- Ану, круці да берага! Ды шпарчэй! А то галаву знясу!
Стрэл нарабіў перапалоху. За дзедам кінуўся афіцэр. Перапалохаліся салдаты. І ўжо гатоў быў афіцэр выстраліць у дзеда, як з правага берага раздаўся дружны залп. Потым яшчэ і яшчэ. Толькі пырскі ўзняліся ля бартоў - партызаны стралялі так, каб не параніць Міколку і дзеда. Стары генерал як стаяў, так і сеў на лаўку, і падняцца не мог, прыліп ад страху. Прыніклі салдаты да кулямётаў, але тут раздаліся залпы з левага берага. Салдаты кінулі зброю і пабеглі хавацца.
Прачнуўся народ на параходзе, пачалася несусветная сумятня. Істэрычна крычалі пані і паненкі, выскачылі паны на палубу. Некаторыя ад страху перад партызанамі кідаліся за борт у ваду. Толькі нямецкі афіцэр паспрабаваў яшчэ абараняцца, прыпаў да кулямёта. Але не паспеў ён зрабіць па беразе і дзесятка стрэлаў, як адцягнуў яго дзед ад кулямёта.
А параход, ткнуўшыся носам сюды і туды, паволі падплываў ужо да берага. Людзі на параходзе стаялі з паднятымі ўгору рукамі. З берага неслася моцнае «ўра». Адтуль віталі дзеда, віталі з перамогай слаўнага Міколку.
Праз якую хвіліну параход прыстаў да берага. Яго прывязалі канатамі, паклалі дошкі на бераг, пачалі высаджваць палонных. І чаго тут не рабілася толькі. І крыку было, і панскіх вобмаракаў, і просьбаў, і паклонаў, і слёз. Яшчэ ўчора такія гордыя і грозныя, сёння кідаліся паны на калені перад Сёмкам-матросам, перад дзедам, перад Міколкам. Сёмка-матрос дзяліў палонных на дзве кучкі. У адну адсылаў жанчын, старых і маладых паненак, старых паноў і афіцэраў, камандаваў:
- Ану, мадамы ды старыя сіяцельствы, айда налева.
А маладзейшых адбіраў у меншую кучку. Тут былі заўзятыя ворагі бальшавікоў. Людзі, якія вербавалі сілы для гетмана. Людзі, якія ездзілі ў савецкую Расею па контррэвалюцыйных справах, якія прадавалі Расею сусветнай буржуазіі. Міколка ведаў, што чакае гэтых людзей, і ніколькі не шкадаваў іх, калі партызаны павялі іх у лес, у лагчынку.
Яго больш зацікавіла гісторыя з генералам. Той ад страху страціў усякую прытомнасць, і як сеў на лаўку, так і прыліп да яе.
Зірнуў на генерала Сёмка-матрос, а ў генерала і каленкі затрэсліся. Аж плюнуў тут Сёмка-матрос:
- Ну і абломак імперыі, да чаго ж палахлівы!
Паглядзеў на генерала і Міколка. Успомніў пра «бачушку-чара» і пра «шупаштатаў». Хацеў нешта грознае сказаць, але махнуў рукой і, пераймаючы Сёмкавы манеры, таксама плюнуў паважна і адышоўся ўбок.
- Што ж з генералам рабіць будзем? - запыталі партызаны Сёмку.
- А паслаць яго да мадамаў!.. Няхай ідзе.
І тут звярнуўся Сёмка-матрос з вялікай прамовай да незвычайных сваіх палонных:
- Вы, каторыя мадамы, старыя сіяцельствы і ўсякія іншыя абломкі імперыі! Айда адсюль хутчэй, ды на вочы больш не трапляйцеся! Пападзецеся зноў - народ мы недалікатны: адзьё, мусью, на штык ды ў рэчку...
І нават Міколку падміргнуў: «Бачыш, як я па-французску з імі наярваю!»
А «мадамы», «сіяцельствы» і ўсе «іншыя абломкі» не палічылі патрэбным доўга ўпрошваць сябе і адразу ж далі заўзятага драпака, толькі лыткі мільгалі. Адкуль і спрыту набраўся стары генерал: так бег, што аж «мадамы» з сабачкамі ззаду засталіся. Бег і шаптаў:
- Пожа, Пожа, выратуй маю душу!
І даваў такога спрытнага драпака, што толькі пыл курэў пад «абломкам імперыі».
А «шупаштаты» аглядалі параход, прыводзілі яго да парадку. Сёмка-матрос, жартуючы, назваў параход браняносцам, і гэтая назва так і засталася за ім. А паколькі Міколка быў галоўным завадатарам усёй параходнай справы, то судна называлі яшчэ Міколкавым браняносцам.
Так партызаны набылі сабе «браняносец».
Каравул! Палкоўніка ўкралі!
