— Я і сам так лічу.
— Сёлета будзе яшчэ горай, — сказаў маёр. — Магчыма, яны ўжо зараз пачнуць наступленне. Так кажуць, але я не веру. Занадта позна. Бачылі раку?
— Бачыў. Вада паднялася.
— Не думаю, што наступленне пачнецца зараз, калі ў гарах ужо ідуць дажджы. Хутка пойдзе снег. А што нашы суайчыннікі? Ці ўбачым мы амерыканцаў, акрамя вас?
— Рыхтуецца армія з дзесяці мільёнаў.
— Добра, каб хоць частка трапіла да нас. Але ўсіх перахопяць французы. Сюды не даедзе ніводзін чалавек. Ну, ладна. Вы сёння пераначуеце тут, а заўтра раніцай выпраўляйцеся на маленькай машыне і змяніце Джына. Я дам вам каго-небудзь, хто ведае дарогу. Джына вам усё раскажа. Там яшчэ крыху страляюць, але наогул усё ўжо скончылася. Вам цікава будзе пабываць на Баінзіцы.
— Ахвотна там пабываю. Я вельмі задаволены, што зноў з вамі.
Ён усміхнуўся.
— Вы вельмі добры. Я стаміўся ад гэтай вайны. Калі б я з'ехаў, не думаю, каб мне захацелася вярнуцца.
— Так усё кепска?
— Ага. Так дрэнна і нават горай. Схадзіце памыйцеся і знайдзіце свайго сябра Рынальдзі.
Я ўзяў свой багаж і панёс па лесвіцы наверх. Рынальдзі ў пакоі не было, але яго рэчы былі на месцы, і я сеў на ложак, зняў абмоткі і сцягнуў з правай нагі чаравік. Пасля я прылёг на ложак Я стаміўся, і правая нага балела. Мне падалося брыдкім ляжаць на ложку ў адным чаравіку, таму я сеў, расшнураваў другі чаравік, скінуў яго на падлогу і зноў лёг на коўдру. Акно было зачынена, таму ў пакоі было душна, але я занадта стаміўся, каб устаць і адчыніць яго. Я ўбачыў, што ўсе мае рэчы складзены ў адным кутку пакоя. Цямнела. Я ляжаў на ложку, і думаў пра Кэтрын, і чакаў Рынальдзі. Я вырашыў думаць пра Кэтрын толькі па вечарах, перад сном. Але я стаміўся, і мне не было чаго рабіць, таму я ляжаў і думаў пра яе. Я думаў пра яе, калі ў пакой увайшоў Рынальдзі. Ён быў такі ж, як і раней. Мо хіба трохі пахудзеў.
— Ну, бэбі, — сказаў ён.
Я прыўстаў на ложку. Ён падышоў, сеў побач і абняў мяне.
— Добры мой, слаўны бэбі. — Ён ляпнуў па маёй спіне, і я абхапіў яго за плечы.
— Слаўны мой бэбі, — сказаў ён. — Пакажы мне калена.
— Давядзецца скідваць штаны.
— Скідайце штаны, бэбі. Тут усе свае. Я хачу паглядзець, як вас там апрацавалі.
Я ўстаў, спусціў штаны і зняў з калена павязку. Рынальдзі сеў на падлогу і пачаў крыху згінаць і разгінаць мне нагу. Ён правёў рукой па шраму, злучыў вялікія пальцы над каленнай чашачкай, а астатнімі асцярожна страсянуў калена.
— I больш у вас не згінаецца?
— Не.
— Гэта проста злачынства, што вас выпісалі. Яны павінны былі дабіцца поўнай функцыі сустава.
— Было значна горай. Нага была як палка.
Рынальдзі паспрабаваў яшчэ. Я сачыў за яго рукамі. У яго былі лоўкія рукі хірурга. Я зірнуў на яго галаву, на яго валасы, бліскучыя і гладка зачэсаныя на прабор. Ён сагнуў нагу вельмі моцна.
— Уф! — сказаў я.
— Вам трэба было палячыцца яшчэ механатэрапіяй, — сказаў Рынальдзі.
— Раней было горш.
— Ведаю, бэбі. У такіх рэчах я разбіраюся больш, чым вы. — Ён устаў і сеў на ложак. — Сама аперацыя зроблена нядрэнна. — Ён пакінуў маё калена. — Расказвайце.
— Няма пра што расказваць, — сказаў я. — Жыў ціха і мірна.
— Можна падумаць, што вы сямейны чалавек, — сказаў ён. — Што з вамі?
— Нічога, — сказаў я. — А вось што з вамі?
— Гэтая вайна мяне даканае, — сказаў Рынальдзі. — Я зусім скіс. — Ён абхапіў сваё калена рукамі.
— Ого! — сказаў я.
— Што такое? Што, у мяне не можа быць чалавечых пачуццяў?
— Не. Вы, відаць, правялі вясёлае лета. Раскажыце.
— Усё лета і ўсю восень я займаўся аперацыямі. Я працую без адпачынку. Я адзін працую за ўсіх. Самыя складаныя аперацыі пакідаюць мне. Слова гонару, бэбі, я станаўлюся выдатным хірургам.
— Гэта ўжо лепш.
— Я ніколі не думаю. Не, праўда, я не думаю, я проста раблю аперацыі.
— I правільна.
