Литмир - Электронная Библиотека
Содержание  
A
A

Якім жа чынам Несцераў тараніў аўстрыйскі самалёт? Ён схібіў і не патрапіў па краі апорнай плоскасці, як збіраўся. Удар прыпаў на сярэдзіну «Альбатроса», пры гэтым колы патрапілі пад верхнюю плоскасць, а вінт і матор ўдарылі зверху. Удар быў да такой ступені моцным, што тонкасценны вал, на якім трымаўся рататыўны матор «Гном», пераламіўся. Матор адарваўся і ўпаў. Удар шасі, у сваю чаргу, быў параўнальна слабым, таму што розніца ў хуткасцях самалётаў была невялікай і «Маран» тараніў «Альбатрос» па накірунку руху.

Такім чынам, Несцераў піхнуў аўстрыйца, спыніўся і пачаў падаць, а той некаторы час працягваў ляцець проста.

Вось такі сумны подзвіг здзейсніў Несцераў. Адважны лётчык загінуў па-геройску. Але для чаго гэта было патрэбна?

Каб залагодзіць штабнога пацука Бонч-Бруевіча, які ў будучыні напіша пра тое, як моцна любіў Несцерава? Шкада Несцерава, шкада Разэнталя, як і Франца Маліну. Дзеля чаго загінулі гэтыя выдатныя і смелыя людзі? Дзеля аднаго дурня ў пагонах? Менавіта пра такіх паркетных генералаў, як Бонч-Бруевіч, у арміі казалі «Пяцьдзесят год у страі — ніводнага дня ў баі». На працягу ўсёй сваёй кар’еры — і пры цары, і пры бальшавіках — Бонч-Бруевіч займаў штабныя пасады і за ўвесь час службы так і не паўдзельнічаў ні ў адным сапраўдным баі, з ран атрымаўшы толькі гемарой. Ён справакаваў Несцерава на самагубчы палёт: трымай слова расійскага афіцэра, ідзі і выконвай! Пры гэтым сам генерал Бонч-Бруевіч пазней пісаў ў сваёй кнізе «Уся ўлада Саветам», што «налёты варожай авіяцыі ў той час нікога асабліва не пужалі. Авіяцыя больш займалася разведкай, бомбы кідалі рэдка…» Цікава адзначыць, што вайсковы міністр генерал Уладзімір Сухамлінаў у 1915 годзе непрыхільна ставіўся да Бонч-Бруевіча і яго намесніка Лукірскага, якога называў «вялікай дрэнню», лічачы, што першы патрапіў пад яго ўплыў.

Але Сакалоў лічыў, што загінуў Несцераў усё ж не дарэмна. Ён піша:

Паведамленне аб таране Несцерава з гучным рэхам пракацілася па ўсім свеце, але ніхто — у тым ліку і ў нас — правільна не ацаніў яго геройскі ўчынак, які падараваў адважным лётчыкам нашай авіяцыі новую зброю ў паветраным баі. І толькі праз некалькі месяцаў, калі ротмістр Аляксандр Казакоў 18 сакавіка 1915 года на аэраплане «Маран-Ж» (таго ж тыпу, што і ў Несцерава) паўтарыў таран, усе пачалі ўсвядамляць каштоўнасць подзвігу нашага нацыянальнага героя.

Аляксандр Казакоў ударыў сваім шасі па краі крыла варожага самалёта, і той каменем зваліўся на нямецкія акопы, а герой-лётчык паспяхова спланаваў у распалажэнне нашых войскаў. Гэта быў першы паспяховы паветраны таран!

Аляксандр Казакоў — імя, у адрозненні ад Пятра Несцерава, зусім невядомае. Хто ён такі? Ён быў дастаткова аўтарытэтным у Еўропе лётчыкам, самым лепшым на 1917 год расійскім асам. На жаль, толькі за тое, што Казакоў не прыняў бальшавіцкай улады, савецкія гісторыкі выкрэслілі яго са спісаў герояў Першай сусветнай вайны, нягледзячы на тое, што лётчыкаў, лепшых за яго, на той час у Расіі не было.

Расійскія лётчыкі ў гады Першай сусветнай, канечне, на шмат саступалі французкім, нямецкім і англійскім асам, як саступалі і расійскія самалёты. Дзякуючы савецкім пісакам і такой сапраўды выбітнай асобе, як Чкалаў, склаўся ўстойлівы міф, што ва ўсе часы расійцы былі лепшымі ў свеце пілотамі, а савецкія самалёты нібыта самыя лепшыя ў свеце.

На самой справе, гэта не так. Толькі пасля Другой сусветнай вайны савецкія канструктары пачалі ствараць самалёты, якія маглі б скласці канкурэнцыю Захаду. Нават у гады Другой сусветнай лепшыя савецкія асы аддавалі перавагу амерыканскім і англійскім самалётам, таму што там была радыёсувязь і спраўна працавала тэхніка. У савецкіх жа самалётах радыёсувязь была аднабаковай: усе чулі, што кажа камандзір, але адказаць яму не маглі. Надзвычай кепскім па сваіх кандыцыях лічыўся знішчальнік Якаўлева, які міфалагізавалі савецкія гісторыкі. Як правіла, савецкія самалёты былі дрэннай якасці: у іх працякала паліва, і пілоты былі вымушаны лятаць з адчыненымі кабінамі, каб не задыхнуцца, а шасі часта не выпускалася, таму прыходзілася сядаць «на лантух», кулямёты ўвесь час закліноўвала. Ну а лепшыя савецкія лётчыкі, такія як Пакрышкін ці Кажадуб, па збітых самалётах у дзесяткі разоў саступалі лепшым нямецкім.

