Литмир - Электронная Библиотека
Содержание  
A
A

- Ды ці хутка мы дапаўзём, урэшце, чорт бы браў гэтую праклятую дарогу?..

- А ты не спяшайся... Ту-у-ды... заўсёды дапнём... - І дзед Астап цяжка прадзіраўся праз сумёты, праз густыя лесавыя зараслі.

Неўзабаве яны выбавіліся на шырокае балота. Дробныя хвойкі, куп'ё, лазнякі ды чараты, чараты, як акінуць вокам. Насоўвалася ноч. Ісці стала вальней. Завея павыдзьмула снег да самага льду, да прамёрзлай зямлі. Але сіберны вецер валіў з ног, пранізваў да касцей сваім лютым подыхам. Людзі прыпынілі чалавека з перавязанай рукой і дзеда Астапа, аб нечым пыталіся ў таго чалавека, пыталіся па-свойму, па-нямецку. Адзін, відаць, з нейкага начальства, строга дапытваўся ў чалавека і нешта паказваў на Астапа. Тыя, што згрудзіліся, цёрлі вушы, пабялелыя шчокі, спрытна падскаквалі, каб сагрэцца як на гэтай сібернай выдзьме. Дзед Астап зорыў вокам за імі з-пад заснежаных брывей, і ледзь прыкметная ўсмешка схавалася за марозным інеем вусоў. Чалавек з перавязанай рукой звярнуўся да яго:

- Яны пытаюцца...

- Хто - яны?

- Ну, нашы... пытаюцца, ці не заблудзіўся ты?..

- Скажы: не...

- Яны яшчэ пытаюцца, ці няма дзе месца заначаваць...

- Няма...

- І ці доўга ісці?

Астап задумаўся на хвіліну, адказаў:

- Скажы: нядоўга... Яшчэ з паўгадзіны, не болей...

Чалавек з перавязанай рукой глядзеў на яго халодным, пранозлівым позіркам. На яго пабялелым твары перакатваліся жалвакі, і ўвесь ён стаў нейкім вострым:

- Ты-ы... не брэшаш мне часам, чорт стары?

- Што ты, душа ласкавая... Навошта ж мне брахаць... Калі не вераць, няхай самі ідуць... Вялікі то мне інтарэс гібець тут з вамі... Так і скажы гэтым самым... вашым...

- Ты мне дурнем не прыкідвайся... Глядзі ў мяне!.. - ужо зусім сурова выціснуў з сябе чалавек і грозна замахаў кулакамі перад самым дзедавым носам. Куды падзелася і перавязка, адляцела і перавязь, на якой вісела недалужная рука. - Скуру здзяру, калі што, вось гэтымі самымі рукамі... Глядзі...

- Што ж мне глядзець? Не люстра ты, бачу... Але ж хутка і рана твая загаілася, чалавеча...

Той маўчаў. Ішлі далей. Пачынала цямнець. Зусім прыстаў дзед Астап, падгіналіся каленкі ад доўгай дарогі. Ён звярнуўся да чалавека з загоенай рукой:

- Слухай ты, ласкавая душа! Спытацца ў цябе вось хачу.

- Ну...

- Ты ж наскі чалавек, вядома? Гаворыш вось па-расейску. Нашых крывей чалавек?

- А табе што?

- Ды мне нічога... А проста я спытаць цябе хачу: чаму гэта ты схуднеў так? Ці гэта ад харчу? Відаць, заслабы ён у цябе... твой харч... Ці мала плацяць гэтыя... вашы?..

- Ты што вярзеш? - цягнуўся да Астапавай барады чалавек і тросся, як у ліхаманцы, бледны, утрапёны.

- А ты не трапыхайся... Не твая барада - не твой клопат... Я хачу з табой спакойна пагаварыць. Мне ж цікава... Колькі чалавек крыві выпівае, а ўсё худнее... З чаго б тое? Дык скажы ты мне, ласкавы чалавек, пачым плацяць табе ад душы? Ад старэчай, дзіцячай? Ці за ўсіх бярэш разам?..

Чалавек цягнуўся да горла старога, але Астап, які дужаў мядзведзяў у маладыя гады, лёгка адпіхнуў яго, прытрымліваючы за руку, і ўсё папракаў:

- Вось не хочаш ты гаварыць са мной, адказваць... Жыцця ты майго хочаш, крыві маёй прагнеш, блыха сабачая! Заслаб ты для гэтага, заслаб. З натугі лопнеш, а мяне табе не ўзяць... Падохнеш ты сабакам, і яны падохнуць, падохнуць, голуб, не дзе дзенуцца... Ты падушыў з імі ўнукаў маіх... дзетак маіх... Але ж сыны мае б'юць вас, пляменнікі б'юць, народ вас б'е... Душу маю абмануў ты, залез у яе са словам жаласлівым... Ну, ну, ну... не крычы-ы... ты ў мяне... не выслізайся вужакай... Нікуды не ўцячэш, і яны табе ўжо не дапамогуць... А я ж не дапушчу цябе да смерці чалавечай... Госпадзі, благаславі!

Паляўнічы нож, які заўсёды насіў з сабой стары ляснік, спрытна слізгануўся ў руках Астапа, і «ласкавая душа» завалілася, храпучы, на купіны, дзе дзьмула, завывала шалёная пазёмка.

