Литмир - Электронная Библиотека
Содержание  
A
A

— Калі гэтыя сукіны дзеці іх прапусцяць, нам хана,— сказаў ён.

— Гэта немцы атакуюць, — сказаў адзін з дактароў. Слова «немцы» наганяла страх. Мы не хацелі мець справу з немцамі.

— Там пятнаццаць нямецкіх дывізій, — сказаў доктар. — Яны прарваліся, і мы будзем адрэзаны.

— У штабе брыгады гавораць, што мы мусім утрымаць гэтыя пазіцыі. Гавораць, прарыў не сур'ёзны, і мы зараз будзем трымаць лінію фронту ад Монта-Маджора цераз горы.

— Адкуль такія звесткі?

— Са штаба дывізіі.

— Пра тое, што трэба рыхтавацца да адступлення, таксама паведамілі са штаба дывізіі.

— Наша начальства — штаб арміі, — сказаў я. — Але тут маё начальства — вы. Калі вы загадаеце мне ехаць, я паеду. Але высветліце дакладна, які загад.

— Загад такі, што мы павінны заставацца тут. Ваша справа перавозіць параненых на размеркавальны пункт.

— Нам часам даводзіцца перавозіць і з размеркавальных пунктаў у палявыя шпіталі, — сказаў я. — А скажыце, — я ніколі не бачыў адступлення: калі пачынаецца адступленне, якім чынам эвакуіруюць усіх параненых?

— Усіх не эвакуіруюць. Забіраюць колькі могуць, а іншых пакідаюць.

— Што я павязу на сваіх машынах?

— Шпітальнае абсталяванне.

— Зразумела, — сказаў я.

Наступнай ноччу пачалося адступленне. Стала вядома, што немцы і аўстрыйцы прарвалі фронт на поўначы і па горных мясцінах ідуць на Чывідале і Удзіну. Адступалі пад дажджом, арганізавана, змрочна і ціха. Ноччу, марудна рухаючыся па запруджаных дарогах, мы бачылі, як праходзілі пад дажджом войскі, ехалі гарматы, вазы, запрэжаныя коньмі, мулы, грузавікі, і ўсё гэта ішло ад фронту. Беспарадку было не больш, як падчас руху наперад.

Той ноччу мы дапамагалі разгружаць палявыя шпіталі, якія былі наладжаны ва ўцалелых вёсках на плато, і адвозілі параненых да Плавы, а назаўтра ўвесь дзень снавалі пад дажджом, эвакуіравалі шпіталі і размеркавальны пункт Плавы. Дождж ліў добры, і пад кастрычніцкім дажджом армія Баінзіцы спускалася з плато і пераходзіла рэчку там, дзе вясной гэтага года былі атрыманы першыя вялікія перамогі. У сярэдзіне наступнага дня мы прыбылі ў Гарыцыю. Дождж сціх, і ў горадзе было амаль пуста. Едучы па вуліцы, мы ўбачылі грузавік, на які ўсаджвалі дзяўчат з салдацкага бардэля. Дзяўчат было сем, і ўсе яны былі ў капялюшыках і паліто і з маленькімі чамаданчыкамі ў руках. Дзве з іх плакалі. Трэцяя ўсміхнулася нам, высунула язык і пакруціла ім. У яе былі тоўстыя прыпухлыя губы і чорныя вочы.

Я спыніў машыну, выйшаў і пачаў размову з гаспадыняй. Дзяўчаты з афіцэрскага дома з'ехалі яшчэ ранкам, сказала яна. Куды яны едуць? У Канельяна, сказала яна. Грузавік паехаў. Дзяўчына з тоўстымі губамі зноў паказала нам язык. Гаспадыня памахала рукой. Дзве дзяўчыны па-ранейшаму плакалі. Іншыя з цікавасцю разглядвалі горад. Я зноў сеў у машыну.

— Вось бы і нам паехаць разам з імі, — сказаў Банела. — Вясёлая была б паездка.

— Паездка і так будзе вясёлая, — сказаў я.

— Паездка будзе сабачая.

— Я гэта ведаў, — сказаў я. Мы выехалі на алею, якая вяла да нашай вілы.

— Хацеў бы я быць там, калі гэтыя прыгажуні прыедуць на месца і возьмуцца за справу.

— Вы лічыце, што яны адразу і распачнуць?

— Яшчэ б! Хто ў другой арміі не ведае гэтай гаспадыні?

Мы былі ўжо перад вілай.

— Яе завуць маці ігумення, — сказаў Банела. — Дзяўчаты новыя, але яе ведае кожны. Іх, відаць, прывезлі перад самым адступленнем.

— Зараз папрацуюць.

— Вось і я кажу, што папрацуюць. Хацеў бы я з імі пазабаўляцца на дармаўшчыну. Усё-ткі дзяруць яны там, у дамах. Дзяржава абжульвае нас.

— Адвядзіце машыну, няхай механік яе паглядзіць,— сказаў я. — Замяніце масла і праверце дыферэнцыял. Запраўце, а пасля можаце крыху паспаць.

— Слухаюся.

Віла была пустая. Рынальдзі з'ехаў са шпіталем. Маёр забраў са штабной машынай медыцынскі персанал. На акне для мяне была пакінута запіска з заданнем пагрузіць на машыны абсталяванне, складзенае ў вестыбюлі, і ехаць на Пардэноне. Механікі паехалі ўжо. Я вярнуўся ў гараж. Астатнія дзве машыны таксама прыехалі, пакуль я хадзіў на вілу, і шафёры стаялі на двары. Зноў пачаўся дождж.

