Литмир - Электронная Библиотека
Содержание  
A
A

Стварэнне першага танка трымалася ў вялікім сакрэце. Усе, хто меў дачыненне да новага вайскогвага вынаходніцтва, былі абавязаны пільна захоўваць таямніцу. Але ўжо на першапачатковым этапе будаўніцтва «Вялікага Уіліі» з’явілася неабходнасць неяк назваць новы тып машыны — па знешнім выглядзе вялікую цыстэрну ці бак. Яе хацелі назваць вадавозам, але гэта выклікала усмешку. Суінтан, які на той час стаў ужо сакратаром камітэта імперскай абароны, уважліва сачыў за доследай працай і прапанаваў некалькі назваў: рэзервуар, цыстэрна, бак (па-англійску tank).

Прыкладна тады ж, калі Суінтан звярнуўся ў ваеннае міністэрства са сваёй прапановай, палкоўнік Эт’ен, начальнік 6-й дывізіі французскай арміі, напісаў галоўнакамандуючаму аб тым, што лічыць мэтазгодным ужыць на фронце «браніраваныя калёсы, якія б забяспечвалі прасоўванне пяхоты». Праз год ён паўтарыў сваю прапанову:

Я лічу магчымым стварэнне машын з механічнай цягай, якія б дазволілі перавозіць праз усе перашкоды і пад агнём з вышэйшай за 6 км/гадз хуткасцю пяхоту са зброяй, амуніцыяй і гарматай.

У Эт’ена, таксама як і ў Суінтана, думка аб стварэнні гусенічнага танка з’явілася ў выніку назіранняў за працай трактара «Холт». У Францыі першыя танкі пачала будаваць фірма «Шнейдэр». Неўзабаве замова была перададзена «Таварыству жалезаробчых і сталеліцейных заводаў», майстэрні якога знаходзіліся ў Сен-Шамоне. Таму першыя два французскіх танкі атрымалі адпаведныя назвы — «Шнейдэр» і «Сен-Шамон».

Па знешніх абрысах першыя французскія танкі значна адрозніваліся ад сваіх англійскіх братоў. Гусеніцы іх ішлі не зверху корпуса, а па баках. Гэта з’яўлялася адначасова іх перавагай і недахопам. Схаваная корпусам гусеніца зведвала менш знішчэнняў.

З іншага боку, пры вонкавым размяшчэнні, як у англійскіх, танкі лягчэй пераадольвалі перашкоды — стромыя сценкі, акопы. На французскіх танках былі ўжыты рэсоры. Корпус танка падвешваўся на спіральных пружынах. Пры такой канструкцыі змякчаліся ўдары, падчас перасоўвання машыны на мясцовасці танк мог развіваць больш высокую хуткасць, а экіпажу забяспечваліся больш зручныя ўмовы працы.

15 верасня 1916 года, калі англійскія танкі ішлі ў бой на Соме, французскія танкі праходзілі выпрабаванні на палігоне. Толькі праз сем месяцаў, 15 красавіка 1917 года французскія танкі былі выкарыстаны пад Шмэн-дэ-Дам.

А як ішлі справы з першымі танкамі ў Расіі, будучай танкавай дзяржаве? Ды ніяк. Праўда, у самым пачатку вайны, у жніўні 1914 года, майстар машынабудаўнічага завода ў Рызе Парахоўшчыкаў прапанаваў галоўнакамандуючаму расійскай арміяй арыгінальны праект баявой гусенічнай машыны. Гэта было тое, што мы цяпер называем першым расійскім танкам.

У чэрвені 1915 года Парахоўшчыкаў ужо выпрабоўваў яго. Падчас эксперыментаў яго хуткасць сягала 25 км/гадз. Першыя танкі англічан і французаў такую хуткасць развіваць не маглі. Пазней канструктар удасканаліў сваю машыну, зрабіўшы яе колава-гусенічнай: яна магла перасоўваца па дарогах на колах, а па мясцовасці — на гусеніцах. Дзяніс Туманаў у артыкуле «Першыя танкі» з захапленнем піша:

Гэта апярэджвала танкабудаўніцтва таго перыяду на некалькі гадоў. Парахоўшчыкаў зрабіў корпус машыны воданепранікальным, таму яна магла лёгка пераадольваць водныя перашкоды.

Хуткасць, воданепранікальнасць… Усё гэта добра. Але машыну Парахоўшчыкава ледзьве можна назваць танкам. Яна не адпавядала ніводнай, за выключэннем хіба наяўнасці гусеніцаў, характарыстыцы танка, вызначанай англічанінам Суінтанам. Гэтыя характарыстыкі, закладзеныя яшчэ ў 1915 годзе, застаюцца асноўнымі і ў нашыя дні: пераадоленне перашкод, застрашванне пяхоты праціўніка, агонь з гарматы і кулямёта, знішчэнне дротавых загародаў і пракладванне шляху сваёй пяхоце…

Парахоўшчыкаў стварыў хуткасны міні-бранявік, імклівы, але зусім нястрашны і некарысны ў палявых умовах — машыну, якую і танкам назваць, па вялікім рахунку, нельга.

