Литмир - Электронная Библиотека
Содержание  
A
A

Немцы кінуліся да пуцей, каб рэйкі ўзарваць, акапацца ля чыгункі. Але рабочыя і партызаны не пускалі іх да рэек, метка знімалі кожнага, хто памыкаўся ўскочыць на пуць.

А браняпоезд ішоў.

Крыху адчыніў Міколкаў бацька сталёвае акенца, каб пуці праверыць, ці цэлыя, ці пашкоджаныя. Глянуў туды і неяк раптам асеў, асунуўся, стаў хіліцца да падлогі. Навіс на рычаг усім цяжарам свайго цела. Павярнуўся рычаг, паравоз абарваў свой бег і ўсё цішэй, цішэй, вось і зусім становіцца паравоз. Здзіўленыя твары чырвонаармейцаў паказаліся ў шчылінах-акенцах вагонаў.

Узрадаваныя немцы беглі насустрач і шалёна крычалі, размахваючы ручнымі гранатамі. Прыціхлі рабочыя і партызаны, не разумеючы, што сталася з браняпоездам.

І не памятае Міколка, як адбылося ўсё гэта. Асцярожна адхіліў ён бацькаву руку ад рэгулятара, націснуў на рычаг абедзвюма сваімі рукамі - ірвануў паравоз, зашыпеў весела парай, памчаў наперад. З браняпоезда ваўсю загаварылі кулямёты, грымнулі яшчэ разы са два цяжкія гарматы. А Міколка ўжо крычаў двум чырвонаармейцам, што былі разам з ім на паравозе:

- Машыніста кладзіце на падлогу ды перавязку хутчэй!

Бачыў, як прамазучаны бацькаў пінжак набухаў чырвонай плямай. Яна рабілася ўсё шырэй і шырэй. Чырвонаармейцы таропка знімалі пінжак, разразалі нажом кашулю, бінтавалі бацькавы грудзі.

І хоць страшна горача было на паравозе, але адчуваў Міколка, як халадзее яго маленькае сэрца, як халадзеюць яго пальцы на гарачым рычагу. Гэта вялікі жаль да бацькі агарнуў усю яго малую істоту, і ён нібы сабраўся ўвесь у маленькі камок і, напружыўшы ўсе свае сілы, трымаў у руках паравозны рычаг. І бачыў ён, зірнуўшы ў шчылінку паравознага акенца, як уцякалі немцы ва ўсе бакі, як беглі рабочыя, імчалі да браняпоезда партызаны. Яны размахвалі карабінамі, падкідвалі шапкі, крычалі вясёлае «ўра», выкрыквалі словы:

- Няхай жыве наша слаўная Чырвоная Армія!

Вось і станцыя.

Спыніў паравоз Міколка. Кінуўся з шапкай пад паравозны кран, халоднай вады набраў, выплеснуў бацьку на грудзі, абняў яго.

І не вытрымаў тут, заплакаў гарачымі слязамі.

- Ці жыў ты, бацька? Устань жа, ну слова скажы!

Але маўчаў бацька. Глуха плакаў Міколка. Дзед Астап падышоў, паглядзеў, неяк пасуровеў адразу. Паслаў па доктара. Сабраліся рабочыя, партызаны, маўчалі ў вялікім суме. Хутка прыйшоў доктар. Агледзеў, рану прамыў. Зірнуў на Міколку, па плячы яго весела пахлопаў:

- Ну, Міколка, тваё шчасце! Будзе твой бацька жыць яшчэ доўгія гады... Хоць цяжкая рана, але праз месяц-другі мы загоім яе! Кроў у яго рабочая, здаровая...

І што тут пачалося толькі! У Міколкі ўраз вочы сталі сухімі. Усміхнуўся доктару.

- Глядзі ж, не падмані!

А тут падхапілі Міколку на рукі - і ну качаць. Вышэй паравоза падкінулі яго, аж дым паравозны перасігнуў ён і ўпаў вясёлы і радасны на рукі рабочых, партызан, чырвонаармейцаў. Усе віталі Міколку, слаўнага машыніста браняпоезда, слаўнага партызана, смелага сына бальшавіка.

А назаўтра Міколка разам з другімі рабочымі і партызанамі дыктаваў у нямецкім штабе сваю волю нямецкаму генералу. Той хадзіў маўклівы і пануры. Куды і гонар мінулы падзеўся. Пабілі яго рабочыя, а яшчэ болей пабіла рэвалюцыя ў Германіі. Весткі аб гэтай рэвалюцыі дайшлі нарэшце да нямецкіх салдат.

Генерал хадзіў па кабінеце і нехаця пазіраў у вокны. Ён бачыў, як гулялі па вуліцах яго салдаты. Салдаты старой імператарскай арміі. Салдаты-заваёўцы. Салдаты-пераможцы. Салдаты-рабы. Гэтыя салдаты гулялі сёння з рабочым народам. З чужым народам. Яны браталіся з гэтым народам. Яны называлі гэты народ сваімі лепшымі прыяцелямі ў свеце.

Для гэтых салдат не існуе больш ён, суровы і грозны генерал. Цяпер ён нішто. Дый ці можа ён быць цяпер чым-небудзь, калі даводзіцца выпрошваць у гэтых людзей вагоны для афіцэраў, каб ехаць у Германію. Рабочыя і партызаны жартуюць:

- Вы б, ваша правасхадзіцельства, можа б, пехатой як-небудзь. Салдат-то мы давязём...

