Мы сядзелі ў глыбокіх скураных крэслах, падзеленыя столікам з келіхамі і шампанскім у сярэбраным вядзерцы.
— Калі вы дажывяце да майго ўзросту, шмат што вам будзе здавацца дзіўным.
— Вы не падобны на старога.
— Цела старэе. Часам мне здаецца, што ў мяне палец можа адламацца, як кончык крэйды. А дух не старэе, і мудрасці не дабаўляецца.
— Вы мудры.
— Не, гэта вялікая памылка — мудрасць старых. Старыя не мудрыя. Яны толькі асцярожныя.
— Магчыма, гэта і ёсць мудрасць.
— Гэта вельмі непрывабная мудрасць. Што вы цэніце вышэй за ўсё?
— Каханую жанчыну.
— Вось і я таксама. Гэта не мудрасць. А жыццё вы цэніце?
— Так.
— Я таксама. Таму што гэта ўсё, што ў мяне ёсць. I яшчэ дні нараджэння, — засмяяўся ён. — Відаць, вы мудрэйшы, чым я. Вы не святкуеце дзень свайго нараджэння.
Мы абодва смакавалі віно.
— Што вы на самай справе думаеце пра вайну? — спытаў я.
— Я думаю, што яна бязглуздая.
— Хто выйграе яе?
— Італьянцы. Яны больш маладая нацыя.
— Хіба маладыя нацыі заўсёды выйграюць вайну?
— Яны здольныя на гэта ў пэўны перыяд.
— А потым што?
— Яны становяцца старымі нацыямі.
— А вы кажаце, што вы не мудры.
— Дарагі мой хлопчык, гэта не мудрасць. Гэта цынізм.
— Мне здаецца гэта найбольшай мудрасцю.
— Гэта не зусім так. Я мог бы прывесці прыклады ў пацвярджэнне процілеглага. Але гэта нядрэнна сказана. Мы выпілі ўсё шампанскае?
— Амаль што.
— Можа, вып'ем яшчэ? Потым я пайду пераапрануцца.
— Відаць, не варта болей.
— Вам на самай справе не хочацца?
— Так. Ён устаў.
— Жадаю вам шмат поспехаў, і шмат шчасця, і шмат, шмат здароўя.
— Дзякуй вам. А я жадаю вам жыць вечна.
— Дзякуй вам. Я так і раблю. А калі раптам вы станеце набожным, памаліцеся за мяне, калі я памру. Я ўжо некалькіх сяброў прасіў аб гэтым. Я спадзяваўся сам стаць набожным, але гэтага не здарылася.
Мне здавалася, што ён усміхнуўся з сумам. Ён быў вельмі стары, і на яго твары было вельмі шмат маршчын, і ва ўсмешцы ўдзельнічала гэтулькі рысак, што адценні губляліся ў ix.
— Я, відаць, стану вельмі набожным, — сказаў я. — Ва ўсякім выпадку, я буду маліцца за вас.
— Я заўсёды чакаў, што стану набожным. У маёй сям'і ўсе паміралі вельмі набожнымі. Але чамусьці гэтага не здарылася.
— Яшчэ вельмі рана.
— А мо ўжо вельмі позна. Мо я перажыў свае рэлігійнае пачуццё.
— У мяне яно з'яўляецца толькі ноччу.
— Але ж вы яшчэ і кахаеце. Не забывайцеся, што гэта таксама рэлігійнае пачуццё.
— Вы так лічыце?
— Вядома. — Ён зрабіў крок да більярда. — Вы вельмі ласкавы, што згулялі са мной.
— Гэта вялікае задавальненне для мяне.
— Пойдзем наверх разам.
РАЗДЗЕЛ ТРЫЦЦАЦЬ ПЯТЫ
Ноччу была навальніца, і, прачнуўшыся, я пачуў, як дождж хвошча на шыбах. У адчыненае акно залівала вада. Хтосьці стукаўся ў дзверы. Я падышоў да дзвярэй вельмі ціха, каб не разбудзіць Кэтрын, і адчыніў. Гэта быў бармен. Ён быў у паліто і трымаў у руках мокры капялюш.
— Мне трэба пагаварыць з вамі, tenente.
— У чым справа?
— Справа вельмі сур'ёзная.
Я агледзеўся. У пакоі было цёмна. Я ўбачыў лужыну на падлозе пад акном.
— Уваходзьце, — сказаў я. Я за руку правёў яго ў ванны пакой, зачыніў дзверы і запаліў святло. Я прысеў на край ванны.
— У чым справа, Эміліо? У вас якая-небудзь бяда?
— Не. Не ў мяне, а ў вас, tenente.
— Вось як?
— Раніцай прыйдуць вас арыштоўваць.
— Вось як?
— Я прыйшоў сказаць вам. Я быў у горадзе і ў кафэ пачуў размову.
— Разумею.
Ён стаяў перада мной, у мокрым паліто, з мокрым капелюшом у руках і маўчаў.
— За што мяне хочуць арыштаваць?
— Штосьці звязанае з вайной.
— Вы ведаеце — што?
— Не. Але я ведаю, што раней вас бачылі тут афіцэрам, а цяпер вы прыехалі ў цывільным. Пасля гэтага адступлення яны кожнага гатовы арыштаваць.
Я памаўчаў.
— У колькі яны збіраюцца прыйсці?
— Раніцай. Дакладнай гадзіны я не ведаю.
