Доктар увайшоў у пакой.
— Ну як, доктар?
— Ніяк.
— Што вы хочаце сказаць?
— Toe, што кажу. Я толькі што абследаваў яе... — ён падрабязна расказаў пра вынікі абследавання. — Пасля я яшчэ пачакаў. Але справа не рухаецца.
— Што вы раіце?
— Ёсць два шляхі: альбо шчыпцы, але тут могуць быць парывы і наогул гэта даволі небяспечна для жанчыны, не кажучы ўжо пра дзіця, альбо кесарава сячэнне.
— А кесарава сячэнне вельмі небяспечнае? Раптам яна памрэ?
— Не больш, чым нармальныя роды.
— Вы можаце зрабіць гэта самі?
— Магу. Мне спатрэбіцца каля гадзіны, каб усё падрыхтаваць і выклікаць неабходны персанал. А мо і меней.
— Што ж, на ваш погляд, лепей?
— Я раіў бы кесарава сячэнне. Калі б гэта была мая жонка, я рабіў бы кесарава сячэнне.
— Якія могуць быць вынікі?
— Ніякіх. Толькі шрам.
— А інфекцыя?
— Са шчыпцамі небяспека інфекцыі большая.
— А што, калі нічога не рабіць і проста чакаць?
— Рана ці позна давядзецца нешта рабіць. Madame Генры ўжо і так страціла шмат сілы. Чым хутчэй мы пачнём аперацыю, тым лепш.
— Пачынайце як мага хутчэй, — сказаў я.
— Зараз пайду загадаю.
Я пайшоў у радзільню. Кэтрын ляжала на стале, вялікая пад прасціной, вельмі бледная і стомленая. Сястра была каля яе.
— Ты згадзіўся?
— Згадзіўся.
— Вось і добра. Цяпер праз гадзіну ўсё пройдзе. У мяне ўжо няма больш сілы, любы. Я не магу больш. Дай, дай хутчэй. Не дапамагае. Мой Божухна, не дапамагае.
— Дыхай глыбей.
— Я дыхаю. Бог мой, не дапамагае. Не дапамагае.
— Дайце іншы цыліндр, — сказаў я сястры.
— Гэта новы цыліндр.
— Я такая неразумная, любы, — сказала Кэтрын. — Ды толькі праўда, больш не дапамагае. — Яна раптам заплакала. — Я так хацела нарадзіць немаўля і нікому не рабіць непрыемнасцей, і зараз ужо ў мяне няма сілы, і я не магу больш, і газ ужо не дапамагае. Няхай я памру, толькі каб гэта скончылася. О любы, любы, зрабі так, каб усё скончылася. Во зноў. О-о, о-о, о-о! — Яна ўсхліпвала, дыхала пад маскай. — Не дапамагае. Не дапамагае. Не дапамагае. Даруй мне, любы. Не трэба плакаць. Даруй мне. Я не магу больш. Бедны ты мой! Я так цябе кахаю, я яшчэ пастараюся. Вось зараз я пастараюся. Хіба нельга даць яшчэ што-небудзь? Каб мне далі яшчэ што-небудзь!
— Я зраблю так, што газ падзейнічае. Я пакручу дарэшты.
— Вось зараз дай.
Я пакруціў дыск дарэшты, і калі яна пачала дыхаць цяжка і глыбока, яе пальцы, якія трымалі маску, расціснуліся. Я выключыў апарат і зняў з яе маску. Яна вярнулася здалёку.
— Як добра, любы. Які ты добры.
— Пацярпі, ты ж у мяне храбрая. А то не магу ўвесь час рабіць гэта. Гэта можа забіць цябе.
— Я ўжо не храбрая, любы. Я зусім зламалася. Мяне зламала. Я зараз ведаю.
— З усімі бывае так.
— Але ж гэта страшна. Мучаць да таго часу, пакуль не зломяць.
— Яшчэ гадзіна, і ўсё скончыцца.
— Як добра! Любы, я ж не памру, праўда?
— Не. Я абяцаю табе, што ты не памрэш.
— А то я не хачу памерці і пакінуць цябе аднаго, але я так стамілася, і я адчуваю, што памру.
— Глупства. Усе такое адчуваюць.
— Часам я проста ведаю, што так будзе.
— Так не будзе. Так не можа быць.
— А раптам?
— Я не дазволю табе.
— Дай мне хутчэй. Дай, дай мне.
Пасля зноў:
— Я не памру. Я сама сабе не дазволю.
— Вядома, ты не памрэш.
— Ты будзеш са мной?
— Так, толькі я не буду глядзець.
— Добра, толькі ты не ідзі.
— Не, не. Я нікуды не пайду.
— Ты такі добры. Вось зноў дай. Дай яшчэ. Не дапамагае!
Я пакруціў дыск да лічбы тры, затым да лічбы чатыры. Я хацеў, каб доктар хутчэй вярнуўся. Я баяўся лічбаў, якія ідуць пасля двух.
Нарэшце прыйшоў іншы доктар і дзве сястры, і яны пераклалі Кэтрын на насілкі з коламі, і мы рушылі па калідоры. Насілкі хутка праехалі па калідоры і ўехалі ў ліфт, дзе ўсім давялося стаяць ля сцен, каб даць ім месца; затым угару, затым дзверы насцеж, і з ліфта на пляцоўку, і па калідоры на гумовых шынах у аперацыйную. Я не пазнаў доктара ў масцы і шапачцы. Там быў яшчэ адзін доктар і яшчэ сёстры.