— Я так хачу спаць, што тры разы заснуў па дарозе ад Плавы, — сказаў Піані. — Што будзем рабіць, tenente?

— Заменім масла, змажам, заправімся, пад'едзем да галоўнага ўвахода і пагрузім дабро, якое нам пакінулі.

— I адразу паедзем?

— Не, гадзіны тры паспім.

— Во, гэта добра — паспаць, — сказаў Банела. — А то я заснуў бы за рулём.

— Як ваша машына, Аймо? — спытаў я.

— Нармальна.

— Дайце мне кажан, я дапамагу вам.

— Не трэба, tenente, — сказаў Аймо. — Тут не шмат клопату. Вы ідзіце складваць свае рэчы.

— Мае рэчы складзены, — сказаў я. — Я пайду выцягну ўсё гэта барахло, якое яны пакінулі нам. Давайце машыны, як толькі справіцеся.

Яны падагналі машыны да галоўнага ўвахода на вілу, і мы нагрузілі іх шпітальнай маёмасцю, якая была складзена ў вестыбюлі. Хутка ўсё было гатова, і аўтамабілі выстраіліся пад дажджом уздоўж абсаджанай дрэвамі алеі. Мы ўвайшлі ў дом.

— Запаліце на кухні печ і высушыцеся, — сказаў я.

— Напляваць, буду мокры, — сказаў Піані. — Я хачу спаць.

— Я лягу на ложак маёра, — сказаў Банела. — Лягу там, дзе дзядуля сніў сны.

— А мне ўсё адно дзе спаць, — сказаў Піані.

— Вось тут ёсць два ложкі. — Я адчыніў дзверы.

— Я ніколі не быў у гэтым пакоі, — сказаў Банела.

— Гэта быў пакой старой жабы, — сказаў Піані.

— Кладзіцеся тут абодва, — сказаў я. — Я вас разбуджу.

— Калі вы праспіце, tenente, нас разбудзяць аўстрыйцы, — сказаў Банела.

— Не прасплю, — сказаў я. — Дзе Аймо?

— Пайшоў на кухню.

— Кладзіцеся спаць, — сказаў я.

— Я лягу, — сказаў Піані. — Я цэлы дзень спаў седзячы. У мяне проста лоб налазіць на вочы.

— Скідай боты, — сказаў Банела. — Гэта ложак жабы.

— Напляваць мне на жабу!

Піані улёгся на ложку, выцягнуўшы ногі ў брудных ботах, паклаўшы руку пад галаву. Я пайшоў на кухню. Аймо расклаў у пліце агонь і паставіў кацялок з вадой.

— Трэба згатаваць крыху спагеці, — сказаў ён. — Калі прачнёмся, захочацца есці.

— А вы не хочаце спаць, Барталамеа?

— Не вельмі. Як закіпіць вада, я пайду. Агонь патухне сам.

— Вы лепей паспіце, — сказаў я. — Паесці можна сыру і кансерваў.

— Так будзе лепей, — сказаў ён. — Талерка гарачага падмацуе гэтых двух анархістаў. А вы кладзіцеся спаць.

— У пакоі маёра ёсць ложак.

— Вось вы там і кладзіцеся.

— Не, я пайду ў свой стары пакой. Хочаце выпіць, Барталамеа?

— Калі будзем ад'язджаць, tenente. Зараз не хачу.

— Калі праз тры гадзіны вы прачняцеся, а я яшчэ буду спаць, разбудзіце мяне, добра?

— У мяне няма гадзінніка.

— У пакоі маёра ёсць насценны гадзіннік.

— Ладна.

Я прайшоў цераз сталовую і вестыбюль і па мармуровай лесвіцы падняўся ў пакой, дзе жылі мы з Рынальдзі. Ішоў дождж. Я падышоў да акна і выглянуў. У паўзмроку я пазнаў тры машыны, якія стаялі адна за адной пад дрэвамі. З дрэў сцякала вада. Было холадна, і кроплі віселі на галінках. Я лёг на ложак Рынальдзі і не змагаўся са сном.

Перш чым выехаць, мы паелі на кухні. Аймо згатаваў спагеці з цыбуляй і пакрышыў у міску мясных кансерваў. Мы ўселіся за стол і выпілі дзве бутэлькі віна з запасаў, пакінутых у пограбе вілы. Было ўжо зусім цёмна, і дождж усё яшчэ ішоў. Піані сядзеў за сталом зусім сонны.

— Мне адступленне падабаецца больш, чым наступленне, — сказаў Банела. — Пры адступленні мы п'ём барбера.

— Гэта мы зараз п'ём. Заўтра будзем піць дажджавую ваду, — сказаў Аймо.

— Заўтра мы будзем ва Удзіне. Мы будзем піць шампанскае. Там усе лежабокі жывуць. Прачніся, Піані! Мы будзем піць шампанскае заўтра ва Удзіне.

— Я не сплю, — сказаў Піані. Ён паклаў на сваю талерку спагеці і мяса.— Не хапае таматнага соусу, Барто.

— Нідзе не знайшоў, — сказаў Аймо.

— Мы будзем піць шампанскае ва Удзіне, — сказаў Банела. Ён наліў у сваю шклянку празрыстага чырвонага барбера.

33
{"b":"980839","o":1}