Литмир - Электронная Библиотека
Содержание  
A
A

— Усё роўна, і храбрыя паміраюць.

— Але толькі адзін раз.

— Хто гэта сказаў?

— Баязлівец памірае тысячу разоў, а храбры толькі адзін?

— Вядома. Хто гэта сказаў?

— Не ведаю.

— Напэўна, сам быў баязліўцам, — сказала яна. — Ён добра разбіраўся ў баязліўцах, але храбрых не разумеў. Храбры мо дзве тысячы разоў памірае, калі ён разумны. Толькі пра гэта ён не расказвае.

— Не ведаю. Храбраму ў душу не зазірнеш.

— Гэтым ён і моцны.

— Ты гаворыш з веданнем справы.

— Ты маеш рацыю, мілы. На гэты раз ты маеш рацыю.

— Ты самая храбрая.

— Не, — сказала яна. — Але я хацела б быць храбрай.

— А я не храбры, — сказаў я. — Я ведаю сабе цану. У мяне было дастаткова часу, каб даведацца. Я як бейсбаліст, які выбівае дваццаць два за сезон і ведае, што на большае ён не здатны.

— Што гэта значыць: «выбівае дваццаць два за сезон»? Гучыць вельмі важна.

— Зусім не. Гэта азначае — вельмі пасрэдны ігрок нападзення ў бейсбольнай камандзе.

— Але ўсё-ткі ігрок нападзення, — паддражніла яна мяне.

— Здаецца, нам адно аднаго не перапрэчыць, — сказаў я. — Але ты храбрая.

— Не. Але спадзяюся калі-небудзь стаць храбрай.

— Мы абое храбрыя, — сказаў я. — Калі я вып'ю, дык я зусім храбры.

— Мы выдатныя людзі, — сказала Кэтрын. Яна падышла да шафы і дастала каньяк і шклянку. — Выпі, мілы, — сказала яна. — Гэта табе за добрыя паводзіны.

— Нешта не хочацца.

— Выпі, выпі.

— Ну, добра. — Я наліў трэць шклянкі каньяку і выпіў.

— Я ведаю, — сказала яна, — што каньяк — напітак герояў. Але не трэба захапляцца.

— Дзе мы будзем жыць пасля вайны?

— Верагодна, у багадзельні, — сказала яна. — Тры гады я была вельмі наіўная і спадзявалася, што вайна скончыцца да Каляд. Але цяпер я думаю, што яна скончыцца, калі наш сын стане лейтэнантам.

— А мо ён будзе генералам.

— Калі гэта стогадовая вайна, ён і да генерала паспее даслужыцца.

— Ты не хочаш выпіць?

— Не. Ты ад каньяку заўсёды становішся весялейшы, мілы, а ў мяне кружыцца галава.

— Ты ніколі не піла каньяку?

— Не, мілы. Я страшэнна старамодная жонка.

Я ўзяў бутэльку і наліў сабе яшчэ.

— Трэба пайсці паглядзець на тваіх суайчыннікаў, — сказала Кэтрын. — А ты пакуль мо пачытаеш газеты?

— Табе абавязкова трэба ісці?

— Калі не зараз, то пазней.

— Лепш зараз.

— Я хутка вярнуся.

— Я паспею дачытаць газеты, — сказаў я.

РАЗДЗЕЛ ДВАЦЦАЦЬ ДРУГІ

Ноччу стала холадна, і на наступны дзень ішоў дождж. Калі я вяртаўся з Ospedale Maggiore, дождж быў вельмі моцны, і я наскрозь прамок. Балкон майго пакоя залівала струменямі дажджу, і вецер гнаў іх у шкло балконных дзвярэй. Я пераапрануўся і выпіў каньяку, але ў яго быў непрыемны смак. Ноччу я адчуў сябе дрэнна, а раніцай пасля снедання мяне званітавала.

— Усё зразумела, — сказаў шпітальны доктар. — Паглядзіце на бялкі яго вачэй, міс.

Міс Гэйдж зірнула. Мне далі люстэрка, каб і я мог паглядзець. Бялкі вачэй былі жоўтыя, гэта была жаўтуха. Я прахварэў два тыдні. З-за гэтага сарваўся мой адпачынак, які мы збіраліся правесці разам. Мы хацелі паехаць у Паланцу на Лага-Маджорэ. Там добра восенню, калі пачынае жаўцець лісце. Ёсць дзе пагуляць, і ў возеры можна лавіць фарэль. Там было б лепш, чым у Стрэзе, бо ў Паланцы менш народу. У Стрэзу так зручна ездзіць з Мілана, што там заўсёды шмат знаёмых. Каля Паланцы ёсць вельмі слаўныя вёсачкі, і на лодцы можна дабірацца да рыбачых астравоў, а на самым вялікім востраве ёсць рэстаран. Але нам не давялося паехаць.

