Литмир - Электронная Библиотека
Содержание  
A
A

Я апусціў руку ў ваду. Яна была вельмі халодная. Мы былі цяпер амаль насупраць гатэля.

— Мне пара, — сказаў бармен, — я павінен паспець да адзінаццаці гадзін. L'heure du cocktail³³.

— Добра.

Я ўцягнуў лёску і накруціў яе на палачку з засечкамі на абодвух канцах. Бармен паставіў лодку на маленькую нішу каменнай сцяны і прымацаваў яе ланцугом з замком.

— Калі захочаце пакатацца, — сказаў ён, — я дам вам ключ.

Мы падняліся ў гатэль і зайшлі ў бар. Мне не хацелася больш піць так рана, і я падняўся ў наш пакой. Пакаёўка толькі што скончыла прыбіраць, і Кэтрын яшчэ не вярнулася. Я лёг на ложак і стараўся не думаць.

Калі Кэтрын вярнулася, усё зноў стала добра. Фергюсон унізе, сказала яна. Яна будзе снедаць з намі.

— Я ведала, што ты нічога не будзеш мець супраць, — сказала Кэтрын.

— Нічога, — сказаў я.

— Што з табой, любы?

— Не ведаю.

— Я ведаю. Табе няма чаго рабіць. У цябе ёсць толькі я, а я пайшла.

— Ты маеш рацыю.

— Прабач мяне, любы. Я ведаю, гэта, напэўна, жахлівае пачуццё, калі раптам зусім нічога не застаецца.

— У мяне заўсёды жыццё было такім напоўненым, — сказаў я. — Цяпер жа, калі цябе няма са мной, усё пустое.

— Але ж я буду з табой. Я выходзіла толькі на дзве гадзіны. Ты не можаш прыдумаць сабе які-небудзь занятак?

— Я ездзіў з барменам лавіць рыбу.

— Добра было?

— Так.

— Не думай пра мяне, калі мяне няма.

— Заўсёды стараўся так паступаць на фронце. Але там мне было што рабіць.

— Атэла ў адстаўцы, — падражніла яна.

— Атэла быў негр, — сказаў я. — I акрамя таго, я не раўнівы. Я проста так кахаю цябе, што для мяне больш нічога не існуе.

— А цяпер будзь ветлівы з Фергюсон.

— Я заўсёды ветлівы з Фергюсон, пакуль яна не пачынае мяне праклінаць.

— Будзь ветлівы з ёй. Падумай, у нас ёсць так многа, а ў яе нічога няма.

— Не думаю, што ёй хацелася таго, што ёсць у нас.

— Нічога ты не ведаеш, любы, а яшчэ разумнік.

— Я буду ветлівы з ёй.

— Я не сумняваюся. Ты ў мяне добры.

— Але пазней яна не застанецца?

— Не. Я сплаўлю яе.

— Мы вернемся сюды?

— Вядома. А як жа інакш?

Мы спусціліся ўніз, каб паснедаць з Фергюсон. На яе моцнае ўражанне зрабіў гатэль і раскоша рэстарана. Мы добра паснедалі і выпілі дзве бутэлькі капры. У рэстаран увайшоў граф Грэфі і пакланіўся нам. З ім была яго пляменніца, якая крыху нагадвала маю бабулю. Я расказаў пра яго Кэтрын і Фергюсон, і на Фергюсон мой расказ зрабіў моцнае ўражанне. Гатэль быў вельмі вялікі, і пышны, і пусты, але ежа была смачная, віно вельмі прыемнае, і нарэшце ад віна ўсім стала вельмі добра. Кэтрын адчувала сябе як найлепш. Яна была шчаслівая. Фергюсон зусім развесялілася. Мне самому было вельмі добра. Пасля снедання Фергюсон вярнулася ў свой гатэль. Яна хоча крыху паляжаць пасля снедання, сказала яна.

Напрыканцы дня нехта пастукаў да нас у дзверы.

— Хто там?

— Граф Грэфі пытае, ці згуляеце вы з ім у більярд?

Я паглядзеў на гадзіннік; я зняў яго, і ён ляжаў пад падушкай.

— Гэта трэба, любы? — шапнула Кэтрын.

— Відаць, трэба пайсці. — Гадзіннік паказваў чвэрць пятай. Я гучна сказаў: — Перадайце графу Грэфі, што я буду ў більярднай у пяць гадзін.

Без чвэрці пяць я пацалаваў на развітанне Кэтрын і пайшоў у ванную апранацца. Калі я завязваў гальштук і глядзеў у люстэрка, мне дзіўна было бачыць сябе ў цывільным. Я падумаў, што трэба будзе купіць яшчэ capoчак i шкарпэтак.

— Ты ідзеш надоўга? — спытала Кэтрын. Яна была вельмі прыгожая ў ложку. — Дай мне, калі ласка, шчотку.

Я глядзеў, як яна расчэсвала валасы, схіліўшы галаву так, каб уся маса валасоў звісла на адзін бок. За акном было ўжо цёмна, і святло лямпы над ложкам клалася на яе валасы, і шыю, і плечы. Я падышоў і пацалаваў яе, адвёўшы яе руку са шчоткай, і яе галава адкінулася на падушку. Я пацалаваў яе шыю і плечы. У мяне кружылася галава, так моцна я яе кахаў.

— Я не хачу ісці.

— I я не хачу, каб ты ішоў.

