Литмир - Электронная Библиотека
Содержание  
A
A

Але дзе гэта, каб тыя ўцехі людскія ўцешылі. Чалавека слухай, а сваю думку мей. Гэта ж жартачкі - зямлі кавал, добры кубел. Гэта ж тых грошай куча... Дужа яны валяюцца па дарозе, здарма от сыплюцца ў рукі. Так яны й даліся табе ў рукі... Гэта жартачкі: калі ад Банадыся, дык сват, не ад Банадыся - не сунь носа... Гэта хіба хто розуму не мае, дык не дабярэ... Вот табе й замочкі тыя бліскучыя, ліхтар з мышай... Падвёў пад манастыр з мышай той, зараза гамзюрыстая...

Сумны быў Цыбал. Ішоў дахаты прыцемкам, мармытаў усё пад нос:

- Гэта ж жартачкі - кубел...

4

...Ля Міронавай хаты тоўпіўся народ. Заклапочаны, тупаў ураднік, разганяў людзей, мацярыўся на соцкіх, якія марудзілі, не з'яўляліся. Ураднік тупаў па двары, выходзіў на вуліцу, і ўвесь яго шызы твар ззяў на сонцы, як нацёртыя медныя бразголкі на грудзях, як тыя новыя з вострым кантам пятакі, спрытна трапляўшыя ў ураднікавы кішэні кірмашовымі днямі. І не разабраць было, ці то заклапочанасць, ці вялікая ўрачыстасць панавала на крамяных урадніцкіх шчаках, на яго шызым - валбукаю - носе.

- Стараешся, воін?

- Чаго? - кінуў утароплены ўраднік на Сёмку запытанне. - Пра што кажаш, служывы?

- Служба, кажу, дужа ў цябе клапатлівая, чыжолая служба...

- Праходзь, праходзь, не задзержывай...

- Ды мы што... Мы спачуваем толькі: схудняў задужа ад клопатаў ты, чалавеча, ледзь-ледзь ногі пуза трымаюць...

Ураднік памкнуўся быў наперад, рашуча прыўзняўшы адзін вус, намерыўшыся сказаць нешта суровае і грознае - натапырыліся губы, пачырванелі вырачаныя вочы, шызая валбука носа трымцела і падымалася ўсё вышэй і вышэй. Але раптам рэзка павярнуўся ўбок і, не зварачваючыся ні да каго асабіста - была там у крапіве і лебядзе пустая паветка, - вылаяўся гучна, абрываючы словы:

- Чорт жа носіць каторага... Ану, разыходзься...

З сяней выводзілі Трахіма Сапуна. Ля яго завіхаліся два стражнікі ды тупалі без парадку соцкія, шукалі па двары лейцы, прыставалі да Мірона.

- Гаспадар, каб на цябе ліха, агрызка вяровачкі не знойдзеш у цябе...

Мірон сядзеў на старым карчы, узіраўся на стоптаныя лапці, на вузлаваціны сатлелых забарсняў, на шурпатыя далоні пляскатых рук і думаў аб нечым сваім, аб міронаўскім: аб слабым характары, аб сыне Яўхіме, аб бліскучых ураднікавых ботах...

Думаў і не да ладу адказаў:

- Няма ў мяне... Ня-я-машака, я кажу... Каб гэта вяровачкі... Каб гэта сіло віць, на чалавека сіло...

І апошняе пра сябе, не ў словах, у думках.

Калі вывелі Трахіма на ганак, народ згрудзіўся бліжэй, бабскія галасы загулі і ў нарастаўшым гуле перакатвалася начнымі спалохамі:

- Бач, счарнеў чалавек як, з твару зусім падупаў...

- Счарнееш, без дай прычыны так жа чалавека мардуюць. Хто паліў, а каму адказваць...

- А калі б і паліў - добра зрабіў... Дзе ты на пана ўправу знойдзеш, калі за яго закон, за яго стражнікі, калі за яго цябе жыўцом засудзяць... Калі за ношку травы панскае цябе гатовы ў дамавіну пакласці...

- Маўчы ты, разявіўся... Зяпала зачыні, дурань, ведаеш, што за такія словы...

Трахім стаяў на ганках, расхрыстаны, у разбэрсаных лапцёх. Пасмы валасоў папрыліпалі да мокрага лба, дрыжэлі рукі, і пальцы ніяк не маглі патрапіць, каб заплікнуць гузікі на світцы. На шэрай залапленай світцы - рукавы яе і кожнае крысо былі луб лубам, наглянцаваныя смалою і варам, прапахшыя ў смалакурні дымам. І ў смолі той былі ліпкія ніцяныя гузікі. Да іх ліплі пальцы, ніяк не маглі заплікнуць. І ўсё ў ім, у Трахіму, - у сутуленай постаці, у абвіслых руках, у заняпалых, навераджоных саланаватай рэззю вачах - усё ў ім было настарожаным і балючым слыхам. Трахім глядзеў перад сабою, на людзей, на ўраднікаў - шызаю валбукаю - нос, на стражнікавы карабінкі, на жоўты, уследжаны безліччу лапцёў снег, глядзеў і нічога не бачыў. Ён чуў толькі, як захліпаецца плачам жонка ды, учапіўшыся ў яе спадніцу, роўма равуць дзеці, заходзіцца самае меншае - пераходзіць плач малога ў натужлівы кашаль, і, адкінуўшыся назад, бялее твар гэты, надуваюцца сінія жылы на тонкай, як нітка, шыі.