Аднойчы, калі я ляжаў хворы на жаўтуху, міс Ван-Кампен увайшла ў пакой, адчыніла дзверцы гардэроба і ўбачыла пустыя бутэлькі. Я толькі што паслаў швейцара вынесці цэлае бярэмя бутэлек, і, напэўна, яна бачыла, як ён выходзіў з імі, і прыйшла паглядзець, ці няма яшчэ. Больш за ўсё было бутэлек з-пад вермуту, бутэлек з-пад марсалы, бутэлек з-пад капры, пустых пляшак з-пад к'янці і некалькі бутэлек з-пад каньяку. Швейцар вынес самыя вялікія бутэлькі, тыя, у якіх быў вермут, і аплеценыя саломай пляшкі з-пад к'янці, а бутэлькі з-пад каньяку ён пакінуў пад канец. Тыя бутэлькі, што знайшла міс Ван-Кампен, былі з-пад каньяку, і адна бутэлька, у выглядзе мядзведзя, была з-пад кюмеля. Бутэлька-мядзведзь асабліва раззлавала міс Ван-Кампен. Яна ўзяла яе ў рукі. Мядзведзь сядзеў на задніх лапах, падняўшы пярэднія, у яго шкляной галаве быў корак, а да дна прысталі некалькі ліпкіх крышталікаў. Я засмяяўся.

— Тут быў кюмель, — сказаў я. — Самы лепшы кюмель прадаюць у такіх бутэльках-мядзведзях. Яго прывозяць з Расіі.

— Гэта ўсе бутэлькі з-пад каньяку, калі не памыляюся? — спытала міс Ван-Кампен.

— Я адсюль не бачу, — сказаў я. — Але верагодна, што так.

— Колькі часу гэта працягваецца?

— Я сам купляў іх і прыносіў сюды, — сказаў я. — Мяне часта наведвалі італьянскія афіцэры, і я трымаў каньяк, каб частаваць іх.

— Але самі вы не пілі?

— Сам таксама піў.

— Каньяк! — сказала яна. — Адзінаццаць пустых бутэлек з-пад каньяку і гэта мядзведжая вадкасць.

— Кюмель.

— Зараз я прышлю каго-небудзь, каб іх прыбралі. Болей у вас няма пустых бутэлек?

— Пакуль што няма.

— А я яшчэ шкадавала вас, калі вы захварэлі на жаўтуху. Шкадаваць вас — гэта марна шкадаваць.

— Дзякуй вам.

— Я магу зразумець, што вам не хочацца вяртацца на фронт. Але вы маглі б прыдумаць што-небудзь больш дасціпнае, чым выклікаць у сябе жаўтуху спажываннем алкаголю.

— Чым?

— Спажываннем алкаголю. Вы вельмі добра чулі, што я сказала. — Я маўчаў. — Баюся, што, калі вы не прыдумаеце чаго-небудзь яшчэ, вам давядзецца адправіцца на фронт, як толькі пройдзе ваша жаўтуха. Не думаю, каб пасля знарочыстай жаўтухі давалі адпачынак для папраўкі здароўя.

— Вы не думаеце?

— Не думаю.

— Вы калі-небудзь хварэлі на жаўтуху, міс Ван-Кампен?

— Не, але я часта назірала гэтую хваробу.

— Вы заўважылі, якое задавальненне ад яе ў хворых?

— Магчыма, гэта лепш, чым фронт.

— Міс Ван-Кампен, — сказаў я, — вы калі-небудзь бачылі чалавека, які, каб пазбегнуць воінскай павіннасці, ударыў бы сам сябе ў машонку?

Міс Ван-Кампен прапусціла пытанне міма вушэй. Яна павінна была або прапусціць яго міма вушэй, або пайсці з майго пакоя. Ісці ёй не хацелася, таму што яна неўзлюбіла мяне ўжо даўно і цяпер рыхтавалася паквітацца са мной.

— Я бачыла шмат людзей, якія ратаваліся ад фронту наўмысным членашкодніцтвам.

— Справа не ў тым. Наўмыснае членашкодніцтва я і сам бачыў. Я спытаў, ці бачылі вы калі-небудзь чалавека, які, каб пазбегнуць воінскай павіннасці, стукнуў бы сабе нагой у машонку? Таму што гэтае адчуванне бліжэй за ўсё да жаўтухі, і я думаю, што не многія жанчыны ведаюць пра гэта. Вось я і спытаў, ці была ў вас калі-небудзь жаўтуха, міс Ван-Кампен, таму што...

Міс Ван-Кампен выйшла з пакоя. Крыху пазней увайшла міс Гэйдж.

— Што вы сказалі Ван-Кампен? Яна разгневалася.

— Мы параўналі розныя адчуванні. Я выказаў меркаванне, што ёй ніколі не даводзілася нараджаць...

— Вы вар'ят, — сказала Гэйдж. — Яна гатова садраць з вас скуру жыўцом.

— Яна яе ўжо садрала, — сказаў я. — Яна праваліла мой адпачынак, а цяпер, напэўна, захоча падвесці мяне пад палявы суд. Ад яе можна дачакацца.

— Яна заўсёды вас недалюблівала, — сказала Гэйдж. — А з-за чаго ў вас пачалося?

— Яна гаворыць, што я знарок дапіўся да жаўтухі, каб не вяртацца на фронт.

— Фу, — сказала Гэйдж. — Я прысягну, што вы ніколі кроплі ў рот не бралі. Усе прысягнуць, што вы ніколі кроплі ў рот не бралі.

— Яна знайшла бутэлькі.

— Сто разоў я вам гаварыла: трэба прыбіраць гэтыя бутэлькі. Дзе яны?

— У гардэробе.

— У вас ёсць чамадан?

— Няма. Усуньце ў гэты рукзак.

Міс Гэйдж спакавала бутэлькі ў рукзак.

— Я аддам ix швейцару, — сказала яна, кіруючыся да дзвярэй.

25
{"b":"980839","o":1}