Литмир - Электронная Библиотека
Содержание  
A
A

— Дзе madame Генры?

— Толькі што нейкую даму ўзялі ў радзільню.

— Дзе гэта?

— Пайшлі, я вам пакажу.

Яна павяла мяне ў канец калідора. Дзверы радзільні былі прачыненыя. Я ўбачыў Кэтрын на стале, накрытую прасціной. Ля стала стаяла сястра, а з другога боку, ля нейкіх цыліндраў — доктар. Доктар трымаў у руцэ гумовую маску, прымацаваную да трубкі.

— Я дам вам халат, і вы можаце ўвайсці, — сказала сястра. — Хадзіце, калі ласка, сюды.

Яна апранула на мяне белы халат і зашпіліла яго ззаду ля каўняра англійскай шпількай.

— Зараз можаце зайсці, — сказала яна. Я зайшоў у пакой.

— Гэта ты, любы? — сказала Кэтрын напружаным голасам. — Нешта справа не рухаецца.

— Вы monsieur Генры? — спытаў доктар.

— Так. Як тут у вас, доктар?

— Усё ідзе вельмі добра, — сказаў доктар. — Мы перайшлі сюды, каб можна было даваць газ падчас схватак.

— Дайце, — сказала Кэтрын.

Доктар накрыў яе твар гумовай маскай і крутнуў нейкі дыск, і я ўбачыў, як Кэтрын пачала дыхаць глыбока і хутка. Пасля яна адштурхнула маску. Доктар выключыў апарат.

— Не вельмі моцная. Вось нядаўна яна была вельмі моцная. Доктар зрабіў так, што мяне як быццам не было. Праўда, доктар? — У яе быў дзіўны голас. Ён выдзеліў слова «доктар». Доктар усміхнуўся.

— Дайце, — сказала Кэтрын. Яна моцна прыціснула гуму да твару і хутка дыхала. Я пачуў, як яна трохі застагнала. Пасля яна ссунула маску і засмяялася.

— Гэтая была мацнейшая, — сказала яна. — Гэтая была вельмі моцная. Ты не турбуйся, любы. Ідзі. Паснедай яшчэ раз.

— Я пабуду тут, — сказаў я.

Мы паехалі ў бальніцу каля трох раніцы. Апоўдні Кэтрын была яшчэ ў радзільні. Схваткі зноў сталі слабейшыя. Выгляд у яе быў стомлены, але яна ўсё яшчэ трымалася бадзёра.

— Нічога я не вартая, любы, — сказала яна. — Так крыўдна. Я думала, што ў мяне ўсё будзе вельмі лёгка. А зараз — во, зноў... — Яна працягнула руку па маску і наклала яе сабе на твар. Доктар крутнуў дыск і сачыў за ёй. Схватка хутка закончылася.

— Гэтая так сабе, — сказала Кэтрын. Яна ўсміхнулася. — Мне страшна падабаецца гэты газ. Цудоўная рэч!

— Мы возьмем крыху дамоў, — сказаў я.

— Зараз будзе яшчэ,— сказала Кэтрын паспешліва. Доктар пакруціў дыск і паглядзеў на гадзіннік.

— Які зараз прамежак паміж схваткамі? — спытаў я.

— Каля хвіліны.

— Вы не галодны?

— Я зараз пайду снедаць, — сказаў ён.

— Вам абавязкова трэба паесці, доктар, — сказала Кэтрын. — Мне вельмі крыўдна, што я так доўга. Мо мой муж здолее пакуль даваць мне газ?

— Калі хочаце, — сказаў доктар. — Будзеце круціць да лічбы два.

— Разумею, — сказаў я. На дыску была стрэлка, і ён круціў з дапамогай рычажка.

— Дайце,— сказала Кэтрын. Яна моцна прыціснула маску да твару. Я пакруціў дыск да лічбы два, а калі Кэтрын адняла маску, пакруціў яго назад. Я быў вельмі рады, што доктар даў мне занятак.

— Гэта ты даваў мне газ, любы? — спытала Кэтрын. Яна пагладзіла маю руку.

— Я.

— Які ты добры!

Яна была крышку п'яная ад газу.

— Я паем у суседнім пакоі, — сказаў доктар. — Калі што — вы мяне можаце паклікаць.

Я глядзеў, як ён есць; пасля, крыху пазней, я ўбачыў, што ён лёг і курыць цыгарэту. Час ішоў. Кэтрын усё больш стамлялася.

— Як ты лічыш, я ўсё ж здолею нарадзіць? — спытала яна.

— Вядома, здолееш.

— Я стараюся, як толькі магу. Я штурхаю, але яно зноў адыходзіць. Зараз будзе. Дай хутчэй.

У дзве гадзіны я выйшаў і пайшоў паесці. У кафэ было некалькі чалавек, і на століках стаяла кава і чаркі з кіршвасарам. Я сеў за столік.

— Што ў вас ёсць? — спытаў я ў кельнера.

— Другі сняданак ужо скончыўся.

— Хіба няма парцыённых страў?

— Можна згатаваць choucroute⁴⁰.

— Дайце choucroute і піва.

— Куфаль ці паўкуфля?

— Паўкуфля светлага.

Кельнер прынёс порцыю Sauerkraut⁴¹ з кавалачкам вяндліны зверху і сасіскай у гарачай, прамоклай віном капусце. Я еў капусту і піў піва. Я быў вельмі галодны. Я пазіраў на публіку за столікамі кафэ. За адным столікам гулялі ў карты. Двое мужчын за суседнім столікам размаўлялі і курылі. У кафэ было поўна дыму. За цынкавай стойкай, дзе я снедаў раніцай, зараз было трое: стары, поўная жанчына ў чорным, якая сядзела ля касы і сачыла за ўсім, што падаецца за столікі, і хлапчук у фартуху. Я думаў пра тое, колькі ў гэтай жанчыны дзяцей і як яна ix нараджала.

