— Не, змей. — Ён крыху развесяліўся.
— Вас псуюць глыбакадумныя развагі, — сказаў я.
— Я люблю вас, бэбі, — сказаў ён. — Вы мяне перапыняеце, калі я станаўлюся вялікім італьянскім мысліцелем. Але я ведаю шмат што, чаго не магу растлумачыць. Я ведаю больш за вас.
— Так. Гэта праўда.
— Але вам будзе лягчэй выжыць. Хоць з пакутамі сумнення, але лягчэй.
— Не думаю.
— Так, так. Гэта праўда. Мне ўжо зараз толькі тады добра, калі я працую. — Ён зноў стаў глядзець на падлогу.
— Гэта мінецца.
— Не. Ёсць яшчэ толькі дзве рэчы, якія я люблю: адна шкодзіць маёй працы, а другой хапае на паўгадзіны альбо на пятнаццаць хвілін. Часам менш.
— Часам значна менш.
— А мо я дабіўся поспеху, бэбі? Вы ж не ведаеце. Але я ведаю гэтыя дзве рэчы і сваю працу.
— Зведаеце і іншае.
— Не. Мы ніколі нічога не зведаем. Мы нараджаемся з усім тым, што ў нас ёсць, і больш нічому не вучымся. Мы ніколі не зведаем нічога новага. Мы пачынаем шлях ужо скончаным. Ваша шчасце, што вы не лацінянін.
— Ніякіх лацінян не існуе. Вось гэта меркаванні лаціняніна. Вы ганарыцеся сваімі недахопамі.
Рынальдзі падняў вочы і засмяяўся.
— Хопіць, бэбі. Я стаміўся разважаць. — У яго быў стомлены выгляд яшчэ тады, калі ён увайшоў у пакой. — Хутка абед. Я рады, што вы вярнуліся. Вы мой лепшы сябар і мой брат па зброі.
— Калі браты па зброі абедаюць? — спытаў я.
— Зараз. Вып'ем яшчэ раз за вашу печань.
— Гэта што, згодна з апосталам Паўлам?
— Вы не дакладны. Там было віно і страўнік. Адведайце віна дзеля карысці страўніка.
— Як хочаце, — сказаў я. — Хоць дзеля чаго. Абы дзеля чаго.
— За вашу каханку, — сказаў Рынальдзі. Ён падняў сваю шклянку.
— Згодзен.
— Я больш не скажу пра яе ніякай брыдоты.
— Не прымушайце сябе. Ён выпіў увесь каньяк.
— У мяне чыстая душа, — сказаў ён. — Я такі ж, як вы, бэбі. Я таксама завяду сабе англійскую дзяўчыну. Уласна, я ж першы пазнаёміўся з вашай дзяўчынай, але яна для мяне занадта высокая. I высокую дзяўчыну — у сёстры, — прадэкламаваў ён.
— Вы сапраўдная чысціня, — сказаў я.
— Праўда? Таму мяне і завуць Чысцейшы Рынальдзі.
— Свінейшы Рынальдзі.
— Ну, ладна, бэбі, пайшлі абедаць, пакуль я яшчэ не страціў сваёй чысціні.
Я памыўся, прыгладзіў валасы, і мы зноў спусціліся ўніз. Рынальдзі быў крыху п'яны. У сталоўцы яшчэ не ўсё было падрыхтавана да абеду.
— Пайду прынясу каньяк, — сказаў Рынальдзі. Ён пайшоў наверх. Я сеў за стол, і ён вярнуўся з бутэлькай і наліў сабе і мне па паўшклянкі каньяку.
— Замнога, — сказаў я і падняў шклянку і паглядзеў на яе праз святло лямпы, якая стаяла пасярод стала.
— На пусты жывот не многа. Выдатная рэч. Цалкам выпальвае нутро. Для вас горай не прыдумаеш.
— Ну і што.
— Рэгулярнае самаразбурэнне, — сказаў Рынальдзі. — Псуе страўнік і выклікае дрыготку рук. Самая падыходзячая рэч для хірурга.
— Вы раіце мне?
— Ад шчырага сэрца. Іншага сам не ўжываю. Праглыніце гэта, бэбі, і рыхтуйцеся захварэць.
Я выпіў палову. У калідоры пачуўся голас веставога: «Суп! Зварыўся суп!»
Увайшоў маёр, кіўнуў нам і сеў. За сталом ён здаваўся вельмі маленькім.
— Больш нікога? — спытаў ён. Веставы паставіў перад ім міску з супам, і ён адразу наліў поўную талерку.
— Нікога, — сказаў Рынальдзі. — Хіба толькі прыйдзе святар. Калі б ён ведаў, што Федэрыка тут, ён прыйшоў бы.
— Дзе ён? — спытаў я.
— У трыста сёмым, — сказаў маёр. Ён быў заняты сваім супам. Ён выцер рот, старанна выціраючы падкручаныя ўгару сівыя вусы. — Відаць, прыйдзе. Я быў там і пакінуў запіску, што вы прыехалі.
— Раней у сталовай было больш шумна, — сказаў я.
— Так, зараз у нас ціха, — сказаў маёр.
— Зараз я буду шумець, — сказаў Рынальдзі.
— Выпіце віна, Энрыка, — сказаў маёр. Ён наліў у маю шклянку. Прынеслі спагеці, і мы ўсе заняліся ядой. Мы даядалі спагеці, калі ўвайшоў святар. Ён быў усё такі ж, маленькі і смуглы і ўвесь падцягнуты. Я ўстаў, і мы паціснулі адзін аднаму рукі. Ён паклаў руку мне на плячо.