Калі падчас першага з’яўлення англійскіх танкаў у баі на рацэ Сома у нямецкіх салдат пачалася паніка, то пры першым поглядзе на танк Парахоўшчыкава мала хто мог стрымаць усмешку. Ім можна было пужаць хіба толькі зграю бяздомных сабакаў. Гэта было зусім маленькая, прысадзістая, ніжэйшая за чалавечы рост, машына, унутры якой маглі перасоўвацца адзін ці, ад сілы, два чалавекі, без гарматы, з адным кулямётам. Такі танк заграз бы ў першай жа канаве, не пераадолеў бы траншэю, не ўяўляючы ніякай пагрозы ні акопам, ні сур’ёзным перашкодам. Са сваёй хуткасцю гэты «танк» мог хіба што прэтэндаваць на ролю браніраванай гоначнай машыны для вайсковых кур’ераў. Натуральна, што прамысловасць царскай Расіі не магла асвоіць такую «складаную», як некаторыя пішуць, машыну з-за поўнай яе непажытачнасці на вайне. Аднак, у артыкуле Туманава можна сустрэць заклапочанасць з гэтай нагоды:

…танк быў забыты, пра яго прыгадалі толькі праз шмат гадоў, калі падобныя машыны ўжо шырока выкарыстоўваліся ва ўсіх арміях.

Цікава, як жа яго прыгадалі, калі танк Парахоўшчыкава так больш нідзе і не з’явіўся. Верагодна, прыдалася ідэя воданепранікальнасці, але ўласна да танка гэта ўжо не мела дачынення — ён так і застаўся няўдалай вопытнай мадэллю, непрыдатнай у баявых дзеяннях.

У СССР засвоілі танкабудаўніцтва, і менавіта савецкія танкі некаторы час лічыліся лепшымі ў свеце, але першы расійскі танк так і застаўся ў гісторыі толькі ў выглядзе спробы, спробы, якая завяршылася няўдачай.

Калі танк Парахоўшчыкава быў вельмі маленькі, то другая версія, то бок танк капітана Лебядзенкі, уяўляла з сябе велізарную машыну, якая хучэй нагадвала не танк, а велізарны воз ці лафет.

У тым жа 1915 годзе начальнік вопытнай лабараторыі ваеннага міністэрства капітан М. М. Лебядзенка прапанаваў ідэю, аналагічную ідэі Хэтарынгтона. Ён зрабіў прект колавага танка. Як і ў англійскай распрацоўцы, у танка Лебядзенкі павінна было быць два вялікіх пярэдніх колы дыяметрам 9 м і задняе кола ў выглядзе катка для паварота машыны. На думку аб стварэнні баявой машыны на высокіх колах Лебядзенку навялі арбы, якія той бачыў на Каўказе. Знешні выгляд такога танка ў пэўнай ступені нагадваў гіганцкі лафет старадаўняй гарматы. Вось гэты праект быў ужо з лёгкасцю прыняты царом, бо яго паменшаная драўляная мадэль з лёгкасцю пераадольвала перашкоды.

Напрыканцы ліпеня 1915 года пад кіраўніцтвам А. Мікуліна пачалася зборка «пачварнай машыны». У жніўні пачаліся яе выпрабаванні. Мікулін асабіста сеў за рычагі. Колы зрабілі адзін абарот, і машына, зваліўшы бярозу, што стаяла побач, глыбока загразла ў грунце. Усе далешыя спробы прымусіць танк рухацца ні да чаго не прывялі.

Праходнасць танка Лебядзенкі амаль раўнялася нулю. Ваеннае ведамства ў хуткім часе перастала фінансаваць гэтае вынаходніцтва, і «танк», усімі забыты, так і застаўся стаяць у лесе ажно да 1923 года, калі і быў здадзены на лом. Падчас Першай сусветнай вайны расійскія танкі так не пабачылі свет.

У ЗША, Германіі і Італіі танкі з’явіліся ўжо пасля таго, як англійскія і французскія машыны прайшлі выпрабаванні на палях бітваў Першай сусветнай і былі ўсеагульна прызнаныя новай магутнай зброяй у сучасным баі. Амерыканскія танкі былі копіямі англійскага Mark V і французскага «Рэно» — удалых канструктарскіх рашэнняў французскіх і англійскіх інжынераў. Італьянскія танкі таксама ўяўлялі з сябе копію танка «Рэно».

Германія, няглядзячы на першапачатковую крытыку ў адрас новых баявых машын, стварыла ўласны танк маркі А-7, канструкцыі інжынера Фольмера.

Гаворачы аб танках часоў Першай сусветнай вайны, нельга не сказаць некалькі словаў аб умовах, у якіх прыходзілася працаваць першым танкістам. У адрозненні ад танкаў часоў Другой сусветнай, яны звычайна мелі даволі шматлікія экіпажы, месца для якіх усё адно было вельмі мала. Канструкцыя англійскага Mk-I прадугледжвала экіпаж з 8 чалавек, якія павінны былі змясціцца літаральна на трох квадратных метрах унутранай прасторы. Нямецкія ж A7V мелі яшчэ горшыя ўмовы — экіпаж з 18 чалавек, якія павінны былі «ўпіхнуцца» ў амаль такі самы аб’ём. Усе танкі часоў Першай сусветнай пакутвалі на загазаванасць адсекаў для экіпажу. Вядомы выпадкі, калі танкісты хадзілі ў бой у працівагазах, бо інакш немагчыма было дыхаць. Тэмпература ў машынах Mk-I, а таксама ў лёгкіх «Уіпетах» пасля некалькіх гадзін руху ўздымалася да +40ºС… +60ºС, а інструменты, дзяржанні прыбораў і рухавікі награваліся да апёканебяспечнай тэмпературы.

19
{"b":"665598","o":1}