— Як ваша адчуванне, tenente? — спытаў Піані.
Мы ішлі па ўзбочыне дарогі, запруджанай транспартам і войскам.
— Выдатна.
— Я стаміўся ісці.
— Наша справа зараз менавіта ў тым, каб ісці. Няма чаго турбавацца.
— Банела зрабіў неразумна.
— Вядома.
— Як вы з ім паступіце, tenente?
— Не ведаю.
— Вы не можаце адзначыць яго як узятага ў палон?
— Не ведаю.
— Калі вайна будзе працягвацца, яго родных могуць пакараць.
— Вайна не будзе працягвацца, — сказаў нейкі салдат. — Мы ідзём дамоў. Вайна скончана.
— Усе ідуць дамоў.
— Шырэй крок, tenente, — сказаў Піані. Ён хацеў хутчэй прайсці міма.
— Tenente? Хто тут tenente? A basso gli ufficiali! Далоў афіцэраў!
Піані ўзяў мяне пад руку.
— Я лепей буду зваць вас па імені, — сказаў ён. — Каб не здарылася бяды. Былі выпадкі расправы з афіцэрамі.
Мы пайшлі шпарчэй і мінулі гэтую групу.
— Я пастараюся зрабіць так, каб яго родных не пакаралі, — сказаў я, працягваючы размову.
— Калі вайна скончылася, тады ўсё роўна, — сказаў Піані. — Але я не веру, што яна скончылася. Занадта добра было б, калі б яна скончылася.
— Пра гэта мы хутка даведаемся, — сказаў я.
— Я не веру, што яна скончылася. Тут усе думаюць, што яна скончылася, але я не веру.
— Viva la Расе!²⁹ — выгукнуў нейкі салдат. — Мы ідзём дамоў.
— Было б добра, каб мы ўсе пайшлі дамоў, — сказаў Піані. — Вам хацелася б пайсці дамоў?
— Так.
— Не будзе гэтага. Я не веру, што вайна скончылася.
— Andiamo a casa!³⁰ — крыкнуў салдат.
— Яны кідаюць вінтоўкі, — сказаў Піані. — Здымаюць іх і кідаюць на хаду. А пасля крычаць.
— Дарэмна яны кідаюць вінтоўкі.
— Яны думаюць, што, калі кінуць вінтоўкі, іх не прымусяць больш ваяваць.
У змроку пад дажджом, пракладваючы сабе шлях па ўзбочыне дарогі, я бачыў, што многія салдаты захавалі свае вінтоўкі. Яны тырчалі за спінай.
— З якой брыгады? — гукнуў афіцэр.
— Brigata di Pace! — крыкнуў нехта. — Брыгады міру.
Афіцэр прамаўчаў.
— Што ён гаворыць? Што гаворыць афіцэр?
— Далоў афіцэра. Viva la Pace!
— Давайце хутчэй, — сказаў Піані.
Мы ўбачылі два англійскія санітарныя аўтамабілі, пакінутыя сярод іншых машын на дарозе.
— З Гарыцыі, — сказаў Піані. — Я ведаю гэтыя машыны.
— Яны апярэдзілі нас.
— Яны выехалі раней.
— Дзіўна. Дзе ж шафёры?
— Недзе спераду.
— Немцы спыніліся ля Удзіны, — сказаў я. — Мы ўсе пяройдзем раку.
— Так, — сказаў Піані. — Вось чаму я і думаю, што вайна будзе працягвацца.
— Немцы маглі прайсці далей, — сказаў я. — Дзіўна, чаму яны не ідуць далей.
— Не разумею. Я нічога не разумею ў гэтай вайне.
— Відаць, ім давялося чакаць абозу.
— Не разумею, — сказаў Піані. Адзін, ён стаў значна далікатнейшы. У кампаніі іншых шафёраў ён быў надта языкаты.
— Вы жанаты, Луіджы?
— Вы ж ведаеце, што я жанаты.
— Ці не таму вы не захацелі здацца ў палон?
— Часткова і таму. А вы жанаты, tenente?
— Не.
— Банела таксама не.
— Нельга ўсё тлумачыць толькі тым, што чалавек жанаты альбо нежанаты. Але жанатаму, вядома, хочацца вярнуцца да жонкі, — сказаў я. Мне падабалася гаварыць пра жонак.
— Вядома.
— Як вашы ногі?
— Баляць.
На світанні мы дабраліся да берага Тальямента і пайшлі ўздоўж набухлай ракі да моста, на якім ішла пераправа.
— Павінны былі б затрымацца на гэтай рацэ, — сказаў Піані. У змроку здавалася, што рака вельмі моцна набухла. Вада бурліла, і рэчышча нібыта пашыралася. Драўляны мост быў удаўжыню амаль тры чвэрці мілі, і рака, якая звычайна вузкімі пратокамі бегла ў глыбіні па шырокім камяністым дне, паднялася зараз амаль да сёмага драўлянага насцілу. Мы прайшлі па беразе і змяшаліся з натоўпам, які пераходзіў раку. Паволі ідучы пад дажджом, за некалькі футаў ад набухлай ракі, моцна заціснуты ў натоўпе, ледзь не спатыкаючыся на зарадную скрынку спераду, я глядзеў на раку. Зараз, калі давялося раўняць свой крок з чужымі, я адчуў моцную стомленасць. Падчас пераходу ракі ажыўлення не было. Я падумаў, што было б, калі б днём сюды скінуў бомбу самалёт.
