Литмир - Электронная Библиотека
Содержание  
A
A

- А ты, чорт стары, адказвай, калі з табой гавораць... Жарты ў мяне кароткія... Хто і адкуль? - усё пытаў расчырванелы ад злосці пан.

- Чалавек я... Вось хто я.

Ашалелы пан трос дзеда Астапа за рукі. Кастлявыя былі гэтыя рукі, з шырокімі пляскатымі далонямі, з вечнымі мазалямі, з незмываемым нагарам ад дэпоўскага жалеза, са слядамі ад мазуту. Зірнуў на іх пан і затросся аж.

- Недарма ты аціраешся тут сярод мужыкоў... Відаць, з рабочага кодла, пракляты... - засіпеў ён і, заўважыўшы Міколку, запытаў яго грозна, паказваючы на дзеда: - Гавары, хто гэта такі?

- Гэта мой дзед... - адказаў напалоханы Міколка.

- Які дзед?

- А дзед... вось проста дзед, і ўсё тут.

- А ты адкуль узяўся? Хто ты, шчанё?

Хацелася Міколку сказаць, што не шчанё ён, а самы што ні на ёсць бальшавікоў сын, але, зірнуўшы на дзеда, схамянуўся. Прагаварыў ціха:

- А я дзедаў унук.

- А фамілія твая?

Зірнуўшы яшчэ раз на дзеда, прамовіў: «Не ведаю...» Як уджалены, падскочыў пан.

- У склеп іх! - грымнуў ён на ўсё горла.

Міколку з дзедам адвялі ўбок да купкі людзей, акружаных цяпер моцным канвоем. Салдаты ганяліся за каровамі, за іншай жывёлай. Частку гналі ў маёнтак да памешчыка, рэштку бралі для нямецкага войска. Сяляне аставаліся на дымных папялішчах. Над папялішчамі кружыліся крумкачы. Дыміліся платы і дрэвы садоў. Пад апаленай грушай ляжалі два забітыя чалавекі.

Міколка з дзедам ішлі ў групе людзей. Іх падганялі салдаты. На салдатах былі чорныя венгеркі і чорныя шапкі. На шапках былі страшныя чарапы. На пражках паясоў паблісквалі пад сонцам выбітыя літары нямецкіх слоў: «З намі Бог!»

Кружыліся крумкачы над дымнымі папялішчамі.

Паблісквалі штыкі.

Людзей вялі ў склеп.

У нямецкім палоне

Склеп быў нізкі, вільготны, з прапыленымі, бруднымі сценамі, з невялікімі акенцамі, узятымі ў жалезныя краты. У акенцы відаць былі ногі часавога. Другі часавы быў ля дзвярэй, ад якіх вяла ў склеп невялічкая лесвіца. Гэты часавы хадзіў узад і ўперад ля дзвярэй і раз-пораз гучна пакрыкваў, каб не размаўлялі між сабой, каб сядзелі ціха, маўкліва. Было тут каля трыццаці чалавек. Было некалькі батракоў, адзін каваль, а рэшта сяляне. Усе чакалі, чым жа скончацца ўрэшце гэтыя падзеі, ці будзе калі збаўленне ад пана, ад немца, ці хутка прыйдзецца паміраць. Спрабавалі спытаць аб тым часавога:

- Што-та будзе з намі?

Часавы трохі разумеў словы. Ён зразумеў запытанне. Усадзіўшы з размаху штык у зямлю, ён сказаў:

- Вось што будзе з вамі...

Такі быў адказ. Ад гэтага жэсту ў многіх забегалі мурашкі па целу і стала цяжка дыхаць. Каб пазбыцца невясёлых дум, стараліся заснуць, масціліся на цаглянай падлозе, на старых бочках, паскіданых у склепе. Мала гаварылі, бо ўсё ўжо было перагаворана паміж сабой і кожны знаў галоўную ўмову - не гаварыць немцам нічога, не выдаваць нікога. Толькі адзін з сялян, з прычасанай у клінок барадой, у чыстым, новым кажушку, усё божкаўся ды войкаў у кутку:

- Ах, Божа мой, Божа... ах, Божа мой, Божа...

Адзін з маладзейшых раздражнёна сказаў яму:

- Ды кінь ты Бога трывожыць... Пражыў век свой сабакам, памры хоць па-людску.

Чалавек змаўкаў на хвіліну, потым зноў пачынаў сваё:

- Ах, Божа мой, Божа...

А часам, забыўшыся і не зварочваючыся ні да каго, шаптаў сабе ўголас:

- Я ўсё раскажу... усё... усё... І хто што ў пана браў. І хто да бальшавікоў быў блізка. І хто бальшавіцкім духам жыве.

Тады акружылі яго ціха і, наставіўшы кулакі да носа, папярэдзілі грозна:

- Замоўч, божая гніда... Толькі рот паспрабуй раскрыць, не ўбачыш болей ты свету. І памятай, калі выдасі хоць аднаго чалавека, не жылец ты на гэтым свеце. Не гэтымі, дык другімі рукамі задушым, з агнём-полымем пусцім усе твае паганыя здабыткі.

Чалавек змаўкаў, бялеў і тросся ўвесь, як у ліхаманцы.