Але ўмешваецца ў гутарку дзед Астап. Той не любіць лішніх жартаў.

- Даць ім вагоны, няхай хутчэй адсюль вымятаюцца...

А дзесяткі цягнікоў, сотні і тысячы вагонаў з хлебам, з жывёлай, з награбленым дабром стаяць на станцыі, загрузіўшы ўсе пуці і тупікі. Не бачыць іх болей генералу, як не ўбачыць яму свайго генеральскага носа.

Не выйшлі генеральскія планы!

І як праў быў Міколкаў бацька, калі казаў яму на паравозе:

- Мы не можам не перамагчы!

Перамаглі!

Не можа іначай рабіць Міколкава слаўнае племя.

1936

На чырвоных лядах (Урыўкі з рамана)

Кніга першая. ЦІХІЯ СЯЛІБЫ

ЧАСТКА ПЕРШАЯ

1

Павісла сонца над крутой гарой.

Яно ўсё ніжэй і ніжэй апускаецца над зямлёй, вось уселася ўжо на сук вілаватага дуба - на гары, па-над кручай. Здаецца, угінаецца сук пад сонцам і вось-вось скоціцца яно, бразнецца на зямлю, расколецца на бліскучыя аскалёпкі.

Але сонца цэла, толькі робіцца ўсё большым і большым, абліваючы чырванню верхавіны дубоў, ветраковыя махі і статак курганоў. Чырванню гарыць неба, і ў гэтай чырвані губляе сонца сваю залатую празрыстасць - можаш смела глядзець у векавечнае сонцава вока, гатовае замружыць свае каснікі-расніцы на адпачын, на ноч, на сонечны сон. І здаецца, пераплятаюцца празрыстыя праменні з нябачнымі струменямі цішыні, з крышталёвым спакоем вечара, з ледзь чутнымі подыхамі вячэрняга ветрыку. Ён нясе з паплавоў пах росных красак, пах травы медуніцы, пах соннага чабару з-па-над кручы. Сіратой праляціць пчала, дзынкнуў і спалохана змоўк, выцяўшыся аб сцябліну, шмель, спяшаючыся на радзімую купіну. Дзесьці ля балот забляяў баранчык, яму адгукнулася над Дняпром кнігаўка, і адразу пачалі цямнець і прыбярэжныя кусты, і вілаватыя дубы над крутой гарой, і ў кудзеркі туману пачалі спавівацца вадзяныя струмені. Дняпро дыхнуў халадком, вільгаццю ды пахам прыбярэжнае цвілі, гнілога багавіння і рыбнае мелюзгі, павыкіданых за дзень рыбалкамі.

У недасяжнай вышыні засвяціліся першыя, яшчэ бледныя і дрыготкія зоры, якія і можа заўважыць хіба толькі спрактыкаванае Лаўрэнава вока.

- Ужо, запаліліся... Ну што ж. На тое ўжо воля боская, каб кожная гэта ды на сваім месцы... Днём вось сонца, а нанач месік выходзіць... Ды дзе яму аднаму. Таму і паліць Бог свае неўміручыя ліхтары... І кожнай душы чалавечай па зорцы - як каму талент, як каму боская міласць. І аднаму меншая, другому большая. А загіне душа - згасне ліхтарык... І паляціць па небу, а куды - невядома... Грахі нашы, няйначай... А паліць ужо час...

Лаўрэн пацягвае плячмі ад вячэрняга холаду, заплікае на ўсе гузікі ватоўку і, дастаўшы з-пад куста вясло і ліхтар, спускаецца да самай вады. З ціхім, ціхім, ледзь чутным для вуха шорхатам ліжа яна шурпатыя берагі, вільготныя, росныя. Лаўрэн доўга і марудна адвязвае човен, прымайстроўвае ў ім абярэмак сухога сена, паліць ліхтар, асцярожна ставіць яго на дошчачку, дзе стаіць некалькі пляшак з газай, ляжыць шматок пакулля. Адштурхнуўшыся ад берага, Лаўрэн едзе ўверх па Дняпру, да самага дальняга семафора свайго ўчастка. Адну за другой запальвае семафорныя лямпы і ўсцягвае іх на самы верх мачтаў. Дзе газы падалье, дзе старанна пратрэ закуранае шкло, падрэжа і падчысціць кнот. І калі запаліцца апошняя лямпа, едзе Лаўрэн да невялічкай выспачкі, заросшай лазняком і алешнікам, выцягвае човен, раскладвае цяпельца, назбіраўшы ўсякага сушняку з ламачча, павыкіданага вадой. Тут і алешкавы цюльпах, і яловае бервянцо - адбіліся ад плытоў, тут і павыкіданыя вадой бярозавыя пярэвіткі, і ўсякая іншая драбяза.

Лаўрэн грэе над цяпельцам старэчыя рукі і, уладзіўшыся на ўзятым з чоўна сене, пазірае ўздоўж рачных берагоў, углядаецца ў запаленыя семафоры. Чырвоныя і белыя, мільгацяць яны ў згусцелай цемені ночы і адсвечваюцца то пырскамі, то дрыготкімі круцёлкамі на цёмнай вадзе. Лаўрэн глядзіць і ўздыхае. Прызвычаіўся ўжо так. Гляне на што - уздыхне, падумае - уздыхне.

85
{"b":"555765","o":1}