Дні са два вакольныя памешчыкі адчувалі сябе спакойна. У гэтыя дні іх не турбавалі партызаны, занятыя выключнымі клопатамі. Яны рамантавалі параход. І не толькі рамантавалі, а рабілі яго сапраўдным баявым параходам. Завёўшы яго ў вузкую затоку ў лесе, адкуль параход нельга было ўгледзець з Дняпра, партызаны фарбавалі судна, грузілі яго дрывамі, ставілі кулямёты. Уздоўж бартоў клалі мяшкі з пяском. Гэтыя мяшкі - добрая абарона ад куль. Дзед Астап старанна завіхаўся ля параходнай гарматы, вывучаючы яе механізмы.
Але самая галоўная справа была з абмундзіраваннем. Міколкаў план патрабаваў, каб усе пераапрануліся немцамі. Іначай нельга было рабіць. І хоць дзеду Астапу і не дужа падабаліся гэтыя спектаклі, як назваў ён пераапрананне, але нічога не зробіш. Справа - яна заўсёды ёсць справа. І вось шукалі дзеду нямецкі мундзір па яго росту і густу. Апрануўся дзед як след, зірнуў у люстэрка і плюнуў. Быў вельмі незадаволены. Дзедавы валасы лезлі з-пад каскі, зусім недарэчы была барада. Ну, які ж салдат нямецкі ды з такой барадой, не раўнуючы, як у Льва Талстога. Спрабаваў яе дзед і за каўнер мундзіра запхнуць, каб схаваць гэтую бараду, але як зірнуў ізноў у люстэрка, яшчэ раз плюнуў.
Усе зарагаталі. Гэта яшчэ больш узлавала дзеда. А тут яшчэ нехта параіў:
- Узяў бы ты, дзеду, галавешку, абсмаліў бы бараду крыху, глядзі, маладзей бы за нас стаў!
Тут дзед зусім выйшаў з цярпення і моцна аблаяў дарадчыка:
- Хоць гадамі ты малады, а па розуму ўсё ж вя-я-лікі дурань! Барада справе не перашкода... Калі салдаты ходзяць без барады, дык затое носяць яе генералы... Жадаю быць генералам!
- Раз генералам, дык генералам...
Хто будзе пярэчыць дзеду. Так зрабіўся дзед Астап на якія два дні нямецкім генералам. Важна і строга хадзіў па параходу, разгладжваючы сівую бараду і папраўляючы спаўзаўшую на лоб нямецкую каску. Каб сапраўды дзед паходзіў на генерала, яму нават два ордэны нямецкія начапілі на грудзі. Зірнуў на яго Міколка, усміхнуўся. Успомніў дзедавы турэцкія медалі і хацеў нават падражніць яго: «Медалі веку ўрвалі...»
Але ўзгадаўшы, што ўсё гэта робіцца для справы, Міколка палічыў за лепшае не чапаць дзеда, не рабіць яму непрыемнасцей. Тым больш што дзед Астап, зрабіўшыся генералам, праводзіў час зусім не па-генеральску. Дзед ведаў машыны. Таму разам з Сёмкам-матросам яны завіхаліся ля машын, лазілі ў качагарку, рабілі агляд механізмаў свайго «браняносца».
А праз які дзень, пакінуўшы частку людзей у лесе, партызанскі атрад рушыў да горада на параходзе. Ніхто не мог разгадаць, што пад выглядам нямецкай каманды хаваюцца самыя заўзятыя партызаны. Параход ішоў пад нямецкім сцягам, на якім важна чарнеў кіпцюрысты вільгельмаўскі арол. Ва ўсіх былі нямецкія карабіны, стаялі нямецкія кулямёты, нямецкая гармата. Ля гарматы важна прахаджваўся дзед-генерал. На капітанскім мосціку быў за капітана малады афіцэр, у якім чытачам няцяжка распазнаць Сёмку-матроса. А ў памочніках яго быў зусім невялічкі хлопчык у шчыгульным нямецкім мундзірыку, які спецыяльна падагналі пад Міколкаў рост партызанскія краўцы. Калі капітан спускаўся ўніз, тады камандаваў яго памочнік. І раз-поразу быў чуваць яго звонкі голас:
- Круці налева! Гэй, направа!
Скажа Міколка слова, і цяжкі параход плаўна паварочвае нос і ідзе туды, куды яму загадана. Ды як яшчэ ідзе! Аж хвалі ўздымаюцца за кармой і расходзяцца доўгімі каснікамі, з шумам пляскаючы аб берагі, аб пясок, прыбярэжныя кусты і асокі. Аж гудзіць параход, налягаючы грудзьмі на глыбокія воды. А на параходзе песні. Каманда нямецкая, а песні звычайныя, нашы. Усё больш на «Дубінушку» налягалі. Праўда, калі праходзілі ля мястэчка, ля вёсак, тады песні сціхалі. Асцерагаліся партызаны да пары да часу выдаць свой баявы сакрэт.
Параход паспяшаў. Трэба было як мага хутчэй з'явіцца ў горад. Адтуль прыйшлі весткі, што ў лапы немцаў трапілі Міколкаў бацька і яшчэ некаторыя актыўныя бальшавікі. Нейкі здраднік выдаў іх немцам. Казалі, што быў нейкі эсэр, які працаваў тэхнікам у дэпо. Бальшавікоў чакала суровая расправа ў турме. Трэба было як мага хутчэй выбавіць іх з бяды. Таму і паспяшаў параход.
* * *