Литмир - Электронная Библиотека
Содержание  
A
A

— Каб не давялося нам наглытацца дзярма яшчэ да Удзіны, — сказаў Піані.

— Вы наеліся, tenente? — спытаў Аймо.

— Наеўся. Перадайце мне бутэльку, Барталамеа.

— У мяне ёсць яшчэ па бутэльцы на брата, каб узяць з сабой, — сказаў Аймо.

— Вы зусім не спалі?

— Я не люблю доўга спаць. Я крыху паспаў.

— Заўтра мы будзем спаць у каралеўскай пасцелі, — сказаў Банела. У яго быў выдатны настрой.

— Заўтра, можа стацца, мы будзем спаць у дзярме, — сказаў Піані.

— Я буду спаць з каралевай, — сказаў Банела. Ён азірнуўся, каб паглядзець, як я аднёсся да яго жарту.

— Ты будзеш спаць з дзярмом, — сказаў Піані сонным голасам.

— Гэта дзяржаўная здрада, tenente, — сказаў Банела. — Праўда, гэта дзяржаўная здрада?

— Змоўкніце, — сказаў я. — Занадта вы разгуляліся ад кроплі віна.

Дождж ліў усё мацней. Я зірнуў на гадзіннік. Была палова дзесятай.

— Час выпраўляцца, — сказаў я і ўстаў.

— З кім вы паедзеце, tenente? — спытаў Банела.

— З Аймо. Затым вы. Пасля Піані. Паедзем па дарозе на Карманс.

— Баюся, каб я не заснуў, — сказаў Піані.

— Добра, я паеду з вамі. Затым Банела. Пасля Аймо.

— Гэта лепш за ўсё, — сказаў Піані. — А то я зусім сплю.

— Я павяду машыну, а вы крыху паспіце.

— Не, я магу ехаць, калі я ведаю, што мяне ёсць каму разбудзіць, калі я засну.

— Я вас разбуджу. Выключце святло, Барто.

— Няхай гарыць, — сказаў Банела. — Нам тут больш не жыць.

— У мяне там куфэрак у пакоі, — сказаў я. — Вы мне дапаможаце яго вынесці, Піані?

— Мы зараз яго возьмем, — сказаў Піані. — Пайшлі, Альда.

Ён выйшаў разам з Банела. Я чуў, як яны падымаліся па лесвіцы.

— Добры горад, — сказаў Барталамеа Аймо. Ён паклаў у свой рэчавы мяшок дзве бутэлькі віна і паўкруга сыру. — Другога такога горада нам ужо не знайсці. Куды мы адступаем, tenente?

— За Тальямента, кажуць. Шпіталь і штаб будуць у Пардэноне.

— Тут лепш, чым у Пардэноне.

— Я не быў у Пардэноне, —сказаў я. — Я толькі праязджаў міма.

— Гарадок не з лепшых, —сказаў Аймо.

РАЗДЗЕЛ ДВАЦЦАЦЬ СЁМЫ

Калі мы выязджалі з Гарыцыі, горад пад дажджом у цемры быў пусты, толькі калоны войска і гармат праходзілі па галоўнай вуліцы. Яшчэ было шмат грузавікоў і вазоў, усё гэта ехала па іншых вуліцах і злучалася на шашы. Мінуўшы дубільні, мы выехалі на шашу, дзе войска, грузавікі, вазы, запрэжаныя коньмі, і гарматы ішлі адной шырокай марудлівай калонай. Мы паволі, але няўхільна рухаліся пад дажджом; амаль упіраючыся радыятарам у задні борт нагружанага з каптуром грузавіка, накрытага мокрым брызентам. Раптам грузавік спыніўся. Спынілася ўся калона. Затым яна зноў рушыла, мы праехалі яшчэ трохі і зноў спыніліся. Я вылез і пайшоў уперад, манеўруючы паміж грузавікамі і вазамі і пад мокрымі мордамі коней. Затор быў недзе наперадзе. Я збочыў, пералез цераз канаву па кладцы з дошак і пайшоў па полі, якое пачыналася адразу за канавай. Аддаляючыся ад дарогі, я ўвесь час бачыў паміж дрэвамі нерухомую пад дажджом калону. Я прайшоў каля мілі. Калона стаяла на месцы, хоць за нерухомым транспартам мне было бачна, што войска ідзе. Я вярнуўся да машыны. Магло стацца, што затор утварыўся ля самай Удзіны. Піані спаў за рулём. Я сеў побач з ім і таксама заснуў. Праз некалькі гадзін я пачуў скрыгатанне перадачы на грузавіку спераду. Я разбудзіў Піані, і мы паехалі, то прасоўваючыся наперад на некалькі ярдаў, то спыняючыся, то зноў рухаючыся. Дождж усё яшчэ ішоў.

Ноччу калона зноў стала і не краналася з месца. Я вылез і пайшоў назад, праведаць Банела і Аймо. У машыне Банела побач з ім сядзелі два сяржанты інжынернай часцi. Калі я падышоў, яны выцягнуліся і застылі.

— Іх пакінулі рамантаваць нейкі мост, — сказаў Банела. — Яны не могуць знайсці сваю часць, я згадзіўся іх падвезці.

— Калі пан лейтэнант дазволіць.

— Дазваляю, — сказаў я.

— Наш лейтэнант амерыканец, — сказаў Банела. — Ён каго хочаш падвязе.

Адзін з сяржантаў усміхнуўся. Другі спытаўся ў Банела, з якіх я італьянцаў — паўночнаамерыканскіх ці паўднёва-амерыканскіх.

— Ён не італьянец. Ён англічанін з Паўночнай Амерыкі.

