Литмир - Электронная Библиотека
Содержание  
A
A

- Ідзі ты ўжо, адгадніка якога знайшоў.

- Дык ведай жа, груздзіла ты гэткая, сястру я тваю ведаю, надаўбень.

- Ідзі, ідзі, вярзеш чортведама што.

- Вярзеш, кажаш? Ану, давай брацца... Ну, на траяк?

- Вот як лузну цябе па патыліцы, дык будзеш ведаць, як з траякамі ў такія жарты пускацца...

- Ды не жартую я... Вот бэхала, ахвота мне жартаваць з табой. Цябе, дурнога, трывожыць. Кажу я табе шчырую праўду. Вот няхай я з месца не ўстану, калі мне маніць уздумаецца. Такая вот русявая. Вочы ў яе яшчэ карыя...

- Мала-то воч карых. Дзе гэта бачыў ты?

- Ды ў капліцы ж, на крыніцы святой. У манашак тых праскамідных, вот зануды. А чыя капліца? Манастырская. І Марта там з манастыра.

- Ну?

- Вот табе й ну. Яшчэ палец у яе на левай руцэ крыху крывы. Вот так, крышачку.

- Ты гэта сапраўды?

- Вот надаўбень той... упрэцца, як конь папоўскі - ні тпру ні но...

- Дык, братачка, хіба ж яна і цяпер там, у капліцы?

- А то дзе ж яна будзе. Трэба толькі як-небудзь вызваліць яе адтуль, ад тых качарэжак. Ну й гадыні, ну й падлы, свет яшчэ не бачыў такіх. Паглядзіць на цябе вокам, як шылам праткне.

- Дык калі б гэта ўбачыцца?

- А давай на Прастол хаця, там жа службу правіць будуць, з крэсным ходам пойдуць...

Хлопцы хадзілі радасныя, усхваляваныя. Дзяліліся думкамі. Выкладалі планы свае, меркавалі, як яно каб найлепей.

- А ў цябе як, Напрэй?

- Гэта ты аб чым?

- Ды вось аб дзеўках. Няўжо гэта не маеш, каб... ну, каханкі свае? - «І да чаго запытаў», - падумаў сам.

- Каханкі? З якой гэтай прычыны на цябе турбацыя такая найшла? Дзе ты іх возьмеш, каханак? Хіба на парабка якая пазайздросціцца?

- А чуў я, нібы з Макрыдай ты... Ці то праўда?

- З Макрыдай... Яшчэ што выдумай... Яна б і нішто, здаецца... Крывая тым часам... Ды хіба ж Цыбал папусціўся б, каб дачку сваю з такой гаспадаркі ды за якога прахадзяшчага, за парабка, скажам, аддаць. Уга...

- А ўсё ж?

- А вот табе і ўсё ж, - змоўчаў Напрэй.

- Ну, дык глядзі, на Прастол абавязкова ўдваіх пойдам.

- А то як жа...

І пануры Напрэй куды весялейшы падлыпаў да Цыбалавае хаты і, забраўшыся ў сенцы, нават пазабыўся пашукаць гладыш з кіслым малаком. Ён распрануўся і адразу ж улёгся на свой рыпучы ложак, што зрабіў сам з старых шалёвачных дошак з старых Цыбалавых запасаў.

13

Сцямнела ўжо, калі Хведар Жаранок зайшоў да Лявона Ражка папрасіць на заўтра каня, бабкі тыя-якія з поля звезці. Колькі там і жыта ў яго, але не зімаваць жа яму ў полі: дожджык падмоча і каровы парасцягаюць, што пусцілі даўно пасвіцца па іржэўніку. Лявон пад паветкай ля калёс поркаўся, колы падмазваў.

- Нешта ты, пане Лявоне, нанач строішся куды, ці што?

- Ды вот, каб на яго ліха, - дзе яно вузка, там і трашчыць - гумно ж вунь, цэлая сцяна ды ля самае ёўні зусім жа рассыпалася, да таго ж спарахнелі шулы. І страха ледзь-ледзь ліпіць, таго і глядзі пасунецца... Дзе ты тады з хлебам дзенешся, ды й сена ж я ў гумне кладу. Трэба вот шулаў тых з пару якую прыдбаць дый сахор не шкодзіла б. Яно б усё гумно перасыпаць трэба, ды дзе ты агораеш яго, гэткую сілу работы адразу... калі і хату толькі скончыў. А тут, чуе сэрца - прыйдзецца ж і ў салдаты падацца. А што баба тут зробіць? Дык дзе ж гэта дастанеш цяпер лесу гэта? У папоўскім ляску каб купіць, дык там жа адна хвоя, а хіба ў панскім дакупішся?

- Ды яно так...

Лявон здымаў колы і, засукаўшы рукаў зрэбнай сарочкі, старанна квэцаў каланіцай па восях, змазваў ступіцы, нават загваздкі і тыя паквэцаў - каб жа нідзе не рыпелі часам. Узяў колькі карцаў вады, лінуў у дзірку са шворнам, пад падушку...

- Эге, ды ты, браце, рыхтуешся няйначай як да панскага лесу. І вада, браток, табе не дапаможа. Хоць яно й не зарыпіць, але ўсё роўна спаймае... Спайма-а-е... Дасціпны гад гэты Сідар, нібы нюх у яго сабачы, ці што... Галля якога воз і то ўчуе, аберне... Вот недзе сатану пан займеў, чысты табе сабака...

