Литмир - Электронная Библиотека
Содержание  
A
A

- Устаць перада мной, нягоднік!

Дзед адмахнуўся ад яго, як ад назойлівай мухі.

Аж зайшоўся тут ад крыку палкоўнік:

- Забіць! Павесіць! Расстраляць!..

Усе захадзілі і замітусіліся. Нібы трывога ўзнялася над старым панскім палацам. Ляпалі дзверы, брынчалі шпоры, чуліся загады, распараджэнні. Палкоўнік сядзеў на канапе і выціраў спацелы лоб. Цяжка дыхаў памешчык, засопся аж, ці ад страху то, ці ад вялікай злосці. Да дзеда і Міколкі падскочылі салдаты, схапілі іх, звязалі рукі. Павялі з пакоя ўсё тымі ж доўгімі змрочнымі калідорамі. Павялі ў склеп.

Хутка апынуліся ў тым жа самым склепе, дзе сядзелі і раней.

Толькі цяпер тут было меней народу. Усяго чалавек дзесяць. Усе яны ўжо ведалі Міколку, сустрэлі яго ветлым словам:

- Не табе б, хлапчына, хадзіць сюды... Адсюль дарога толькі адна...

Яны не хацелі дагаворваць, не хацелі, каб залішне сумаваў Міколка, каб не думаў ён аб тым, аб чым не варта думаць у такія дзіцячыя гады. І мо таму, што сярод іх быў такі малы хлапчук, яны стараліся сябе трымаць весела. Пелі песні, расказвалі яму смешныя байкі. І калі даведаліся, што дзед Астап стары мікалаеўскі салдат, прасілі яго расказаць пра турэцкую вайну. Але тут умяшаўся Міколка:

- Дужа старыя байкі ў дзеда, што іх расказваць... Лепш скажы мне вось, дзед, дзе цяпер мой бацька, колькі-то дзён, як няма яго. І дзе ён - невядома.

- І я не ведаю, унуча... Давай лепш класціся спаць, ды няхай прысняцца табе добрыя сны...

- Што сны... - махнуў рукой Міколка.

Як ні стараліся ўсе развесяліць Міколку, гэта не ўдавалася. Якая весялосць у такім месцы. Хутка ўсе паляглі спаць на падлозе. Але не спалася. Чуліся галасы наверсе. Зрэдку даляталі гукі музыкі. То іграў у пана палкавы нямецкі аркестр. Пан спраўляў перамогу над сялянамі, над бальшавікамі. Шчодра частаваў сваіх збаўцаў - нямецкіх афіцэраў. Адтуль даляталі гукі танцаў, чулася брынчанне шпор, вясёлыя галасы. У склепе было цёмна. Скрозь невялічкае акенца, скрозь краты відаць быў кавалачак цёмнага неба. На ім пераміргваліся махнатыя зоры. Крычала нейкая птушка ў садзе. Здалёк, з-за саду, даносіўся дзіцячы плач, і нечая маці ціха спявала: «Ба-а-ю, бай... а-а-а... ай...» Відаць, батрачка калыхала недзе свайго малога.

Прынік Міколка гарачым ілбом да жалеза крат і глядзеў, глядзеў. Нібы ўпершыню ён бачыў і гэтае неба, і такія ж махнатыя зоры, і ў ціхім шолаху лісця цёмныя купіны ліп. Нібы дрыжалі гэтыя дрэвы пад густым месячным святлом, і так выразна відаць былі зубчыкі лісця на цёмным небе, што хацелася дацягнуцца да іх рукой, дакрануцца да іх, прылашчыцца гарачай шчакой. Дакрануўся рукою да крат. Халодныя яны, моцныя. Рыпнуў пясок за акенцам, мільганулі ногі часавога. Раздаўся злосны воклік і стук вінтоўкі:

- Назад!

Лязо штыка прасунулася ў акенца, пагрозліва бразнуўшы аб краты. Міколка адхінуўся ўбок і, трымаючыся за сцяну, ціха падаўся да дзеда. Прылёг ля яго. Дзед ляжаў у глыбокай задуме, маўчаў. Не вытрымаў тут Міколка, аж затрымцеў увесь, сцяўся ў камочак.

- Страшна мне, дзеду...

- А ты не бойся... Чаго баяцца, унуча! Усё будзе добра. Усё будзе слаўна. Прыйдзе час - не будзе ні паноў, ні царскага войска нямецкага. Будуць толькі рабочыя ды сяляне, ды такія вось, як ты, бальшавіковы сыны... і зямля будзе наша... і паравозы нашы... і яны будуць бегаць куды шпарчэй, бо яны будуць нашы. Сонца будзе свяціць куды гарачэй, і яно будзе нашым... і неба наша... Усё, усё наша!

- То добра, дзеду, але ж нас з табой не будзе. Вунь на ганку стаяць кулямёты, яны ж нарыхтаваны на нас.

- А ты плюнь на іх, на гэтыя кулямёты... дужа страшныя яны хіба?

Змаўкае Міколка. Але чуе дзед, як уздрыгваюць Міколкавы плечы. Плача Міколка і стараецца захаваць свой плач, сцяўшы зубы, уткнуўшыся тварам у дзедава плячо. Упору і самому дзеду заплакаць, але трымаецца ён, гладзіць унукавы плечы, на вуха яму шэпча:

- Ну чаго ты, дурненькі мой... А яшчэ казаў, што храбры, храбрэй дзеда.