— Але зараз, бэбі, іншая справа. Зараз не трэба рабіць аперацыі, і на душы ў мяне пагана. Гэта страшная вайна, бэбі. Паверце мне. Ну, а зараз трохі падвесяліце мяне. Вы прывезлі пласцінкі?
— Прывёз.
Яны ляжалі ў маім рукзаку, у карабку, загорнутыя ў паперу. Я занадта стаміўся, каб дастаць іх.
— А хіба ў вас спакойна на душы, бэбі?
— Пагана.
— Гэтая вайна страшная, — сказаў Рынальдзі. — Ну, ладна. Вось мы з вамі нап'ёмся, стане весялей. Разгонім самоту. I ўсё будзе добра.
— Я хварэў жаўтухай, — сказаў Я.— Мне нельга напівацца.
— Эх, бэбі, які вы вярнуліся да мяне: разважлівы, з хворай печанню. Не, на самай справе, дрэнная рэч вайна. I навошта толькі мы ўлезлі ў яе?
— Давайце ўсё ж вып'ем. Напівацца я не хачу, але выпіць можна.
Рынальдзі падышоў да рукамыйніка ля другой сцяны і дастаў дзве шклянкі і бутэльку каньяку.
— Гэта аўстрыйскі каньяк, — сказаў ён. — Сем зорачак. Усё, што ўдалося захапіць на Сан-Габрыеле.
— Вы былі там?
— Не. Я нідзе не быў. Я увесь час быў тут і рабіў аперацыі. Глядзіце, бэбі, гэта ваша старая шклянка для паласкання зубоў. Я яе ўвесь час захоўваў, каб яна нагадвала мне пра вас.
— Альбо пра тое, што трэба чысціць зубы.
— Не. У мяне ёсць свая. Я яе хаваў, каб яна нагадвала мне, як вы раніцай хацелі ачысціцца ад «Віла-Роса», і сварыліся, і глыталі аспірын, і пракліналі дзевак. Кожны раз, калі я гляджу на гэтую шклянку, я ўспамінаю, як вы імкнуліся ачысціць сваё сумленне зубной шчоткай.—Ён падышоў да ложка. — Ну, пацалуйце мяне і скажыце, што вы ўжо перасталі быць разважлівым.
— I не падумаю вас цалаваць. Вы — малпа.
— Ну, ну. Я ведаю, вы добры англасаксонскі цаца-хлопчык. Я ведаю. Вас заела сумленне, я ведаю. Я пачакаю, калі мой англасаксонскі хлопчык зноў пачне ачышчаць з сябе зубной шчоткай публічны дом.
— Наліце ў шклянку каньяку.
Мы чокнуліся і выпілі. Рынальдзі насміхаўся з мяне.
— Вось падпаю вас, дастану вашу печань, устаўлю вам добрую італьянскую печань і зноў зраблю з вас чалавека.
Я падаў яму шклянку, каб ён наліў мне яшчэ. Ужо зусім сцямнела. Са шклянкай у руцэ я падышоў да акна і адчыніў яго. Дажджу ўжо не было. Стала халадней, і ў галінах стаяў густы туман.
— Не вылівайце каньяк у акно, — сказаў Рынальдзі.—Калі вы не можаце выпіць, дайце мне.
— Ідзіце вы, ведаеце куды, — сказаў я. Я быў рады зноў бачыць Рынальдзі. Цэлыя два гады ён займаўся тым, што дражніў мяне, і я заўсёды любіў яго. Мы вельмі добра разумелі адзін аднаго.
— Вы ажаніліся? — спытаў ён, седзячы на ложку. Я стаяў ля акна, прыхінуўшыся да сцяны.
— Яшчэ не.
— Вы закаханы?
— Так.
— У тую англічанку?
— Так.
— Бедны бэбі! А яна вас таксама кахае?
— Так.
— I даказала вам гэта на справе?
— Заткніцеся.
— Ахвотна. Вы ўбачыце, што я чалавек выключнай далікатнасці. А што, яна...
— Рынін! — сказаў я. — Заткніцеся, калі ласка. Калі вы хочаце, каб мы былі сябрамі, заткніцеся.
— Мне няма чаго хацець, каб мы былі сябрамі, бэбі. Мы і так сябры.
— Вось і заткніцеся.
— Слухаюся.
Я падышоў да ложка і сеў побач з Рынальдзі. Ён трымаў шклянку і пазіраў на падлогу.
— Зараз разумееце, Рынін?
— Так, вядома, так. Усё свае жыццё я натыкаюся на святыя пачуцці. Такіх у вас я яшчэ не заўважаў. Але, вядома, яны і ў вас павінны быць. — Ён пазіраў на падлогу.
— А ў вас хіба няма?
— Не.
— Ніякіх?
— Ніякіх.
— Вы дазволілі б мне абы-што гаварыць пра вашу маці, пра вашу сястру?
— I нават пра вашу сястру, — жвава адгукнуўся Рынальдзі.
Мы засмяяліся.
— Які звышчалавек! — сказаў я.
— А мо я раўную, — сказаў Рынальдзі.
— Не, не можа быць.
— Не ў гэтым сэнсе. Я хацеў сказаць іншае. У вас ёсць жанатыя сябры?
— Ёсць, — сказаў я.
— А ў мяне няма, — сказаў Рынальдзі. — Такіх, якія былі б шчаслівыя са сваімі жонкамі, няма.
— Чаму?
— Яны мяне не любяць.
— Чаму?
— Я змей. Я змей пазнання.
— Вы ўсё пераблыталі. Гэта было дрэва пазнання.