- То ж жытка мая, жывеш, жывеш, і ўсяго ў цябе ўдосталь, дзякаваць Богу, але ж няма, каб гэта ды на душы спакой... каб гэта ды супакой табе, ды лагодненька ўсё, ды мір табе ў хату...
На хвіліну замаўкала Хвядосіха. Тады чуваць, як шархацяць спрытныя граблі, як жартуюць салдаткі з Анісам, завіхаюцца ля яго, кпяць над ім:
- Чаму, Аніська, не жэнішся, сапсееш вось так, хто на цябе тады і пагаліцца?
- Уга, колькі вашага брата, а вы на што?
- Мы? Не для твайго, браце, носа. Бывае, апячэшся часам...
- Ну, каторая гэта там? Ты, Аксіння? Ну, падыходзь!
- Ідзі ўжо, йдзі, кручаны... А то грабільнам...
- Не падгадзь, Аніс, трымай марку, - кідае паважна Валодзька-пастух, дастае капшук, круціць цыгарку і доўга выбівае крэсівам агонь, дзьмухае на трут і смачна закурвае.
Дужы хлапец Аніс, дзябёлы. Чорныя валасы ў яго, нос з гарбылінкай, пранозаватыя чорныя вочы. І хада гэткая ж, паглядзіш, воч не адарвеш. Кажуць, белабілетнік Аніс, порча нейкая там... Але якая справа дзяўчатам да порчы тае, да нейкага там ліха... ліпнуць як мухі на мёд. Ліпнуць дзяўчаты, ліпнуць салдаткі.
- І-і, таечка, хлапец жа не хлапец, а...
І не ведалі, чым жа назваць...
І завіхаліся ля капы маладзіцы, накідваліся ўсе на Аніса, дужаліся, закапаць у сена стараліся. Тая за сарочку шкумане, тая сіліцца падножку даць, другая на бок паваліць. Але дзе ты з ім, з чортам дужым, справішся, мільгацяць толькі лыткі салдатак, спелыя лыткі, белыя ды дзябёлыя, калены загарэлыя, сонцам налітыя, ды анучы з аборамі пяньковымі ды раменнымі, скуры чорнай сырыцовай. Задыхаліся, сапуць, а ён шкуматае.
- Прузыначка, а маманькі мае, ты яго пад ныркі, пад ныркі, гада печанага...
А гад печаны і сам ужо ўстае, ад сена атрасаецца, з-за каўняра пацяруху абірае.
- Будзе ўжо, досыць... Не ўгаманіліся? А то задам пытлю...
- Ну, вы тут раскапушыліся, усю капу раскідалі... Айда, айда, нечага гармідар ладзіць, - не то сурова, не то лагодна абзываецца дзядзька Хвядос, і не распазнаеш, што хаваецца пад яго чорнымі вусамі: ці то ўсмешка, ці то калючыя маршчакі незадаволенасці.
А маладзіцы ўжо спяваюць. Ідуць рад у рад, варушаць, грабуць духмянае сена, сагінаюцца спацелыя - і адзін за адным кладуцца ў копы пласты. А песні льюцца па пожні, далятаюць да высокае кручы і разлятаюцца рэхам па дняпроўскіх лугах і палях, аж да самага сіняга бору. І ў песнях тых і пахучыя краскі, што вянуць, хіляцца пад касой востраю, і чайкі, што лятаюць вунь над алешнікам, над асакой узбярэжнай, лятаюць ды кігікаюць, ды гэтак жа жаласна. Тут і доля дзявочая, доля жаночая, і свёкар, і дзевер, і злая свякруха-мачыха...
- Ух ты... - вырываецца ў Хвядоса, і сам ён не ведае, што ў гэтых словах хаваецца. Дзіва, сена колькі таго аднаго. На ўсю зімку хопіць, ды прадаць яшчэ колькі можна, ды пазычыць там на адработ. Латва з гэтымі салдаткамі, ты ёй бульбы пуд, а яна і стараецца, душу сваю перад табой пакладзе, бо ласку тваю, дапамогу тваю адчувае... Але й сумна крыху. Не ў сене ж, не ў бульбе адной услада тая чалавечая... Вун квактуха сядзіць, стары вылівак... Адны косці... Вядома, у гаспадарцы яна свой чалавек, найлепшы дапаможнік і саюзнік твой... Хто, як не яна, лепш ад усякіх зарубак памятае, каму і што пазычана і хто колькі павінен прынесці і прывезці: ці то бульбы асьміну, ці ячменю пуд, ці гарнец тых канапель... Сядзіць, як квоктала, над скрынямі ды над кубламі. Але...
Вільгаццю павеяла з Дняпра. Вечарэе. За алешнікам Настуля капу складае, толькі й мільгацяць яе анучы белыя. Сур'ёзная маладзіца, не тое што другія, якія на хлапцоў квапяцца. Да яе не падступішся. І крамяная маладзіца. Ох-хо-хо...
Прыемнай стомай млеюць плечы, гэтак соладка пацягваюцца. Каб жа ды нікога поблізу тут... І аглядваецца, як воўк, Хвядос. Не відаць, усе за алешнікам. Ціха падкрадваецца.
- Дапамагчы, Настулька, змарылася! - шэпчуць перасохлыя вусны.
- Ды што вы, дзядзька Хвядос, якая тут змора. Сена складаць - адзін адпачын.
- Дык я ўжо табе пасаблю крыху...