— Што вы параіце рабіць?
Ён паклаў капялюш у ракавіну рукамыйніка. Ён быў вельмі мокры, і вада ўвесь час сцякала на падлогу.
— Калі за вамі нічога няма, то вам няма чаго баяцца. Але трапіць пад арышт заўсёды непрыемна — асабліва цяпер.
— Я не хачу трапляць пад арышт.
— Тады едзьце ў Швейцарыю.
— Як?
— На маёй лодцы.
— На возеры бура, — сказаў я.
— Бура прайшла. Хвалі яшчэ ёсць, але вы справіцеся.
— Калі нам ехаць?
— Зараз. Яны могуць прыйсці вельмі рана.
— А нашы рэчы?
— Складзіце іх. Няхай ваша лэдзі апранаецца. Я паклапачуся аб рэчах.
— Дзе вы будзеце?
— Я пачакаю тут. Не трэба, каб мяне бачылі ў калідоры.
Я адчыніў дзверы, прычыніў іх за сабой і ўвайшоў у спальню. Кэтрын не спала.
— Што там такое, любы?
— Нічога, Кэт, — сказаў я. — Хочаш зараз апрануцца і ехаць на лодцы ў Швейцарыю?
— А ты хочаш?
— Не, — сказаў я. — Я хачу легчы зноў у ложак.
— Што здарылася?
— Бармен кажа, што раніцай мяне прыйдуць арыштоўваць.
— А бармен пры сваім розуме?
— Так.
— Тады, любы, апранайся хутчэй, і адразу ж паедзем. — Яна села на край ложка. Яна была яшчэ сонная. — Гэта бармен там у ваннай?
— Так.
— Тады я не буду мыцца. Калі ласка, любы, адвярніся, і я за адну хвіліну апрануся.
Я ўбачыў яе белую спіну, калі яна здымала начную кашулю, і потым адвярнуўся, бо яна папрасіла. Яна ўжо пачала паўнець ад цяжарнасці і не хацела, каб я бачыў яе. Я апрануўся, слухаючы шум дажджу за акном. Мне амаль не было чаго складваць.
— У мяне яшчэ шмат месца ў чамадане, Кэт.
— Я ўжо амаль усё склала, — сказала яна. — Любы, я страшэнна неразумная, але скажы мне, чаго бармен сядзіць у ваннай?
— Ён чакае, каб аднесці нашы рэчы ўніз.
— Які слаўны!
— Ён мой даўні сябар, — сказаў я. — Аднойчы я ледзь не прыслаў яму тытуню для люлькі.
Я паглядзеў у адчыненае акно, за якім цямнела ноч. Возера не было відаць, толькі змрок і дождж, але вецер сціх.
— Я гатова, любы, — сказала Кэтрын.
— Добра. — Я падышоў да дзвярэй ваннай. — Вось чамаданы, Эміліо, — сказаў я. Бармен узяў абодва чамаданы.
— Вы вельмі добры, што хочаце дапамагчы нам, — сказала Кэтрын.
— Дробязь, лэдзі, — сказаў бармен. — Я вельмі рады дапамагчы вам, каб толькі не нажыць непрыемнасцей сабе. Паслухайце, — сказаў ён мне, — я спушчуся з рэчамі па чорнай лесвіцы і пайду проста да лодкі. Вы ідзіце спакойна, як быццам сабраліся прагуляцца.
— Цудоўная ноч для прагулкі, — сказала Кэтрын.
— Ноч дрэнная, што і казаць.
— Як добра, што ў мяне ёсць парасон, — сказала Кэтрын.
Мы прайшлі па калідоры і па шырокай, засланай тоўстым дываном лесвіцы. Унізе, каля дзвярэй, сядзеў за сваёй канторкай парцье.
Ён вельмі здзівіўся, калі ўбачыў нас.
— Вы хочаце выйсці, сэр? — спытаў ён.
— Так, — сказаў я. — Мы хочам паглядзець на возера ў буру.
— У вас няма парасона, сэр?
— Не, — сказаў я. — У мяне непрамакальнае паліто. Ён з сумненнем агледзеў мяне.
— Я дам вам парасон, сэр, — сказаў ён. Ён выйшаў і вярнуўся з вялікім парасонам. — Крыху велікаваты, сэр, — сказаў ён. Я даў яму дзесяць лір. — О, вы вельмі ласкавы, сэр. Вельмі вам удзячны, — сказаў ён.
Ён адчыніў перад намі дзверы, і мы выйшлі пад дождж. Ён усміхнуўся Кэтрын, і яна ўсміхнулася яму.
— Не заставайцеся доўга на вуліцы ў буру, — сказаў ён. — Вы прамокнеце, сэр і лэдзі. — Ён быў малодшым парцье, і яго англійская мова яшчэ была памылкова літаральнай.
— Мы хутка вернемся, — сказаў я.
Мы пайшлі пад вялізным парасонам па сцежцы, і далей па мокрым цёмным садзе да шашы, і цераз шашу да абсаджанай кустамі берагавой алеі. Вецер дзьмуў цяпер з берага. Гэта быў сыры, халодны лістападаўскі вецер, і я ведаў, што ў гарах ідзе снег. Мы прайшлі па набярэжнай уздоўж прыкаваных у нішах лодак да таго месца, дзе стаяла лодка бармена. Вада была цямнейшая за камяні. Бармен выйшаў з-за дрэў.