Захліпаецца плачам Міколка, гаворыць скрозь слёзы:

- Не ад страху я, дзеду... Мне бацьку шкада. Мне паравозаў нашых шкада. Хто-та ездзіць цяпер на іх. Немцы ж гэтыя... Як жа ж... У іх жа царскія арлы. Ды з імі Бог яшчэ гэты. На кожным поясе напісана.

- А ты, унуча, яшчэ раз плюнь і на арлоў, і на Бога. І арлам галовы скруцім. А дасць Бог, і Богу шыю звернем... Было то клопатаў, каб аб іх думаць... А дзеду ты вер! Кладзіся вось і спі... Усё, браце, будзе наша! Толькі выспацца цяпер нам трэба з табой. Ну, кладзіся!

Ціха ў склепе. Чуваць роўнае дыханне сонных людзей. Прашуршыць часам спужаная мыш у саломе.

А на дварэ парыпвае пясок пад цяжкімі ботамі часавога. Паблісквае штык пад месяцам, цьмяна льсніцца цёмная каска. Застыглі на ганку палаца чорныя кулямёты, ды дрэмлюць салдаты ля іх.

Ціха шалясцяць на вятрыску пахучыя ліпы, скідаючы на жвір, на траву цяжкія кроплі расы.

Спіць Міколка.

Нібы спіць і не спіць. Ён едзе на вялікім-вялікім паравозе. Ля акенца бацька сядзіць. Снапы гарачых іскраў ляцяць з трубы і нізка пасцілаюцца над дрэвамі, над кустамі, над бязмежнымі прасцягамі палёў. Ляцяць рэйкі насустрач і нібы пасцілаюцца пад магутныя колы, нібы праглынаюцца паравозам... А ён усё шпарчэй і шпарчэй, ціха кружыцца галава ў Міколкі, развяваюцца валасы ад страшэннага ходу, ад імклівага ветру. Пара шыпіць, аж гудзе, і ляскочуць сталёвыя колы.

...Тах-тах-тах... тах-тах-тах...

Зірнуў Міколка ўперад, і валасы ў яго дыбам - проста на іх ляціць, набліжаецца семафор. Вялікі, чырвоны. Як кроў, гарыць яго зыркае вока. А паравоз усё шпарчэй і шпарчэй, аж заходзіцца сэрца, дыхаць цяжка. Збіраецца з сілай Міколка, намагаецца крыкнуць. Але цяжка перамагчы страшэнны бег паравоза, гэты грукат сталі, жалеза, гэтае гудзенне шалёных вятроў. Яшчэ секунда і, перамагаючы страх, крыкнуў Міколка:

- Бацька, стой! Стой, стой, семафор вунь чырвоны...

Крыкнуў і прахапіўся, вочы адкрыў. Разам з ім прачнуўся дзед, прачнуліся ўсе, што спалі з ім разам. Спачатку нічога не маглі ўцяміць. У склепе было відна, але святло было нейкае дзіўнае. Маленькае акенца ўзіралася ў іх распаленым чырвоным вокам...

- Пажар! - схамянуліся ўсе і кінуліся да акна.

Нечаканае вызваленне

Кавалак неба, які відзён быў праз акенца, цяпер здаваўся жывым. Нібы трапятаў ён, калыхаючыся ў чырвоных пералівах. Чырвань то набракала крывёю, то рабілася цьмянай, то раптам успыхвала на ўсю шырыню залацістымі водбліскамі. Водбліскі цямнелі, гаслі, знікалі і зноў успыхвалі з новаю сілай, паланілі ўсё неба. І здавалася, плавіцца неба, робіцца вадкім, празрыстым. Вось-вось успыхне яно і ападзе на зямлю мільёнамі іскраў і ззяючага вугалля. Нібы аграмадная птушка ўзмахвала агнявым крылом, і яно білася, трапятала, параненае, цяжка прыпадала да зямлі, рассыпаючы па небу залатыя пер'і.

Глуха шумелі цяпер барвовыя кроны ліп. То ўзняўся вецер і грозна гудзеў у садзе, па сценах палаца, па даху. Чамусьці не відаць было часавога, не чутна яго цяжкага кроку.

- Пажар! - крыкнулі людзі. - Але дзе гэта гарыць? Няйначай, пачалося з панскіх гумнаў, адтуль ляцяць іскры.

І толькі сказалі гэта, як страшэнны выбух адкінуў іх ад акна. Бліснула асляпляючым полымем, і, уздрыгануўшы, глуха загудзелі сцены склепа. Пасыпаўся тынк са сцен, са столі. Чутна была бязладная тупатня ног наверсе, чыесьці крыкі, і зусім недалёчка раздалося некалькі адрывістых стрэлаў. Потым раптам нібы ўсё змоўкла на хвіліну, і злавесная цішыня павісла над домам, над садам.

Міколка зірнуў у акно. І першае, што ён убачыў, гэта нямецкую каску. Яна ляжала ля самага акенца, уткнуўшыся казырком у пясок. Ля ганка, на каменні ў нязручных позах раскінулася некалькі чалавек, ляжаў абернуты кулямёт, цьмяна паблісквала стужка з патронамі. Людзі ляжалі нерухома.

- Дык вось яно што! - ускрыкнулі разам усе людзі ў склепе. - Пажар-то відаць не просты, наш пажар, партызанскі...

75
{"b":"555765","o":1}