Литмир - Электронная Библиотека
Содержание  
A
A

- Гэта ўрок... Аб ім памятайце... Не ў тым справа, каб стражніку якому рабрыну зламаць... Трэба біць па тых, хто гэтага стражніка пасылае... Біць штодня, штохвілінна. Як біць, казаў вам... Каб вёскамі, валасцямі... Каб кожная справа за нас... Іхнім промахам біць... Кожным промахам, кожным здарэннем...

- Гэта ведаем... А ты ўсё ж падавайся цяпер, Карней, падалей ад нас. Нытрыць пачнуць, выпаруць... Каму гэта патрэбна...

- Ды я што ж... Я чалавек падарожны... Сапраўды, не з рукі мне тут цяпер з вамі. Куды-небудзь пасунем...

Разышліся. Убіраўся ў сілу мароз, хліпкі, ліпучы снег дарог рабіўся на ледзяную жарству, і яна хрумсцела пад нагамі, будзіла старожкую цішыню ночы, палохала сабак на ціхіх дварах, парушала спакойны ваўчыны крок за хлявамі, за гумнамі. Ён рабіўся шыршым, гэты крок, няўцямным, няўпэўненым - і ляцелі праз межы, праз абледзянелыя сумёты, праз запарушаныя інеем алешкавыя кусты сляды ваўчыныя. Уцякалі ад лядзянае тае жарствы пад нагой чалавечаю.

Людзі спалі шчэ. Не спаў хіба Хвядос. Усё варочаўся з боку на бок, прыслухаўся, як стогне на лаве чалавек той, стражнік, што з галавой, у рызманы ўкручанай. І думкі ўсё адны і тыя:

«Ну й дзялы... Паспрабуй цяпер выпутацца... Мала не будзе... Дагледзеў-такі за парадкам, чорт стары...»

Гэта аб сабе, аб старастаўскай сваёй годнасці і павазе.

Ды Цыбал каторага разу выходзіў на двор, правяраў усе закруткі на варотах, на хлявах, прыслухаўся да сабачага брэху і, стаўшы дзе-небудзь за вуглом - за справай, за патрэбаю, крактаў, пазіраючы на сінія, на халодныя зоры, чухаў чэзлую сваю бараду, галавой ківаў:

- Дык жа няма таго, каб яно ціха ды супакорліва... І людзі ж, можна сказаць, чалавекі, каб на іх ды ліхая гадзіна... Няма, каб паслушэнства гэтага да вышэйшага, да начальніка, скажам... Шуядзь каторая і тая носа дзярэ, а ні прыступу...

І, прахапіўшыся, калі прыліпалі падэшвы да лёду:

- Не набрацца абутку, каб марна псаваць, ізноў жа маладзее кроў на марозе, канца веку не ўбачыш... - трушком длыпаў дахаты, у хатняе логава, печавое, душнявае.

6

Яшчэ бабы не ўставалі, каб брацца за смалякі, за самапрадкі, як узняўся Трахім, доўга поркаўся ля печы - усё шукаў мытыя святочныя анучы ды лапці, каторыя цалейшыя. Доўга накручваў анучы на тонкія хударлявыя ногі, старанна звязваў новыя забарсні. Рабіў усё не спяшаючыся, без торапу, без кідання - нібы намагаўся нешта зрабіць святочнае, урачыстае. З тым жа ўрачыстым спакоем спаласнуў твар вадой, прыгладзіў рудыя валасіны і толькі калі стаў у кут, пад закураныя абразы, толькі тады парушыў свой спакой, урачыстасць. Маліўся заўсёды торапка, хапаючыся. Неяк ніколі не выстарчала часу на гэта, і часам палахліва думаў Трахім: «Даруй жа, Божа, калі-некалі...» І апраўдваўся: «Абы ў думках на яго не забыўся, не пакрыўдзіцца... рабіць жа трэба... дзе ты намолішся тут...»

І цяпер, стаўшы пад абразы, збіўся з пуця крыху, не ведаў, пачаць з чаго, прасіць чаго. І, торапка перажагнаўшы лоб, мармытнуў некалькі слоў - былі тут «насушны» і «даўгі нашы» і «Дзева, радуйся...». І калі сказаў гэта «радуйся», забыўся на словы ўсе, уклінілася думка збоку, не да Бога была яна, не да неба.

«Чаму радуйся?»

І, перажагнаўшыся - ат, Бог ведае, аб чым ён просіць, - сеў Трахім за стол, намацаў хлеб, адкроіў лусту і, пасыпаўшы густа соллю, пачаў снеданне. Хлеб быў чорствы, з калючым асцём аўсяным і высеўкамі. Але смачны быў ён, рабілася салодкай вада ад яго, поўны карац якой стаяў на стале. Добра гэта, калі хлеб яшчэ ёсць. І з вадой ён добры. А наколькі яго хопіць, гэтага хлеба...

Ды думка тая-другая не давала пакою.

«Гэта ж трэба, колькі год «радуйся» і «радуйся». А чаму радуйся і каму радуйся... Смешна гэта радуйся... А мо грэх так думаць...» - падумаў Трахім і, узяўшы паўбуханкі хлеба, паклаў яе ў чыстую кайстру, некалькі цыбулін знайшоў у мыцельніку, на паліцы, паклаў туды ж, да хлеба, звязаў старанна.

