Литмир - Электронная Библиотека
Содержание  
A
A

— Сволачы! — сказаў ён.

— Гэта не немцы, — сказаў я. Немцаў тут не можа быць.

— Італьянцы, — сказаў Піані такім тонам, нібыта гэта была лаянка, — italiani.

Банела маўчаў. Ён сядзеў каля Аймо, не гледзячы на яго. Піані падняў кепі Аймо, якое скацілася пад адхон, і накрыў яму твар. Ён дастаў сваю біклагу.

— Хочаш выпіць? — Піані падаў біклагу Банела.

— Не, — сказаў Банела. Ён павярнуўся да мяне. — Гэта з кожным з нас магло здарыцца на чыгунцы.

— Не, — сказаў я. — Гэта таму, што мы хацелі прайсці па полі.

Банела пакруціў галавой.

— Аймо забіты, — сказаў ён. — Хто наступны, tenente? Куды мы зараз пойдзем?

— Гэта стралялі італьянцы, — сказаў я. — Гэта не немцы.

— Калі б тут былі немцы, яны, напэўна, перастралялі б усіх нас, — сказаў Банела.

— Італьянцы для нас больш небяспечныя, чым немцы, — сказаў я. — Ар'ергард вельмі баіцца. Немцы хоць ведаюць, чаго хочуць.

— Гэта вы правільна разважылі, tenente, — сказаў Банела.

— Куды мы зараз пойдзем? — спытаў Піані.

— Лепей за ўсё дзе-небудзь пачакаць дацямна. Калі нам удасца прабрацца на поўдзень, усё будзе добра.

— Ім давядзецца перабіць усіх нас як доказ, што яны нездарма забілі аднаго, — сказаў Банела. — Я не хачу рызыкаваць.

— Мы перачакаем дзе-небудзь ля Удзіны і затым пройдзем у цемры.

— Тады пайшлі, — сказаў Банела.

Мы спусціліся па паўночным адхоне насыпу. Я азірнуўся. Аймо ляжаў у гразі пад вуглом да чыгункі. Ён быў зусім маленькі, рукі ў яго былі выцягнуты па швах, твар накрыты кепі. Ён здаваўся вельмі мёртвым. Ішоў дождж. Я адносіўся да Аймо так добра, як мала да каго ў жыцці. У мяне ў кішэні былі яго паперы, і я ведаў, што павінен буду напісаць ягонай сям'і. Спераду за полем была бачна ферма. Вакол яе раслі дрэвы, і да дома былі прыбудаваны службовыя памяшканні. Уздоўж другога паверха ішла галерэйка на палях.

— Нам лепш за ўсё трымацца адзін ад аднаго на адлегласці, — сказаў я. — Я пайду наперад.

Я рушыў да фермы. Цераз поле вяла сцежка.

Ідучы цераз поле, я быў гатовы да таго, што ў нас пачнуць страляць з-за дрэў вакол дома альбо з самага дома. Я ішоў проста да дома, выразна бачыў яго перад сабой. Галерэя другога паверха злучалася з адрынай, і паміж слупоў тырчала сена. Двор быў выбрукаваны каменем, і з галін дрэў сцякалі кроплі дажджу. Пасярод стаяла вялікая пустая аднаколка, высока задраўшы пад дажджом аглоблі. Я прайшоў цераз двор і пастаяў пад галерэяй. Дзверы былі адчынены, і я ўвайшоў. Банела і Піані ўвайшлі следам за мной. Унутры было цёмна. Я прайшоў на кухню. У вялікім адчыненым ачагу быў попел. Над ачагом віселі гаршкі, але яны былі пустыя. Я пашныпарыў усюды, але нічога з харчу не знайшоў.

— Тут у адрыне можна перачакаць, — сказаў я. — Піані, мо вам удасца знайсці што-небудзь паесці, дык нясіце туды.

— Пайду пашукаю, — сказаў Піані.

— I я пайду, — сказаў Банела.

— Добра, — сказаў я. — Я ж зазірну ў адрыну.

Я знайшоў мураваную лесвіцу, што вяла з хлява наверх. З хлява ішоў сухі пах, асабліва прыемны пад дажджом. Жывёлы не было, відаць, яе пагналі, калі пакідалі ферму. Адрына напалову была завалена сенам. У страсе было два акны: адно забіта дошкамі, другое — вузкае дахавае акно на паўночным баку. У кутку быў жолаб, па якім сена скідвалі ўніз, у кармушку. Быў люк, акурат над дваром, куды ў час уборкі пад'язджалі вазы з сенам, і над люкам скрыжоўваліся бэлькі. Я чуў стук дажджу па страсе і адчуваў пах сена і, калі я спусціўся, ахайны пах сухога гною ў хляве. Можна было адарваць адну дошку і з акна на паўднёвым баку глядзець на двор. Другое акно выходзіла на поўнач, у поле. Калі б лесвіца аказалася адрэзанай, можна было праз любое акно вылезці на страху і адтуль спусціцца ўніз альбо з'ехаць уніз па жолабу. Адрына была вялікая, і, пачуўшы каго-небудзь, можна было схавацца ў сене. Відаць, месца было надзейнае. Я быў упэўнены, што мы прабраліся б на поўдзень, каб у нас не стралялі. Не можа быць, каб тут былі немцы. Яны ідуць з поўначы і па дарозе з Чывідале. Яны не маглі прарвацца з поўдня. Італьянцы яшчэ больш небяспечныя і страляюць у кожнага сустрэчнага. Мінулай ноччу ў калоне мы чулі размовы пра тое, што ў адступаючай арміі на поўначы нямала немцаў у італьянскіх мундзірах. Я ў гэта не верыў. Гэткія размовы чуеш заўсёды ў час вайны. I заўсёды гэта вырабляе вораг. Вы ніколі не пачуеце пра тое, што нехта апрануў нямецкі мундзір, каб стварыць неразбярыху ў германскай арміі. Мо гэта і здараецца, але пра гэта не гавораць. Я не верыў, што немцы здатны на такія жарты. Я лічыў, што ім гэта не патрэбна. Ім няма патрэбы ствараць неразбярыху ў нашай адступаючай арміі. Яе ствараюць колькасць войска і недахоп дарог. Тут і без немцаў не даб'ешся толку. I ўсё ж нас могуць расстраляць як пераапранутых немцаў. Застрэлілі ж Аймо. Сена пахне прыемна, і таму, што ляжыш на сене, знікаюць усе мінулыя гады. Мы ляжалі на сене, і размаўлялі, і стралялі з духавога ружжа па вераб'ях, калі яны садзіліся на край трохвугольнай адтуліны ля самай страхі адрыны. Сена ў полі ўжо няма, і быў такі год, калі ўсе піхты павысякалі, і там, дзе быў лес, зараз толькі карчы і сухое сучча. Назад не вернешся. Калі не ісці наперад, што будзе? Не трапіш зноў у Мілан. А калі трапіш — што тады? На поўначы, убаку ад Удзіны, чуліся стрэлы. Былі чутны кулямётныя чэргі. Гарматных стрэлаў не чуваць. Гэта нешта ды значыла. Верагодна, што сабралі частку войска ля дарогі. Я паглядзеў уніз і ў паўзмроку двара ўбачыў Піані. Ён трымаў пад пахай доўгую каўбасу, нейкую банку і дзве бутэлькі віна.

