Литмир - Электронная Библиотека
Содержание  
A
A

Дарэчы, ідэя паветранага тарана ў Несцерава з’явілася яшчэ да вайны. Ён любіў самалёты, умеў лятаць і вельмі перажываў за лёс расійскага паветрнага флоту. Яго сябра, а таксама адзін з першых расійскіх пілотаў Віктар Сакалоў прыгадвае:

Несцераў таксама ні на хвіліну не забываў аб адказнасці, якая ляжала на нас, маладых ваенных лётчыках, якім даводзілася самім думаць аб ужыванні авіяцыі ў будучай вайне. Стаўленне ж генеральнага штаба царскай арміі да гэтага пытання было ў значнай ступені легкадумным.

Я добра памятаю адну гарачую прамову Пятра Мікалаевіча на нашым афіцэрскім сходзе.

«Мы бачым, што нас пакінулі на волю лёсу, — з хваляваннем казаў ён. — Ніякіх інструкцый, ніякіх указанняў мы не атрымліваем. Як будзе ўжыта авіяцыя ў будучай вайне, набліжэнне якой відавочна адчуваецца, дакладна ніхто не ведае, і нікога гэта не турбуе. Але, калі аб авіяцыі не думае той, хто павінны гэта рабіць, адказнасць за падрыхтоўку да вайны кладзецца на нас. Мы не маем права сядзець склаўшы рукі…»

Гэта праўда, расійская авіяцыя плялася ў хвасце ў іншых краін, такіх як Вялікабрытанія, ЗША ці Германія як падчас Першай, так, што заўжды хавалі гісторыкі, і падчас Другой сусветнай вайны, калі ў савецкіх самалётаў не было нават радыёсувязі (што, дарэчы, кінематаграфісты ніколі не ўлічваюць), калі шасі не выпускалася, а кабіны былі вымушаны пакідаць адчыненымі з-за непрыемнага паху паліва.

І вось, Несцераў трэніраваў асабовы склад свайго 11-га корпуснага авіяцыйнага атрада, па магчымасці штучна ствараючы ўмовы ваеннай абстаноўкі. Ён распрацоўваў правілы карэктавання артылерыйскага агню з самалёта і працаваў над тактыкай паветранага бою.

Перад вайной і ў першы яе перыяд лётчыкі і разведчыкі былі ўзброены толькі пісталетамі Маўзэра. Несцераў, у сваю чаргу, актыўна шукаў спосаб выкарыстаць самалёт у якасці баявой зброі. Ён думаў аб падвешанай на доўгім тросе бомбе, якую можна было б выкарыстаць для знішчэння дырыжабляў праціўніка. Ён спускаў з хваста тонкі медны дрот з грузам, каб, перарэзаўшы дарогу варожаму самалёту, разбіць яму вінт. Ён прыладжваў да хваста самалёта пілападобны нож з разлікам на тое, каб пры яго дапамозе ўспарваць абалонкі дырыжабляў і назіральных паветраных шароў… Нарэшце, яго думка спынілася на таране, як найбольш надзейнай зброі ў паветраным баі таго часу.

Далей Сакалоў прыгадвае трэніроўкі Несцерава:

Калі ў раёне горада Гадзяча, дзе стаяў 11-ы авіяцыйны атрад, з’явіўся «непрыяцельскі» самалёт («Фарман-VII», на якім ляцеў паручнік Гартман), Пётр Мікалаевіч, узняўшыся ў паветра, «атакаваў» яго. Карыстаючыся перавагай у хуткасці («Ньюпар» разганяўся да 100 кіламетраў на гадзіну, у той час як «Сямёрка» — толькі да 80-ці), Несцераў пачаў раз за разам пераразаць шлях «праціўніку», прымушаючы яго збочваць з дарогі. Пасля чацвёртай «атакі» Гартман прыгразіў Несцераву кулаком і паляцеў назад, не выканаўшы разведку.

Калі Пётр Мікалаевіч прызямліўся, яму нехта сказаў, што такая атака магчыма толькі ва ўмовах мірнага часу, а на вайне такія манеўры на ворага наўрад ці падзейнічаюць. Несцераў задумаўся і потым упэўнена адказаў:

— Яго можна будзе ударыць зверху коламі…

І вось кожны дзень зраніцы над Жоўкіевам пачаў з’яўляцца аўстрыйскі біплан. Ён рабіў над горадам кола і сыходзіў назад. У штабе нерваваліся, мы, лётчыкі, таксама. Але як можна было спыніць гэтыя рэгулярныя палёты аўстрыйца? Зброі ж у нас ніякай не было. Тым не менш, некаторыя афіцэры генштаба, якія служылі ў штабе 3-й арміі, лічылі, што мы павінны зрабіць немагчымае — спыніць палёты аўстрыйскага разведчыка. Асабліва настойваў на гэтым генерал-кватэрмейстар арміі генерал-маёр М. Бонч-Бруевіч, які адказваў за разведку і контрразведку і па родзе службы знаходзіўся ля лётчыкаў.

У 1957 годзе выйшла кніга М. Дз. Бонч-Бруевіча з пафаснай назвай «Уся ўлада Саветам», у якой ён, апавядаючы пра гібель Несцерава, піша:

Мы даўно ведалі адзін аднаго, і мне гэты авіятар, якога відавочна абмяжоўвала афіцэрскае званне, быў больш чым сімпатычны.

Зрэшты, пазней знайшлося шмат людзей, якія быццам служлі разам з Несцеравым і ведалі яго асабіста. Сакалова такія нахабнікі, што спрабавалі пагрэцца ля «вогнішча» славы знакамітага чалавека, заўжды раздражнялі.