— Піані! — сказаў я.
— Я тут, tenente. — У натоўпе і мітусні ён крыху адарваўся ад мяне. Ніхто не размаўляў. Кожны імкнуўся перайсці як мага хутчэй, думаў толькі пра гэта. Мы ўжо амаль перайшлі. У канцы моста, з абодвух бакоў, з ліхтарамі стаялі афіцэры і карабінеры. Іх сілуэты чарнелі на фоне неба. Калі мы падышлі бліжэй, я ўбачыў, як адзін афіцэр паказаў на нейкага чалавека ў калоне. Карабінер пайшоў па яго і вярнуўся, трымаючы яго за плячо. Ён павёў яго ад дарогі. Мы амаль параўняліся з афіцэрамі. Яны ўзіраліся ў кожнага, хто ішоў у калоне, часам перагаворваліся адзін з адным, выступаючы наперад, каб асвятліць ліхтаром чый-небудзь твар. Яшчэ аднаго ўзялі якраз перад тым, як мы параўняліся з імі. Гэта быў падпалкоўнік. Я бачыў зорачкі на рукаве, калі яго асвятлілі ліхтаром. У яго былі сівыя валасы, ён быў нізенькі і тоўсты. Карабінеры пацягнулі яго ўбок ад моста. Калі мы параўняліся з афіцэрамі, я ўбачыў, што яны глядзяць на мяне. Пасля адзін паказаў на мяне і нешта сказаў карабінеру. Я ўбачыў, што карабінер кіруецца ў мой бок, штурхаючыся ў крайніх радах калоны, затым я адчуў, што ён схапіў мяне за каўнер.
— Што такое? — спытаў я і ўдарыў яго ў твар. Я ўбачыў яго твар над капелюшом, падкручаныя ўгару вусы і кроў, якая цякла па шчацэ. Яшчэ адзін нырнуў у натоўп і ціснуўся да нас.
— Што такое? — спытаў я. Ён не адказваў. Ён выбіраў момант, рыхтуючыся схапіць мяне. Я сунуў руку за спіну, каб дастаць пісталет. — Ты што, не ведаеш, што не маеш права чапаць афіцэра?
Другі схапіў мяне ззаду і тузануў маю руку так, што ледзь не вывіхнуў яе. Я павярнуўся да яго, і тут першы абхапіў мяне за шыю. Я біў яго нагамі і левым каленам трапіў яму ў пах.
— У выпадку супраціўлення страляйце, — сказаў афіцэр. — Адвядзіце яго.
— Хто вы такія?
— Палявая жандармерыя, — сказаў другі афіцэр.
— Чаму ж вы не папрасілі мяне падысці, замест таго, каб напускаць на мяне гэтыя самалёты?
Яны не адказалі. Яны не абавязаны былі адказваць. Яны былі — палявая жандармерыя.
— Адвядзіце яго туды, дзе ўсе іншыя, — сказаў першы афіцэр. — Чуеце, ён гаворыць па-італьянску з акцэнтам.
— З такім жа, як і ты, сволач, — сказаў я.
— Адвядзіце яго туды, дзе іншыя, — сказаў першы афіцэр.
Мяне павялі міма афіцэраў на адкрытае месца на беразе ракі, дзе стаяла групка людзей. Калі мы ішлі, у тым баку пачуліся стрэлы. Я бачыў успышкі і чуў залп. Мы падышлі. Чатыры афіцэры стаялі побач, і перад імі, паміж двух карабінераў, нейкі чалавек. Крыху далей група людзей пад аховай карабінераў чакала допыту. Яшчэ чатыры карабінеры стаялі каля афіцэраў, якія вялі допыт. Гэтыя карабінеры былі ў шыракаполых капелюшах. Двое, што прывялі мяне, падштурхнулі мяне да групы, якая чакала допыту. Я паглядзеў на чалавека, якога дапытвалі. Гэта быў маленькі тоўсты сівы чалавек, якога ўзялі ў калоне. Афіцэры вялі допыт з усёй дзелавітасцю, халоднасцю і самавалоданнем італьянцаў, якія страляюць, не баючыся выстралаў у адказ.
— З якой брыгады? Ён сказаў.
— З якога палка? Ён сказаў.
— Чаму вы не са сваім палком? Ён сказаў.
— Вам вядома, што афіцэр павінен знаходзіцца ў сваёй часці?
Яму было вядома.
Больш пытанняў не было. Загаварыў другі афіцэр.
— З-за вас і падобных да вас варвары ўварваліся на тэрыторыю свяшчэннай айчыны.
— Дазвольце, — сказаў падпалкоўнік.
— Здрада накшталт вашай забрала ў нас вынікі перамогі.
— Вам калі-небудзь даводзілася адступаць? — спытаў падпалкоўнік.
— Італьянцы не павінны адступаць.
Мы стаялі пад дажджом і ўсё гэта слухалі. Мы стаялі насупраць афіцэраў, а арыштаваны спераду ад нас і крыху збоку.
— Калі вы хочаце расстраляць мяне, — сказаў падпалкоўнік, — прашу вас, расстраляйце адразу, без далейшага допыту. Гэты допыт недарэчны. — Ён перахрысціўся. Афіцэры загаварылі між сабой. Адзін напісаў нешта на лісціку з блакнота.