Литмир - Электронная Библиотека
Содержание  
A
A

- Дык гэта, суседзе, вучыў, мусіць... Што і не кажы, у мяне каторае і меншае, але ж на яго трэба папліску добрую мець. Хоць бы сабе й Макрыду ўзяць...

Крэкчучы, вылазіў з-пад стала Банадысь, пыл абіваў з бакоў, сапеў злосна. І смешны ён Цыбалу быў, хлопец гэты. Такі ж вырасцень - у бацьку ростам выйшаў - і на табе, пад стол лазіць. Каторы ў яго гады ў салдатах, а гэты на пугу практыкуецца, смак той яе ўпадобаў. Не сцярпеў нават і да Банадыся:

- Ваканцыя гэтая ў цябе не дужа каб...

- Якая ваканцыя? - запытаў той, збянтэжаны крыху.

- Ды от кажу: пад стол лазіць, ваканцыя, браце, нязручная... гузака, ненарокам кажучы, нагнаць можна... Дый пылу там - не абярыся...

Нешта мармытнуў пад нос Банадысь і хуценька змыўся з хаты.

- За што б то ты яго? Страху, кажу, нагнаў за што? - запытаў Цыбал і на пугу зірнуў.

- Ат... У сям'і, браце, можа ўсё трапіцца: і ў лад і не да ладу... Сын, бачыш... Урос хлопец у сілу, гульма гуляючы, а розуму таго, як у вераб'я. Ды процівень к таму, ніяк ты яго на простую дарогу не павядзеш, не паставіш да ладу.

- Гэта ты зусім правільна. Іначай яно і быць не можа... Але зноў жа, да слова кажучы: якое б жыццё тады было, калі б усё яно да ладам ішло... Клопату ж яно тады ніякага табе, чалавеча. Ніякага, можна сказаць, смаку ў жыцці. А як жа можна чалавеку без клопату. Я от кожнага дня без клопату таго абысціся не магу, аб гаспадарцы ўсё дбаю... От я табе пра Гарпіну колісь казаў, пра Ражкову, што па Лявоне засталася. Здалася, суседзе, урэшце... Так-такі і падалася. А раней ні прыступу, ты яе не чапай і не кратай... Як я, кажа, з дзецьмі буду гараваць, гора сваё векаваць з імі. Дужа, кажу, наясіся ты з той зямлі, без чалавека. Найму, кажа, сяк-так перакідаюся. Хіба ж то, перакідацца толькі, кажу, а жызні ніякай, бо йдзі ты, кажу, напрасіся людзей, ласкі тае даходзь. А з чужое ласкі, кажу, дужа не наясіся, трэба свой паратунак мець. І, можна сказаць, падалася баба. Ну я ў фальварку за яе застоіў. Бачыш, Ганна, што за ўпраўляючым прыбірала, ладзіцца да аўстрыякі нашага, да Язэпа-механіка, на жыццё, знайшла-такі долю, жаба... гэткага чалавека абкруціла... Ну, дык замест яе Гарпіна мае пайсці, за прыбіралку. Дык я там слова-другое закінуў, каб яно ўжо гэта цвёрда было... Няхай кабеціна, думаю, хлеб кусае з дзецьмі, дзе ж ёй падзецца, думаю... Я ж такі чалавек жывы, сумленне маю... А зямелька мне да рукі, зусім, можна сказаць, таго паўнадзела з маімі загонамі злучыць - і выйдзе яно не кепска, хоць ты, браце, маёнтак разводзь, колькі тых валок сабраў...

- Дужа табе трэба з бабамі цяпер гэты клопат аб зямлі мець. Гэта ж згрызоты адны. Цяпер жа панскае зямлі - хоць заваліся. Сам упраўляючы анодысь казаў: шукай ахвотнікаў, стараста, на зямлю... Лужкі можна прадаць, дый ляды, што з папоўскімі мяжуюць, таксама можна, калі хто ахвоту мае. Зямлі цяпер сіла на продаж пайшла, абы грошы - купляй толькі.