- Ды навошта?
- Ну, ну...
Хвядос зграбае сена і стараецца разам падносіць да капы. Вось кладзе яна пласт, умінае яго граблямі, усклаўшыся ўсім тулавам на край капы, аж бялеюць лыткі яе паверх высока закручаных ануч.
- Дай от я ўвамну...
Кранаюцца рукі дзябёлага цела. Дыхае цяжка і засаплася ад абярэмка. Кружыць пах голаў, і колюць твар сухія сцяблінкі асоту, ды пяршыць у носе свежы сенны пыл, от жа хочацца чыхнуць так, каб на яго нарад.
- Настулечка, слухай... - задыхаецца Хвядос, схапіўшы яе адзаду за рукі і налягаючы на яе ўсім сваім грузным целам. Ссоўваецца край капы і спаўзае кудысьці набок. Здалёк ледзь-ледзь даносяцца галасы грэбшчыкаў.
- Дзядзька, а дзядзька, што гэта ўссела на вас, хіба то з розумам...
- Ціху, Настулька, от жа ўсім пасаблю, чым хочаш...
- Адчапіцеся ж адразу, а то людзей паклічу. Бач ты яго, збязулеў на старасці... Вот, вот, крыкну...
Хвядос шырокай далоняй - цёплай, пухнатай - закрывае рот Настулі, прыгінае долу яе голаў, падгінае пад пахучую капу і раптам адскаквае як уджалены, хапаецца ротам за палец.
- У-у... язва, паскудніца... Вот павыбіваю зубы.
- Ану паспробуй... Бач ты яго, да чаго дайшоў. Да жонкі ідзі вунь, калі прыспічыла...
- Пашкадуеш яшчэ...
- Ідзі, ідзі, распуснік, а то аперажу грабільнам так, што не ўстанеш. Забаўку знайшоў! Калі ў мяне чалавека няма, дык думае, і ўзяў... Юр на яго напаў, скажу вот людзям. І дзе тыя вочы падзеліся, сораму не бачаць...
- То ж гадаўка, і зачапі яе... Ты ўжо ў мяне пастой, пачакай. Пачакай, пачакай, ты ў мяне дачакаешся...
- Ідзі, ідзі, цокала старое, пакуль грабільна аб твой хрыбет не апаганіла!
Падлыпаў Хвядос да баб, як воўк з хрыбтом перабітым. А тут яшчэ лягушкі дражняцца: ква-ква-ква... сівая галава...
- Ну і шэльма, увесь палец скрывяніла. Пастой жа, узнаеш ты маю ласку!
І ўвесь вечар як пабіты хадзіў Хвядос. Соваўся з кута ў кут, без дай прычыны вытнуў сабаку, прывязанага да дроту, што йдзе аж да клеці і па самыя ганкі. І доўга скавытаў той у будцы, ліжучы выцятае месца. Аблаяў апошнім словам парабчанку Хадоссю за тое, што не патрапіла ў час карэц вады падаць, каб памыцца перад вячэраю.
- І дзе ты там цялёпкаешся, рабуха, па смерць хіба пасылаць толькі!
Вячэраў моўчкі. Вытнуў лыжкай па лбу меншага сына, калі той пачаў бурболіць у лыжку. Той аж заліўся крыкам, нарабіўшы гармідару на ўсю хату.
- І шалёны ж нешта, усхадзіла цябе нялёгкая... - буркнула старая, уціхамірваючы малога. Угледзеўшы перавязаны палец Хвядосаў, запытала: - Дзе ж гэта собіла так?
- Еш ты ўжо, пудзіла старое...
Канчалі вячэру моўчкі. Канчалі і разыходзіліся кожны па сваім кутку. Хвядос пайшоў начаваць у пуню.
- Падушку ўзяў бы хаця...
- Пад сябе падсцілай, табе ж усё мулка...
- А каб табе, мой Божа, ды сапраўды замуліла!
- Ціху, ціху ты...
- А вось і не сціхну!
- Ну, ну...
- І нечага нукаць там, знайшоўся нукала...
- Падперажы язык!
- А каб цябе ўжо радзімцы спяклі, то ж мая галованька непрыкаяная...
- Пайшла ўжо, рассыпалася, паехала... - мармытнуў Хвядос і выйшаў за дзверы...
ЧАСТКА ДРУГАЯ
3
Сабіраліся часта ў Івана Іванавіча пакурыць, а то і проста так пасядзець, пагутарыць, навін якіх тых паслухаць, бо траплялася часамі газетка якая ў каваля, часта ён горад наведваў. Заходзіў звычайна Напрэй Казёл, Валодзька-пастух - калі вольны ад працы. Заходзіў Аніс-шахцёр, заглядаў часам канавал Зміцер ды сія-тыя з лазакрутаў, маладзейшыя каторыя.
Іван Іванавіч рабіў па вечарах у хаце ўсякую дробную работу: то карэц запаяць, то ключ зрабіць новы, паправіць замка. Усякую работу, дзе не трэба ні накавальні, ні горна. Для паяння ж ён прыладзіў нават невялікі горн, дзе прыладжана было старое калясо ад веласіпеда і да гэтага каляса прымайстравана адмысловая ручка. Калясо круціцца, а па ім бяжыць раменны пасак, дык круціць у бляшаным барабане паддувальнае кола, якое і наганяе паветра ў горн. Крутнуў разы са два - паяльнік як след.