Литмир - Электронная Библиотека
Содержание  
A
A

У смелым налёце на немцаў загінуў Сёмка-матрос. Пагарачыўся ён крыху. Захапіўшы нямецкі кулямёт, кінуўся ён за ўцякаўшым афіцэрам, высока ўзнёсшы вострае джала шаблі. І вось-вось ужо апусціцца гэтае джала на бліскучы лак імператарскай каскі. Аж прыціх Міколка, назіраючы за паядынкам. Перастаў з кулямёта страляць, каб не параніць сваіх. Уздыбіўся Сёмкаў конь, вось-вось пераскочыць цераз афіцэра... І глуха войкнуў Міколка. Бачыў ён: абярнуўся на бягу афіцэр, стрэліў з упору... Скочыў конь ашалелы. Нахіліўся Сёмка, апусціў галаву на пахучую конскую грыву, рукі апалі, і ўвесь ён стаў хіліцца набок, усё ніжэй і ніжэй... Бачыў Міколка, як узнесеная Сёмкава шабля ўпала на зямлю і ціха дзвынкнула, загайдалася, устроміўшыся вастрыём у жоўты пясок. На гэты ж пясок упаў Сёмка-матрос, камандзір партызанскіх атрадаў, слаўны ваяка і бальшавік...

Прайшоўся далонню па спацеламу твару Міколка і націснуў на спуск кулямёта. Здрыганулася, загула зямля перад ім. Грымеў кулямёт. То Міколка спраўляў памінкі па старэйшаму таварышу, па любімаму партызану, прыяцелю. Не стала афіцэра. Але не ўстаць з зямлі і Сёмку-матросу, і далёка-далёка адкацілася запыленая яго бесказырка, што бачыла свету багата, бачыла сіняе мора, бачыла вольныя караблі, неразлучнай была з чалавекам, які жыццё любіў і ведаў цану чалавечай нянавісці і любві.

Так загінуў Сёмка-матрос.

Камандаваць боем стаў дзед Астап. І дрэнна б прыйшлося немцам, ужо генерал гатовы быў ісці на перамаўленні з рабочымі, як адбыліся падзеі, адразу пагоршыўшыя для рабочых і партызан вынікі бою. Дзед Астап пачуў свісткі паравозаў. І, угледзеўшыся на захад, збялеў дзед, рукой безнадзейна махнуў.

- Дрэнна, браты! - сказаў ён. - Памыліліся мы крыху... Трэба было з захаду чыгунку ўзарваць... Немцам ідуць падмацаванні, вунь іхнія эшалоны.

Павярнулі гарматы на эшалоны. Але было позна. Немцы акружылі горад, абыходзілі станцыю. Трэба было адступаць. Немцы пачалі насядаць з бакоў, захапілі ўжо некалькі дзесяткаў чалавек у палон.

Тады падышоў да Міколкі дзед, загадаў:

- З кулямётамі мы самі ўправімся... Пакуль будуць патроны, немцам не здамося. А ты, пакуль не позна, бяжы за станцыю. Там у тупіку на паравозных могілках схаваны намі пасажырскі паравоз. Ён стаіць пад парай. Дык гані на ім да чырвоных... Вёрст пяцьдзесят да іх будзе, яны павінны наступаць сёння на суседнюю станцыю. Прасі дапамогі. Не дамо немцам награбленага дабра!

Як ветрам падхоплены, імчаў Міколка. Вось і тупікі. Вось і паравозныя могілкі. Стаяць на іх старыя, паржавелыя паравозы. Пасажырскія, таварныя, манеўровачныя, «кукушкі». А вось і жывы паравоз. Прытаіўся, схаваўся за паравозным ламаччам. Аж дрыжыць, так чакае дарогі прыгажун пасажырскі. Паравозная каманда ў парадку. У кожнага карабін.

Уздыхнуў паравоз парай і без гудкоў, без свісткоў выбраўся на галоўны пуць. Прастора перад ім, разгон бязмежны. Аж колы сакочуць, не ўгледзіш за дышлам, за размашыстым вобадам. Не ідзе, а ляціць паравоз, і толькі мільгаюць паабапал пераезды, слупы, паласатыя вёрсты. Нахіляюцца бярозы, і іх шэпт кучаравы зліваецца з гарачым дыханнем машыны.

А паравоз імчыць.

Толькі і чуваць: ча-ча-ча... ча-ча-ча...

Аж калышацца тэндэр, гойдаецца з боку ў бок, ды ўзвіваюцца клубы пылу ззаду - нічога не відаць там у дыме, у пыле.

Вось і суседняя станцыя. Тут могуць быць яшчэ немцы.

«Каб жа не затрымалі!» - адна ва ўсіх думка.

Трывожна загудзеў паравоз і, не збаўляючы ходу, імчаў на закрыты семафор. Замітусіліся рабочыя там. Бачылі - здарылася нешта дужа важнае. Перакінулі стрэлкі на галоўны пуць, і паравоз маланкай прамільгнуў праз станцыю. Нямецкі патруль, выскачыўшы на перон, паслаў наўздагон некалькі стрэлаў. Але дзе ты вецер дагоніш!

Праз якое паўгадзіны былі на жаданай станцыі. Паравоз стаяў як укопаны ля браняпоезда. Бачыў Міколка, што гэта наш браняпоезд. Шырокі чырвоны сцяг калыхаўся над закутым у браню паравозам.

- Хутчэй да начальніка поезда! - кінуў Міколка падаспеўшым чырвонаармейцам. Вось ён і ў начальніка, у маладога камандзіра. Той слухае яго ўважліва.

