Хутка разышліся ўсе, толькі Яшка корпаўся каля сценкі і прыладжваў на цвік абарваны лозунг. Каведла азірнуў усю залу, падлогу, на якой валяліся недакуркі, агрызкі яблыкаў, недаедкі ад гуркоў. Ад некаторых недакуркаў падымаліся яшчэ цянюткія палоскі дыму, завіваліся ў празрыстыя пярсцёнкі, а пасля расплываліся, рабіліся шырэйшымі і павісалі над залай шчыльнай і шэрай заслонай. Пахла яшчэ потам, кажухамі, дыханнем згруджаных цел, юхтай, дзёгцем і свежым холадам, які клубамі пары рос і расплываўся па падлозе ад адчыненых дзвярэй.
- Ну, Яшка, давай вось праветрым клуб, адчыні яшчэ хворткі, а пасля - да мяне, пагамонім крыху...
* * *
Анатоль Іванавіч доўга не клаўся спаць. Усё хадзіў па сваім пакоіку і бесперастанку курыў. То садзіўся за рабочы стол і пачынаў пісаць. Пісаў і, не закончыўшы, рваў на шматкі спісаныя лісточкі...
- Не разумею, ніяк не дабяру да толку. Звычайнага ліста не напісаць, ды на што гэта падобна? Не... Лячыцца трэба, паважаны Анатоль Іванавіч, шанаваны дырэктар завода... якога не слухаюцца. Дырэктар, якога перамагае сапляк, блазан... Дырэктар, з якога смяюцца, якога зневажаюць, які атарапеў перад прамасленай кепкай. Звычайнай дзіравай кепкай. Дырэктар. Бліскучы Жорж Граеўскі, перад якім пасцілаліся ў брудзе і пылу непакорныя транты. Жорж Граеўскі... Адно імя ледзяніла кроў у іхніх жылах, і сціналіся ў жудасным страху хамскія сэрцы. Жорж... Але ж гэта... жарты... такія мілыя жарты. Пры чым Жорж? Пры чым Граеўскі, калі я - дырэктар... Анатоль Іванавіч Гарашчэня. Трыста чалавек рабочых. Ды каб не слухаліся мяне, партыйца? Пачакайце ж... Я пакажу, што значыць працоўная дысцыпліна, я пакажу, што значыць зрываць рабочыя сходы, займацца дэмагогіяй, кампраметаваць адміністрацыю, таптаць у гразь заўком... Мы яшчэ паглядзім... памераемся - хто каго?!
Анатоль Іванавіч зноў сеў за стол і, старанна абдумваючы кожнае слова і кожны выраз, пісаў ліст у райком, дзе прасіў адклікаць Каведлу, які «не спраўляецца са сваёй працай і, акрамя таго, паступова разлагаецца, робіць дрэнны ўплыў на рабочую моладзь і, у прыватнасці, на камсамольскую арганізацыю завода. Інтарэсы завода, інтарэсы правільнага камуністычнага выхавання рабочых мас патрабуюць самай выразнай класавай лініі ў працы па палітычна-культурнаму абслугоўванню і бальшавіцкай вытрыманасці, бальшавіцкага гарту працаўнікоў гэтае катэгорыі. Спадзяюся, што райком выканае маю просьбу - просьбу не адміністратара толькі, а просьбу партыйца, старога бальшавіка, - і камандзіруе да нас больш адпаведнага таварыша...»
- Та-а-к... Ну, цяпер пабачым, хто каго... Трэба вось і да другіх некаторыя меры ўжыць, занадта распусціліся... Ну, ды гэта ўжо загадам па заводу.
А аднекуль з захаваных таямніц душы ўзнімалася і настойліва, упарта свідравала мозг палахлівая думка: «Анатоль Іванавіч, глядзі, каб не спатыкнуўся...» Хацелася абысці гэтую думку, забыцца на яе, адгарадзіцца будзённымі клопатамі, штодзённымі справамі... І не мог... Думка апаноўвала мозг, не давала спакою і навісала свінцовым цяжарам.
«А ці не паехаць часам куды? Ці не папрасіць аб пераводзе ў другую акругу... Так... трэба ў самым хуткім часе перабрацца далей куды-небудзь... Далей ад гэтага месца, ад гэтага абрыдзеўшага завода».
Мучыла бяссонніца. Налівалася свінцом галава, і здавалася, што цяжэй яна ад усяго цела, цягне вось, перацягвае тулава ў бяздонныя глыбіні, дзе ні святла, ні цеплыні, ні гуку.
Сон быў неспакойны. Мучылі страшныя сны. Абуджаўся і, абліваючыся халодным потам, палахліва пазіраў на змрочную столь, на палоску шэрага свету між аканіц, старожка прыслухоўваўся да кожнага шолаху, да кожнага ледзь чутнага гуку ночы. Вось, здаецца, варушыцца нешта на чорнай сцяне, белыя рукі цягнуцца і калышуцца ў начным змроку, і на іх - пальцы. Вострыя, гнуткія пальцы. Вось дакранаюцца, халодныя і ліпучыя, да шыі, да гарачай шчакі.
