— Як маецеся? Як здароўе? — Яна падала мне руку.
— Прывітанне! — сказаў Меерс.
— Ну, як скачкі?
— Выдатна. Проста цудоўна. Я тры разы выйграла.
— А як вашы справы? — спытаў я Меерса.
— Так сабе. Я выйграў адзін раз.
— Я ніколі не ведаю, як у яго справы, — сказала місіс Меерс. — Ён мне ніколі не гаворыць.
— У мяне ўсё добра, — сказаў Меерс. Ён стараўся быць чулым. — Трэба вам як-небудзь з'ездзіць на скачкі. — Калі ён гаварыў, здавалася, што ён глядзіць не на вас або прымае вас за некага іншага.
— Абавязкова, — сказаў я.
— Я прыеду ў шпіталь наведаць вас, — сказала міс Меерс. — У мяне нешта ёсць для маіх хлопчыкаў. Вы ж усе мае хлопчыкі. Вы ўсе мае мілыя хлопчыкі.
— Вам будуць там вельмі рады.
— Такія мілыя хлопчыкі. I вы таксама. Вы адзін з маіх хлопчыкаў.
— Мне трэба ісці, — сказаў я.
— Перадайце ад мяне прывітанне ўсім маім мілым хлопчыкам. Я ім прывязу шмат смачных рэчаў. Я назапасіла добрай марсалы і пячэння.
— Усяго добрага, — сказаў я. — Вам усе будуць страшэнна рады.
— Да пабачэння, — сказаў Меерс. — Заходзьце ў Galleria. Вы ведаеце мой столік. Мы там бываем кожны дзень. — Я пайшоў далей. Я хацеў купіць у «Кова» што-небудзь для Кэтрын. Увайшоўшы ў «Кова», я выбраў каробку шакаладу, і пакуль прадаўшчыца загортвала яе, я падышоў да стойкі бара. Там сядзелі двое англічан і некалькі лётчыкаў. Я моўчкі выпіў марціні, разлічыўся, узяў каля кандытарскага прылаўка сваю каробку шакаладу і пайшоў у шпіталь. Перад невялікім барам на вуліцы, якая вядзе да «Ла Скала», я ўбачыў некалькі знаёмых: віцэ-консула, двух маладых чалавек, якія вучыліся спяваць, і Эторэ Марэці, італьянца з Сан-Францыска, які служыў у італьянскай арміі. Я зайшоў выпіць з імі. Аднаго са спевакоў звалі Ральф Сіманс, і ён спяваў пад прозвішчам Энрыка дэль Крэда. Я не меў уяўлення пра тое, як ён спяваў, але ён заўсёды быў на парозе нейкіх вялікіх падзей. Ён быў тоўсты, у яго лушчылася скура вакол носа і рота, як пры сянным катары. Ён толькі што вярнуўся пасля выступлення ў П'ячэнца. Ён спяваў у «Тосцы», і ўсё было цудоўна.
— Вы ж ніколі мяне не слухалі, — сказаў ён.
— Калі вы будзеце спяваць тут?
— Увосень я выступлю ў «Ла Скала».
— Перакананы, што ў яго будуць кідаць лаўкамі, — сказаў Эторэ. — Вы чулі пра тое, як у яго кідалі лаўкамі ў Мадэне?
— Гэта хлусня.
— У яго кідалі лаўкамі, — сказаў Эторэ. — Я бачыў гэта. Я сам кінуў шэсць лавак.
— Вы проста нікчэмны макароннік з Фрыска.
— У яго дрэннае італьянскае вымаўленне, — сказаў Эторэ. — Дзе б ён ні выступаў, у яго кідаюць лаўкамі.
— Ва ўсёй паўночнай Італіі няма горшага тэатра, чым у П'ячэнца, — сказаў другі тэнар. — Паверце мне, самы дрэнны тэатрык. — Гэтага тэнара звалі Эдгар Саўндэрс, і спяваў ён пад прозвішчам Эдуарда Джавані.
— Шкада, што мяне там не было, а то я паглядзеў бы, як у вас кідалі лаўкамі, — сказаў Эторэ. — Вы ж не ўмееце спяваць па-італьянску.
— Ён дурненькі, — сказаў Эдгар Саўндэрс. — Кідаць лаўкамі — нічога больш разумнага ён не можа прыдумаць.
— Нічога больш разумнага публіка не можа прыдумаць, калі вы спяваеце, — сказаў Эторэ. — А потым вы вяртаецеся ў Амерыку і расказваеце пра свае трыумфы ў «Ла Скала». Ды вас пасля першай жа ноты выгналі б з «Ла Скала».
— Я буду спяваць у «Ла Скала», — сказаў Сіманс. — У кастрычніку я буду спяваць у «Тосцы».
— Давядзецца схадзіць, Мак, — сказаў Эторэ віцэ-консулу. — Ім можа спатрэбіцца абарона.
— Мо амерыканская армія паспее на абарону ix, — сказаў віцэ-консул. — Хочаце яшчэ шклянку, Сіманс? Саўндэрс, яшчэ шклянку?
— Давайце, — сказаў Саўндэрс.
— Кажуць, вы атрымліваеце сярэбраны медаль, — сказаў мне Эторэ. — А як вас прадставілі — за якія заслугі?
— Не ведаю. Я яшчэ наогул не ведаю, ці атрымаю.
— Атрымаеце. Ах, д'ябал, што будзе з дзяўчатамі ў «Кова»! Яны падумаюць, што вы адзін забілі дзве сотні аўстрыйцаў або захапілі цэлы акоп. Запэўніваю вас, яза свае адзнакі чэсна папрацаваў.
