Литмир - Электронная Библиотека
Содержание  
A
A

- Як жа, чакайце зямлі, калі ніякага парадку цяпер не будзе, ніякага закону... - устаўляе сваё слова жандар.

Слова за слова і ўжо цэлую прамову шпарыць жандар. І выходзіць па-ягонаму, што цяпер настала самая дрэнная часіна, што «змушчаюць» народ розныя свавольцы, фабрычныя ды жыды. Як-ніяк перашкаджаў ім цар апошнія сокі з мужыка выціскаць.

А цяпер хочуць гэтыя людзі свой парадак устанавіць.

Уздыхаюць сяляне, згаджаюцца, не згаджаюцца. Некаторыя спрачацца кінуліся.

- Што ні кажы, чалавеча, а перамена павінна быць вялікая... Вось каб ведаў ты, колькі нашага брата розныя ўраднікі, стражнікі ды жандары прыціскалі.

- Пра стражнікаў ды жандараў я не кажу... Вядома, гэта сабакі... Але пры чым тут цар, хіба ён ведаў, як народ жыве, усё ад яго скрывалі... - так гаворыць жандар і ў вус не дзьме, нібы ён самы найлепшы, самы працавіты чалавек на свеце.

І ўжо хацелася Міколку крыкнуць на ўвесь голас: «Лавіце яго, вось ён, жандар!» Але пабаяўся крыху. Яшчэ не павераць яму людзі, дык гэты гад, чаго добрага, і пабіць яго надумаецца. І тут заўважыў Міколка, як праз проразь паліто відаць жандарскія сінія штаны. І тады адразу з'явіўся ў Міколкі план, як спрытней узяць ворага.

Падышоў ён да яго, узяўся за полы паліто ды пытаецца:

- Дзядзенька, прадаеш паліто?

Людзі ў смех, а жандар у лаянку:

- Ідзі прэч, падшывалец! - і выказвае яўныя намеры адысціся.

А Міколка ўзяўся за палу, расхіліў яе ды ўжо крычыць на ўвесь базар:

- Вось яны, штаны жандарскія! Лавіце яго!

Заўважылі людзі жандарскую адзежыну, заварушыліся адразу, жандара схапілі.

- Бач ты, гад, а яшчэ добрым чалавекам прыкідваецца! Бач ты яго, царскі абаронца знайшоўся... І форму змяніў, каб не пазналі.

Так злавіў Міколка апошняга жандара са сваёй станцыі і ўрачыста прывёў яго пад канвоем людзей у дэпо. Усе віталі Міколку, віншавалі з перамогай над ворагам:

- Маладзец, хлопец, па бацьку пайшоў! Лаві іх, супастатаў, усюды, дзе толькі ўбачыш!

Так пачалася свабода, рэвалюцыя, і такі ўдзел браў у ёй наш Міколка. А праз колькі дзён у Міколкавай сям'і было вялікае шчасце. Нечакана прыехаў бацька. Ён быў страшэнна худы, зжаўцелы, увесь аброс барадой. Але колькі было радасці ў яго, весялосці. Ён усіх абдымаў, цалаваўся з усімі рабочымі, якія цэлымі гурмамі прыйшлі да яго з дэпо. Рабочыя падкідвалі бацьку ўгору, качалі на руках, звалі да сябе ў госці.

- Цяпер, браткі, не да гасцявання! - жартаваў бацька. - Не доўга і прагасцявацца... Буржуі перапалоханы насмерць, хочуць на свабоду ланцуг накінуць...

Бацька так і зашыўся адразу ў работу. Жыць пераехалі назад, у родны вагон. Прыходзіў зноў той «буржуй», з дэпо, які калісьці знішчыў Міколкаву карцінную галерэю. Ён загадаў пафарбаваць вагон, падправіць дах, змяніць некалькі дошак у падлозе. Ён бегаў навокал бацькі, як на калёсіках, і ўсё пытаў:

- Можа, гэта падправіць, можа, лепшую печачку паставіць?

Бацька моршчыўся нечага, не адказваў. Потым не сцярпеў, крыкнуў:

- Адчапіся ты, чаго прыліп як банны ліст... Нешта раней ты не ліп да нашага брата... Зрабі вось, каб было па-людску.

«Буржуй» хадзіў як на задніх лапках. Гаварыў лісліва:

- Вы ўжо старое не памінайце: што было, таго няма. А мяне вось рабочыя прыціскаюць. Хочуць пад суд аддаць... Нібы я іх прыцясняў калісьці, нібы за крадзеж дом паставіў і на іхнія капейчыны квапіўся. А вы цяпер вялікі чалавек, паважаны чалавек. Недарэмна рабочыя хочуць за камісара паставіць над участкам... Дык вы ўжо абараніце хаця.

- Вон! - не сцярпеў тут бацька. Ды Міколка паддаў жару:

- Ідзі, ідзі, погань буржуйская... Бач, хвост падцяў, калі на лапы наступілі.

«Буржуй» пакінуў вагон.

А жыццё зноў стала вельмі трывожнае. На свабоду спакушаліся тысячы ворагаў. Буржуі не хацелі даваць уладу рабочым, бальшавікам, сярод якіх быў Міколкаў бацька. Часцяком даводзілася яму хавацца, каб не папасціся ў лапы буржуяў, афіцар'я. Але Міколка бачыў, што бальшавікі над усімі маюць перавагу. Усё дэпо ішло за імі, усе рабочыя дбайна ахоўвалі сваіх бальшавікоў ад буржуазнага ўрада Керанскага. Усе ішлі насупроць гэтага ўрада, не выконвалі яго распараджэнняў, псавалі вагоны, паравозы, не давалі іх пад пагрузку войскаў на фронт.