Самым лепшым расійскім лётчыкам Першай сусветнай вайны па колькасці збітых самалётаў ворага з’яўляўся менавіта Аляксандр Казакоў — 17 перамог (для прыкладу, лепшы сярод французаў Рэне-Поль Фонк збіў 70, а немец Манфрэд Рыхтхофен — 80 самалётаў). Пасля Казакова па «выніковасці» ў расійцаў ішлі штабс-капітан Еўграф Круцень — 15 самалётаў, і Пётр Агееў — таксама 15 перамог.

Пасля заканчэння лётнай школы са снежня 1914 года Аляксандр Аляксандравіч Казакоў, які паходзіў з сям’і дваран Херсонскай губерніі, адразу пайшоў у дзеючую армію. Спачатку ён малодшы лётчык 4-га корпуснага авіяцыйнага атрада. Першая паветраная перамога — 18 сакавіка 1915 года. У гэты дзень Казакоў і здзейсніў другі пасля Пятра Несцерава паветраны таран, у выніку якога збіў нямецкую машыну тыпу «Альбатрос», паспяхова прызямліўшыся пасля гэтага. За гэты подзвіг 27 ліпеня 1915 года ён быў узнагароджаны Георгіеўскай зброяй.

Стаўшы камандзірам авіяроты, Казакоў працягваў здзяйсняць баявыя вылеты, і ў чэрвені 1916 года падчас паветранага бою быў паранены чатырма кулямі ў руку. Сваю першую афіцыйную перамогу ў шэрагах авіягрупы ён атрымаў 8 снежня 1916 года пад Луцкам. Адзін атакаваўшы два варожыя самалёты «Брандэнбург Ц-1» з 10-й авіяроты, расійскі знішчальнік здолеў збіць адзін з бамбардзіроўшчыкаў. Аўстрыйскі пілот Йохан Кольбі быў забіты ў паветры дзвюма кулямі, якія патрапілі яму ў галаву. Назіральнік обер-лейтынант Франц Вейгель спрабаваў самастойна кіраваць машынай, але атрымаў сур’ёзныя траўмы пры пасадцы. Казакоў за гэтую бітву атрымаў ордэн Святога Георгія 4-га класа. У верасні 1917 года А. Казакоў узведзены ў званне падпалкоўніка.

З лістапада 1917 года ён камандваў 7-м авіяцыйным дывізіёнам, а ў снежні таго ж года на агульным сходзе салдатаў быў абраны камандзірам 19-га корпуснага авяцыйнага атрада.

За тры гады вайны А. Казакоў збіў 17 варожых самалётаў ў індывідуальных і яшчэ 19 — у групавых баях, і быў прызнаны самым выніковым расійскім лётчыкам-знішчальнікам перыяда Першай сусветнай вайны. У некаторых публікацыях пішуць, што ён збіў 32 самалёты асабіста, але хучэй за ўсё гэтыя аўтары аб’ядноўваюць групавыя і персанальныя перамогі Казакова.

Не жадаючы служыць чарвоным, у чэрвені 1918 года Казакоў патаемна з’ехаў у Мурманск. Калі ў жніўні 1918 года пачалося стварэнне 1-га Славяна-Брытанскага авяцыйнага атрада, Казакоў быў прызначаны яго камандзірам. Пры гэтым яму было прысвоена званне лейтынанта Каралеўскіх ваенна-паветраных сіл, а рэшта расійскіх афіцэраў (першапачаткова ў складзе атрада было 34 расійскіх пілоты, але потым іх колькасць павялічылася) была залічана ў атрад у званні шэрагоўцаў.

Падчас Грамадзянскай вайны Казакоў змагаўся на Поўначы разам з вайскамі Паўночна-карэльскай арміі (Паўночна-карэльская рэспубліка з цэнтрам ва Ухце была абвешчана 21 ліпеня 1919 года) і часткамі войскаў Антанты. У студзені 1919 года быў паранены куляй у грудзі. Увесну 1919 года Казакоў атрымлівае званне маёра Каралеўскіх ваенна-паветраных сіл Вялікабрытаніі і прызначаецца на пасаду камандзіра Дзвінскага авіяцыйнага дывізіёна.

1 жніўня 1919 года Аляксандр Казакоў загінуў, разбіўшыся проста на ўласным аэрадроме. Па агульным меркаванні відавочцаў гэтай аварыі ён такім чынам скончыў жыццё самагубствам, прыведзены ў роспач эвакуацыяй брытанскіх войскаў з Мурманска, якая пачалася за два дні да здарэння. На карысць гэтай версіі сведчаць таксама і той факт, што за некалькі дзён да гэтага Казакоў адмовіўся ад пасады камандзіра Дзвінскага авіяцыйнага дывізіёна, а за два дні да гібелі — ад прапановы эвакуірвацца ў Вялікабрытанію. Пахавалі Аляксандра Казакова на могілках ля царквы ў селе Дзвінскі Бярэзнік у 250 км на поўдзень ад Архангельска. На надмагільнай пліце сябры высеклі два скрыжаваных прапелеры, а на белай досцы вывелі надпіс: «Лётчык Казакоў. Збіў 17 нямецкіх самалётаў. Мір праху твайму, герой Расіі».

15
{"b":"665598","o":1}