— Лезьце наверх, — сказаў я. — Вунь там лесвіца.

Пасля я здагадаўся, што трэба дапамагчы яму, і спусціўся. Ад ляжання на сене ў мяне кружылася галава. Я быў як у дрымоце.

— Дзе Банела? — спытаў я.

— Зараз скажу, — сказаў Піані. Мы падняліся па лесвіцы. Усеўшыся на сене, мы расклалі прыпасы. Піані дастаў сцізорык са штопарам і пачаў адкаркоўваць адну з бутэлек.

— Заліта воскам, — сказаў ён. — Відаць, неблагое. — Ён усміхнуўся.

— Дзе Банела? — спытаў я.

Піані зірнуў на мяне.

— Ён пайшоў, tenente, — сказаў ён. — Ён вырашыў здацца ў палон.

Я маўчаў.

— Ён баяўся, што яго заб'юць.

Я трымаў бутэльку з віном і маўчаў.

— Ведаеце, tenente, мы наогул не прыхільнікі вайны.

— Чаму ж вы не пайшлі разам з ім? — спытаў я.

— Я не хацеў пакідаць вас.

— Куды ён пайшоў?

— Не ведаю, tenente. Проста пайшоў і ўсё.

— Добра, — сказаў я. — Парэжце каўбасу.

Піані паглядзеў на мяне ў паўзмроку.

— Я парэзаў ужо, пакуль мы размаўлялі, — сказаў ён.

Мы сядзелі на сене і елі каўбасу і пілі віно. Гэтае віно,відаць, захоўвалі да вяселля. Яно было такое старое, што страціла колер.

— Глядзіце ў гэтае акно, Луіджы, — сказаў я. — А я буду глядзець у тое.

Мы пілі кожны з асобнай бутэлькі, і я ўзяў сваю бутэльку з сабой, і залез вышэй, і лёг на сена, і стаў глядзець у вузкае акенца на мокрую раўніну. Не ведаю, што я хацеў убачыць, але я не ўбачыў нічога, акрамя палёў і голых тутавых дрэў і дажджу. Я піў віно, і яно не бадзёрыла мяне. Яго вытрымлівалі занадта доўга, і яно сапсавалася і страціла свой колер і смак. Я глядзеў, як цямнее за акном; змрок насоўваўся вельмі хутка. Ноч будзе чорная, бо ідзе дождж. Калі зусім сцямнела, ужо не варта было глядзець у акно, і я вярнуўся да Піані. Ён ляжаў і спаў, і я не разбудзіў яго і моўчкі сеў побач. Ён быў вялікі, і сон у яго быў моцны. Крыху пачакаўшы, я разбудзіў яго, і мы рушылі.

Гэта была вельмі дзіўная ноч. Не ведаю, чаго я чакаў, — мо смерці, і стральбы, і бегу ў цемры, але нічога не здарылася. Мы чакалі, лежачы за канавай ля шашы, пакуль праходзіў нямецкі батальён, затым, калі ён знік з вачэй, мы перасеклі шашу і пайшлі далей на поўнач. Два разы пад дажджом мы вельмі блізка падыходзілі да немцаў, але яны не бачылі нас. Мы абышлі горад з поўначы, не сустрэўшы ніводнага італьянца, пасля, крыху счакаўшы, выйшлі на галоўны шлях адступлення і цэлую ноч ішлі ў напрамку Тальямента. Я раней не ўяўляў сабе велізарных маштабаў адступлення. Уся краіна рухалася разам з арміяй. Мы ішлі ўсю ноч, абганяючы транспарт. Мая нага балела, і я стаміўся, але мы ішлі вельмі хутка. Такім неразумным здавалася рашэнне Банела здацца ў палон. Ніякай небяспекі не было. Мы прайшлі праз дзве арміі без аніякіх перашкод. Калі б не смерць Аймо, здавалася б, што небяспекі ніколі не было. Ніхто нас не зачапіў, калі мы зусім адкрыта ішлі па чыгунцы. Смерць наступіла нечакана і бессэнсоўна. Я думаў пра тое, дзе зараз Банела.

38
{"b":"980839","o":1}