Литмир - Электронная Библиотека
Содержание  
A
A

- Стой! Стой! Рукі ўгару!

А дзе ты падымеш гэтыя рукі, калі іх сціснулі так, што косці занылі.

- Не варушыся, застралю! - не сунімаўся стары. - Звязаць злачынца, абшукаць, адабраць зброю!

Моцна скруцілі Міколку рукі назад, аж уеліся рамяні ў цела. Павалілі Міколку на падлогу, абшукваць пачалі. Але што ты там знойдзеш у Міколкавых кішэнях. Высыпалася з іх штук з дваццаць розных гузікаў, дзве невялічкія гайкі, пара цвікоў, кавалачак каляровага шкла, драбок цукру, што ўзяў у дзеда, ды кавалак «зайцавага хлеба».

Сівы генерал, а можа, міністр - не было асабліва часу Міколку даведацца дасканала пра ўсё, - трымаючы над Міколкам пісталет, другой рукой у пальчатцы асцярожна дакрануўся да гузікаў, да цвікоў. Ён нібы баяўся, што гэтыя гузікі ўзарвуцца адразу і разнясуць на мэтлахі ўвесь царскі цягнік.

- Што гэта? - грозна спытаў ён Міколку, паказваючы на гузікі.

- Гузікі... Вось гэта пара ад штаноў дзеда Астапа, а гэта...

- Маўчаць! - і так грозна крыкнуў сівы, што ў Міколкі і дух заняло. - А гэта што? - і сівы асцярожна дакрануўся пальцам да хлеба.

- «Зайцаў хлеб»... - ледзь прашаптаў ад страху Міколка, адчуваючы сябе ні жывым ні мёртвым пад грозным пісталетам.

- Панюхаць! - скамандаваў салдатам сівы.

Тыя добра панюхалі па чарзе, паклалі назад і грымнулі ў адказ, як па камандзе:

- Хлеб, ваша сіяцельства!

Сівы недаверліва паглядзеў на хлеб, дакрануўся да яго яшчэ раз пальцам і, наморшчыўшы нос, загадаў:

- Пакласці ўсё назад у кішэні злачынца. А яго прывесці ка мне на допыт...

І вось стаіць Міколка перад генералам, а можа, перад міністрам, і ўспамінае дзеда. Эх! Хутчэй бы да яго, да бацькі, да маці. А цягнік ідзе. Толькі чуваць, як пастукваюць колы: цік-так-так, цік-так-так... Праз завешанае акно нічога не было відаць. Абапал Міколкі стаяць два салдаты, трымаюць яго за рукі. Генерал пытае сурова:

- Дык чаго ж ты скочыў у вагон?

- Убачыць хацеў... - выпаліў адразу Міколка. Ён ужо смеласці пачаў набірацца, узгадаўшы, як храбра лавіў ён рака ў дзедавай барадзе. Дый баяцца ён кінуў гэтага сівога, які, бачыш ты, не разумее, што такое гузікі і што такое «зайцаў хлеб». Дый баіцца, відаць, яго гэты сівы. Не стаў бы звязваць Міколку, пісталетам яму пагражаць.

- Каго ж ты ўбачыць хацеў?

- Цара! З царом хацеў пазнаёміцца...

- Ах жа ты рыштант! - аж пачырванеў тут ад злосці сівы і ад злосці той бараду сваю торгаў. - Ладна, я пакажу табе цара, добра пакажу, каб ніколі не забыўся ты на гэта знаёмства...

На суседняй станцыі, дзе спыніўся на хвіліну цягнік - паравоз дровы браў, - з'явілася ў вагон цэлая група жандараў і ўзяла з сабою Міколку. На станцыі яны доўга распытвалі яго: хто ён, адкуль, чый сын. Доўга званілі па тэлефоне на Міколкаву станцыю і ўрэшце запыталі:

- Дык хочаш цара ўбачыць?

- Не трэба цяпер мне вашага цара, мне б дзеда хутчэй ці бацьку...

- Не... Чаму ж... мы пакажам... Загадана паказаць табе як след.

І так паказалі цара Міколку, што ён і цяпер не любіць асабліва ўспамінаць аб гэтым. І плачу было тут, і слёз, і рову. Так спаласавалі хлопца папругамі, што месца жывога не пакінулі. А адзін усё банькай ад папругі стараўся.

Ледзь жывым вярнулі Міколку на родную яму станцыю, куды накіравалі яго таварным цягніком, даручыўшы галоўнаму кандуктару. А на роднай станцыі ён патрапіў яшчэ ў рукі свайго жандара. Той наверх усыпаў, прыгаворваючы:

- Гэта табе за замах на свяшчэнную асобу гасудара-імператара. Гэта за гузікі ад штаноў дзеда Астапа, якімі абразіў ты яго сіяцельства, вялікага князя... Гэта табе за вялікія непрыемнасці мне, што парушыў ты, супастат, наладжаны мною парадак на станцыі...

Хацеў Міколка ў зубы даць жандару, усё намацваў свае гайкі ў кішэні. Але не хапала сілы, так быў збіты. Ледзь жывога вярнулі яго ў вагон да дзеда, да маці, да бацькі. Ахнулі яны, жахнуліся. Раздзелі Міколку, цёплай вадой пабоі змачылі. Дзед прыгледзеўся, збялеў аж:

- Глядзіце-ка, па ўсяму целу нібы царскія арлы павыбівалі, няйначай хто казённай банькай стараўся...

