Усе ўтрох засмяяліся.
— Ён анархіст, — сказаў Піані. — Ён не ходзіць у царкву.
— Піані таксама анархіст, — сказаў Банела.
— Вы сапраўды анархісты? — спытаў я.
— Не, tenente. Мы сацыялісты. Мы ўсе з Імолы.
— Вы там ніколі не былі?
— Не.
— Эх, слаўнае гэта месцейка, tenente. Прыязджайце да нас пасля вайны, там ёсць што паглядзець.
— I там усе сацыялісты?
— Усе да аднаго.
— Гэта добры горад?
— Вядома. Вы такога і не бачылі.
— Як вы сталі сацыялістамі?
— Мы ўсе сацыялісты. Там усе да аднаго — сацыялісты. Мы ўсе былі сацыялістамі.
— Прыязджайце, tenente. Мы з вас таксама зробім сацыяліста.
Наперадзе дарога зварочвала налева і ўзбіралася на невысокі пагорак міма фруктовага саду, абнесенага каменнай сцяной. Кала дарога пайшла угару, яны сціхлі. Мы ішлі ўчатырох адзін за адным, стараліся не збаўляць крок.
РАЗДЗЕЛ ДВАЦЦАЦЬ ДЗЕВЯТЫ
Пазней мы выйшлі на дарогу, якая вяла да ракі. Доўгая чарада кінутых грузавікоў і вазоў расцягнулася на дарозе да самага моста. Нічога не было відаць. Вады ў рацэ было шмат, і мост быў узарваны пасярэдзіне; каменны пралёт праваліўся ў раку, і бурая вала цякла над ім. Мы пайшлі па беразе, шукаючы месца для пераправы. Я ведаў, што крыху далей ёсць чыгуначны мост, і я думаў, што мо нам удасца пераправіцца там. Сцяжынка была мокрая і гразкая. Людзей не было, толькі кінуты рыштунак і машыны. На самім беразе не было нікога і нічога, акрамя мокрага пустоўя і гразкай зямлі. Мы ішлі ўздоўж берага і нарэшце ўбачылі чыгуначны мост.
— Які прыгожы мост! — сказаў Аймо. Гэта быў доўгі жалезны мост цераз раку, якая звычайна высыхала да дна.
— Давайце хутчэй пераходзіць на той бок, пакуль яго не ўзарвалі, — сказаў я.
— Няма каму ўзрываць, — сказаў Піані. — Усе сышлі.
— Ён, відаць, замініраваны, — сказаў Банела. — Вы ідзіце першы, tenente.
— Бачыце, які анархіст, га? — сказаў Аймо. — Няхай ён сам ідзе першы.
— Пайду я, — сказаў я. — Наўрад ці ён замініраваны так, каб узарвацца ад крокаў аднаго чалавека.
— Бачыш, — сказаў Піані. — Во што значыць разумны чалавек. Не тое што ты, анархіст.
— Калі б я быў разумны, я не быў бы тут, — сказаў Банела.
— А нядрэнна сказаў, праўда, tenente? — сказаў Аймо.
— Нядрэнна, — сказаў я і ступіў на мост. Я аглядваў шпалы і рэйкі, шукаючы драцяныя петлі альбо прыкметы міны, але нічога не мог заўважыць. Унізе, у прасветах між шпаламі, была відна рака, брудная і хуткая. Наперадзе, за мокрымі палямі, можна было ўбачыць пад дажджом Удзіну. Перайшоўшы мост, я агледзеўся. Крыху вышэй па цячэнню на рацэ быў яшчэ адзін мост. Пакуль я стаяў і глядзеў, на гэтым мосце праехала жоўтая, запырсканая граззю легкавая машына. Парапет быў высокі, і кузаў машыны, як толькі яна заехала на мост, схаваўся. Але я бачыў галовы шафёра, чалавека, які сядзеў побач з ім, і яшчэ двух на заднім сядзенні. Усе яны былі ў нямецкіх касках. Машына з'ехала на бераг і знікла за дрэвамі і транспартам, кінутым на дарозе. Я азірнуўся на Аймо, які ў гэты час пераходзіў, і даў яму і іншым знак рухацца хутчэй. Я спусціўся ўніз і прысеў пад чыгуначным насыпам. Аймо спусціўся следам за мной.
— Вы бачылі машыну? — спытаў я.
— Не. Мы глядзелі на вас.
— Штабная нямецкая машына праехала па верхнім мосце.
— Штабная машына?
— Aга.
— Прасвятая Дзева!
Падышлі астатнія, і мы ўсе прыселі ў гразі пад насыпам, гледзячы паўзверх яго на дрэвы, канаву і дарогу.
— Вы думаеце, мы адрэзаны, tenente?
— Не ведаю. Толькі ведаю, што штабная нямецкая машына праехала па гэтай дарозе.
— Вы здаровы, tenente? У вас не кружыцца галава?
— Не жартуйце, Банела.
— А мо нам лепш выпіць? — спытаў Піані. — Калі мы ўжо адрэзаны, дык хоць вып'ем. — Ён адчапіў сваю біклагу і адкруціў корак.
— Глядзіце! Глядзіце! — сказаў Аймо, паказваючы на дарогу.
Над каменным парапетам моста рухаліся нямецкія каскі. Яны былі нахілены ўперад і рухаліся мерна, з амаль ненатуральнай хуткасцю. Калі яны з'ехалі на бераг, мы ўбачылі тых, на кім яны былі. Гэта была веласіпедная рота. Я добра разглядзеў двух пярэдніх. У ix былі здаровыя, абветраныя твары. Іхнія каскі апускаліся нізка на лоб і закрывалі частку шчок. Карабіны былі прышпілены да рамы веласіпеда. Ручныя гранаты ручкай уніз віселі ў іх на поясе. Іхнія каскі і шэрыя мундзіры былі мокрыя, і яны ехалі няспешна, гледзячы наперад і па баках. Спераду ехалі двое, затым чацвёра, пасля двое, затым адразу дзесяць ці дванаццаць, пасля зноў дзесяць, затым адзін, асобна. Яны маўчалі, але мы ix не пачулі б з-за шуму ракі. Яны зніклі з вачэй на дарозе.
