Литмир - Электронная Библиотека
Содержание  
A
A

Зусім тут заблытаўся Лаўрэн. Нават раўнавагу сваю, думкі разважлівыя, узважыстыя - усё разгубіў.

- Смяецеся вы з мяне, Іван Іванавіч... І, можна сказаць, над старым чалавекам смяецеся... Не чакаў гэтага ад вас, зусім не чакаў... Я да вас з сэрцам шчырым, я да вас як да разумнага чалавека, як да голасу таго, да якога прыслухаюцца, а вы - смешкі строіць, над старым чалавекам - гэткае ж выдумляць... Крыўдна дужа мне, чалавеча... - Нават устаў Лаўрэн, асцярожна газету на стол паклаў, нерашуча на месцы затупаў, на дзверы тыя зірнуў. - Крыўдна, кажу, сапраўды крыўдна... Гэта чалавека ды каб у цёмны лес пускаць, няхай там блудзіць... А нам, маўляў, што... шкада хіба чалавека таго... Няхай паскача, маўляў, па купінах, па пнёўніку, ногі паламае, паскручвае.

І тады засмяяўся Іван Іванавіч. Цёплым такім смехам, чуллівым.

- Дзіўны вы чалавек, пане Лаўрэн... Не нашага веку чалавек... Вас бы сапраўды куды ў лес пусціць, на купіну тую пасадзіць, ды Евангелле ў рукі... Харашо. Сонца гэта вам у лысіну свеціць, камарыкі кашу таўкуць, галубы лесавыя на бярэзіне белай галубовыя справы ладзяць, траўка расце, распускаюцца кветачкі, кругом чарвячкі, мурашкі ўсякія, божыя тыя казюркі... І да вас ад іх ніякай, можна сказаць, цікавасці. Пра шчаку вы чытаеце пра тую правую, пра сарочку апошнюю... І ўсё яно харашо, усё яно йдзе так суладна, любамірліва. Ні вам гэта хто па шчацэ той не лясне, ні вам каму даць па правай ці па макаўцы той, па лысай... Харашо, гэта значыцца, выходзіць па Пісаніі. Буква па буквіцы - і законы Божыя... Тым часам не ў лесе вы. І заўважылі вы, што поп не дужа ласы не толькі левую тую шчаку падстаўляць, але, крый Божа, каб падставіць і правую... Пра апошнюю сарочку гаворыць, а сам ля гарцаў тых, ля апошніх тых гарцаў сялянскіх дужа як завіхаецца... Залішне нават, як кажаце вы... Ад папа, канешне, адна рыза засталася... Та-а-к... Заўважылі гэта вы і жахнуліся: як жа гэта так, калі ды супроць буквы тае святое выходзіць... Як жа так, калі і ў самім Пісаніі Божым адно другому супярэчыць часам, буква пайшла супроць буквы... Скажам, пра апошнюю сарочку ды, скажам, і аб тым, хто шмат мае, якому шмат яшчэ й дасца...

Вось і выходзіць, што думкі тыя вашы на балоце ўзрошчаны, а не на людзях... Буквенны вы чалавек, пане Лаўрэн, і праўда тая ў вас - буквенная праўда. Вот каб ляснулі вам па шчацэ добра, каб пайшлі тыя валдыры па душы, каб задзела вас, выбачайце, за самыя печані - пачалі б вы тады сапраўдную праўду шукаць. І зусім з другога канца шукалі б яе. А пакуль што шукаеце ад сытасці... Таму і сказаў я, што сыты вы чалавек, і крыўдаваць тут, кажу я, не трэба. А сыты чалавек, і сытая праўда ў яго, кульгавая праўда... Шукаеце вы яе, людзей ды людскія дзялы мінаючы. А без людзей праўда не бывае, і людзі той праўдзе характар даюць. У багатага яна, адна, а ў беднага зусім другая... Дык вось якая яна, праўда чалавечаская, аб якой пытаеце вы... А шукаць тую праўду трэба зноў-ткі на людзях, сярод нас усіх... Тут яе і пасцігнуць можна...

Лаўрэн шапку мяў, усё прыглядаўся, чаму яна, тая шапка, ды такая ўжо лысая - выцерлася, мусіць, аб тарпы, аб скірты саламяныя. І думаў - праўду ткі чалавек кажа, супроць яе нічога не скажаш. Аднак...

- Усё ж ткі, Іван Іванавіч, прыгожыя словы часам трапляюцца там... Можна сказаць, нават мудрыя словы. Чытаеш іх, думаеш, што к чаму... Нездарма б тыя словы, здаецца?

- Гэта вы правільна, што нездарма... Прыгожыя словы, што і казаць. Звычайным словам чалавеку голаў не атуманіш. Таму й патрэбны былі яны, гэтыя словы прыгожыя, ды яшчэ залатымі літарамі друкаваныя, каб ямчэй на чалавечыя плечы ярмо ўсцягнуць, пад багатую праўду іх падначаліць, плечы гэтыя самыя. Ды пакорлівасці іх навучыць, каб лепш шыі гнулі перад багатымі... Але механіку гэтую не адразу пасцігнуць можна... Больш уважліва трэба да жыцця ставіцца, ізноў жа і ў разумных людзей, у вялікіх людзей навучыцца можна.

