Литмир - Электронная Библиотека
Содержание  
A
A

На векавой сасне, якая ўзнімалася над усім лесам, ставілі наглядчыкаў па чарзе. На сасне было буслава гняздо, вельмі зручна было чалавеку хавацца пад ім. І вельмі часта забіраўся туды Міколка і, прыслухоўваючыся да буславага клёкату, назіраў за лесам, сачыў за дальнімі дарогамі, якія відаць былі адсюль як на далоні. Часам прыходзілі сяляне і скардзіліся, што іх толькі-толькі абрабавалі немцы. Кідаліся ўслед партызаны, наганялі немцаў, раззбройвалі, адбіралі назад сялянскае дабро.

А кожнае ночы частка партызан рабіла налёт на маёнткі, давала «перцу» панам. Дзед Астап ездзіў часам з другімі партызанамі на разведку. Ён ужо нядрэнна трымаўся на кані, добра налаўчыўся страляць, седзячы на кані, з карабіна. Але адно, што турбавала дзеда, гэта яго няўменне абыходзіцца з шабляй. І так і гэтак практыкаваўся ён, але нічога не выходзіла. І нават тонкі дубец не паддаваўся адразу дзедавай шаблі.

- Цяжка мне, старому мікалаеўскаму артылерысту, да шаблі прызвычаіцца... Ці то шабля худая, ці то рукі аслаблі... - скардзіўся ён часам на сваё няўмельства Міколку.

І гэта, на яго думку, падрывала яму крыху аўтарытэт як слаўнага кавалерыста-рубакі. Але дзед не здаваўся. Ён усё намагаўся прылаўчыцца да шаблі. Цэлымі гадзінамі сек лазовыя дубцы. Сек, праўда, у пешым страю. Нават дровы налаўчыўся шабляй сеч. Але калі толькі садзіўся на каня, усякі спрыт на шаблю праходзіў. А калі ўрэшце адважыўся дзед папрактыкавацца на кані, выйшаў адзін толькі канфуз. Разагнаў ён каня, выхапіў маладзецкі шаблю і ну ёю махаць, каб ямчэй секануць па бярэзіне. Размахнуўся з усіх сіл, крактануў ды як секане, аж конь на дыбы ўзвіўся. Зірнуў тут дзед, а ў каня толькі адно вуха матляецца. І хоць з адным вухам конь, але такога вялікага спрыту ён набраўся, як сігане, як падскочыць ды, наставіўшы хвост пісталетам, як пусціцца ў шалёны галоп - у дзеда аж дух захапіла.

Імчыць дзед ні жывы ні мёртвы, толькі барада па ветру пасцілаецца. І ў пору яму крыкнуць «ратуйце», але ці старому артылерысту паратунку прасіць. Ухапіўся за грыву, трымаецца. Але тут як падскочыць конь, як падкіне ўгору заднія ногі, не ўтрымаўся дзед і лёгкай птахай узвіўся ў паветра. Добра яшчэ, што гарцаваў ён пад вялікай бярозай. Так і ўчапіўся за сук, павіс на ім. Назіраючы за дзедавай джыгітоўкай, Міколка з жалем падумаў, што давядзецца яго бацьку быць сіратой, а яму, Міколку, застацца без слаўнага таварыша. Але, угледзеўшы дзеда на суку, узрадаваўся і, пад'ехаўшы з каламажкай, дапамог яму злезці на зямлю. Стары быў зусім разбіты, скардзіўся на паясніцу, але духам не падаў і ўрачыста тлумачыў Міколку:

- Хіба ж гэта конь? Гэта ваўкарэзіна, а не конь, не можа седака на сабе ўтрымаць... Вось у турэцкую вайну былі коні ў нас, дык коні.

Хаця Міколка быў трохі інакшых думак пра коней і пра седакоў, але тут не пярэчыў. Не хацеў крыўдзіць старога. Тым больш што ў таго і так хапала тут непрыемнасцей. Набегаўшыся ўволю, яго скакун з'явіўся назад, з'явіўся аднавухі, з абкарнаным хвастом. Усе, усміхаючыся, зірнулі на кавалерыста, сёй-той запытаўся:

- Што-та сталася з тваім стаеннікам?

Не міргнуўшы вокам, дзед адказаў:

- Ды, няйначай, дзе за сук засілілася жывотнае, ну... і адарвала слыхавы орган.

Дзед любіў пры зручным выпадку ўжыць навуковае слова.

Змаўчалі ўсе. Каму было ахвота крыўдзіць такога слаўнага рубаку. Толькі Сёмка-матрос, хітра падміргнуўшы, запытаў яго:

- Ці цэлы хаця сук той?

Гэта завельмі ахаладзіла дзеда да кавалерыйскай справы. А тут яшчэ падвярнуліся такія падзеі, што дзед хоць і атрымаў перамогу над немцамі, але канчаткова рашыў перайсці да пяхотнай справы. І не тое каб пешака хадзіць, скажам, але каб не кідацца болей з дзедавым слабым здароўем у кавалерыйскія атакі.

Неяк давялося дзеду паехаць раз у разведку. Паехалі ўтрох: Сёмка-матрос, Міколка і дзед. Чуткі былі, што ў бліжэйшых вёсках грабяць нямецкія коннікі. Паехалі праверыць, ці праўда то, каб у выпадку патрэбы наляцець з атрадам. І толькі выехалі на ўскраек лесу, бачаць - едуць чалавек з восем нямецкіх кавалерыстаў. І проста насустрач едуць. Міргнуў Сёмка Міколку і дзеду, каб зараз жа хаваліся ў лесе. Не ісці ж утрох супроць васьмі.

