Литмир - Электронная Библиотека
Содержание  
A
A

— На вакзал. Насупраць вакзала ёсць гатэль, туды мы і зойдзем.

— А ў гатэль хіба можна так? Без багажу.

— Можна, — сказаў я.

Мы доўга ехалі да вакзала завулкамі пад дажджом.

— А абедаць мы не будзем? — спытала Кэтрын. — Я прагаладалася.

— Мы паабедаем у сябе ў нумары.

— Мне няма ў што пераапрануцца. У мяне няма нават начной кашулі.

— А мы купім, — сказаў я і паклікаў вазніцу: — Едзьце па Віа-Манцоні.

Ён кіўнуў і на наступным вугле павярнуў направа. На Віа-Манцоні Кэтрын стала шукаць магазін.

— Вось тут, — сказала яна. Я спыніў вазніцу, і Кэтрын злезла, перайшла тратуар і знікла ўнутры. Я сядзеў, адкінуўшыся, у экіпажы і чакаў яе. Ішоў дождж, і я адчуваў пах мокрай вуліцы і запаранага каня пад дажджом. Кэтрын выйшла са скруткам, села, і мы паехалі далей.

— Я страшэнная транжырка, мілы, — сказала яна, — але кашуля такая прыгожая.

Каля гатэля я папрасіў Кэтрын пачакаць у экіпажы, а сам увайшоў і перагаварыў з адміністратарам. Нумароў было колькі хочаш. Я вярнуўся да экіпажа, заплаціў вазніцы, і мы з Кэтрын разам увайшлі ў гатэль. Хлопчык з бліскучымі гузікамі панёс скрутак. Адміністратар паклонам запрасіў нас у ліфт. Вакол было шмат чырвонага плюшу і бронзы. Адміністратар падняўся разам з-намі.

— Monsieur і madam будуць абедаць у сябе ў нумары?

— Так. Прышліце, калі ласка, картачку, — сказаў я.

— Хочаце што-небудзь па асобнаму заказу? Дзічыну альбо суфле?

Ліфт мінуў тры паверхі, пазвоньваючы каля кожнага, потым дзынькнуў і спыніўся.

— Якая ў вас дзічына?

— Можна прыгатаваць фазана альбо вальдшнэпа.

— Вальдшнэпа, — сказаў я.

Мы пайшлі па калідоры. Дыван быў пацёрты. Справа і злева было шмат дзвярэй. Адміністратар спыніўся, адамкнуў адны з іх і адчыніў іх.

— Вось, прашу вас. Цудоўны пакой.

Хлопчык з бліскучымі гузікамі паклаў скрутак на стол пасярод пакоя. Адміністратар рассунуў парцьеры.

— Сёння туман, — сказаў ён. Пакой быў абстаўлены чырвонай плюшавай мэбляй. Было шмат люстэркаў, два крэслы і шырокі ложак з атласнай коўдрай. Другія дзверы вялі ў ванны пакой.

— Я зараз прышлю картачку, — сказаў адміністратар. Ён пакланіўся і выйшаў.

Я падышоў да акна і паглядзеў на вуліцу, потым пацягнуў за шнур, і тоўстыя плюшавыя парцьеры ссунуліся. Кэтрын сядзела на ложку і глядзела на хрустальны падсвечнік. Яна зняла капялюш, і яе валасы блішчалі на святле. Яна ўбачыла сябе ў адным з люстэркаў і паднесла рукі да валасоў. Я бачыў яе ў трох іншых люстэрках. Яна здавалася невясёлай. Яна скінула свой плашч на ложак.

— Што з табой, дарагая?

— Я ніколі яшчэ не адчувала сябе гуляшчай, — сказала яна. Я падышоў да акна і рассунуў парцьеры і паглядзеў на вуліцу. Я не думаў, што будзе так.

— Ты не гуляшчая.

— Я ведаю, мілы. Але непрыемна адчуваць, што быццам бы гэта так. — Голас яе быў сухі і невыразны.

— Гэта самы лепшы гатэль, дзе мы маглі ўладкавацца, — сказаў я.

Я глядзеў у акно. На другім баку плошчы свяціліся агні вакзала. Міма ехалі экіпажы, і я бачыў дрэвы ў парку. Агні гатэля адбіліся на мокрай маставой. «О, д'ябал! — думаў я, — няўжо зараз час спрачацца?»

— Хадзі сюды, — сказала Кэтрын. Сухасць знікла ў голасе. — Хадзі сюды. Я ўжо цаца-дзяўчынка.

Я павярнуўся да ложка. Кэтрын усміхалася.

Я падышоў і сеў на ложак побач з ёй і пацалаваў яе.

— Ты мая цаца-дзяўчынка.

— Вядома, твая, — сказала яна.

Пасля абеду нам стала лягчэй, а потым зрабілася зусім добра, і хутка мы адчулі, што гэты пакой наш дом. Раней нашым домам быў мой пакой у шпіталі, а зараз гэты нумар гатэля стаў нашым домам.

Кэтрын села, накінуўшы на плечы мой фрэнч. Мы вельмі прагаладаліся, а абед быў добры, і мы выпілі бутэльку капры і бутэльку сент-эстэфа. Большую частку выпіў я, але і Кэтрын крыху выпіла, і ёй стала зусім добра. Нам падалі вальдшнэпа з бульбай, суфле, пюрэ з каштанаў, салат і сабаён на салодкае.

