Литмир - Электронная Библиотека
Содержание  
A
A

- Дык вось хто немцам нас павыдаваў... Маліся ж Богу, што сядзіш ты ў мяне ў вагоне, не хачу вось шуму падымаць ды ім непрыемнасці рабіць.

Тут паказаў ён на Міколку і на маці.

- А цяпер глядзі: калі хоць пікнеш слова якое пра мяне ці супроць нас усіх, ці будзеш іх вось чапаць, дык памятай: жыццё кароткае, а мы яго яшчэ табе ўкароцім... А не верыш, дык вось панюхай!.. Гэта табе прысяга - не раскрываць нідзе свайго паганага рота ды вымятацца самому падабру, па-здароваму са станцыі...

«Буржуй» сядзеў і пікнуць не смеў. У яго не пападаў зуб на зуб - і ад страху, і ад здзіўлення. Не чакаў ён сустрэць тут Міколкавага бацьку, якога лічыў ён ужо нават загінуўшым ад немцаў.

Бацька сунуў яшчэ раз рэвальвер у лоб «буржую» і, развітаўшыся са сваімі, пайшоў як ні ў чым не бывала з вагона. Перапалоханы «буржуй» прасядзеў яшчэ з паўгадзіны і толькі тады рушыў з вагона. Пайшоў моўчкі, азіраючыся за сабой, як пабіты сабака.

А вечарам прыйшлі некалькі рабочых. Сярод іх Міколкаў брат Павел, які служыў змазчыкам. Маці пайшла кудысьці да суседзяў. Міколка забраўся спаць на свой тапчан. Драмаў і прыслухоўваўся, аб чым ціха гаварылі рабочыя. Яны, відаць, спрачаліся аб нечым, бо адны гаварылі, што можна ўцячы з пакгаўза, другія гаварылі, што цяжка. Тады Міколка зразумеў, што гутарка ідзе аб вызваленні тых рабочых, якія арыштаваны немцамі і сядзяць зараз у станцыённым пакгаўзе. Добра ведаў Міколка гэты пакгаўз, колькі разоў забіраўся ў яго з хлапчукамі, сваімі таварышамі, калі грузілі ў пакгаўз семечкі, гарох альбо якія іншыя падобныя прысмакі.

- Туды вельмі цяжка забрацца, бо пакгаўз новы, ды часавых стаіць аж два - ад станцыі і ад горада, - чуў Міколка, як гаварыў адзін з рабочых. Пачуў і не сцярпеў. Саскочыўшы з тапчана, падбег да рабочых.

- Я магу залезці ў пакгаўз, нягледзячы і на часавых... - хутка выпаліў ён і пачырванеў нават, ці то ад нечаканае свае храбрасці, ці ад сарамлівасці.

Рабочыя аж ахнулі.

- Казаў жа я вам, каб гаварыць цішэй... А то вось аб усім і даведаўся гэты падшывалец.

Міколку страшна ўкрыўдзіла такое слова. Ён скоса зірнуў на гаварыўшага, працадзіў праз зубы:

- Каму падшывалец, а каму Міколка, бальшавікоў сын...

- Ну, то ідзі да немцаў і скажы ім, што бацька твой - бальшавік!

- Няма такіх дурных! - увязаўся ў гутарку Міколка. - Калі вам кажу, ведаю каму. А немцы пра бацьку і так ведаюць, што ён бальшавік, бо не сталі б лавіць яго, нехта ж падказаў... А пакгаўз я ведаю, як свой вагон, мы вунь колькі разоў туды лазілі галубоў ганяць...

- «Галубоў, галубоў!..» - перадражніў яго адзін з рабочых. - Тут, бачыш, не галубамі пахне, а куляй, а ты яшчэ дурань малы.

Хацеў тут Міколка абазваць гэтага рабочага таксама дурнем, але ўбачыў, што той абзывае яго так не злуючы, а проста жартам.

- Няхай сабе і малы, але мне куды спрытней у пакгаўз залезці, чым катораму з вас вялікаму...

На гэтым і разышліся, строга-настрага наказаўшы Міколку, каб ні слова, ні гуку ніхто не пачуў ад яго аб тым, пра што ён чуў.

- Ну, што вы, маленькія якія, ці што... - не на жарты ўсердаваў Міколка. - Ці буржуй я, ці меншавік, па-вашаму...

Чуў Міколка пра меншавікоў як пра вялікіх паскуднікаў, якія любому буржую гатовы заўсёды боты лізаць. Таму і памянуў пра іх.

- Ну, глядзі ж, - яшчэ раз сказалі яму на развітанне.

А раніцай, яшчэ сонца не ўзышло, было яшчэ цёмна, пабудзіў Павел Міколку, сказаў яму паціху:

- Ну, уставай, бальшавік! Пойдзем сваіх ратаваць. Глядзі ж не падкачай... Зловяць, скажы - за галубамі палез.

- Якія ж галубы па начах! - папракнуў Міколка брата за такое выключнае няведанне галубовай справы.

- Тады скажы, што за семечкамі палез.

- За семечкамі яшчэ можна... - згадзіўся Міколка з такой прапановай.

Станцыя хавалася ў прадранішнім змроку. Сям-там мігацелі стрэлачныя ліхтары, пыхкалі парай паравозы ля дэпо, збіраючыся ў дарогу. Сям-там на пуцях стаялі адзіночныя таварныя вагоны, платформы з лесам ды з іншымі грузамі. Каб не быць заўважанымі нямецкімі часавымі, Міколка з рабочымі прабіраўся каля вагонаў, хаваючыся ў іх доўгім цені.

