Литмир - Электронная Библиотека
Содержание  
A
A

- Цягніце мяне цяпер угору!

Падцягваюць Міколку ўгору, разам з ім падымаецца крук. Яшчэ секунда - і кідае яго Міколка. Бразнуўшыся, абвісае крук і важна гойдаецца з боку ў бок у такт колам вагонаў. Міколка з камандай гатовы закрычаць «ура», гатовы пусціцца ў несусветныя скокі ад вялікай радасці. Але не раскрычышся тут, не разгонішся на скокі на цеснай пляцоўцы. А пярэдні вагон усё больш і больш адыходзіць уперад. Адчэплены арыштанцкі вагон разам з таварным паволі зацішаюць ход. Партызаны саскокваюць з падножкі, хаваюцца пад адкос, чакаюць, што ж будзе далей, што будуць рабіць немцы.

Ціха скрыгануўшы коламі, сталі вагоны. Толькі і распазнаеш іх, гледзячы з-пад адкосу. Цёмныя абрысы вагонаў ясна выдзяляюцца на змрочным небе начы. Партызаны чакаюць. Але ў арыштанцкім вагоне ціха. Не чуваць адтуль ні гукаў, ні шолаху. Цёмна ў вагонных вокнах, не відаць ніводнага водбліску свечкі.

- Што за чамярыца? А дзе ж людзі, канвой? - думалі і здзіўляліся партызаны. Акружылі вагон. Яшчэ раз прыслухаліся - ціха ў вагоне. Пастукалі - ніхто не адказвае. Тады пачалі моцна біць у замкнутыя дзверы, але вагон маўчаў, не адзываўся ніводным гукам на стук.

- Буфер сюды! - закамандаваў Міколка.

Знялі з вагона буфер і, падняўшы яго, пачалі ім біць з усіх сіл у замкнутыя дзверы. Хвіліна-другая - і цяжкія, акутыя жалезам дзверы сарваліся з завесаў. Разбілі і другія дзверы і толькі тады ўскочылі ў вагон. І тое, што ўбачылі яны, было зусім нечаканым і незразумелым. На лаўках ляжалі пазвязваныя нямецкія салдаты. Тут жа ляжалі і звязаныя два нямецкія афіцэры з канвою.

Канвой хоць і звязаны, але ж быў у вагоне. Не было толькі арыштаваных. Як ні старанна аглядалі кожны куток вагона, ніводнага з арыштаваных не знайшлі. І куды падзеліся яны, ніхто не мог дакладна давесці. Былі цэлыя дзверы і вокны, былі цэлыя, акутыя дзе-нідзе жалезам, сцены. І толькі пасля даведаліся партызаны, што арыштаваным удалося шчасліва ўцячы з вагона праз спецыяльна прарэзаную дзірку ў падлозе вагона пад адной з лавак. Перад тым як уцячы на хаду з вагона, арыштаваныя зрабілі смелы напад на канвой, абяззброілі яго і, каб не было перашкоды для ўцёку, павязалі яго. А дзірка ў вагоне была знарок падрыхтавана загадзя рабочымі, калі вагон яшчэ стаяў у дэпо.

Хоць Міколка вельмі хацеў пабачыць свайго бацьку, для якога ён так стараўся, усё ж бацькава нечаканае знікненне не надало яму суму. Міколка быў надзвычай радасны і задаволены.

- Маладзец бацька! Не паддаўся, уцёк...

А тым часам ужо развіднела. Падышла група рабочых з бліжэйшай пуцявой казармы. З іх дапамогай абярнулі вагоны і скінулі іх пад адкос.

- Далоў нямецкую турму! - жартавалі рабочыя, падкладаючы шпалы і тэлеграфныя слупы пад арыштанцкі вагон, каб ямчэй спіхнуць яго ўніз.

Нямецкіх салдат пусцілі на волю.

А самі падаліся праз лясы да свайго атрада, да слаўнага свайго «браняносца».

* * *

Гісторыя з пакражай палкоўніка і смелым уцёкам бальшавікоў нарабіла вялікага шуму ў немцаў. Па вёсках пайшлі ўзмоцненыя карныя атрады. Яшчэ больш пасыпаліся розныя кары на рабочых. Барацьба прымала рашучы і жорсткі характар. Але рабочыя не здаваліся. Чым большыя былі кары, тым марудней ішлі цягнікі, тым больш было рознае шкоды для немцаў.

Шалелі нямецкія генералы. Прымалі і абвяшчалі самыя суровыя загады, рабілі захады, каб злавіць людзей, якія супраціўляліся ім, перашкаджалі беспакарана грабіць гарады і вёскі, распаўсюджвалі пракламацыі сярод нямецкіх салдат. І хутка Сёмка-матрос і дзед Астап даведаліся, што іх галовы ацэнены ў сотні тысяч германскіх марак. Нават Міколкава галава была ў генеральскім цэнніку. Гэтыя цэны былі вызначаны ў спецыяльным генеральскім загадзе, расклееным па гарадах і па вёсках.

Прачытаў гэты загад дзед Астап і, злажыўшы тры пальцы ў вядомую камбінацыю, урачыста сказаў:

- Вось усё тое, што атрымаюць ад нас і за нас!