- Гэта вы правільна, Іван Іванавіч. Пра розум гэты самы. Не адразу даецца ён... Але ж, выбачайце, колькі-то часу адняў у вас на пустыя мае разгаворы. Люблю пагаварыць я, так што выбачайце шчэ раз... Не крыўдуйце...

- Ды што вы... Я рады заўсёды, калі чалавек да мяне загляне. А вы заходзьце, учашчайце, калі, канешне, ахвоту маеце.

Лаўрэн старанна дзверы прычыніў, забыўся і шапку тую надзець, памацаў яе ў руках у самых сенцах і там ужо прыкрыў у поцемках сваю лысіну. Ішоў ад хаты крыху ўзрушаным, здзіваваным.

«Усё ж, можна сказаць, слова новае ўчуў, нейкае новае слова. Паслухаць - яно, канечне, цікава... Выходзіць, відаць, глыбей папа тое дзела йдзе, не ў камілаўцы, відаць, справа ўся схавана...»

Іван Іванавіч спраўляў сваю вячэру, на камянку бульбу варыў, чайнік прыставіў. Ужо святло патушыў, клаўшыся спаць, як пастукаў нехта ў шыбку з вуліцы. Узняўся, прыслухаўся - крыху тугаваты быў на вуха. Нехта настойліва, не сціхаючы, стукаў асцярожна ў акно. Падышоў.

- Адчыніце, Іван Іванавіч...

- А па якой вы, чалавеча, справе?

- Пасля... Адчыніце хутчэй, бо змерз зусім, на марозе тут стоячы...

«Хто б то такі да мяне справу мае?» - падумаў Іван Іванавіч і пайшоў адчыняць фортку.

ЧАСТКА СЁМАЯ

3

Як стаяў Банадысь, так і паляцеў потырч пад стол, ухапіўшыся рукамі за лаву. Аж ёкнуў там, распасцёршыся на падлозе, ушыўшы галаву за ножкі стала.

Дужа ўзрушаны быў Хвядос, мітусіўся, засопшыся, па хаце і раз-поразу, падышоўшы да стала, біў па ім кулаком, і тады брынчэла ў качарэжніку, слаба дзынкалі шыбы ды кідаліся спалоханыя водбліскі лампадкі на стол, на печ, на змрочныя сцены.

- Ці ж я вінаваты тут? - абзываўся з-пад стала Банадысь.

- Ты пагавары ў мяне... Я цябе навучу, хто вінават, хто не... Колькі-то яму гаварыў, колькі-то яго навучаў, як на свеце жыць, - дык дзе ж, пытаю, розуму ўкладзеш у галаву дурную... Хіба так да людзей ставяцца, надаўбень... Ты на чалавека вока май, а гавары з ім, як з прыяцелем, каб не ўведаў ён, скуль бяда тая ўрэпілася на яго. Чалавек не будзе тады зубы на цябе тачыць, бо ты не ты, не твае то клопаты... Ты бачыш - я. Я - стараста... Мне давер'е ад уласці, і павінен я гэту ўласць паважаць і ўсякае ёй старанне аказваць. Ізноў жа і з людзьмі павінен я жыць... каб і слухаліся, і паважалі, і баяліся. Па закону каб баяліся. Ты павінен так сваю лінію весці, каб уласць ніякае страты не мела і да цябе каб людзі лішне не чапіліся. Старасце не прыстала злодзея хапаць за грудзі, бо ён, гэты злодзей, спаліць потым цябе, з дымам попелам пусціць. А ты соцкага пашлі, ты ўрадніку скажы... Да гэтага яны і прыстаўлены... І ніхто да цябе хапацца не будзе, слова чорнага табе не скажа.

А то, на табе, дэзерціраў лавіць надумаў ён... Ну, сказаў урадніку, гэта добра, яго то справа. Балазе то людзі не бачылі, як ты казаў... Дык ён яшчэ з ім гарцае па полі, па балоце... Рупіць яму дэзерціра спаймаць... Вот і спаймаў, каб табе вочы на лоб павылазілі. Дужа цяпер гэткіх коней прыстараешся, яны ж табе цяпер у жывую паўтысячу не ўлезуць... Ды шчэ, каб коні адны, дык столькі таго і клопату - мяне тым канём з капыла не саб'еш, каня і набыць можна. Не баяўся-то воўк сабакі, а звяганіны тае баяўся. Чаго-чаго ні начаўпуць цяпер, ды шчэ пільнуйся, каб не спалілі...

Падсабіў, называецца... У-у-у... кручаная галава... Не розум, а галава баранняя.

Сеў на лаву Хвядос, каб аддыхаць крыху, думкі да ладу прывесці. Скрыпнулі дзверы тут, увайшоў Цыбал Іван:

- Дык дзень хіба добры вам у хату.

Хвядос пугу тут палажыў на лаву.

- Няйначай, у дарогу куды ці з дарогі?

- Якая там, суседзе, дарога... Тут з дзецьмі дарогі нямашака.

- І не кажы, браце... Гэта што... У самы цот ты патрапіў, пра дзяцей гэта. Ім толькі папусціся, дык хутка й зямлі наясіся. Трэба, браце, аброць на іх, ды шчэ якую, валовую, каб гэта з рук не спушчаць...

І тут заўважыў Банадыся пад сталом. Прыгледзеўся.

106
{"b":"555765","o":1}