— Ну, дык я не пайду.

— Не. Ідзі. Гэта ж ненадоўга, а потым ты вернешся.

— Мы паабедаем тут, наверсе.

— Ідзі і хутчэй вяртайся.

Я застаў графа Грэфі ў більярднай. Ён практыкаваўся ў розных ударах і здаваўся вельмі кволым у святле лямпы, што спускалася над більярдам. На ломберным століку крыху воддаль, у цені, стаяла сярэбранае вядзерца з лёдам, адкуль тырчалі рыльцы і коркі дзвюх бутэлек шампанскага. Граф Грэфі выпрастаўся, калі я ўвайшоў у більярдную, і пайшоў мне насустрач. Ён падаў мне руку.

— Я вельмі рады бачыць вас тут. Вы такі ласкавы, што згадзіліся прыйсці пагуляць са мной.

— З вашага боку вельмі міла было запрасіць мяне.

— Як ваша здароўе? Я чуў, вы былі паранены на Ізонца. Спадзяюся, вы цяпер паправіліся.

— Я зусім здаровы. Як ваша здароўе?

— О, я заўсёды здаровы. Але я старэю. Пачынаю заўважаць прыкметы старасці.

— У гэта цяжка паверыць.

— Праўда. Вось вам прыклад. Мне цяпер лягчэй гаварыць па-італьянску, чым на іншай мове. Я прымушаю сябе, але, калі я стамляюся, мне ўсё-ткі лягчэй гаварыць па-італьянску. Так што, па ўсім відаць, я старэю.

— Будзем гаварыць па-італьянску. Я таксама крыху стаміўся.

— О, але калі вы стаміліся, вам павінна быць лягчэй гаварыць па-англійску.

— Па-амерыканску.

— Так. Па-амерыканску. Калі ласка, гаварыце па-амерыканску. Гэта такая чароўная мова.

— Я амаль не сустракаюся цяпер з амерыканцамі.

— Вы, напэўна, вельмі сумуеце без іх кампаніі. Заўсёды сумна без суайчыннікаў, асабліва без суайчынніц. Я гэта ведаю. Што ж, згуляем, ці вы вельмі стаміліся?

— Я не стаміўся. Я сказаў гэта так, жартам. Якую вы мне дасце фору?

— Вы шмат гулялі за гэты час?

— Зусім не гуляў.

— Вы гуляеце вельмі добра. Дзесяць ачкоў?

— Вы мяне хваліце.

— Пятнаццаць?

— Гэта было б цудоўна, але вы ўсё роўна пераможаце.

— Будзем гуляць на грошы? Вы заўсёды лічылі за лепшае гуляць на грошы.

— Давайце.

— Цудоўна. Я даю вам васемнаццаць ачкоў, і мы гуляем па франку за ачко.

Ён вельмі прыгожа пачаў партыю, і, нягледзячы на фору, я толькі на чатыры ачкі абагнаў яго да сярэдзіны гульні. Граф Грэфі націснуў кнопку званка, выклікаючы бармена.

— Будзьце ласкавы адкаркаваць адну бутэльку, — сказаў ён. Потым мне: — Па шклянцы для настрою.

Віно было халоднае як лёд і вельмі сухое і добрае.

— Будзем гаварыць па-італьянску. Вы не супраць? Гэта цяпер мая слабасць.

Мы працягвалі гуляць, смакуючы віно паміж ударамі, гаворачы па-італьянску, але наогул гаварылі мала, сканцэнтраваўшыся на гульні. Граф Грэфі выбіў сотае ачко, а я, нягледзячы на фору, меў толькі дзевяноста чатыры. Ён усміхнуўся і паляпаў мяне па плячы.

— Цяпер мы вып'ем другую бутэльку, і вы раскажаце мне пра вайну. — Ён чакаў, калі я сяду.

— Пра што-небудзь іншае, — сказаў я.

— Вы не хочаце гаварыць пра гэта? Добра. Што вы чыталі апошнім часам?

— Нічога, — сказаў я. — Баюся, што я вельмі атупеў.

— Не. Але чытаць вам трэба.

— Што напісана за час вайны?

— Ёсць «Le feu»³⁴ аднаго француза, Барбюса. Ёсць «Містэр Брытлінг бачыць усё наскрозь».

— Гэта няпраўда.

— Што няпраўда?

— Ён не бачыць усё наскрозь. Гэтыя кнігі былі ў нас у шпіталі.

— Значыць, нешта вы чыталі?

— Так, але добрага нічога.

— Мне здаецца, што ў «Містэры Брытлінгу» вельмі добра паказана душа англійскай буржуазіі.

— Я не ведаю, што такое душа.

— Бедны. Ніхто не ведае, што такое душа. Вы — croyant?³⁵

— Толькі ноччу.

Граф Грэфі ўсміхнуўся і пакруціў шклянку ў пальцах.

— Я меркаваў, што з узростам стану больш набожны, але чамусьці гэтага не здарылася, — сказаў ён. — Вельмі шкадую.

— Вы хацелі б жыць пасля смерці? — сказаў я і тут жа спахапіўся, што неразумна было ўпамінаць пра смерць. Але яго не збянтэжыла гэта слова.

— Гледзячы як жыць. Гэта жыццё вельмі прыемнае. Я хацеў бы жыць вечна. — Ён усміхнуўся. — Мне гэта амаль удалося.

45
{"b":"980839","o":1}