Гэта быў трапіўшы сюды па непаразуменню царкоўны стараста суседняга сяла. Ён баяўся за сваё жыццё, баяўся немцаў, каб не трапіць у немінучую бяду. Але яшчэ болей баяўся ён сваіх сялян. Ён добра ведаў, што яны не кідаюць сваіх слоў на вецер, што ўсіх іх не заб'юць, што заўсёды знойдуцца людзі, якія здолеюць жорстка расправіцца з ім. І ён тросся, баяўся, як смоўж, уцінаў галаву ў плечы, маліўся Богу.

Вельмі ненавідзеў гэтага чалавека Міколка, гатоў быў сваімі рукамі задушыць яго, каб змоўк гэты паганы слізкі рот, які памінае ўсё Бога, Багародзіцу.

Як жа! Багародзіца! Благадатная!

У склепе прасядзелі да самага вечара. Увесь дзень сядзелі галодныя, толькі далі ім па кубку халоднай салдацкай кавы, горкай, нясмачнай. Дзед аж плюнуў.

- І гэта ежа, называецца...

Вечарам зайшоў афіцэр і пачаў выводзіць па аднаму, па два са склепа. Неўзабаве павялі і дзеда з Міколкам. Іх доўга вялі па розных калідорах, закутках, урэшце прывялі ў вялікі, прыгожа абстаўлены пакой. Тут было некалькі салдат, афіцэр. За сталом сядзелі памешчык і надзьмуты палкоўнік.

- Абшукаць! - быў кароткі загад.

Міколку і дзеда старанна абшукалі. З кішэняў вынялі з пару печаных бульбін, урачыста паклалі іх на паперы, на стол. З-за пазухі дзеда дасталі невялічкі пакунак, скручаны з розных анучак. Абодвух падвялі да палкоўніка. Паказалі палкоўніку знойдзеную пры вобыску бульбу. Той паглядзеў, пачаў смяяцца з памешчыкам.

- І гэта, называецца, людзі! Апора бальшавікоў... Варвары, дзікуны. Харчуюцца, як жывёла, як першабытныя людзі. І яны яшчэ, бачыце, хочуць свабоду. Ім хочацца, бачыце, улады... Яны хочуць быць уладарамі зямлі, уладарамі фабрык, заводаў, вялікай чалавечай культуры. Дык я ж пакажу ім культуру, сапраўдную нямецкую культуру, культуру імператарскай Германіі.

І, павярнуўшыся да афіцэра і павысіўшы голас, ён грымнуў:

- На два гады ў канцэнтрацыйныя лагеры, як удзельнікаў беспарадкаў...

- Дазвольце далажыць вам, гаспадзін палкоўнік, што гэтыя людзі, - тут афіцэр паказаў на Міколку і на дзеда, - аказалі нам у лесе супраціўленне.

- Тры гады турмы... - кінуў палкоўнік.

- Дазвольце далажыць вам, гаспадзін палкоўнік, што салдат яго імператарскага вялічаства...

- На катаргу! - усё больш свірэпым рабіўся палкоўнік.

Афіцэр, які ўсё дакладваў і раз-пораз хадзіў да століка, дзе была пакладзена Міколкава бульба і дзедаў скрутак, раптам спрытна падскочыў да палкоўніцкага стала і стаў як укопаны:

- Асмелюся далажыць, што ў гэтых людзей знойдзены яшчэ пры вобыску баявыя патроны...

Памешчык аж падскочыў на крэсле, ці то ад страху, ці то ад нечаканасці. Паволі падымаўся палкоўнік, і вочы яго наліваліся крывёй, увесь ён надзьмуўся неяк, ашчацініўся, нібы ўспеніўся твар, набрыняў хваравітаю чырванню. Палкоўнік адразу страціў увесь свой важны выгляд, сваю вытрыманасць. Ён бегаў навокал стала, падбягаў да дзеда з Міколкам, трос кулакамі, адскокваў раптам назад, нібы не Міколка стаяў перад ім, а ўзброены да зубоў чалавек. Міколка разумеў, што трапілі яны з дзедам у бяду, ды яшчэ вялікую. А праз каго? Відаць, трохі і праз дзеда... Гэта ж трэба, зброю схаваў, а пра патроны забыўся. Але некалі было крыўдаваць, дый цяжка было крыўдаваць на дзеда. Як-ніяк, ён жа вельмі стары чалавек, дзе яму ўсё прыпомніць.

А палкоўнік усё бегаў.

Надакучыла гэта Міколку. Дый цяжка было стаяць увесь час на змораных нагах. І, не чакаючы асаблівага запрашэння, Міколка важна ўсеўся ў крэсла ля стала, ды яшчэ дзеда запрасіў:

- Сядай, дзед, яны ж могуць і пастаяць, не вялікай жа працы людзі...

Дзед разгублена паглядзеў на ўнука, але потым рашуча сеў, махнуўшы рукой:

- Нам цяпер усё роўна! Абы адпачыць...

Аж аслупянелі тут усе. У памешчыка выпала папяроса з зубоў. Вырачанымі вачыма пазіраў на памешчыка палкоўнік. Стаялі афіцэры, выцягнуўшыся ў струнку, чакалі начальніцкага загаду. Замерлі салдаты ля дзвярэй. У пакоі была мёртвая цішыня. Чуваць было толькі, як гудзе каля лямпы муха, выбірае месца, дзе сесці. І села. Проста на начальніцкі нос села. Муха вывела палкоўніка з аслупянення. Ён махнуў раздражнёна рукой, падскочыў да дзеда, грымнуў на ўвесь пакой:

74
{"b":"555765","o":1}