- А мо і не ўчуе... Хмарыць, бач, нешта, а можа, і дождж пойдзе тым часам, няўжо ж яму вочы вылезуць, каб па цемрадзі гэтай перціся... А мне што? Як ні круці, дык трэба ехаць... На жывыя рукі хопіць, як той казаў, мукі... Не дзе дзенешся.

- Ды ўжо ж... Няхай шанцуе, Лявон... А ты б мо заўтра каня мне даў? Вазы са два там жыта ў мяне на шнуры - трэба б яму ўжо месца даць і з поля прывезці...

- Дык хіба пасля паўдня. Тады і прыходзь ужо за канём... Бо да паўдня буду я сам звозіць...

Лявон прывязаў вяроўку, сунуў сякеру за пояс, на неба зірнуў яшчэ раз.

- Каб жа то, Божа, дождж... А мо й нацягне як, вецер, бач, які свежы і хмарыць. Дык адчыні, Хведар, весніцы, думаю па загуменню ехаць.

Хведар прайшоў яшчэ колькі з Лявонам, і калі той выехаў за гумны, павярнуў на сцежачку па агародах і пайшоў дахаты.

- Каб жа яму ўжо собіла як... Чалавек, можна сказаць, дужа чуллівы, аб бедным чалавеку заўсёды спагадае. Дзіва, сам, як рыба, б'ецца, ледзь каня вот набыў.

Лявон ехаў паўз пожні, паўз рачулку, якая падзяляла мястэчка на дзве часткі. Тую, дзе базар, дзе ў большасці і жыды селяцца, і тую, дзе сялянскія сялібы, - і звалі тую частку звычайна сялом. І тая і другая часткі мелі аднайменныя назвы і падзяляліся хіба вот толькі гэтай рачулкай. Вады ў ёй у лета засушлівае - кураняці перабрысці, ну а вясной ці па восені там, калі гоніць паводку з Дняпра, тады й нібыта рэчка сапраўдная, на чаўнах можна плыць. А так хіба вот толькі калдобіны ды вымоіны пад лазовай парасцю. Забаўка дзецям улетку - ракаў мацаць па карчах, цялёпкацца па вадзе.

А вот і паваратка ў лес. Дарога пайшла ўгору, праз пясчаныя бугры, паросшыя пырнікам і быльнёгам ды шчавелем конскім. Хутка павярнуў на сцежачку, што хавалася ў каржакаватым дубовым парасніку, - падасінавікі тут нішто растуць, трапляюцца і баравікі часам. Лявон злез з калёс і, прывязаўшы вожкі да біла, павёў каня паволі, асцярожна. Вылаяўся паціху, калі стукнула кола аб камень. Калі пад'ехаў ужо да самага мыска, спыніў каня, доўга прыглядаўся да начное цемрадзі.

«Вот там павінна б, здаецца... Харошы дубок, стромкі такі... колькі-то раз вока на яго стрыў, але ці ты дабярэшся часу. Вот і прыкметы тыя, выварацень ляжыць, колісь-то дуба палажыла навальніцай... А ля дубка грабіна маладая павінна быць, нятоўстая».

Пахадзіўшы навакол дубка, пастаяўшы з хвіліну, памеркаваўшы, скуль вецер, Лявон доўга і марудліва прывязваў каня ля грабіны, кінуў яму сноп аўса, няхай наядаецца, моц набірае. І потым ужо да дуба. Ударыў злёгку абушком па ім, зазвінеў ядрана так, на поўны звон. Нібы не з дрэва дуб той, а з медзі літы.

«Важнецкія шулы будуць...»

Мякка ўелася сякера. Затрымцеў яшчэ больш дуб, лісцем зашастаў, нібы скінуў з сябе сон свой ночны. Вылецела і ціха, без шолаху таго, паляцела ўбок птушка нейкая, сякерай напалоханая.

«Сава, канечне...»

Ужо цюкнуўшы колькі раз па звонкаму дрэву, разышоўся Лявон, каб даць поўны ход сваёй сякеры. І не паспеў размахнуцца як след, не паспеў падняць сякеры вышэй галавы - толькі-толькі сабіраўся крэкнуць «га-а», як сама сабой выпала сякера з аслаблых рук і, дзынкнуўшы аб дубовае карэнне, бразнула ўбок. Рукі трэсліся і ўсё вышэй і вышэй узнімаліся дагары.

«Вот табе і новыя шулы... Даспеў-такі, гад, выжла гэтае паганае...» - мільганула ў думках і знікла. Сэрца сцялася, затахкала ў грудзях, аблілося крывёй гарачай, крыўдаю распаленай, жыткаю той незадачлівай.

«Шанцуе ж каму, ды не мне...»

Супроць стаяў чалавек і, выцягнуўшы шыю наперад, сіліўся зрэнкамі праглынуць цемрадзь, распазнаць незнаёмага. Дубальтоўкаю грудзі падпёр.

- Калі што, дык, як падлу, падстрэлю, так і спячэшся. Ану, здавай сякеру... Так... вот так... - Узяў сякеру, за драбінкі паклаў. - Ану, ідзі, хамут здымай...

Рушыўся было Лявон, але стаў. «Як гэта хамут? Абязручыць каб чалавека, ды ў самы ж час гарачы... Ды дзе гэта відана?»

96
{"b":"555765","o":1}