Литмир - Электронная Библиотека
Содержание  
A
A

— Да пабачэння, — сказаў ён. Потым весела: — Усяго найлепшага. — Песімізм яго меркаванняў знаходзіўся ў рэзкай процілегласці з яго вясёлым норавам.

Я зайшоў у цырульню і пагаліўся, а потым пайшоў у шпіталь. Мая нага паправілася так, што лепш і нельга было чакаць. Тры дні назад я быў на аглядзе. Мне заставалася ўсяго некалькі працэдур, каб скончыць курс лячэння ў Ospedale Maggiore, i я пайшоў па завулку, стараючыся не кульгаць. Пад навесам нейкі стары выразаў сілуэты. Я спыніўся, каб паглядзець. Дзве дзяўчыны стаялі перад ім, і ён выразаў іх сілуэты, паглядаючы на іх, адкінуўшы галаву набок і вельмі хутка рухаючы нажніцамі. Дзяўчаты смяяліся. Ён паказаў мне сілуэты, перш чым наклеіць іх на белую паперу і перадаць дзяўчатам.

— Што, добрыя? — сказаў ён. — А вы не хочаце, tenente?

Дзяўчаты пайшлі, разглядаючы свае сілуэты і смеючыся. Абедзве былі прыгожыя. Адна з іх працавала ў закусачнай насупраць шпіталя.

— Давайце, — сказаў я.

— Зніміце ваша кепі.

— Не. У кепі.

— Так будзе горай, — сказаў стары. — Зрэшты, — яго твар прасвятлеў, — так будзе больш ваяўніча.

Ён пачаў выразаць на чорнай паперы, затым аддзяліў абедзве палавінкі ліста, наклеіў два профілі на кардон і падаў мне.

— Колькі вам?

— Нічога, нічога. — Ён махнуў рукой. — Я вам проста так зрабіў.

— Калі ласка. — Я дастаў некалькі медзякоў. — Зрабіце мне прыемнае.

— Не, я зрабіў іх для ўласнага задавальнення. Падаруйце іх сваёй мілай.

— Дзякуй і да пабачэння.

— Да хуткай сустрэчы.

Я вярнуўся ў шпіталь. У канцылярыі для мяне былі пісьмы, адно афіцыйнае і яшчэ некалькі. Мне даваўся трохтыднёвы адпачынак для папраўкі здароўя, пасля чаго я павінен быў вярнуцца на фронт. Я ўважліва перачытаў яго. Ага, так і ёсць. Адпачынак будзе лічыцца з 4 кастрычніка, калі я скончу курс лячэння. У трох тыднях дваццаць адзін дзень. Гэта выходзіць 25 кастрычніка. Я сказаў, што пагуляю крыху яшчэ, і пайшоў у недалёкі ад шпіталя рэстаран, каб павячэраць і прагледзець за сталом пісьмы і «Кар'ерэ дэла сера». Адно пісьмо было ад майго дзеда, у ім былі сямейныя навіны, патрыятычныя павучанні, чэк на дзвесце долараў і некалькі газетных выразак. Затым былі нуднае пісьмо нашага святара, пісьмо аднаго знаёмага лётчыка, які служыў у французскай авіяцыі і трапіў у вясёлую кампанію, пра што і расказваў, і запіска ад Рынальдзі, які пытаўся, ці доўга я яшчэ думаю адседжвацца ў Мілане і наогул якія навіны? Ён прасіў, каб я прывёз яму грамафонныя пласцінкі з прыкладзенага спісу. Я заказаў на вячэру бутэльку к'янці, пасля выпіў кавы з каньяком, дачытаў газету, склаў усе пісьмы ў кішэню, пакінуў газету на стале разам з чаявымі і выйшаў. У сваім пакоі ў шпіталі я зняў форму, надзеў піжаму і халат, апусціў фіранкі на балконных дзвярах і пачаў чытаць бостанскія газеты, якія прывозіла сваім хлопчыкам місіс Меерс. Каманда «Чыкага-Уайт-Сокс» узяла прыз Амерыканскай лігі, а ў Нацыянальнай лізе наперадзе ішла каманда «Нью-Йорк-Джайэнтс». Бейб Рут гуляў цяпер за Бостан. Газеты былі сумныя, навіны затхлыя і вузкамясцовыя, звесткі з фронту састарэлыя. У амерыканскіх навінах толькі і гаварылася, што пра вучэбныя лагеры. Я радаваўся, што я не ў вучэбным лагеры. Акрамя спартыўных навін, я нічога не мог чытаць, ды і то чытаў без ніякай цікавасці. Калі чытаеш шмат газет адразу, нельга чытаць з цікавасцю. Газеты былі не вельмі новыя, але я ўсё-ткі чытаў іх. Я падумаў, ці закрыюцца спартыўныя саюзы, калі Амерыка па-сапраўднаму ўступіць у вайну. Напэўна, не. У Мілане, як і раней, бываюць скачкі, хоць вайна ў разгары. У Францыі скачак ужо няма. Гэта адтуль прывезлі нашага Япалака. Дзяжурства Кэтрын пачыналася толькі а дзевятай гадзіне. Я чуў яе крокі па калідоры, калі яна з'явілася на дзяжурства, і адзін раз бачыў яе ў адчыненыя дзверы. Яна абышла некалькі палат і нарэшце ўвайшла ў маю.

— Я сёння позна, мілы, — сказала яна. — Шмат спраў. Ну, а ты?

