Литмир - Электронная Библиотека
Содержание  
A
A

- Анжынер наш, адно слова, - кідае Валодзька-пастух, трымаючы ротам кавалачак паперы на цыгарку, бо рукі заняты развязваннем капшука, - а ці змог бы ты, Іван Іванавіч, ну, скажам, машыну пабудаваць?

- Не... што вы, дзядзька Ўладымер... Голымі рукамі машыну не пабудуеш, на гэта завод патрэбны, анжынеры патрэбны, зноў жа тэхнікі там...

- Дзіва што... быў я вот у нядзелю ў горадзе, дык там такую машыну паставілі, што ўсю газу адмяніла. У кожнай гэтай хаце лямпкі такія адмысловыя, а да іх дрот. І гарыць, і як яшчэ гарыць...

- Я ж таксама ў Кацярынаславе бачыў, калі ганялі плыты мы пазалетась. Дык там таксама па дроту, - дадае Напрэй Казёл. - Мусіць жа, ён дуплінаваты, дрот гэты. Ну і цячэ па ім што-небудзь і гарыць у гэтых самых лямпках. Дзіва-то, да ўсяго дадумаюцца людзі. Я шчэ маленькім быў, калі гэтыя самыя газавыя лямпкі з'явіліся. Тады шчэ з лушнікамі жылі мы, вісіць вот у кожнай хаце боўціла такое, на ўсю хату, не павярнуцца... Колькі тае кудзелі пасмалілі дзяўчаты ад лушнікоў гэтых. А лямпак браць не хацелі: «Чорт мо выдумаў яе, а ты палі». Ну ды і зноў жа прамудрасць з гэтым паленнем, дый газу купляць трэба. А смалякі не куплёныя... Цяпер-то яно, канешне, і смаляка часам цяжэй дастаць, чым газы той фунт. Ды і святлей яно з лямпай. Памятаю, як купіў поп лямпу, тады пачала і вёска купляць. А цяпер дык яно ўжо й не дзіва. І колькі гэта лямпаў розных развялося. У школе вунь вісіць у класе, дык, мусіць, па хунту за вечар жарэ, газы гэтай. Каб, скажам, у хату, дык гаспадарку звяла б усю. А цяпер, бач, па дроту. Няйначай дуплінаваты...

- То, дзядзька Напрэй, не дуплінаваты, а звычайны дрот. І йдзе па ім электрычнасць. Ну, як бы маланка тая. Канечне, яе і не ўгледзіш, электрычнасці гэтай, але як дойдзе яна да танюткіх дроцікаў у лямпе, дык дужа гэта яна іх напальвае. Яны і свецяцца, таму і святло, і зыркае святло. Ды вот я пакажу вам электрычнасць гэтую самую.

Іван Іванавіч дастае з шафы некалькі батарэек для кватэрных званкоў, якія папраўляе ён для фальварка. Прыладжвае некалькі дроцікаў.

- Ну, а цяпер вазьміце, дзядзька Напрэй, у рукі гэты дроцік.

- Ну што ж, і вазьму...

- А цяпер дакраніцеся пальцам да гэтага дроціка.

- Ну што ж, і дакрануся...

Усе з цікавасцю пазіраюць на Напрэя, на яго лапушыстую бараду, бучныя вусы і густыя бровы, з-пад якіх выглядаюць цёплыя шэрыя вочы. Раптам Напрэй аж падскаквае злёгку, кінуўшы з рук дроцік.

- Каб жа цябе нарад, дрот, а кусаецца, - аглядае з здзіўленнем свой палец Напрэй. - Аж шчыміць.

Усе спрабуюць кусанне.

- Вот вам і электрычнасць. Пусці яе ў лямпачку спецыяльную, яно і свяціць будзе, - і Іван Іванавіч прыладжвае малюсенькую лямпачку ад кішэннага фанарыка. Лямпачка гарыць, і ўсе здзівавана пераглядаюцца.

- Глядзі-ка ты...

- Дык вось, у горадзе там, заместа вось гэтых скрыначак невялікіх, машыны вялікія, яны і вырабляюць электрычнасць, ды такой сілы, што дакраніся чалавек да дроту - адразу і заб'е, як маланкай. Але зачым жа дакранацца. І вось электрычнасць цэлы горад асвятляе і нават машыны можа круціць, спецыяльныя цягнікі рушыць, уга, дзе толькі ні прыносіць яна карысці чалавеку.

- Бачыў ты! Да чаго чалавек не дадумаецца! І ўсё на патрэбу сабе, каб, значыцца, жыць лягчэй на гэтым свеце... Усякую гэта машыну сабе паставіў. Вун яшчэ на маёй памяці, дык хлеб усё на ветраках малолі. Хоць яно, канечне, і там не без розуму, усякае прыстройства там, але ж звычайнае прыстройства. Быў яшчэ, праўда, у пана валовік. Ну і ўсё. А цяпер вось у воласці паравы млын. І куды табе шпарчэй, чымся на ветраку. Дый мука лепей. Ізноў жа і ветру чакаць не трэба, і ніякага табе клопату: ні махі табе не паламае, ні парусу не парве. Ізноў жа аўтамабілі... Вун кляпчанскі пан, дык, кажуць, з-за межаў прывёз машыну сабе, аўтамабіль. Сам сабе йдзе. Ні коней табе, ні валоў - анічога. Ды яшчэ як ідзе, аж саша гудзіць, колькі тых коней адных папудзілася ды калёс паламалася.

- Каму, дзядзька Ўладымер, аўтамабіль, а каму конь калечаны, - устаўляе слова канавал Зміцер. - Яно-то, канечне, добра пану ў аўтамабілі, а мужыку з канём смерць.