— Хай мне дадуць што-небудзь, — сказала Кэтрын. — Хай мне што-небудзь дадуць. Доктар, калі ласка, дайце мне столькі, каб падзейнічала.
Адзін з дактароў накрыў ёй твар маскай, і я зазірнуў у дзверы і ўбачыў яркі маленькі амфітэатр аперацыйнай.
— Вы можаце ўвайсці вунь у тыя дзверы і там пасядзець, — сказала мне сястра.
За бар'ерам стаялі лаўкі, адкуль быў бачны белы стол і лямпы. Я паглядзеў на Кэтрын. Яе твар быў накрыты маскай, і зараз яна ляжала нерухома. Насілкі павезлі наперад. Я павярнуўся і пайшоў па калідоры. Да ўвахода на галерэю спяшаліся дзве сястры.
— Кесарава сячэнне, — сказала адна. — Зараз будуць рабіць кесарава сячэнне.
Другая засмяялася.
— Мы якраз дарэчы. Во пашанцавала! — Яны ўвайшлі ў дзверы, якія вялі на галерэю.
Падышла яшчэ адна сястра. Яна таксама спяшалася.
— Заходзьце, што ж вы. Заходзьце, — сказала яна.
— Я пачакаю тут.
Яна паспешна ўвайшла. Я пачаў хадзіць туды-сюды па калідоры. Я баяўся зайсці. Я паглядзеў у акно. Было цёмна, але ў святле ад акна я ўбачыў, што ідзе дождж. Я ўвайшоў у нейкі пакой у канцы калідора і паглядзеў на этыкеткі бутэлек у шкляной шафе. Затым я выйшаў, і стаяў у пустым калідоры, і глядзеў на дзверы аперацыйнай.
Выйшаў другі доктар і за ім сястра. Доктар трымаў абедзвюма рукамі штосьці падобнае на толькі што абадранага труса, і, паспешна прайшоўшы па калідоры, увайшоў у другія дзверы. Я падышоў да дзвярэй, у якія ён выйшаў, і ўбачыў, што яны нешта робяць з нованароджаным. Доктар падняў яго, каб паказаць мне. Ён падняў яго за ногі і пляснуў.
— У яго ўсё нармальна?
— Цудоўнае хлапчанё. Кілаграмаў пяць будзе.
У мяне не было да яго ніякіх пачуццяў. Ён нібыта не меў да мяне ніякіх адносін. У мяне не было бацькоўскага пачуцця.
— Хіба вы не ганарыцеся сваім сынам? — спытала сястра. Яны абмывалі яго і ў нешта загортвалі. Я бачыў маленькі цёмны тварык і цёмную ручку, але не прыкмячаў ніякіх рухаў і не чуў крыку. Доктар зноў пачаў нешта з ім рабіць. У яго быў заклапочаны выгляд.
— Не, — сказаў я. — Ён ледзь не забіў сваю маці.
— Ён не вінаваты ў гэтым. Хіба вы не хацелі хлопчыка?
— Не, — сказаў я.
Доктар усё вазіўся з ім. Ён падняў яго за ногі і пляскаў. Зараз я мог увайсці і паглядзець. Я ўвайшоў праз дзверы, якія вялі на галерэю, і спусціўся на некалькі прыступак. Сёстры, якія сядзелі ля бар'ера, зрабілі мне знак спусціцца да іх. Я пакруціў галавой. Мне добра было відаць з майго месца.
Я падумаў, што Кэтрын памерла. Яна здавалася мёртвай. Яе твар, тая частка, якую я мог бачыць, быў шэры. Там унізе, пад лямпай, доктар зашываў шырокую, доўгую, з тоўстымі берагамі, рассунутую пінцэтамі рану. Другі доктар у масцы даваў наркоз. Дзве сястры ў масках падавалі інструменты. Гэта нагадвала карціну, дзе адлюстравана інквізіцыя. Я ведаў, што я мог быць там і бачыць усё, але я быў рады, што не бачыў. Верагодна, я не мог бы глядзець, як рабілі разрэз, але зараз я глядзеў, як берагі раны злучаліся ў шырокі рубец пад хуткімі, лоўкімі з выгляду шыўкамі, якія нагадвалі працу краўца, і я быў рады. Калі берагі раны злучыліся зусім, я выйшаў у калідор і зноў стаў хадзіць туды-сюды. Неўзабаве выйшаў доктар.
— Ну, як яна?
— Нічога. Вы глядзелі? Ён быў стомлены.
— Я бачыў, як вы зашывалі. Мне здалося, што разрэз надта доўгі.
— Вы так думаеце?
— Ага. Пазней шрам разгладзіцца?
— Вядома.
Неўзабаве выкацілі насілкі і вельмі хутка павезлі іх па калідорах да ліфта. Я пайшоў побач. Кэтрын стагнала. Унізе, у палаце, яе паклалі на ложак. Я сеў на стул у нагах ложка. Сястра была ўжо ў палаце. Я стаў ля пасцелі. У палаце было цёмна. Кэтрын падала руку.
— Ты тут, любы? — сказала яна. Голас у яе быў вельмі слабы і стомлены.
— Тут, дарагая.
— Як дзіця?
— Ш-ш, не размаўляйце, — сказала сястра.