Литмир - Электронная Библиотека
Содержание  
A
A

- А што яму, смаркатаму. Яму абы яшчэ з гаспадаркі цягнуць, капейчыну якую на цукеркі. Ужо гаспадар з яго... Але я ўжо думаў-думаў і сяк і так узважыў... І нічога, браце, не выходзіць, прыйдзецца-такі аддаць гэта дачку маю за твайго Банадыся, хіба ўжо сватоў шлі...

- Вот бы й подаўна так...

Святым адвячоркам Хвядос сядзеў з Цыбалам і строіў яму ўсякія планы.

- Усё сяло так, браце, у рукі возьмем, пішчом пішчэць будуць, аж пацячэ з іх...

І ён сціскаў свой валасаты кулак і распускаў пальцы, паказваючы Цыбалу, як то яно цекчы будзе.

- Ды яно ўжо так...

- Ты, пане Цыбал, ведаю я, - крамень чалавек, не скажаш худога слова і пра мяне. Аднаму мне нязручна трохі, а калі гэта мы, скажам, удвух - тады паспрабуй пад корань нас паддзець, каб з месца зварухнуць.

Удваіх яно лягчэй і зямлі яшчэ прыкупіць ці ў арэнду ўзяць часам, і хлеб той прадаць ямчэй. Ды што хлеб. Можна й млын вун паравы згораць, дужа ж здабытлівая штука гэта, не параўнаеш ні з чым.

- Млын яно, пане Хвядос, як сказаць яшчэ... Як патрапіш. Млын, браце, гэта табе не малатарня, тут і ўскочыць можна, агрэхі зрабіць...

- Не зробім... Удвух, браце, не зробім. А не хопіць грошай, у банку пазычымся, а то куды ні шло, - і ўжо цішэй: - І папа можна да справы прыцягнуць. Ведаю, даўно гэты млынок у яго з галавы не выходзіць, не рашаецца толькі. А ў кампаніі ён нішто будзе, і грошай у яго тым часам хапае...

- З млыном, пане Хвядос, ты ўжо як хочаш. Гэта ж дужа рызыка тут вялікая... Ты ўжо сам як-небудзь. А вось наконт зямлі, дык у мяне згода. Чаму б якога кавалка не прыгарнуць яшчэ да сваіх палос - есці ж прасіць не будуць. А з млыном не таварыш гэта я, не...

- Ну, пажывём, пабачым... Дык прысылаць, кажаш, у сваты?

- Ды ўжо ж... Няхай яно ўжо так... Адным жа разам калі рабіць ды трэба, не абыдзешся ўжо... Хоць то й клопату, і прыбытку таго - не сказаў бы, каб у гаспадарку задужа... Дык жа прысылай ужо...

ЧАСТКА ПЯТАЯ

3

Сядзела Агапка ля комінка, пер'е скубла, курынае. І здаецца, яшчэ больш сляпой выглядала яна. Водбліскі лёталі ад коміна і садзіліся на ўпадзіне той, дзе заместа вока рубец чырвоны. Відушчае вока ў цяні хавалася. І страшкі позірк рубца гэтага, нерухомы такі і золкі, да касці працінае. І палавінка твару гэтага не ўздрыгне, не ўзварухнецца асветленая.

І не здзівілася прыходу Таццяны, як бы яно ўжо і трэба. І ведала ж чаго. Якія там сакрэты агульныя паміж старой і дзяўчынай, каб гэта ў госці адна да адной хадзіць, у праведзіны. Не ў праведзінах справа.

- Садзіся вот, рыбачка мая... Дык дождж, кажаш? Пара ўжо... даўно пара. Калі ўжо тое лецечка адышло, а дзівіся - суха было, ні дажджынкі табе, ні хмары. Дык жа на каторым месяцы, мая рыбка? - І чырвоны рубец глядзіць, не міргне, проста ў вочы табе цэліцца.

- Ды ўжо чатыры дні, як на трэці пайшло, - сказала, зніціўшыся і ўздрыгнуўшы...

- Уга... Не бяды... Не бяды... А я меркавала болей... Калі ж гэта так, дык мы гэта вобмегам адным... А ты не хвалюйся, не хва-а-люйся... З кім гэта не трапіцца... Маладосць ты наша, маладосць... А мая вось, рыбачка, даўно прайшла, даўно адляцела... Калі то ўжо мужыка свайго пахавала. Аніс у мяне які ўжо... уга... і шкадаваць каб, дык не... Кожнаму свой час... Аджыў і пяткі складай, як той казаў, хавай душу ў мяшок... А твае гады - вясна красная. Калі сляза якая - як расою абмые, толькі ж ты зеляніся, буцёлкаю распускайся чырвонаю... Але ж давай жа, дзеванька, да справы, праходзь жа ў баковачку тую, а мы і дзверы зашчэпім.

Устала з трыножкі, рэшата сваё з пер'ем адставіла, абцерла аб спадніцу рукі, каб жа пух абіць, што папрыліп да далоняў, да пальцаў. Запаліла газніцу-капцілку і панесла яе ў баковачку.

- Дык на трэці месяц пайшло, кажаш? Так... Ну, дык лажыся, рыбка, на ўслончык гэты... лажыся, лажыся, не бойся, чаго там... Гэта ж плюнуць раз дый расцерці...