З крыкам падскоквае Анатоль Іванавіч на ложку і поўнымі жудасці, шырока адчыненымі вачмі ўзіраецца ў цемрадзь пакоя. Белы ручнік вісіць на сцяне, цікае на стале гадзіннік, дзесьці ў шалёўцы сцяны цікае нехта другі, нібы схаваны гадзіннік у тонкіх дошках, і цікае ён там без усякага парадку, на хвіліну-другую змаўкае, потым пачынае зноў... І здаецца, нібы вечнасць схована ў шэрых сценах і цячэ яна адтуль паволі, марудна, непрыкметнымі маленькімі і жудаснымі ў сваёй малечы, нябачнымі секундамі... Паспрабуй скласці з іх гады, стагоддзі...
«Мусіць, шашаль завёўся...» - думае заспакоены Анатоль Іванавіч.
І роўнымі, плаўнымі тактамі пачынае біцца сэрца, гоніць цёплую кроў, агортвае салодкай дрымотаю стомлены мозг.
Да самае раніцы гарэў свет у Каведлавай баковачцы. На рагу стала на пасланай газеце раскіданы былі рэшткі ад каўбасы, кавалачак абаранка, некалькі абрэзаных скарынак хлеба. Тут жа стаяў вышчарблены чайнік, і на закрыўцы яго, у бісерных кропельках вады, пералівалася святло ад электрычнай лямпачкі, падцягнутай ніткаю да аконнай клямкі.
Дзве шклянкі з недапітай гарбатаю стаялі пасярод стала, іх прапацелыя гранёныя бакі неяк па-сіроцку і непрытульна блішчалі над сталом, заваленым кніжкамі, газетамі, з замурзанай чарнільніцай і кавалкам сырцовага шкла, на якім ляжала асадка і некалькі алоўкаў.
На процілеглай сцяне варушыўся доўгі, аж пад самую столь, нязграбны цень, і калі нагінаўся Каведла над сталом, цень горбіўся, сцінаўся, лажыўся на падлогу, і тады сцяна рабілася нібы больш шырокаю і прасторнаю, настойліва лезла ў вочы белізной і чыстатой свае афарбоўкі.
Каведла пераглядзеў ужо часопіс па радыё, перагартаў некалькі кніжак, дастаў сшытак са сваімі малюнкамі і рознымі чарцяжамі, якія ён старанна хаваў ад чужога вока, каб не накпіў хто з яго «слабасці» - дарослы чалавек і, на табе, такім глупствам займаецца, у малюначкі ўбіўся. Завастрыў аловак, але хутка паклаў яго на месца, схаваў сшытак...
Ні кніжкі, ні малюнкі, ні навіны радыё - нішто не захапляла, нішто не прыцягвала цяпер так, як раней. Думкі вярцеліся на адным і тым жа месцы:
«Што ж выйдзе? Што будзе? Але ж добра гэта мы напісалі, павінны, здаецца, дапамагчы... А ўсё ж ткі... сход сарвалі...»
Зноў закрадваецца сумненне: «Ці правільна вось толькі? Вядома, правільна, хто скажа другое?.. Дый сляпым трэба быць, каб нічога не бачыць. Іначай і быць не можа. Толькі б вось хутчэй».
І Каведла ў чацвёрты раз перачытвае напісаны ліст у акругком. Кожнае слова абдумвалі ўдвух, доўга спрачаліся, з чаго пачаць, на чым канчаць, што асабліва падкрэсліць.
«Так... добра напісана, здаецца, нічога не забыліся... А калі і прапусцілі што, дык толькі бяды - пасля раскажам. А іначай няможна. Аднаму цяжка адразу. Што ж Яшка... Ён хлапец яшчэ вельмі зялёны, другіх цяжка ўзняць».
* * *
Снег яшчэ не ўкрыў зямлю. Толькі дзе-нідзе па межах, каляінках, па калдобінах намяло яго ветрам у невялічкія пухкія гурбы, зацярушаныя зверху пяском. І скрозь гэтыя гурбы тырчаў і шчацініўся ржэўнік, сумна пазіралі счарнелыя цырбуны быльнягу. Снег быў жоўты і брудны. І хацелася думаць, што няма яшчэ зімы, што далёка яшчэ ад нас маразы, далёка яшчэ час, калі зарыпіць пад нагамі і заблішчыць пад месяцам наезджаная дарога.
Але гулка аддаваліся крокі - зямля прамерзла, наморшчылася і згрудзілася дарога. Па ёй цяжка цяпер ісці каню - асцярожна стукае ён някутым капытом і не хоча ісці трухой. Гулка тарабаняць калёсы, і балюча ўздрыгваюць драбіны.
«Мусіць, у мястэчка нехта едзе, - мімаволі думае Валя. - Але што з таго, што едзе... Ці мала ў чалавека спраў якіх? Трэба - і едзе. Вялікі мне клопат».
Валя ідзе па абочыне дарогі, старанна выбіраючы раўнейшае месца, абыходзіць намёты, ідзе не спяшаючыся. Часам спыніцца на хвіліну, азірнецца назад, дзе з-за разгалістай хвоі відаць стромкі дымар завода. З дымара цягнецца дым і расплываецца празрыстаю шэраю хмаркай над лесам, над мачулінскім полем і нікне дзесьці ў змрочным вячэрнім даляглядзе.