А назаўтра дзед, узброіўшыся сукаватым кіем, пайшоў на станцыю і, напаткаўшы жандара, збіў яго на горкае яблыка. Патрушчыў і шаблю і пісталет паламаў. І хоць уся станцыя і ўсё дэпо падтрымалі голасна дзеда пры гэтай баталіі, аднак на другі дзень арыштавалі дзеда і пасадзілі ў турму. Праўда, праз месяц які выпусцілі дзеда, з прычыны яго старасці, на волю, але са службы ў дэпо прагналі як «небяспечнага злачынца». Дзед спрабаваў пахваліцца крыху, што таму выпусцілі яго з турмы, што ён герой, што ў яго два медалі за турэцкую вайну. Бацька слухаў гэтую пахвальбу ды папракаў дзеда:

- Кінуў бы ты, стары, свае турэцкія байкі. Герой! Не нам з табой пакуль што ў героях хадзіць, і медалі веку ў цябе ўварвалі... Аддаў бы лепш малому на цацкі, чымся вешаць гэтыя бразджолкі на грудзі...

Маўчаў дзед, не адказваў нічога. Але, відаць, згаджаўся з сынам. І, відаць, галоўная прычына гэтай згоды была ў царскіх арлах, што павыбівалі жандары на Міколкавым целе.

Так пазнаёміўся Міколка з царом.

Так пазнаў яго.

Цяжкія гадзіны

Некаторым можа паказацца, што Міколку заўсёды жылося весела і бесклапотна: то ракаў ён ловіць, то з дзедам на паляванне ходзіць, то ласуецца «зайцавым хлебам», то ўрэшце з «імператарскім вялічаствам» знаёміцца, самога Мікалая Другога хоча за руку паціснуць. Але гэта толькі так здаецца.

Мала было вясёлага ў Міколкавым жыцці. Усю зіму мерзлі ў халодным і цесным вагоне, марачы аб цёплых летніх днях. У дадатак да холаду даймаў і голад, асабліва калі пачалася вайна. А тут і бяда насцігла Міколкаву сям'ю. Неяк аднае ночы ўвалілася ў вагон цэлая група жандараў. Пабудзілі ўсіх. Шукалі нечага, нават дзеда паднялі з падлогі і ператрэслі мяшок з саломай, на якім спаў дзед.

Дзед стаяў пануры, злосны, з жандарамі лаяўся:

- Што вы шукаеце тут, чаго не палажылі?

Адзін з іх, той самы, якога пабіў некалі дзед на станцыі, штурхануў яго ў грудзі:

- Адыдзі, стары пёс!

Дзед не мог сцярпець такой знявагі і адразу захадзіўся ля свае скрынкі, усё мармычучы сабе пад нос:

- Я табе пакажу, хто пёс... Я стары царскі служака, я царскія ўзнагароды маю... я...

- Кінь, стары, свае штукі... Ведаю, хочаш ты свае медалі паказаць ім... - спыніў дзеда бацька. - Непатрэбны ім твае царскія бляшанкі... у іх вунь у саміх поўныя грудзі бляшанак гэтых. Адна толькі розніца, што ты сваёй крывёй медалі набыў, а яны набываюць медалі нашай крывёй... Глядзі вось за ўнукам добра, дзед, гадуй яго.

Нічога не знайшлі жандары, але бацьку забралі, не спыталі Міколку. А за што? Ці бацька ўкраў што, ці забіў каго? Здаецца ж, нічога такога з бацькам не здарылася. А вось узялі і ў турму пасадзілі, як апошняга злодзея.

А на другі дзень раніцай з'явіўся той самы станцыённы жандар і, раскрыўшы дзверы, закамандаваў:

- Ану, выкідвайцеся з вагона, каб і паху вашага тут не было!

Маці спачатку нічога не зразумела, запытала толькі:

- Як гэта выкідвайцеся?

- А так! - сказаў абыякава жандар і, ухапіўшы вісеўшае на сцяне дзедава паліто, выкінуў яго з вагона.

- А як жа жыць? - спытала яшчэ раз маці, нічога не разумеючы з таго, што гаварыў жандар. Той нічога не адказваў, а толькі выкідваў па чарзе невялікія набыткі Міколкавай сям'і. Дзед узяўся быў за адломленую ножку тапчана, каб кінуцца на жандара, але Міколка заўважыў, як адсцёгвае жандар кабуру рэвальвера, і кінуўся к дзеду, павіс у яго на руцэ, крычучы на ўвесь вагон:

- Не трэба, дзеду, не трэба... Гэты сабака і забіць можа цябе...

- Вон, шчанюк! - і жандар, схапіўшы Міколку за плечы, адштурхнуў яго за дзверы.

Маці сядзела ў вагоне, безуважная да ўсяго. Толькі слёзы каціліся адна за адной ды словы адны і тыя чуліся з яе вуснаў:

- Як жа нам далей жыць? Што ж гэта за бяда такая...

- А гэта ўжо не мая справа... Мне-то што! - пасмейваўся жандар і не кідаў сваёй работы.

65
{"b":"555765","o":1}