Але тут пачалі рабіцца несусветныя штукі з дзедам. Праўда, ва ўсім ён і душой не быў вінаваты, усё пачалося з каня. Ці той пачуў іржанне сваіх былых нямецкіх сяброў, ці якое другое ліха ўзбрыло яму ў галаву, але конь выказаў яўныя намеры кінуцца ўперад, насустрач немцам. Дзед і так і сяк браўся за каня, усё намагаўся яго павярнуць убок да лесу. Але нічога не дапамагала. І праз якую хвіліну дзед горда імчаў на немцаў, не трацячы, аднак, у глыбіні душы надзеі, што, можа, як і ўдасца павярнуць шалёнага каня назад. Толькі і паспеў крыкнуць дзед: «Ратуй, Сёмка, старога артылерыста!» Ды, бачачы немінучую сустрэчу з немцамі, прышпорыў з адчаем каня наскамі ботаў, выхапіў шаблю ды як закрычыць «ура», аж Міколка не на жарты спужаўся.

Зірнуў Сёмка на Міколку - вось ашалеў дзед! - ды, выхапіўшы гранату з кішэні, памчаў на ўвесь дух услед за дзедам. Не кідаць жа старога рубаку ў небяспецы такой. Бачаць немцы, ляцяць на іх дзіўныя коннікі, «ура» крычаць, шаблямі махаюць. А тут і трэці памчаўся ад лесу. То Міколка пусціўся наўскач за дзедам, за Сёмкам. Павінен жа і ён дапамагчы дзеду з бяды выбавіцца. Імчыць Міколка ды раз-пораз з карабіна страляе. Замітусіліся немцы, спыніліся. А ўгледзеўшы Міколку, зусім спалохаліся. Ім паказалася, што прытаіліся ў лесе несусветныя сілы - выскакваюць адтуль адзін за адным партызаны. І, не разважаючы доўга, пусціліся немцы назад, коней прышпорылі.

Але не такі дзед, каб адстаць. І хоць гатовы ён і каня нямецкага праклясці, які кінуў яго ў такую страшэнную атаку, хоць гатовы ён і другое вуха яму адсеч за вялікае непаслушэнства, але дзе ты ўжо дзенешся, калі шаблю выхапіў. Ляціць віхурай дзед, насцігаючы немцаў, крычыць:

- Здавайцеся, пакуль не ўцяклі!

Бачаць немцы - не паласа, кінулі карабіны, рукі ўгору. Тут і Сёмка падскочыў, падскакаў Міколка, палонных пад канвой забралі.

Так неспадзявана рушыў дзед у кавалерыйскую атаку і, як бачым, атрымаў перамогу. Дзедаў аўтарытэт вырас яшчэ болей, і ніхто ўжо не пасмеў бы напомніць дзеду аб яго джыгітоўцы, аб няшчасным конскім вуху і абсечаным хвасту яго скакуна. Але ўсе гэтыя падзеі вельмі дорага каштавалі дзеду, дні са тры прахварэў ад тых здарэнняў і расказваў пасля:

- Думаў я, што не прыйдзецца мне болей Міколку пабачыць праз гэтага нямецкага скакуна, які папёр мяне на нямецкі атрад. Але калі ўбачыў, што няма мне ўжо аніякага выхаду болей і што насоўваецца мая смертухна, рашыў я тады на хітрыкі пайсці і так грымнуў на іх, што аж сам быў спужаўся... А тут і Сёмка! А тут і Міколка! Ну, думаю, цяпер падавай мне цэлую дывізію і самога генерала! Я ім пакажу, што знача дзед Астап і яго турэцкая шабля!

Сказаўшы пра шаблю, ды яшчэ пра турэцкую, дзед трохі пачырванеў і змоўк. Відаць, адчуваў сябе ніякавата. Ён сам убачыў, што трохі перабаршчыў. Пра шаблю ж ён наогул не любіў успамінаць пасля трагічных падзей з конскім вухам. З крыху прыкрага маўчання вывеў Міколка:

- А ты не зважай, дзед, калі там сёе-тое з шабляй у цябе было раней... Затое ж ты перамог! Усё ж такі здаліся немцы!

- Так, здаліся... - прамовіў дзед.

Але ўсё ж прымушаны ён быў адмовіцца ад кавалерыйскіх атак.

Як-ніяк, адчуваў сябе вельмі нязручна з шабляй. Ды і гарцаваць на кані не дазвалялі ўжо гады і здароўе!

- Арудзію б мне! Паказаў бы я вам, як ваяваць трэба! - гаварыў часам дзед і марыў аб гарматах, аб сваёй колішняй зброі.

І трэба сказаць, што гэтыя мары хутка спраўдзіліся і дзед Астап стаў заўзятым артылерыстам, багата дапамогшы партызанам у іх барацьбе з немцамі.

Аб гэтым пасля.

Партызанскі браняносец

За часы Міколкавага партызанства на яго роднай станцыі ў родным горадзе станавілася ўсё горш і горш. Дзесяткі рабочых былі пасаджаны ў турмы. Некаторых саслалі на катаргу, некаторых у канцэнтрацыйныя лагеры. Каля дэпо стаялі часавыя, і рабочым ледзь не пад канвоем прыходзілася станавіцца на работу. Пад канвоем вадзілі машыністаў на паравозы. За малейшае супраціўленне пагражалі расстрэлам. За работу амаль не плацілі, і сем'і рабочых жылі ў вялікім голадзе. І гэта ў той час, калі праз станцыю праходзілі дзесяткі і сотні эшалонаў з хлебам, з мясам, з жывёлай. Немцы рабавалі народ і ўсё, што рабавалі па гарадах і вёсках, адсылалі ў Германію.

77
{"b":"555765","o":1}