Скончыўшы з choucroute, я пайшоў назад у бальніцу. На вуліцы зараз было зусім чыста. Вёдраў са смеццем не было. Дзень быў пахмурны, але сонца старалася прабіцца. Я падняўся ў ліфце, выйшаў і пайшоў па калідоры ў пакой Кэтрын, дзе я пакінуў свой белы халат. Я апрануў яго і зашпіліў ззаду ля каўняра. Я паглядзеў у люстэрка і падумаў, што я падобны на барадатага шарлатана. Я пайшоў па калідоры ў радзільню. Дзверы былі зачынены, і я пастукаў. Ніхто не адказаў; тады я павярнуў ручку і ўвайшоў. Доктар сядзеў ля Кэтрын. Сястра нешта рабіла ў другім канцы пакоя.

— Вось ваш муж, — сказаў доктар.

— Ах, любы, доктар такі цудоўны! — сказала Кэтрын вельмі дзіўным голасам. — Ён мне расказаў такі цікавы анекдот, а калі было ўжо вельмі балюча, ён зрабіў так, што мяне як быццам зусім не стала. Ён цудоўны. Вы цудоўны доктар.

— Ты п'яная, — сказаў я.

— Я ведаю, — сказала Кэтрын. — Толькі не трэба пра гэта гаварыць. — Пасля: — Дайце хутчэй. Дайце хутчэй.

Яна ўчапілася ў маску і дыхала часта і перарывіста, ажно ў рэспіратары шчоўкала. Пасля яна глыбока ўздыхнула, і доктар зняў з яе маску левай рукой.

— Гэтая была вельмі моцная, — сказала Кэтрын. У яе быў вельмі дзіўны голас. — Зараз я ўжо не памру, любы. Я прайшла ўжо цераз самае небяспечнае, калі я магла памерці. Ты рады?

— Вось і не вяртайся туды больш.

— Не буду. Зрэшты, я не баюся гэтага. Я не памру, любы.

— Вы такога глупства не зробіце, — сказаў доктар. — Вы не памраце і не пакінеце вашага мужа аднаго.

— Не, не. Я не памру. Я не хачу паміраць. Гэта неразумна — памерці. Во зноў. Дайце хутчэй.

Пасля доктар сказаў:

— Выйдзіце на некалькі хвілін, містэр Генры, я абследую вашу жонку.

— Ён хоча паглядзець, як рухаецца цела, — сказала Кэтрын. — Пасля ты зноў прыходзь сюды. Можна, доктар?

— Можна, — сказаў доктар. — Я паклічу яго, калі будзе можна.

Я выйшаў з радзільні і пайшоў па калідоры ў тую палату, куды павінны былі прывезці Кэтрын пасля таго, як народзіцца дзіця. Я сеў на стул і агледзеўся. У маёй кішэні ляжала газета, якую я купіў, калі хадзіў снедаць, і я пачаў чытаць яе. За акном ужо цямнела, і я запаліў святло, каб можна было чытаць. Крыху счакаўшы, я перастаў чытаць і патушыў святло і глядзеў, як цямнее за акном. Дзіўна, чаму доктар не кліча мяне. Мо гэта лепш, што я пайшоў адтуль. Ён, відаць, хацеў, каб я пайшоў. Я паглядзеў на гадзіннік. Калі яшчэ дзесяць хвілін ніхто не прыйдзе, я вярнуся туды.

Бедная, мая бедная Кэт. Вось якой цаной даводзіцца плаціць за тое, што спіш разам. Вось калі спрацоўвае пастка. Вось што атрымліваюць за тое, што кахаюць адно аднаго. Добра яшчэ, што існуе газ. А што было раней, без анестэзіі? Калі пачнецца, нібыта ў кола млына трапляеш. Кэтрын вельмі лёгка перанесла ўсю цяжарнасць. Гэта было зусім няблага. Яе нават амаль не нудзіла. Да самага апошняга часу ў яе не было асабліва непрыемных адчуванняў. Але напрыканцы яна ўсё-ткі папалася. Ад аплаты не схаваешся. I няхай мы хоць пяцьдзесят разоў жанатыя, было б тое ж самае. А раптам яна памрэ? Яна не памрэ. Зараз ад родаў не паміраюць. Усе мужы так думаюць. Гэта так, але раптам яна памрэ? Яна не памрэ. Ёй толькі цяжка. Першыя роды звычайна бываюць доўгія. Ёй проста цяжка. Пасля мы будзем гаварыць: было так цяжка, а Кэтрын будзе гаварыць: не так ужо і цяжка. А раптам яна памрэ? Не можа гэтага быць, кажуць табе. Не будзь дурнем. Проста ёй цяжка. Проста гэта так прыродай задумана, пакутаваць. Гэта ж першыя роды, а яны амаль заўсёды бываюць доўгія. Так, але раптам яна памрэ? Не можа яна памерці. Чаму яна павінна памерці? Якія могуць быць прычыны, каб яна памерла? Проста павінна нарадзіцца дзіця, пабочны прадукт міланскіх начэй. З-за яго ўсе засмучэнні. А пасля яно народзіцца, і пра яго клапоцішся, і мо пачынаеш яго любіць. У яе няма нічога небяспечнага. А раптам яна памрэ? Яна не можа памерці. А раптам яна памрэ? Тады што, га? Раптам яна памрэ?

55
{"b":"980839","o":1}