Сакалоў аб «сяброўстве» Несцерава з Бонч-Бруевічам піша так:

З боку не бяруся меркаваць аб ступені сімпатыі Бонч-Бруевіча да Несцерава, але афіцэрскае званне ніколі не абцяжарвала Пятра Мікалаевіча. Хто-хто, а мы, саслужыўцы і сябры, заўважылі б гэта раней за кагосьці іншага. Я асабліва запомніў размову Бонч-Бруевіча з групай лётчыкаў у вестыбюлі Жолкіеўскага замка, дзе размяшчаўся ў той час штаб 3-й арміі, увечары 25 жніўня 1914 года. З лётчыкаў прысутнічалі: з 11-га атрада — Несцераў, Перадкоў і Каванько, які напярэдадні прыбыў з атрад; з 9-га атрада — Вайткевіч і я. Мы выходзілі з аддзела разведкі і сустрэлі Бонч-Бруевіча, які спыніў нас. Размова хутка набыла звычайны накірунак: Бонч-Бруевіч пачаў папракаць нас у недобрасумленным стаўленні да працы, у тым, што мы прыдумляем разнастайныя нагоды, каб не лятаць, у той час як аўстрыйцы лятаюць штодзённа. Мы, ведаючы, што камандуючы арміяй генерал Рузскі нашай працай задаволены, — аб чым ён неаднаразова казаў, — адмоўчваліся, але Пётр Мікалаевіч не вытрымаў і пачаў пярэчыць. Падчас спрэчкі генерал Бонч-Бруевіч, зазначаючы рэгулярныя палёты аўстрыйца — гэта быў Розэнталь, — сказаў:

— Вось лятае, а вы толькі вушамі хлопаеце і на яго глядзіце.

— А што мы можам зрабіць?

— Напасці на яго!.. Даць бой!.. Мы на вайне, а не на манеўрах!

— Але ў нас няма зброі, што зробіш з адным пісталетам Маўзэра?

— Гэта ўсё адгаворкі!.. Трэба прыдумаць спосаб атакі. А вы поста баіцеся! Не хочаце рызыкаваць!

Несцераў запаліўся:

— Добра! Мы прымем меры і спынім палёты аўстрыйца.

— Якія ж гэта меры вы прымеце? — з кпінай спытаў Бонч-Бруевіч. — Гэтыя ж словы толькі для блізіру. Хіба я магу вам паверыць!

— Я даю Вам слова гонару рускага афіцэра, што гэты аўстрыец больш не будзе лятаць! — усклікнуў глыбока абражаны Несцераў.

— Як жа гэта? Што Вы мяркуеце ўчыніць?.. Памятайце, капітан, словам афіцэра нельга кідацца легкадумна!

— Я ніколі не даваў нагоды падазраваць сябе ў легкадумнасці. Дазвольце ісці?

— Добра-добра, паглядзім… Можаце ісці!

Канечне, я не магу паручыцца за кожнае слова тэкстуальна, але змест памятаю цвёрда, а фраза Бонч-Бруевіча: «Гэтыя ж словы толькі для блізіру. Хіба я магу вам паверыць!», ганарлівы адказ Несцерава: «Я даю Вам слова гонару рускага афіцэра, што гэты аўстрыец больш не будзе лятаць!» і ўсё заканчэнне размовы па зразумелых прычынах глыбока ўрэзаліся ў маю памяць.

Мы выйшлі з замка і адразу накінуліся на Несцерава.

Асабліва моцна напіраў на яго «Вожык» — Каванько.

— Як ты мог даваць такое абяцанне? Я ж ведаю, што ты хочаш тараніць аўстрыйца. Ты ж загінеш… Ведаеш гэта? Мы яго атакуем удваіх. Зробім выглад, што хочам тараніць зверху, прыціснем да зямлі і прымусім сесці!

Мы ўсе падтрымалі Каванько. Пётр Мікалаевіч спрачаўся, сцвярджаючы, што можна, набраўшы вышыню над аўстрыйцам, рэзка на яго спікіраваць і ўдарам шасі абламаць яму крыло. Але ўрэшце рэшт пад нашым напорам Несцераў здаўся і сказаў:

— Ну, добра, Саша, паляцім разам.

Наступным ранкам аўстрыйскі аэраплан зноў з’явіўся над Жоўкіевам. Несцераў і Каванько падняліся ў паветра і распачалі пагоню, але ў першага на ўзлёце абарваўся трос з грузам, якім той хацеў разбіць вінт аўстрыйца, а потым пачаў даваць перабоі матор. Пётр Мікалевіч сеў. Следам прызямліўся і Каванько. Несцераў загадаў тэрмінова адрамантаваць матор, а сам сеў у аўтамабіль і паехаў у казначэйства арміі, дзе атрымаў грошы на патрэбы 11-га атрада.

Калі ён вяртаўся ў канцылярыю атрада, размешчаную побач з аэрадромам, у паветры з’явіўся аўстрыйскі самалёт, які рабіў ужо другую разведку. Несцераў пад’ехаў на аўтамабілі проста да «Марана», каля якога ўжо чакаў Каванько, і хутка сеў у самалёт. Каванько хацеў заняць месца назіральніка, але Пётр Мікалаевіч сказаў яму:

— Не трэба, Саша, я палячу адзін.

— Але што ты збіраешся зрабіць? Вазьмі хаця б браўнінг, — сказаў Каванько.

— Нічога, і без яго спраўлюся, — адказаў Несцераў і ўзняўся ў паветра.

13
{"b":"665598","o":1}