- Адразу ж давайце нам дапамогу... Неадкладна, вось зараз жа...

- Добра! - заўважыў начальнік і загадаў падрыхтаваць да адпраўкі поезд ды, акрамя таго, быць напагатове запасному эшалону. - А цяпер можна спакойна расказаць мне аб усім. І колькі немцаў... І ці ёсць гарматы ў іх... Ці цэлая пуць.

Аб усім расказаў Міколка. І аб немцах, і аб рабочай дэлегацыі, і аб сваім партызанстве...

- Ну дык ты, выходзіць, не звычайны хлапчына, а слаўны герой!

Некалі было Міколку пра сваё геройства расказваць, ды і не любіў ён пахваляцца гэтымі справамі. Камандзіра прыспешваў.

- А ў нас ужо ўсё гатова! Садзіся вось да нас у вагон, паедзем... - сказаў яму камандзір.

- Не... Мне ўжо дазвольце на ваш паравоз... Я з машыністам паеду!

- Ну што ж, бяжы на паравоз, калі ахвота!

Пабег Міколка да паравоза, але дзе ты ўзбярэшся на яго, закутага ў браню. Пастукаў Міколка, загадаў:

- Адчыняйце! Загадана камандзірам ехаць з вамі!

Паволі адсунуліся сталёвыя дзверцы. Зірнуў Міколка, і слёзы ўмомант твар укрылі: не ад страху, не ад перапалоху, ад вялікае радасці былі Міколкавы слёзы. Перад Міколкам стаяў яго бацька. Ён быў за машыніста на браняпоездзе. Падскочыў Міколка, павіс у бацькі на шыі, прынік шчакой да калючай шчаціны яго барады.

Бацька націснуў адной рукой на паравозны рычаг, другой лашчыў сына, гладзіў яго, цалаваў валасы, шурпатую абветраную шчаку.

- Як жа гэта так, партызан мой малы? Як жа гэта так здарылася, што вас немцы ў крыўду бяруць! Ну, расказвай! - гаварыў бацька і пільным вокам углядаўся наперад, куды імчаў цяпер браняпоезд. Глуха гудзелі і перазвоньвалі металам гарматныя вежы, бранявыя бакі вагонаў ашчацініліся кулямётамі. Цяжка пастуквалі рэйкі пад паравозам. Паравоз бег, набіраючы імклівы разгон.

І калі сказаў Міколка, што зруйнавана немцамі дэпо, што білі немцы з кулямётаў па рабочым пасёлку, што забралі ў турму рабочую дэлегацыю і зверскі білі брата Паўла, - пасуравеў бацька, да болю сціснуў рычаг паравозны. Маўчаў з хвіліну. А браняпоезд імчаў. Неўзаметку ляцелі насустрач чыгуначныя вёрсты. Гудзелі гарматныя вежы, паварочваліся паволі, рыхтаваліся да сустрэчы.

- Ну што ж! Не падай духам, Міколка! - сказаў павесялеўшы бацька. - Хто-хто, а мы пераможам... Не можам іначай! Такі, сыне, закон у нас: не пераможам мы, сатруць нас з твару зямлі, змяшаюць з пылам, з крывёю... З нашай уласнай крывёю... Таму і павінны мы перамагчы!

Імчаў браняпоезд.

* * *

А рабочыя выбіваліся з апошніх сіл. Многа страт панеслі партызаны ў няроўным баі. Ужо выбілі са станцыі партызан і рабочых, ля самых штабеляў абараняліся яны ды займалі невялікую ўскраіну горада. Маўчалі партызанскія кулямёты. Шкадавалі апошніх патронаў. Каб выкурыць рабочых з ускраіны, немцы падпалілі некалькі дамоў, і вялікі пажар узняўся над горадам.

Рабочыя не здавалі апошніх сваіх пазіцый, ладзілі барыкады з дроў, забіраліся на дахі дамоў, каб зручней адбіваць налёты немцаў. Але відаць было, што перамогуць немцы, што гадзіну-другую пратрымаюцца яшчэ рабочыя і прымушаны будуць ці здавацца на нямецкую літасць, ці загінуць пад моцным кулямётным агнём. І быў ужо момант, калі дужа задумаўся дзед Астап над тым, як бы зручней вывесці людзей з небяспекі, жыццё адратаваць ім. Задумаўся на хвіліну і страпянуўся раптам. Гучнае і радаснае «ўра» страсянула паветра. Загрымелі замоўкшыя было партызанскія кулямёты, сціх на хвіліну нямецкі агонь.

Зірнуў дзед у бок ад станцыі і аж крыкнуў ад вялікае радасці. Вярстах у пяці-шасці ад станцыі імчаў браняпоезд. Ясна відаць быў чырвоны сцяг над ім. Сцяг то разгараўся чырвоным полымем, то нік у клубах чорнага паравознага дыму.

- Трымайся, хлопцы, нашы імчаць!

Акрыялі радасцю рабочыя і партызаны.

Заварушыліся немцы. Павярнулі некалькі гармат на браняпоезд. Узвыла паветра пад гарачым свістам снарадаў. Крактануў у адказ браняпоезд, ды як крактануў - ураз сціхлі гарматы немцаў. Пара іхніх гармат была збіта цяжкім снарадам з браняпоезда. А браняпоезд яшчэ і яшчэ - цяжка вухкала па лясах, па-над горадам. Браняпоезд біў з цяжкіх гармат.

84
{"b":"555765","o":1}