я ўжо мог перасоўвацца на мыліцах, мы хадзілі абедаць да Біфі або ў «Гран-Італія» і выбіралі столік знадворку, ля Galleria. Афіцыянты ўваходзілі і выходзілі, і прахожыя ішлі міма, і на накрытых абрусамі сталах стаялі свечкі з абажурамі, і неўзабаве нашым улюбёным месцам стаў «Гран-Італія», і Жорж, метрдатэль, заўсёды пакідаў нам столік. Ён быў выдатны метрдатэль, і мы дазвалялі яму выбіраць меню, пакуль мы сядзелі, гледзячы на прахожых, і на танулую ў прыцемках Galleria, і адно на аднаго. Мы пілі сухое белае капры, што стаяла ў вядзерцы з ільдом; дарэчы, мы паспрабавалі шмат іншага віна: фрэза, барбера і салодкія белыя віны. З-за вайны ў рэстаране не было спецыяльнага афіцыянта для віна, і Жорж збянтэжана ўсміхаўся, калі я пытаўся пра такое віно, як фрэза.

19
{"b":"980839","o":1}