— Я прыйшоў, як толькі даведаўся, — сказаў ён.
— Сядайце, — сказаў маёр. — Вы спазніліся.
— Добры вечар, святар, — сказаў Рынальдзі.
— Добры вечар, Рынальдзі, — сказаў святар. Веставы прынёс яму супу, але ён сказаў, што пачынае са спагеці.
— Як ваша здароўе? — спытаў ён у мяне.
— Выдатна, — сказаў я. — Што чуваць у вас?
— Выпіце віна, святар, — сказаў Рынальдзі. — Пакаштуйце віна дзеля карысці страўніка. Гэта ж апостал Павел, праўда?
— Праўда, — сказаў святар ветліва. Рынальдзі наліў яму.
— Ах гэты апостал Павел! — сказаў Рынальдзі. — Ён і вінаваты ва ўсім.
Святар зірнуў на мяне і ўсміхнуўся. Я бачыў, што кпіны зараз не кранаюць яго.
— Ну і апостал Павел, — сказаў Рынальдзі. — Сам быў кабель і бабнік, а калі не стала сілы, аб'явіў, што гэта грэх. Сам ужо нічога не мог, дык пачаў вучыць тых, хто яшчэ мае сілу. Хіба не так, Федэрыка?
Маёр усміхнуўся. Мы ў гэты час елі смажаніну.
— Я ніколі не крытыкую святых пасля захаду сонца,—сказаў я. Святар падняў вочы ад талеркі і ўсміхнуўся мне.
— Ну вось, зараз і ён за святара, — сказаў Рынальдзі.—Дзе дзеліся добрыя старыя выскалякі? Дзе Брундзі? Дзе Чазара? Што, мне так і дражніць гэтага няшчаснага святара аднаму, без усялякай падтрымкі?
— Ён добры святар, — сказаў маёр.
— Ён добры святар, — сказаў Рынальдзі. — Але ўсё-ткі святар. Я імкнуся, каб у сталовай усё было як раней. Я хачу зрабіць прыемнае для Федэрыка. Ну вас да д'ябла, святар!
Я заўважыў, што маёр пазірае на яго і бачыць, што ён п'яны. Яго худы твар быў зусім белы. Валасы здаваліся вельмі чорнымі над белым ілбом.
— Нічога, Рынальдзі, — сказаў святар. — Нічога.
— Ну вас да д'ябла! — сказаў Рынальдзі. — Наогул, усё да д'ябла! — Ён адхінуўся на спінку крэсла.
— Ён шмат працаваў і стаміўся, — сказаў маёр, звяртаючыся да мяне. Даеўшы мяса, ён скарынкай сабраў з талеркі соус.
— Пляваць я хацеў на вас, — сказаў Рынальдзі, звяртаючыся да стала. — I наогул усё і ўсе да д'ябла! — Ён з выклікам азірнуўся, вочы яго былі пагаслыя, твар бледны.
— Ну, ладна, — сказаў я. — Усё і ўсе да д'ябла!
— Не, не, — сказаў Рынальдзі. — Гэтак нельга. Так нельга. Кажуць вам: так нельга. Змрок і пустэча, і больш нічога няма. Больш нічога няма, чуеце? Нічога. Я гэта ведаю, калі не працую.
Святар пакруціў галавой. Веставы прыняў смажаніну.
— Чаму вы ясце мяса? — павярнуўся Рынальдзі да святара. — Хіба вы не ведаеце, што сёння пятніца?
— Сёння чацвер, — сказаў святар.
— Хлусня. Сёння пятніца. Вы ясце цела Збавіцеля. Гэта Божае мяса. Я ведаю. Гэта здохлая аўстрыячына. Вось што вы ясце.
— Белае мяса — афіцэрскае, — сказаў я, згадваючы даўні жарт.
Рынальдзі засмяяўся. Ён наліў у сваю шклянку.
— Не слухайце мяне, — сказаў ён. — Я крыху звар'яцеў.
— Вам трэба паехаць у адпачынак, — сказаў святар. Маёр дакорліва паківаў галавой. Рынальдзі паглядзеў на святара.
— Вы лічыце, мне трэба ў адпачынак?
Маёр дакорліва ківаў галавой, гледзячы на святара. Рынальдзі таксама пазіраў на святара.
— Як хочаце, — сказаў святар. — Калі вам не хочацца, не трэба.
— Ну вас да д'ябла! — сказаў Рынальдзі. — Яны хочуць ад мяне пазбавіцца. Кожны вечар яны хочуць ад мяне пазбавіцца. Я адбіваюся, як магу. Што зробіш, калі ў мяне гэта? Гэта ва ўсіх. Гэта ва ўсяго свету. Спачатку, — ён працягваў тонам лектара, — гэта толькі маленькі прышчык. Пасля мы заўважаем высыпку на грудзях. Пасля мы ўжо нічога не заўважаем. Мы спадзяёмся толькі на ртуць.
— Альбо сальварсан, — спакойна перапыніў яго маёр.
— Ртутны прэпарат, — сказаў Рынальдзі. Ён гаварыў зараз вельмі патэтычна. — Я ведаю нешта лепшае. Добры, слаўны святар, — сказаў ён, — у вас ніколі не будзе гэтага. А ў Бэбі будзе. Гэта хворыя на вытворчасці. Гэта проста аварыя на вытворчасці.
Веставы падаў дэсерт і каву. Салодкае было нешта накшталт хлебнага пудынгу з густой падлівай. Лямпа курыла, чорная сажа асядала на шкле.