Поркалася старая, ля ног завіхалася. Гарэў твар у Таццяны. Касавурыла вочы на сценку, дзе травы віселі, сушаныя краскі. Вот па сцяблу бяссмертніка клоп паўзе, на самы цвет запоўз, далей некуды. Прыюшыўся клоп, нібы думае, ці то скочыць уніз, ці то не: а будзе там толк які, ці не будзе. І павіс, нагамі заварушыў тымі, адарваўся, проста на грудзі ўпаў, аж спужалася:

- Цётачка, клоп...

- А ты не шманай... Чаго ты... Вазьмі і прыдушы, столькі-то клопату... З чаго гэта ты?

- Ды я нічога.

Завіхалася Агапка, бегала на хату, вазілася з нечым. І сказала:

- Вазьмі вот рушнічок, рыбка, ты рот вот так завяжы, добранька завяжы, шчыльна. Ды пакладзі на зуб кончык... Закручвай, ды не жалей, тужэй, галубка, тужэй, бо ад крыку душа заходзіцца, не трэба таго крыку. А завяжаш, яно й добранька будзе... Вот так... А цяпер ужо рукі давай, мая рыбка, каб сама сабе не шкодзіла... Рукі нашы - ворагі нашы... Ляжы, галубка, ляжы... А цяпер вочы прыплюшчы...

Прыплюшчыла Таццяна вочы.

10

Чыталі дванаццаць Евангелляў.

Жоўтыя свечкі сагіналіся ад сваёй цеплыні і разлівалі трапяткое святло на посныя і закураныя твары святых, на мядзяныя ўборы Багародзіцы, на чорныя ў змроку начным пратасэі.

Людзі сагіналіся на калені, прыкладаліся лбамі да закапленай воскам халоднай падлогі і заміралі на міг, нібы адчуваючы таемную святасць у гэтым дотыку халоднай царкоўнай падлогі, дзе воск, дзе ладан, дзе бруіцца свежае паветра ад дзвярэй, дзе чутны шэпты парэпаных вуснаў:

- Даруй жа мне, Госпадзі...

Людзі ўставалі і ўглядаліся задумёна ў бляклую пазалоту царскіх дзвярэй, у змрочныя цені, што ляталі па сценах ад жоўтых, танюткіх, са слязою васковай свечак. І твары ў людзей былі посныя, бляклыя, васковыя. Прыслухаліся, як бубніць Лаўрэнаў голас, лавілі паасобныя словы, паасобныя сказы, сачылі за рухам яго рук і калі жагнаўся ён, тады, як па камандзе, узнімаўся лес рук і ціхім шолахам пранасіліся шэпты-словы: «Ва імя Айца і Сына і Святога Духа...»

І пад шолах гэты калыхаліся змрочныя пратасэі, мігцелі жоўтыя, трапяткія, са слязой васкавой гаручыя свечы, і скакалі ад уклонаў цені пад столь, пад блакітны купал, адкуль углядалася адзінае, у адзінстве сваём суровае і варожае вока, вока госпада Саваофа. Пасля Лаўрэна чытаў Яўхім-сухарукі. І калі жагнаўся ён левай рукой, людзі нехаця думалі: «Ці не грэх гэта, - а ці можна ж левай?»

Думалі і жагналіся, праганялі грэшныя думкі, што адрывалі ад слоў евангельскіх, ад пакут божыіх. Слухалі, і ў кожнага былі свае думкі, у кожнага былі свае меркаванні, свае надзеі. І бадай ва ўсіх: «А можа, й вайна хутка скончыцца, дай жа, Божа, дай жа ты, літасцівы...»

Думалі і аўстрыякі аб гэтым, што шчыльнаю купкаю згрудзіліся ля дзвярэй, стаялі з суворымі, настарожанымі тварамі. Тут быў і Язэп з абвіслымі чорнымі вусамі, і чарнавокі Янук, што скоса, нібы засаромеўшыся, пазіраў на людзей, на жанок, на палахлівыя позіркі дзявок, і старэнькія бабкі, каторыя думалі: «Вось жа, як наскія... звычайныя людзі і жагнаюцца нават, і каторыя моляцца нават... І няўжо ж Івана майго загубілі, у акопах застрэлілі... Няўжо ж ворагі ўсе вось такія... Не можа быць... Даруй жа, Божа, мне грэшныя думкі, непатрэбныя словы...»

І торапка жагналіся, торапка шапацелі словы да Бога, торапка падалі слёзы ў каторай, і слёз гэтых было не чуваць. Былі яны слабыя, бяссілыя. Лягчэй слёз тых васковых гаручых - іх чуваць было, як падаюць яны, капаюць перад мядзянымі ўборамі Багародзіцы, падыходзілі людзі тады, у світках, у кажушках - і папраўлялі свечы, выпроствалі і тушылі каторыя. Папраўлялі, жагналіся, адыходзілі на сваё месца і зноў жагналіся. І над усім разляталіся словы - то ціхія і плыўкія, то гучныя, смелыя, то таропкія, заходлівыя - не разбярэш, адкуль яны.

А знадворку ўляталі галасы, звонкія, крыклівыя ды задзірлівыя. Яны часам дзёрзка ўрываліся пад змрочную столь, крывілі ўсмешкай каторыя твары, ды бабка якая, палахліва азірнуўшыся, прасіла Госпада Бога:

101
{"b":"555765","o":1}