І толькі ў Кастрычніку свабодна ўздыхнулі рабочыя. Улада перайшла канчаткова да іх.

- Цяпер, браце, наша свята! - сказаў бацька Міколку. - Цяпер паравозы нашы, дарогі нашы, дзяржава наша. І каб толькі не ворагі - жыць бы нам ды пажываць, на працу сваю любавацца.

Бацька быў цяпер камісарам цэлага ўчастка дарогі і часта аб'язджаў яго, бываў на розных станцыях. Па старой звычцы ён не ездзіў у вагоне, а падсаджваўся на паравоз якога-небудзь цягніка і так рабіў свае аб'езды, арганізуючы рабочую ўладу на станцыях, па дэпо, па чыгуначных лініях.

А ворагі не хацелі здавацца. Яны збіралі ўсе сілы, каб загубіць рабочую дзяржаву, каб зноў аднавіць стары лад у краіне. Насоўваліся цяжкія дні.

Міколка вызваляе бальшавікоў

Ужо з тыдзень хадзілі чуткі, што набліжаецца нямецкае войска.

Рабочыя дэпо рыхтавалі лепшыя паравозы, каб не пакінуць іх немцам. Міколкаў бацька раіўся з другімі рабочымі, што рабіць: ці ваяваць з немцамі, ці пусціць іх без бою. Але паступілі і пэўныя ўказанні, каб не адкрыць бойкі, не рабіць кровапраліцця, бо што могуць зрабіць рабочыя з узброенымі да зубоў палкамі Вільгельма. Ды трэба было памятаць і аб Берасцейскім міры, расказаць аб ім рабочым і сялянам. Трэба было быць гатовым для падпольнай работы сярод нямецкіх салдат, каб зрабіць іх салдатамі-рэвалюцыянерамі.

Меркавалі, што немцы прыйдуць праз дні два, праз тры. Але яны з'явіліся ноччу зусім нечакана. Відаць, знайшоўся здраднік на суседняй станцыі і не папярэдзіў аб адпраўцы нямецкіх эшалонаў.

Прачнуўся Міколка ад стрэлаў. То ганяліся немцы за бацькам, які ў адной сарочцы выскачыў праз акно і адстрэльваўся ад салдат. Бацьку ўдалося ўцячы, ён паспеў дабегчы да вялікіх штабеляў дроў і схавацца там да вечара. І толькі раніцай наступнага дня, калі ішлі рабочыя ў дэпо, бацька непрыкметна зайшоў у вагон. Страшна ўзрадаваліся маці і Міколка. Яны чулі, што арыштавана і пасаджана ў пакгаўз цэлая група рабочых-бальшавікоў, і нічога не ведалі, ці жывы яны, ці пабіты, ці ёсць сярод іх Міколкаў бацька. Аж заскакаў ад вялікай радасці Міколка, але бацька абурыўся на яго:

- Цішэй ты, скакун! Яшчэ немцы пачуюць, ураз прыйдуць сюды... А цяпер бывайце... Даводзіцца, як бачыце, хавацца... Арыштоўвалі, відаць, па спіску, нейкі гад пастараўся для немцаў спісак скласці ўсіх тых, хто быў найбольш актыўны... Ну, не сумуйце ж, не вечна тут немцы будуць.

І толькі бацька нагу на парог паставіў, як падбегла ўсхваляваная маці, на акно паказала:

- Пачакай, вунь ідзе адзін з начальнікаў дэпоўскіх, каб не ўгледзеў яшчэ часам.

Да вагона набліжаўся той самы «буржуй», з якім былі ў Міколкі неаднаразовыя сутычкі і які загадваў жыллёвымі вагонамі дэпо. Ён ішоў проста да вагона. Міколкаў бацька зайшоў за полаг і схаваўся там. Неўзабаве зайшоў «буржуй», не вітаючыся, важна рассеўся на зэдліку, нахабна азіраючы ўсё навокал...

- Ну што ж, вітаю вас, вітаю! Накамісарстваваліся, значыць, здаволіліся...

Маўчала маці, маўчаў Міколка, не ведаючы, да чаго хіліць гэты чалавек.

А той сядзеў, азіраўся навокал, усё адцягваў надалей сваё рашэнне. І ўрэшце загаварыў:

- Сказ мой будзе кароткі... Не ўсё ж у камісарах хадзіць ды другімі камандаваць. Расправяцца вось цяпер немцы з вашым камісарам. Паслухайце цяпер і майго загаду - у дваццаць чатыры гадзіны аслабаніць гэтую кватэру, і каб духу вашага тут не было... Хоць да д'ябла! А не паслухаеце - штыкамі выпарам, бо, дзякаваць Богу, ёсць цяпер каму за парадкам сачыць... Дык жыва ж... - разышоўся ваўсю «буржуй», і аж тлустая яго шыя пачырванела і заскакаў тлусты падбародак з барадаўкамі, з рудай шчацінай. І раптам «буржуй» змоўк, абмяк, нібы костка яму ў горла папала ці нечакана паляруш стукнуў. Перад ім стаяў бацька, які выйшаў з-за полага. Бацька прыставіў «буржую» рэвальвер да лба і гаварыў ціха, але так, што чуў і Міколка:

67
{"b":"555765","o":1}