Я расказаў ёй пра газеты і пра адпачынак.

— Цудоўна, — сказала яна. — Куды ж ты думаеш ехаць?

— Нікуды. Думаю застацца тут.

— Вельмі неразумна. Падбяры добрае месца, і я таксама паеду з табой.

— А як ты гэта зробіш?

— Не ведаю. Як-небудзь.

— Ты цуд.

— Зусім не. Але ў жыцці не так ужо цяжка ўладкоўвацца, калі няма чаго траціць.

— Што ты маеш на ўвазе?

— Нічога. Толькі падумала, якія нікчэмныя зараз перашкоды, што здаваліся раней непераадольнымі.

— Мне здаецца, гэта будзе зрабіць даволі цяжка.

— Не, мілы. У крайнім выпадку я проста кіну ўсё і паеду. Але да гэтага не дойдзе.

— Куды ж нам ехаць?

— Усё адно. Куды хочаш. Дзе мы нічога не ведаем.

— А табе ўсё роўна, куды ехаць?

— Так. Толькі б ехаць.

Яна была нейкая напружаная і заклапочаная.

— Што здарылася, Кэтрын?

— Нічога. Нічога не здарылася.

— Няпраўда.

— Праўда. Зусім нічога.

— Я ведаю, што няпраўда. Скажы, дарагая. Мне ты можаш сказаць.

— Нічога не здарылася.

— Скажы.

— Я не хачу. Я баюся, што гэта цябе засмуціць або ўстрывожыць.

— Ды не.

— Ты ўпэўнены? Мяне гэта не засмучае, але я баюся засмуціць цябе.

— Калі гэта не засмучае цябе, то і мяне таксама не.

— Мне не хочацца гаварыць.

— Скажы.

— Гэта неабходна?

— Так.

— У мяне будзе дзіця, мілы. Ужо амаль тры месяцы. Але ты не будзеш засмучацца, праўда? Не трэба. Не засмучайся.

— Не буду.

— Праўда не будзеш?

— Вядома.

— Я старалася. Я ўсё паспрабавала, але нічога не дапамагло.

— Я і не думаю засмучацца.

— Так атрымалася, і я не стала засмучацца, мілы. I ты не засмучайся і не трывожся.

— Я трывожуся толькі пра цябе.

— Ну вось! Якраз гэтага і не трэба. Ва ўсіх нараджаюцца дзеці. У іншых увесь час нараджаюцца дзеці. Зусім натуральная рэч.

— Ты цуд.

— Зусім не. Але ты не думай пра гэта, мілы. Я пастараюся не хваляваць цябе. Я ведаю, што зараз я расхвалявала цябе. Але дагэтуль я трымалася малайцом, праўда? Ты і не здагадваўся?

— Не.

— I далей так будзе. Ты зусім не павінен засмучацца. Я бачу, што ты засмучаны. Перастань. Хочаш чаго-небудзь выпіць, мілы? Я ведаю, варта табе выпіць і ты развесялішся.

— Не. Я і так вясёлы. А ты цуд.

— Зусім не. Але я ўсё ўладжу, і мы будзем разам, а ты толькі выберы месца, куды нам паехаць. Кастрычнік, напэўна, будзе цудоўным. Мы выдатна правядзём гэты час, мілы, а калі ты будзеш на фронце, я буду пісаць табе кожны дзень.

— А дзе будзеш ты?

— Я яшчэ не ведаю. Але абавязкова ў самым цудоўным месцы. Я пра ўсё паклапачуся.

Мы прыціхлі і перасталі размаўляць. Кэтрын сядзела на ложку, і я глядзеў на яе, але мы не дакраналіся адно да аднаго. Кожны з нас быў сам па сабе, як бывае, калі ў пакой заходзіць пабочны і ўсе раптам насцярожваюцца. Яна працягнула руку і паклала яе на маю.

— Ты не злуешся, мілы, скажы?

— Не.

— I ў цябе няма такога адчування, быццам ты трапіў у пастку?

— Крыху ёсць. Але не з-за цябе.

— Я і не думаю, што з-за мяне. Не кажы глупства. Я хачу сказаць — наогул у пастку.

— Фізіялогія заўсёды пастка.

Раптам яна аддалілася ад мяне, хоць не варушылася і не адняла рукі.

— Заўсёды — нядобрае слова.

— Прабач.

— Не, нічога. Але ты зразумееш, у мяне ніколі не было дзіцяці, і я ніколі нікога не любіла. I я старалася быць такой, як ты хацеў, а ты раптам гаворыш «заўсёды».

— Ну давай я адрэжу сабе язык, — прапанаваў я.

— Мілы! — Яна вярнулася да мяне здалёку. — Не звяртай увагі. — Мы зноў былі разам, і насцярожанасць знікла. — Праўда ж, мы з табой — адно, і не варта прыдзірацца.

— Не трэба.

— Здараецца. Людзі кахаюць адно аднаго, і прыдзіраюцца да дробязей, і сварацца, і пасля раптам адразу перастаюць быць — адно.

— Мы не будзем сварыцца.

— I не трэба. Таму што мы з табой толькі ўдваіх супраць усіх астатніх у свеце. Калі што-небудзь стане паміж намі, мы прапалі, яны нас схопяць.

— Ім не дастаць нас, — сказаў я. — Таму што ты вельмі храбрая. З храбрымі не бывае бяды.

24
{"b":"980839","o":1}