- Солі вот хіба шчэ...

Прачнулася на печы жонка, закапашылася. Лявон прыўзняўся на палацях.

- Куды гэта ліха цябе гоніць такой парой, пойдзеш куды, гледзячы ночы ў вочы?

Падумаў трохі і сказаў гэтак проста:

- А куды ж пайду? У турму пайду... Закону пайду шукаць, каб жа ён мяне ды ўпарадчыў, да месца дабраў...

Войкнула старая, з печы ссунулася. Загаласіла:

- А Божа ж ты мой, Божухна... Каб жа сваім надумам галаву ў сіло класці ды ў гатовае... А хто ж цябе просіць, пытае...

- Уга... Мала пыталіся... Дык хочаш, каб яшчэ раз... Ды хочаш, каб пра стражніка шчэ запыталіся... Калі ўжо цяпер запытаюць, дык Сібіры для мяне будзе мала, хіба свету не бачыў я, вушэй не меў, каб не чуць... Годзе ж... Даволі... Сам вот пайду... І скажу, ну, паліў... Ну, бярыце... Вяжыце, калі трэба... Біце... Але жытку ў разор не пушчайце... Не чапайце сям'і... Да людзей, да другіх не лезце, ні пры чым яны тут, а ні на волас...

Гаварыў, як сякерай рубіў... Прыглушаны, абрывісты голас рабіўся цвёрдым, і ўжо не гаварыў, а нібы крычаў на каго Трахім, нібы хацеў пераканаць сябе, усіх у сваёй шчырай праўдзе, у думках сваіх, у намерах.

З палацей Лявон саскочыў. Ускудлачаны, ахрыплы, ён кідаўся да Трахіма, размахваў рукамі, па хаце бегаў.

- Ты, стары, дурыкамі не займайся... Не дужа гэта да розуму, каб папасці і сесці...

- Ты ў мяне разумны задужа...

- Ага... Ну й задужа... Колькі-то год ты падлізваў пяты панскія... дык жа вызваліўся... чалавекам стаў... Няйначай жа зноў закарцела: «Паночку міласэрны, даруйце, вінен...» Ты ж не паліў, куды ж цябе чорт на ражон прэ, гэта не жартачкі...

- Не я паліў, дык ты паліў, галава твая паліваная... Дык мне дужа хочацца, думаеш, каб цябе, дурнога, узялі... Я сяду, мне што, мая жытка адпетая, а твая - толькі ж закрасаваць шчэ... Ты ж гэтыя раты карміць будзеш, а не я... А гэта табе і неўпрыцям.

- Дык што ж з таго... Я паліў... Але я не думаю лезці ў пролубку з тае прычыны... у турму напрашвацца... Хто ведае аб гэтым?

- Бачыш жа, ведаюць, калі прыязджалі на арышт.

- Мала што прыязджалі... Яшчэ прыедуць... Ну, дапытаюцца і адчэпяцца... Хіба ж ведае хто, хіба ты казаў каму, што я паліў...

- Казаць я не казаў, але ж ведаюць, калі чэпяцца... Яно ж не схаваешся... Закон, ён усё знойдзе, ён з-пад зямлі цябе выкапае...

Дзесьці глыбока варухнулася думка: «Хто ж бо там мог давесці, калі нікому ні слова, ні настолечкі, акрамя як на духу хіба...» І ўжо ногі гатовы былі страціць пругкасць сваю перад дарогай той перад дальняй, ужо гатовы быў Трахім сесці на лаву, нерашуча рукі скласці, але думка аб разоры, аб сям'і, аб жабрацкай кайстры для дзяцей - калі не пойдзе ён самахоццю закону ў рукі - падагрэла намеры. Стаў, выпрастаўся:

- Дык вот што: пільнуйцеся хаця адно другога, каб лад быў. А я пайду. Ніхто мне не ўказнік тут, не парадчык... Сам ведаю, што рабіць...

- Ну, ідзі... ідзі... Ідзі, каб табе сцежкі залажыла... Каб ты долі не бачыў... Слова людскага не чуў, як не чуеш ты мае словы...

- Сціхні ты... хаця... Разгаласілася... Дый вочы ў цябе... Як жа, на мокрым месцы... - груба абарваў Лявон матку і выйшаў на двор, на вуліцу. Хацелася крыкнуць услед - матлялася кайстра белая на шэрані кажушка, усё далей і далей - і не крыкнуў: не пужаць жа народ, услед жа не бегчы...

- Што ж... Няхай зробіць праходку... Няха-а-й... Пазнае ласку...

І шкадаваў старога. Падкатваўся жаль па ім вострым каменем у горла, сціналіся грудзі. І з жалем злосць - пякучая, атрутная.

- Што ж... Няхай праветрае крыху... Гінем во толькі праз гэта... Спрадвеку гінем...

Прыходзілі людзі раніцой, бабы ўзбегаліся. Трахімава жонка скрэбла бульбу і ў каторы вот раз бабам расказвала:

- А пайшоў... Закону даходзіць пайшоў...

І гаварыла нібы так, абыякава, безуважліва, нібы справа ішла аб бёрдах, аб сувойчыках, аб трубках зрэбнага палатна. Толькі думку хавала ў сабе, ад другіх:

109
{"b":"555765","o":1}