— Прасвятая Дзева! — сказаў Аймо.
— Гэта немцы, — сказаў Піані. — Гэта не аўстрыйцы.
— Чаму ix няма каму спыніць? — сказаў я. — Чаму гэты мост не ўзарваны? Чаму ўздоўж насыпу няма кулямётаў?
— Гэта вы нам скажыце, tenente, — сказаў Банела.
Я быў злосны як чорт.
— Звар'яцелі ўсе. Там, унізе, узрываюць маленькі мосцік. Тут, на самай шашы, мост пакідаюць. Дзе ўсе падзеліся? Няўжо ix не паспрабуюць спыніць?
— Гэта вы нам скажыце, tenente, — паўтарыў Банела.
Я змоўк. Мяне гэта не датычыла; мне трэба было дабрацца да Пардэноне. Але я, відаць, не дабяруся нават да Удзіны. Ну і д'ябал з ім! Галоўнае, захаваць спакой і не трапіць пад кулю альбо ў палон.
— Вы, здаецца, адкаркоўвалі біклагу? — спытаў я ў Піані. Ён падаў яе мне. Я зрабіў добры глыток. — Можна ісці, — сказаў я. — Хоць надта спяшацца няма куды. Хочаце есці?
— Тут не трэба спыняцца, — сказаў Банела.
— Добра. Пайшлі.
— Будзем ісці тут, пад прыкрыццём?
— Лепей ісці наверсе. Яны могуць прайсці і па гэтым мосце. Значна горай, калі яны апынуцца ў нас над галавой, перш чым мы ўбачым ix.
Мы пайшлі па чыгунцы. З абодвух бакоў ад нас была мокрая раўніна. Спераду за раўнінай быў пагорак, і за ім Удзіна. Стрэхі расступаліся вакол крэпасці на пагорку. Была відна званіца і гадзіннік на башні. На палях было шмат тутавых дрэў. У адным месцы наперадзе чыгунка была разабрана. Шпалы таксама выкапаны і скінуты пад адхон.
— Уніз, уніз! — сказаў Аймо.
Мы кінуліся ўніз пад насып. Новы атрад веласіпедыстаў ехаў па дарозе. Я выглянуў з-за насыпу і ўбачыў, што яны праехалі міма.
— Яны бачылі нас і не спыніліся, — сказаў Аймо.
— Пераб'юць нас тут, tenente, — сказаў Банела.
— Мы не патрэбны ім, — сказаў я. — Яны шукаюць некага іншага. Нам горай, калі яны напоруцца на нас нечакана.
— Я лепей ішоў бы тут, пад прыкрыццём, — сказаў Банела.
— Ідзіце. Мы пойдзем па чыгунцы.
— Вы думаеце, нам удасца прайсці? — спытаў Аймо.
— Вядома. Ix яшчэ не надта шмат. Мы пройдзем, калі сцямнее.
— Што гэтая штабная машына рабіла тут?
— Чорт яе ведае, — сказаў я. Мы ішлі па чыгунцы. Банела стаміўся ісці па гразі і далучыўся да нас. Рэйкі адхіліліся на поўдзень, убок ад шашы, і мы не бачылі, што робіцца на дарозе. Мосцік цераз канал быў узарваны, але мы перабраліся па рэштках паляў. Спераду чуліся стрэлы.
Пасля канала мы зноў выйшлі на рэйкі. Яны вялі проста ў горад. Наперадзе была бачна другая чыгунка. На поўначы ішла шаша, на якой мы бачылі веласіпедыстаў; на поўдзень адгаліноўвалася вузкая дарога, густа абсаджаная дрэвамі. Я вырашыў, што лепей за ўсё нам пайсці на поўдзень, такім чынам мы мінём горад і пойдзем палявой дарогай на Кампаформія і Тальяменцкую шашу. Мы маглі пакінуць галоўны шлях адступлення ўбаку, выбіраючы пабочныя дарогі. Мне помнілася, што цераз раўніну праходзіць шмат палявых дарог. Я пачаў спускацца з насыпу.
— Пайшлі, — сказаў я. Я вырашыў выйсці на палявую дарогу і з паўднёвага боку абысці горад. Усе мы спускаліся з насыпу. Насустрач нам з палявой дарогі прагучаў стрэл. Куля ўрэзалася ў гразь насыпу.
— Назад! — крыкнуў я. Я пабег па адхоне ўгару, слізгаючы ў гразі. Зараз шафёры былі наперадзе мяне. Я залез на насып так хутка, як толькі быў здатны. З густога кустоўя выстралілі яшчэ два разы, і Аймо, які пераходзіў рэйкі, захістаўся, спатыкнуўся і ўпаў ніц. Мы сцягнулі яго на другі бок і перавярнулі на спіну. — Трэба, каб галава была вышэй за ногі, — сказаў я. Піані перасунуў яго. Ён ляжаў у гразі на адхоне, нагамі ўніз, і дыханне вырывалася ў яго разам з крывёю. Мы ўтрох сядзелі вакол яго на кукішках. Ішоў дождж. Куля трапіла яму ў патыліцу, прайшла ўверх і выйшла каля правага вока. Ён памёр, пакуль я спрабаваў затампанаваць абедзве адтуліны. Піані апусціў яго галаву на зямлю, выцер яго твар кавалкам бінту з палявога пакета, затым пакінуў яго.