Тады, схамянуўшыся, да жонкі:

- Сунімі малога, табе кажу, бач, зайшлося...

І да стражнікаў, да людзей:

- Не пайду я... І куды мне ісці... І чаго... Сказаў жа, што не пайду...

І, развёўшы рукі, яшчэ цвярдзей і рашучай:

- Не паліў я... І нічога не ведаю... Дык кажу ж, не пайду, не вядзіце...

- А мы прасіць цябе будзем... Дужа ж прасіць будзем... Як жа, шапку чырвоную для цябе надзенем. - І стражнік, малы і нязграбны, - у ім прызнаў Напрэй Казёл свайго старога знаёмага, Грымдаля, - аж пакланіўся ў пояс Трахіму і, пакланіўшыся, рэзка тузануў яго за рукаў:

- Ідзі, шуядзь, калі вядуць, гонару не разумееш...

Ледзь устояў на нагах Трахім, не сышоў, а ссунуўся з ганак. І не ўбачыў, а пачуў, як падскочыў сын Лявон - быў яго голас сухі і ўзрушаны:

- Не йдзі, тат... Я табе кажу... Не слухай сабак гэтых, служак гэтых панскіх не слухай... Не ты паліў, не табе адказваць... Я ж паліў, чаго да цябе чэпяцца...

І чуў Трахім, як адкінулі стражнікі Лявона, пакаціўся той да самага плота. І тады пацяглі жывасілам Трахіма да варот, да пахіленых шул спарахнелых, на шырокую гаманлівую вуліцу. Бегам кінулася жонка ўслед і ўчапілася рукамі ў стражніка, сашчарэпіўшы рукі, павісла на нагах, сцісла іх, як абцугамі.

І ўбачыў народ, як, нагнуўшыся, ударыў Грымдаль наводліў старую па твары і, каб хутчэй адчапіцца, даў шчэ раз у грудзі. Войкнула старая, разняла рукі, спыніліся малыя ў нерашучасці. Гучней загаласілі бабы тады каторыя, гул узняўся ў народзе, загула вуліца галасамі мітуслівымі, пагрозлівымі.

І кожны ўбачыў тады, як падскочыў салдат да стражнікаў, да куцага Грымдаля.

- Сёмка, бач, Казёл...

І адумацца Грымдаль не паспеў, як паляцеў потырч, бразнуўшыся патыліцай аб спарахнелую шулу.

- Гэта табе за жонак нашых... памятаў каб, як мацярэй нашых біць, воша тылавая... Іш, гніды, параспускалі рукі на нашага брата...

Другі стражнік кінуўся да Сёмкі, выцягваючы на хаду шаблю, але кінутая нейчай спрытнай рукой цагліна збіла яго з ног, і ён упаў на снег, нязграбна скурчыўшы ногі і схапіўшыся рукамі за голаў. Шапка адляцела ўбок, дзвынкнула шабля, уелася ў ліпкі снег. На чырвоны жужаль браўся гэты снег пад стражнікавай галавой. І тады апаўшую цішыню прарэзаў спалоханы, нібы прыдушаны, голас:

- Гэта ж чалавека забілі...

Ды нехта крыкнуў у трывозе, у адчаі:

- Уцякайма... Ратуймася...

Пераваліўшыся праз плот, бег па гародах Грымдаль. За ім услед, абламаўшы штакеціну, уцякаў ураднік.

Яны беглі, не аглядаліся, уцяўшы галовы ў плечы. За гародамі пачынаўся алешкавы параснік. Быў ён рэдкі цяпер, зімой, празрысты.

- Усім бы вам на сухі той лес бегчы, гады...

Адразу і вуліца і двор сталі пустымі. Народ разбегся хто куды, і толькі соцкія клапатліва перагаварваліся адзін з другім:

- Ну й дзялы... Гэта ж стражніка забілі, няйначай...

- Жывы будзе... У іх галовы жалезныя, у сабак... Чаго, Трахім, стаіш, ідзі ў хату, дзяцей вядзі, а то прастыгнуць... Ды не бойся...

І калі былі ўжо ля Напрэевай хаты, тады парушыў маўчанне Іван Іванавіч:

- А ўсё ж выйшла трохі нягегла... Хіба ж гэтым мы справе падсобім... Чорт яго ведае, як яно выйшла.

- А вот і выйшла... Раз выйшла, дык і выйшла... Не магу я цярпець больш... Каб кожная погань сваволіла тут. Хоць раз правучыў каторага, каб рукі карацей трымаў... А звод прыйдзе на іх, дачакаюцца, ірады...

- Та-а-к... - прамовіў той, што зваўся Карнеем, і не азваўся больш ніводным словам, пакуль не зайшлі ў Напрэеву хату. Прагаварылі ўсю ноч. Ужо бралася на відно, ужо выйшлі ўсе смалякі на комінку і пабралася попелам астыглае вугалле, калі разыходзіліся людзі з пракуранай Напрэевай хаты.

Марознае прадранічнае паветра было пругкім, каляным, і кожнае слова, аддаючыся ў ім гулкім рэхам, было звонкім, імклівым. І мо таму, што была бяссонная ноч, гарачыя спрэчкі, шызыя воблакі пракіслага табачнага дыму ў хаце, - кожнае слова ляцела паасобку, ляцелі ўрыўкі слоў і набывалі незвычайную ім, такую ж жывую, хвалюючую і заклікаючую яснасць.

108
{"b":"555765","o":1}