Дзед Астап ступіў колькі крокаў да невялічкай хвойкі, якая цямнелася наперадзе ў сірочай самоце, і тут яго акружылі, наваліліся, як зграя галодных ваўкоў. Ён памёр ціха, маўкліва, прыняўшы смерць, як урачыста споўнены доўг свой перад людзьмі.

Завея дзьмула ўсю ноч, увесь дзень і пазамяла да вясны ўсе сляды на балоце. І доўга яшчэ вясной ды і летам знаходзілі партызаны трупы людзей у парваных шынялях, у лахманах, пад якімі былі дабротныя мундзіры, а на іх часам і афіцэрскія пагоны. Гэтых людзей ніхто не біў, не рэзаў не страляў. Яны перамерзлі самі ў тую завейную ноч, калі разбрыліся па балоту, па лесе, шукаючы выйсця з марознай магілы...

* * *

Калі вывозілі цела дзеда Астапа, хлопцы хацелі прывезці і труп чалавека з нажом, але адзін з іх пазнаў у гэтым чалавеку начальніка акруговай паліцыі... Яшчэ раней былі чуткі, што гэты душагуб і кат знік бясследна, але ніхто не мог дакладна сказаць, пры якіх абставінах і дзе адбылася такая падзея.

Па нажу партызаны пазналі, хто дапамог ім пазбавіцца ад гэтага вылюдка.

Рэшткі душагуба пакінулі на балоце.

* * *

Стаяў пагожы вясновы дзень, калі хавалі дзеда Астапа. Сонца ўгравала вяршыні стромкіх соснаў, прыгравала ўзгоркі, палянкі, і чорныя праталіны ля зямлянак партызанскага лагера курыліся парай. Труна нябожчыка стаяла на высокім памосце, упрыгожаным яловымі лапкамі. Дзед ляжаў маўклівы, суровы, углядаўся тварам у празрыстую вышыню, дзе, здавалася, вось-вось запяюць першыя жаўранкі, светлыя госці вясны.

Навокал стаялі, паздымаўшы шапкі, людзі. Усхліпвалі жанчыны. Затуманіліся, зажурыліся дзяўчаты з дзеразовымі вянкамі на руках. Пахмурна і ўрачыста выглядалі хвацкія хлопцы з пачэснага каравула.

Развітацца з дзедам прыехаў камандзір атрада. Каржакаваты, прысадзісты - гнуліся ступенькі пад ім, калі падымаўся ён на памост, - камандзір падышоў да дзедавай труны, сумна паківаў галавой:

- Рана, Астап, ты выбраўся ў дальнюю дарогу... Рана... Ды нічога ўжо не зробіш... Слаўна ты жыў... Слаўна памёр за людзей нашых...

Адгрымеў развітальны салют з вінтовак.

Дзеда пахавалі на ўзбярэжжы пад вялікай разгалістай хвояй.

Адсюль відаць шырокі разліў ракі, бязмежныя лугі і палі на тым беразе. Неабсяжныя бары сцерагуць вечны спакой чалавека. А калі вышэй узнімаецца сонца на небе, расцвітаюць навакол лесавыя краскі і першая з іх - дзівосны сон баравы. Калі адцвітае яна - пяшчотна-сіняя сцюдзёная краска, - тады жыццё адкрывае ўсе вокны, усе дзверы ў лясах, зелянеюць лугі, выкідваецца клейкі ліст на бярозе, першыя травінкі, былінкі прашываюцца праз леташні ліст, і ў зялёнай цвецені вясны пачынае запяваць сваю спрадвечную песню дзівосная птаха зязюля.

1943

Падарунак матцы

Да Каляд заставалася месяцы са два. Як і ў кожнай амерыканскай сям'і, рыхтаваліся да свята і ў сям'і Элаізы Ройшад. Свята Каляд, ці, як называюць яго ў Амерыцы, Кісмас, - гэта час, калі ўсе пасылаюць адзін аднаму пісьмы з найлепшымі пажаданнямі і падносяць узаемныя падарункі. Падарункі, вядома, могуць быць розныя. Гэта ўжо ў залежнасці ад матэрыяльных магчымасцей таго, хто дарыць. Улічваюцца, зразумела, і патрэбнасці, і тыя ці іншыя густы асобы, якой падносіцца падарунак.

Элаіза Ройшад марыла падарыць свайму жанатаму сыну добры світэр і, зразумела, нязменную ў такіх выпадках святочную пляшку віскі. Нявестцы яна думала купіць модную брошку, а дзвюм малым унучкам па сукенцы і каробцы цукерак. На большае маці не магла разлічваць, бо яна служыла ў адным з універсальных магазінаў і зарабляла не так ужо багата.

Сын Сузан таксама думаў пра падарунак маці. Але пра свае планы ён не гаварыў нікому і нават не дзяліўся імі са сваёй жонкай, калі тая спрабавала закінуць слова-другое пра недалёкі Кісмас. Ва ўсякім разе яна не забывалася сказаць яму, каб ён дужа не раскашэльваўся на такія справы, бо маці як-ніяк і сама зарабляе, ды к таму ж зарабляе крыху больш, чымся сам ён, які займаў невялічкую тэхнічную пасаду на кансервавым заводзе. Сузан надзімаўся ў такіх выпадках і даволі няветліва адказваў:

29
{"b":"555765","o":1}