Сяржанты ветліва выслухалі, але не паверылі. Я пакінуў ix і пайшоў да Аймо. Побач з ім у машыне сядзелі дзве дзяўчыны, і ён курыў, адхінуўшыся ў кут.

— Барто, Барто! — сказаў я. Ён засмяяўся.

— Паразмаўляйце з імі, tenente, — сказаў ён. — Я ix не разумею. Эй! — Ён паклаў руку на бядро адной з дзяўчат і па-сяброўску сціснуў яго. Дзяўчына яшчэ больш захінула хустку і адштурхнула яго руку. — Эй! — сказаў ён. — Скажыце tenente, як ваша імя і што вы тут робіце.

Дзяўчына злосна зірнула на мяне. Другая сядзела збянтэжаная. Тая, якая пазірала на мяне, нешта сказала на дыялекце, але я не зразумеў ніводнага слова. Яна была смуглая, мела гадоў шаснаццаць.

— Sorella²⁸?— спытаў я, паказваючы на другую дзяўчыну.

Яна кіўнула галавой і ўсміхнулася.

— Так, — сказаў я і паляпаў яе па калене. Я адчуў, як яна напружылася, калі я дакрануўся да яе. Сястра па-ранейшаму не падымала вачэй. Ёй, відаць, было на год менш. Аймо зноў паклаў руку старэйшай на бядро, і яна адштурхнула яе. Ён засмяяўся.

— Добры чалавек. — Ён паказаў сам на сябе. — Добры чалавек. — Ён паказаў на мяне. — Не трэба баяцца.

Дзяўчына пазірала на яго злосна. Яны нагадвалі дзвюх дзікіх птушак.

— Навошта ж яна са мной наехала, калі я не падабаюся ёй? — спытаў Аймо. — Я толькі прапанаваў ім, а яны адразу залезлі ў машыну. — Ён павярнуўся да дзяўчыны. — Не бойся, — сказаў ён. — Ніхто цябе не... — Ён сказаў грубае слова. — Тут няма дзе... — Я бачыў, што яна зразумела слова, але больш нічога. У яе вачах, што глядзелі на яго, быў смяротны страх. Яна яшчэ больш захінулася ў сваю хустку. — Машына поўная, — сказаў Аймо. — Ніхто цябе не... Тут няма дзе...

Кожны раз, калі ён прамаўляў гэтае слова, дзяўчына курчылася. Пасля, па-ранейшаму гледзячы на яго, яна заплакала. Я ўбачыў, як у яе затрымцелі губы і слёзы пакаціліся па яе круглых шчаках. Сястра, не падымаючы вачэй, узяла яе за руку, і такім чынам яны сядзелі побач. Старэйшая, гэткая злосная напачатку, зараз гучна плакала.

— Відаць, спалохалася, — сказаў Аймо. — Я зусім не хацеў спалохаць яе.

Ён дастаў свой мяшок і адрэзаў два кавалкі сыру.

— Вось табе, — сказаў ён. — Не плач. Старэйшая дзяўчына пакруціла галавой і па-ранейшаму плакала, але малодшая ўзяла сыр і пачала есці. Крыху пазней малодшая дала сястры другі кавалак сыру, і абедзве яны елі моўчкі. Старэйшая ўсё яшчэ часам усхліпвала.

— Нічога, хутка супакоіцца, — сказаў Аймо.

У яго з'явілася новая думка.

— Дзяўчына? — спытаў ён у той, якая сядзела побач з ім. Яна ахвотна заківала галавой. — Таксама дзяўчына? — Ён паказаў на сястру. Абедзве заківалі, і старэйшая нешта сказала на дыялекце.

— Ну, ну, ладна, — сказаў Барталамеа. — Ладна.

Абедзве нібыта ўзбадзёрыліся.

Я пакінуў ix у машыне з Аймо, які сядзеў, адхінуўшыся ў куток, сам вярнуўся да Піані. Калона транспарту стаяла нерухома, але міма яе ўвесь час ішлі войскі. Дождж усё яшчэ ліў, і я падумаў, што прыпынкі ў руху калоны часам адбываюцца з-за таго, што ў машын намакае праводка. Хутчэй, зрэшты, ад таго, што коні альбо людзі засынаюць на хаду. Але ж здараюцца заторы і ў гарадах, калі ніхто не засынае на хаду. Уся справа ў тым, што тут разам і аўтатранспарт і гужавы. Ад такой камбінацыі толку мала. Ад сялянскіх вазоў наогул мала толку. Добрыя гэтыя дзяўчаты ў Барто. Нявінным дзяўчатам не месца ў адступаючай арміі. Дзве нявінныя дзяўчыны. Яшчэ і рэлігійныя, відаць. Калі б не было вайны, мы ўсе, напэўна, ляжалі б зараз на ложку. На пасцель сваю кладуся зноў. Кэтрын зараз на ложку, у яе дзве прасціны, адна пад ёй, другая зверху. На якім баку яна спіць? Мо яна не спіць. Мо яна зараз ляжыць і думае пра мяне. Вей, заходні вецер, вей. Вось ён і павееў, і не дожджыкам, а моцным дажджом вылілася хмара. Усю ноч лье дождж. Ты ведаў, што ўсю ноч будзе ліць дождж, якім вылілася хмара. Глядзі, як ён лье. Вось каб мая любая была са мной тут на ложку. Мая мілая Кэтрын. Вось каб мая мілая прыляцела са спадарожнай хмарай. Прынясі да мяне маю Кэтрын, вецер. Ну вось мы і папаліся. Усе на свеце папаліся, і дожджык не патушыць агню.

34
{"b":"980839","o":1}