— Колькі ix у вас, Эторэ? — спытаў віцэ-консул.
— У яго ўсе, якія толькі бываюць, — сказаў Сіманс. — Гэта ж дзеля яго вядзецца вайна.
— Я быў прадстаўлены два разы да бронзавага медаля і тры разы да сярэбранага, — сказаў Эторэ. — Але атрымаў толькі адзін.
— А што здарылася з астатнімі? — спытаў Сіманс.
— Аперацыі няўдала скончыліся, — сказаў Эторэ. — Калі аперацыі канчаюцца няўдала, медалёў не даюць.
— Колькі разоў вы былі паранены, Эторэ?
— Тры разы цяжка. У мяне тры нашыўкі за раненні. Вось, глядзіце. — Ён пацягнуў уверх сукно рукава. Нашыўкі — паралельныя сярэбраныя палоскі на чорным фоне — былі настрочаны на рукаў дзюймаў на восем ніжэй пляча.
— У вас жа таксама ёсць адна, — сказаў мне Эторэ. — Запэўніваю вас, гэта вельмі добра — мець нашыўкі. Я лічу за лепшае мець іх, чым медалі. Запэўніваю вас, тры такія штучкі — гэта ўжо нештачка. Каб атрымаць хоць адну, трэба тры месяцы праляжаць у шпіталі.
— Куды вы былі паранены, Эторэ? — спытаў віцэ-консул.
Эторэ закасаў рукаў. — Вось сюды. — Ён паказаў доўгі чырвоны гладкі рубец. — Потым сюды, у нагу. Я не магу паказаць, таму што гэта пад абмоткай; і яшчэ ў ступню. У назе змярцвеў кавалачак косці, і ад яго дрэнна пахне. Кожную раніцу я выбіраю адтуль асколкі, але пах не праходзіць.
— Чым гэта вас? — спытаў Сіменс.
— Ручной гранатай. Такая штука, накшталт таўкачыка для бульбы. Так і знесла кавалак нагі з аднаго боку. Вам гэтыя таўкачыкі знаёмыя? — Ён павярнуўся да мяне.
— Вядома.
— Я бачыў, як гэты мярзотнік кінуў яе, — сказаў Эторэ. — Мяне збіла з ног, і я ўжо думаў, што песенька спета, але ад гэтых таўкачыкаў, наогул, малая карысць. Я застрэліў мярзотніка з вінтоўкі. Я заўсёды нашу вінтоўку, каб нельга было пазнаць, што я афіцэр.
— Які ў яго быў выгляд? — спытаў Сіманс.
— I толькі адна граната была ў мярзотніка, — сказаў Эторэ. — Не ведаю, навошта ён яе кінуў. Напэўна, ён даўно чакаў выпадку кінуць гранату. Напэўна, ніколі не бачыў сапраўднага бою. Я паклаў мярзотніка на месцы.
— Які ў яго быў выгляд, калі вы яго застрэлілі? — спытаў Сіменс.
— Адкуль я ведаю? — сказаў Эторэ. — Я выстраліў яму ў жывот. Я баяўся прамахнуцца, калі буду страляць у галаву.
— Даўно вы ў афіцэрскім чыне, Эторэ? — спытаў я.
— Два гады. Я хутка буду капітанам. А вы даўно ў чыне лейтэнанта?
— Трэці год.
— Вы не можаце быць капітанам, бо вы дрэнна ведаеце італьянскую мову, — сказаў Эторэ. — Размаўляць вы ўмееце, але чытаеце і пішаце дрэнна. Каб быць капітанам, трэба мець адукацыю. Чаму вы не пераходзіце ў амерыканскую армію?
— Мо і перайду.
— Я таксама нічога супраць не меў бы. Колькі атрымлівае амерыканскі капітан, Мак?
— Не ведаю. Здаецца, каля двухсот пяцідзесяці долараў.
— Ах, д'ябал! Чаго толькі не зробіш за дзвесце пяцьдзесят долараў. Пераходзілі б хутчэй у амерыканскую армію, Фрэд. Можа, і мяне туды ўладкуеце.
— Ахвотна.
— Я ўмею камандаваць ротай па-італьянску. Мне лёгка навучыцца і па-англійску.
— Вы будзеце генералам, — сказаў Сіманс.
— Не, для генерала я вельмі мала ведаю. Генерал павінен ведаць процьму ўсякіх рэчаў. Малойчыкі накшталт вас заўсёды ўяўляюць, што вайна — пустая справа. У вас не хапіла б кемнасці нават для капрала.
— Дзякуй Богу, мне гэта і не патрэбна, — сказаў Сіменс.
— Мо яшчэ спатрэбіцца. Вось як прызавуць усіх такіх абібокаў... Ах, д'ябал, хацеў бы я, каб вы абодва трапілі ў мой узвод. Мак таксама. Я зрабіў бы вас сваім веставым, Мак.
— Вы слаўны хлопец, Эторэ, — сказаў Мак. — Але баюся, што вы мілітарыст.
— Я буду палкоўнікам яшчэ да заканчэння вайны, — сказаў Эторэ.
— Калі толькі вас не заб'юць раней.
— Не заб'юць. — Ён дакрануўся вялікім і ўказальным пальцамі да зорачак на каўняры. — Бачылі, што я зрабіў? Заўсёды трэба дакрануцца да зорачак, калі хто-небудзь гаворыць пра смерць на вайне.
— Ну, пайшлі, Сім, — сказаў Саўндэрс, устаючы.