— Добры пакой, — сказала Кэтрын. — Цудоўны пакой. Як шкада, што мы раней не здагадаліся тут пасяліцца.

— Смешны пакой. Але слаўны.

— Цудоўная рэч распуста, — сказала Кэтрын. — Людзі, якія ёй займаюцца, відаць, робяць гэта са смакам. Гэты чырвоны плюш проста непаўторны. Якраз тое, што трэба. А люстэркі, хіба не цуд?

— Ты прыгожая.

— Не ведаю, як прачнуцца ў такім пакоі заўтра. Але наогул гэта цудоўны пакой.

Я наліў яшчэ шклянку сент-эстэфа.

— Мне б хацелася саграшыць па-сапраўднаму, — сказала Кэтрын. — Усё, што мы робім, так цнатліва і проста. Я не веру, што мы робім нешта дрэннае.

— Ты дзівосная.

— Толькі я галодная. Я вельмі галодная.

— Ты простая, ты цудоўная.

— Я простая. Ніхто не разумеў гэтага да цябе.

— Аднойчы, калі мы пазнаёміліся, я цэлы дзень думаў пра тое, як мы з табой паедзем у гатэль «Кавур» і як усё будзе.

— Гэта было нахабства з твайго боку. Але ж гэта не «Кавур», праўда?

— Не. Туды нас не пусцілі б.

— Калі-небудзь пусцяць. Вось бачыш, мілы, у гэтым якраз розніца паміж намі. Я ніколі ні пра што не думала.

— Зусім ніколі?

— Ну, крышачку, — сказала яна.

— Ах ты, мілая!

Я наліў яшчэ шклянку віна.

— Я зусім простая, — сказала Кэтрын.

— Спачатку я думаў інакш. Мне здалося, што ты вар'ятка.

— Я і была крыху вар'ятка. Я цябе не збянтэжыла тады, мілы?

— Цудоўнае віно, — сказаў я. — Забываешся пра ўсё дрэннае.

— Цудоўнае, — сказала Кэтрын. — Але ў майго бацькі ад яго вельмі моцная падагра.

— У цябе ёсць бацька?

— Так, — сказала Кэтрын. — У яго падагра. Але табе зусім не трэба будзе з ім сустракацца. А ў цябе хіба няма бацькі?

— Не, — сказаў я. — У мяне айчым.

— А ён мне спадабаецца?

— Табе не трэба будзе з ім сустракацца.

— Нам з табой так добра, — сказала Кэтрын. — Мяне больш нічога не цікавіць. Я такая шчаслівая жонка.

Прыйшоў афіцыянт і сабраў посуд. Неўзабаве мы прыціхлі, і было чуваць, як ідзе дождж. Унізе, на плошчы, прагудзеў аўтамабіль.

— Выразна чую я імклівы

Бег часу коней легкакрылых,

— сказаў я.

— Я ведаю гэтыя вершы, — сказала Кэтрын. — Гэта Марвел. Толькі ж гэта пра дзяўчыну, якая не хацела жыць з мужчынам.

Галава ў мяне была вельмі ясная і свежая, і мне хацелася гаварыць пра звычайнае.

— Дзе ты будзеш раджаць?

— Не ведаю. У самым лепшым месцы.

— Як ты ўсё ўладкуеш?

— Самым лепшым чынам. Не турбуйся, мілы. Да сканчэння вайны ў нас можа быль яшчэ шмат дзяцей.

— Нам хутка трэба ісці.

— Я ведаю. Калі хочаш, лічы, што ўжо трэба ісці.

— Яшчэ не.

— Тады не нервуйся, мілы. Ты увесь час быў зусім добры, а цяпер пачынаеш нервавацца.

— Не буду. Ты мне будзеш часта пісаць?

— Кожны дзень. Вашы пісьмы чытаюць?

— Там так дрэнна ведаюць англійскую мову, што гэта не мае значэння.

— Я буду пісаць вельмі блытана, — сказала Кэтрын.

— Але не зусім блытана.

— Не, толькі крыху.

— Відаць, трэба ісці.

— Добра, мілы.

— Мне не хочацца ісці з нашага доміка.

— I мне таксама.

— Але трэба ісці.

— Добра. Мы ж ніколі яшчэ доўга не жылі дома.

— Яшчэ пажывём.

— Я табе падрыхтую цудоўны домік да твайго вяртання.

— Мо я вярнуся вельмі хутка.

— А раптам цябе параняць у нагу.

— Альбо ў мочку вуха.

— Не, я хачу, каб твае вушы засталіся такімі ж.

— А ногі не?

— У ногі ты ўжо быў паранены.

— Трэба ісці, дарагая.

— Добра. Ты ідзі першы.

Мы не выклікалі ліфт, а спусціліся па лесвіцы. Дыван на лесвіцы быў выцерты. Я заплаціў за абед, і афіцыянт, які яго прынёс, сядзеў каля дзвярэй. Ён ускочыў і пакланіўся, і я пайшоў з ім у кантору і заплаціў за нумар. Адміністратар прыняў мяне як сябра і адмовіўся атрымаць наперад, але, расстаўшыся са мной, ён паклапаціўся пасадзіць каля дзвярэй афіцыянта, каб я не збег не заплаціўшы. Верагодна, такія выпадкі ў яго здараліся, нават з сябрамі. За час вайны бывае столькі сяброў.

27
{"b":"980839","o":1}