І тут ля вагонаў заўважылі і дзеда Астапа. Ён ішоў следам за ўсімі, не адстаючы ні на крок. На яго накінуліся ўсе:

- Куды табе, дзеду, ісці! Ідзі кладзіся спаць!

Аднак дзед аж узлаваўся:

- За каго вы мяне прымаеце? Каб я ды пакінуў унука свайго ў небяспецы?

І колькі ні спрачаліся з дзедам, нічога не выйшла. Дзед не адступіў і рашуча ішоў услед. Вось і пакгаўз. На ім пабліскваюць цьмянымі аганькамі два-тры ліхтары, відаць шырокія дзверы. Ля іх стаіць, не зварухнецца, нямецкі часавы. Дзесьці далёка за пакгаўзам пабліскваюць у небе агнявыя зарніцы - відаць, недзе немцы вёску паляць. На гэтыя зарніцы загадкава пазірае часавы. Водбліскі іх мігцяцца на шырокім бліскучым штыку, на цяжкай, чорнай уначы, касцы салдата.

Задумаўся часавы, абапёрся на вінтоўку, не зварухнецца.

А побач з пакгаўзам - вялікія штабелі дроў. Сюды і дабраліся Міколка, Павел і другія рабочыя. Адсюль добра відаць пакгаўз і часавы, добра сачыць за кожным яго крокам. Міколка бачыць, як у руках яго таварышаў з'яўляюцца рэвальверы. Людзі становяцца кожны на сваё месца, загадзя яму вызначанае. А самога Міколку ціха вядуць да пакгаўза бліжэй, пад самы апошні штабель дроў.

- Ну, цяпер дзейнічай сам! Ды глядзі ж, не патрап пад вінтоўку! - дае апошнія парады брат Павел.

Міколка ўзіраецца ў часавога, да яго якіх трыццаць ці сорак крокаў. Відаць толькі спіна салдата ды кончык штыка. Прыпаўшы да самай зямлі, ціха пасоўваецца Міколка да пакгаўза, хаваючыся за раскіданыя побач каменні. Міколка паўзе і думае: што будзе з ім, калі заўважыць салдат, і куды трапіць нямецкая куля. Добра, каб у галаву - адразу і ўсё табе тут... А калі ў жывот?.. Гэта ж будзе балець!

Падумаў Міколка і аж уліп у зямлю, халодным потам абліўся, замёр на якую хвіліну-другую. Не з-за страху за свой жывот - які там у яго жывот! - а баяўся за справу. Зварухнуў нагой нейкую бляшанку па дарозе, і яна чыркнулася аб камень, забрынчала. Салдат павярнуў галаву, нават руку да вуха прыставіў, каб спрытней учуць. Але дзе ты ўчуеш, дзе ты ўбачыш. Ляжыць Міколка ні жывы ні мёртвы і толькі чуе, як моцна б'ецца ды вырываецца з грудзей яго маленькае сэрца.

«Эх! хаця б ды супакоілася, а то яшчэ ўчуе немец...» - думае Міколка ды праз шчыліну між каменнямі сочыць за часавым. Той ужо супакоіўся, нейкую песеньку пачаў ціха напяваць. Папоўз Міколка далей. Вось і ганак пакгаўза. Пад ганкам можна пралезці пад насціл, на які выгружаюць з вагонаў багаж, грузы. І праз якую хвіліну быў ужо Міколка пад ганкам і прабіраўся праз дзірку ў цаглінах пад самую падлогу пакгаўза. Ледзь не крыкнуў ён з перапуду, трапіўшы рукой у нешта слізкае і халоднае. Але ўспомніў, што і днём тут хаваюцца часам жабы, супакоіўся. Месца пад падлогай, кожную дошку самой падлогі Міколка ведаў як свае пяць пальцаў, бо не раз рабіў ён налёты сюды са сваімі таварышамі. Вось і гэтая дошка, якая падымаецца ўгору разам з цвіком.

Міколку здаецца, што праходзіць цэлая гадзіна, пакуль удаецца яму падняць адзін канец гэтай дошкі і прасунуць у дзірку галаву. Спачатку нічога не бачыць Міколка, і толькі прыгледзеўшыся, ён заўважае групу людзей, якія згрудзіліся ў кутку на ахапках гнілой саломы. Недалёка на сценцы мігае закапцелы чыгуначны ліхтар. Пад ім ляжыць чалавек і, як відаць, не спіць, бо часта варушыцца і ўздыхае. Прыгледзеўся да яго Міколка і пазнаў - гэта найлепшы бацькаў прыяцель, стары машыніст Арлоў. Разам з бацькам колькі пачысцілі яны на сходах эсэраў ды меншавікоў, тыя прымушаны былі заўсёды ледзь не ўцякаць ад рабочых пад гучны свіст, вострыя жарты і кепікі.

Ціха падпоўз Міколка да машыніста, асцярожна таргануў яго за рукаў. Міколка хуценька перадаў аб усім, сказаў, што ў дровах чакаюць яшчэ рабочыя, што трэба спяшацца, таго і глядзі, развіднее.

Доўга не збіраліся. Адзін за адным з вялікімі перасцярогамі лезлі пад падлогу, па аднаму выбіраліся з-пад ганка і адтуль Міколкавым спосабам паўзлі да дроў. Міколка сядзеў пад ганкам і скрозь ранішні змрок сачыў за Паўлавымі сігналамі. Апусціць той руку за штабелем дроў - значыць можна паўзці чалавеку. Падыме руку - значыць нельга, няйначай часавы ходзіць па насцілу, над ганкам. Так і выпусціў усіх восем чалавек, арыштаваных немцамі.

68
{"b":"555765","o":1}