Зірнуў на яго Сёмка-матрос, падміргнуў дзеду і загадаў спецыяльную пячатку выразаць. Дні са два стараўся Міколка, выразаў пячатку з ліпавай плашкі. Пячатка выйшла важнецкая, памерам у далонь, з ясным малюнкам, з вялікімі літарамі. На самай сярэдзіне ў кругу быў майстэрскі выразаны звычайны кукіш. А навокал яго віліся буйныя літары слоў: «Нямецкім генералам - з любоўю ад партызан». Гэта пячатка хутка з'явілася на ўсіх генеральскіх загадах. Гэтую пячатку лажылі на спецыяльныя распіскі, якія выдавалі партызаны нямецкім салдатам, калі адбіралі ў іх якое дабро ці зброю. Захопяць у палон атрад, адбяруць карабіны, коней, награбленае дабро, Міколку загадваюць:

- Ану, пішы ім дакумент, распіску!

Пісаў Міколка:

«Мы, партызаны, даём распіску ў тым, што сорак карабінаў, пяць рэвальвераў, сорак коней, трыста пудоў хлеба, награбленага ў сялян, прыняты намі ад нямецкай часці ў поўным парадку і спраўнасці, што і сведчым сваімі подпісамі і пячаткай. Выдана гэта для нямецкіх генералаў».

А напісаўшы, даставаў Міколка з торбы пячатку, браў кусок бяросты, запальваў яе і, пакапціўшы пячатку, важна прыкладаў ліпавы кукіш да «квітанцыі». З усіх канцоў да генералаў сыпаліся гэтыя кукішы.

Шалелі генералы і кідалі сілы, каб расправіцца з партызанамі. Падцягнуліся і нашы лясныя ваякі. З параходам цяжка было ўпраўляцца, не зацягнеш жа яго ў лес. А па Дняпру хадзілі ўзброеныя нямецкія судны, якія не сягоння, дык заўтра маглі засцігнуць параход у затоцы і захапіць яго. І як ні шкадавалі хлопцы свайго «браняносца», яны вымушаны былі расстацца з ім. У светлую месячную ноч, зняўшы з парахода ўсе кулямёты і гарматы, вывелі яго партызаны на сярэдзіну ракі і затапілі на самым глыбокім месцы, каб перашкодзіць нямецкаму параходнаму руху. А раніцой з вялікім задавальненнем назіралі, як на гэтым месцы затапіўся нямецкі параход, наскочыўшы дном на партызанскага «браняносца».

Лагер свой партызаны прымушаны былі пераводзіць у другія месцы, каб збіваць з панталыку немцаў.

Шчаслівыя хаўтуры

Атрад Сёмкі-матроса набліжаўся да горада, каб дапамагчы рабочым на выпадак якой сутычкі з немцамі. А такія сутычкі маглі быць. Атрад разбілі на тры часткі, каб лягчэй было прабрацца праз нямецкія войскі. У перадавым атрадзе былі Сёмка-матрос, Міколка, дзед Астап і сотня коннікаў партызан. З атрадам быў адзін кулямёт, рэштка кулямётаў была ў другіх атрадах. У кожнага партызана былі карабінка, рэвальвер, гранаты. Некаторыя спрытнейшыя мелі яшчэ шаблі.

Атрад спыніўся на начлег у адным вялікім сяле. Ужо з даўняга часу павялося, што партызаны рабілі па вёсках суд і расправу над тымі, хто крыўдзіў сялян, хто прыгнятаў бедных. І доўга разбіралі Сёмка-матрос, дзед Астап і Міколка розныя сялянскія скаргі і крыўды. Скардзіліся на мясцовага памешчыка, які такую волю пры немцах займеў, што адбірае ў сялян зямлю, не пускае іх у лес, з дапамогай немцаў жорстка распраўляецца з усімі тымі, хто быў раней у батрацкіх камітэтах і ў сельсаветах.

- Пусціць яму чырвонага пеўня! - скамандаваў Сёмка.

Група партызан адразу ж села на коней і, нягледзячы на цемень ночы, паехала «ў госці» да памешчыка. І праз якую гадзіну шырокае зарава калыхалася ўжо над лесам і над палямі. І кожны ведаў, што гэта пану навука, што гэта з агнём і дымам пусцілі партызаны панскія здабыткі.

Скардзіліся сяляне і на мясцовых кулакоў, на мельніка, на старасту, які задужа налягае на сялян з падаткамі для немцаў, прычым гэтыя падаткі ўскладае на плечы бяднейшых, адбірае ў іх апошняе дабро, апошнюю карову. Узяліся як след за старасту. Да позняй ночы дапытвалі яго і дзесяткі сведак. Каб добра правучыць кулака, пастанавілі: адабраць у яго палавіну маёмасці і раздаць бяднейшым, а лепшых коней узяць у атрад. Узвыў тут стараста, замахаў рукамі, захадзіў, забегаў.

- Хто даў вам такі закон распраўляцца з чужым дабром? Хто мае такое права?

Аж падскочыў тут Сёмка-матрос ды як лясне па стале рэвальверам:

81
{"b":"555765","o":1}