Рэдзенькая бародка Змітрава трасецца ад смеху, і ўся яго галава з шэрым воспенным тварам хуценька паварачваецца на доўгай шыі, шукаючы спачування сваёй думцы.

- Не кажы, браце... Канечне, пан пра сваю карысць клапоціцца, не пра тваю ж...

- Гэта правільна вы сказалі, пане Ўладымер, - гаворыць Іван Іванавіч, шуруючы наждачнай паперай дно карца. - Паны вечна клапаціліся аб сваіх інтарэсах. Аб іх яны клапоцяцца і цяпер. Хоць бы й машыны сабе - ізноў жа каму ад іх больш карысці, нашаму хіба брату?.. Уга... Вун мой брат у горадзе на заводзе працуе. Колькі іх там яшчэ працуе. А як сталі новыя машыны ставіць, дык каторых з рабочых і на вуліцу выгналі, ды яшчэ колькі...

- Дык тут, мусіць, вайна вінавата, Іван Іванавіч?

- Пры чым тут вайна? Вайна сама сабой. А хіба вайна карысць якую дае?

- Ну канечне, Іван Іванавіч, аніякай карысці. Вун у Каравашкі сын звярнуўся, ходзіць цяпер на двух мыліцах. Канечне, ніякае карысці тут акрамя шкоды. А колькі пабітых? Ізноў жа параненых? Ды не дабіцца цяпер ні да чаго, не дакупіцца, і дзе яно што і падзелася? Канечне, цяжка нашаму брату. Ды што калі жэрдку якую плот залапіць, дык паспрабуй сунься ў лес панскі, такую цану ўздулі, што хоць ты трымайся. А за папас у лясу?

- Уга, хутка і зусім упраўляючы хоча ўсякі папас адмяніць, псуюць, кажа, задужа лес каровы, - перабівае Напрэя Ўладымер.

- А арэнда пожняў?

- А шурка дроў?

- А паспрабуй якую дзесяціну на панскім прысеяць?

- Дзіва што... Ходзіць вун па парку, як певень той галанскі, упраўляючы наш, пуза адрасціў - колькі б тых свечак адных нарабіў бы з гэтага сала паганага. Ды што б яшчэ было, калі б не ездзіў штогод сала спускаць на тыя цёплыя воды. Канечне, у вялікі яму клопат вайна!

- А дзе ж, між іншым, пан падзеўся, каторы год нямашака?

- Ды прыязджалі вось некаторыя нашы хлопцы - салдаты, з Пецярбурга прыязджалі. Дык казалі - у інтэндантах там дзесьці служыць, поўным генералам...

- Яно, канечне, не падпрапаршчыкам якім, вядома, генералам...

- Ну што ж, на тое, браце, вайна, яна нікога не мілуе, ні мужыка, ні пана. Канечне, пану вальготней, нашаму брату цяжэй. Але што ж ты зробіш. Канечне, прыходзіцца і цярпець. І як жа без вайны. Сядзелі б так, ну і прыйшлі б немцы, і пазабіралі б усё. І цара свайго пасадзілі б табе. І сказаў бы, ану, хрысціяне-мужычкі, а пакланіцеся майму Богу. А калі што, уклеіў бы бізунамі. От ба...

- «От ба, от ба»... - перадражняе Ўладымера Напрэй, - і галава ў цябе не галава, а часам торба...

- Ты гэтак чаму?

- А таму, што дурань ты бываеш задужа часам... У цябе сыны малыя, дык табе і вайна - столькі-то клопату... А ў мяне вот на вайне адзін, ды другому трэба рыхтавацца, ты ж замест яго не пойдзеш. Дык табе і вайна патрэбна...

- Ды яна і мне ні к чаму... Але ж як жа так? Ну, скажам, не ваяваць... Ды што ж з таго будзе? Ну, прыйдзе немец, павыразае ўсіх...

- Дужа там павыразае...

- А табе ведаць? Вайна ж - гэта не жартачкі, не свята прыстольнае...

- А калі не жартачкі, дык і ваяваць не трэба...

- Ён ізноў! Дык немец жа прыйдзе...

- А няхай яны таксама не ваююць... А ў немца хто? Тыя ж самыя хрысціяне-мужыкі ды рабочыя, скажам... Працуюць жа ў фальварку аўстрыйцы, крыху наламаліся гаварыць па-наскі, дык і расказваюць: і ў іх жа і поле такое, і гароды, і ўсё, адным словам, як у нас, хіба гаспадарку толькі лепш даглядаюць. Дый сам жа ты не раз мо бачыў, як працуюць яны - дасціпныя хлопцы: і ў полі, і ў хляве, дзе ты яго ні пастаў. І да дзяўчат не зломкі - наскія хлопцы. Глядзі, Аніс, наладзяць яны табе канкурэнцыю.

- Кіньце вы, дзядзька, уздумалі...

- Дык аб чым жа я... Вось збіўся крыху. Ага, аб вайне. Вось і выходзіць па майму розуму - зачым ваяваць, зачым калекаў рабіць, зачым гэта мне ды аўстрыйскага мужыка біць. Няхай бы выйшаў наш цар Мікалай, а насупраць яго Вільгельма, і няхай бы там валтузіліся, калі ўжо так укрыўдзілі адзін другога. Няхай бы і дужаліся там, ці як. Які б перадужыў, таму і пабеда, дый плата там якая, ці што. І не смертаўбіўства табе, ні калек, анічога...

90
{"b":"555765","o":1}