- Дзівак ты чалавек, пане Хвядос. Дужа мне цікава з панам справу мець. Яму каб грошы, ды гатовыя, от вынь ды палож. Калі ж і не адразу, дык тут табе, браце, і вексалі, тут табе і процанты... тут над табою кожная рата каменем тым цісне... Тут табе зноў жа і суд, і закон. За-а-кон, браце... А з процантамі гэта ды вексалямі не дужа зручна нашаму брату справу мець, няхай яны згараць, тыя процанты, ні за што ні правошта капейчыны тыя збываць... З панам, як бачыш, не паласа мне. Гэта калі ў арэнду там, дык шчэ куды ні шло, адзін набытак, можна сказаць... Таму з часці, таму так - глядзіш, і чыстыя грошы ў кішэні. А каб зямлю ў пана купляць, дык няхай яно лепш згарыць.

- Ці табе не ўсё роўна, каму грошы даваць. Ізноў жа цэлым кавалкам можна набыць, а не дзесяцінамі тымі зямлю шураваць...

- Уга... Дзе ты бачыў... Грошы яно, канешне, заўсёды грошы, ты іх у любую дзірку запхні, табе ад гэтага не палегчае. Але мне з Гарпінай у банк не хадзіць з тымі процантамі, вексалі тыя не пісаць ды на маркі не траціцца. І платы тае, калі захачу, плачу. Не захачу, і так пачакае, не дзе дзенецца, ласкі мае шчэ папросіць... Плоціш ты, і ўсім добра, і табе падзяка. А ты кажаш... Падумаць трэба, тады й казаць, бо хто ад свае выгоды ўцякае?

- Яно, канешне, пане Цыбал, словы твае як улітыя, пад іх не падкапаешся, залатыя словы. Хто сабе вораг, той і для другіх пудзілам ходзе... Аднак ці не па справе вы зайшлі часам па якой? Бо, думаю, пане Цыбал так сабе, здарма, не будзе ног утруждаць.

- Яно, канешне, па справе і, бачыш, дужа па далікатнай справе. Вельмі ўжо яна далікатная, каб гэта адразу да яе прыступіцца. Як яно, як той казаў, ні ціха, але не мінеш ліха. Яно цябе ўпільнуе. Не на тым, дык на другім і пакаўзнешся. Бачыш, аб сватах тых я. Колькі-то ў нас гутарак з табою было, каб гэта сваякамі пабрацца. Макрыду, значыцца, за Банадыся аддаць... І як ты ведаеш, суседзе, не супроць я быў, каб гэта іх акруціць тым часам, няхай бы сваю жытку наладжвалі, ці то пры табе, ці й пры мне хаця - хіба мне хаты свае шкада для зяця. Ізноў жа і ты чалавек у сіле, можна сказаць, чалавек у выгодзе. Канешне, і мне не абыходзіць, ёсць з чым і к сабе і да людзей, не ў крыўдзе жыву, чалавеча, як і табе вядома. І от жа, на табе, так жа не па-людску выходзіць у самы такі час, калі толькі кампанію весці.

- А што ў цябе здарылася, чалавеча?

- Каб жа то здарылася... Хужэй, чалавеча... Макрыда мая, каб ёй сцежкі тыя мацаць, Макрыда ж мая загрубела...

- Ды што ты вярзеш, чалавеча? Як гэта загрубела?

- Відаць жа: не ад саладухі... Каб то, скажам, пад'ела там. Бывае ж так, дні тры там кабета ходзіць... Саладухі пад'еўшы... Але ж, відаць, прычына, чалавеча, другая, была, мусіць-такі, сур'ёзная прычына... Ды не буду маніць перад табою, загрубела-такі насапраўды, каб яна чэравам тым на сябе наклала, на зямлі распаўзлася, паскуда тая...

- Навошта ты дзіцё клянеш? Ад Банадыся?

Аж замоўк на якую хвіліну Цыбал. Слова таго ад крыўды не мог вымавіць. На ўласным дзіці, можна сказаць, пасклізнуўся. І крывое, сказаць, а ўпоперак дарогі табе кладзецца.

- Калі ад Банадыся, дык вялікі то клопат, пане Цыбал. Абкруцім вобмегам адным, і чорт іх ушчуваць будзе, пад вянцом усе грахі пакрыты. З кім гэта, браце, не здаралася на белым свеце. Дужа гэта, каб галава балела, што яны там вырабляюць часам, маладыя нашы. Ім, суседзе, нашы старыя законы не пісаны. Гэта табе, скажам, ці мне, дык і без штаноў даводзілася да самай жанітвы святым пузам свяціць, курэй пужаць. Дзе там аб дзеўках было думаць... А ім што адыходзіць у цяперашнія часы, калі каторыя і грамату пачалі пазнаваць, як мой старэйшы сын... Ды яшчэ, скажам, за бацькавай спіной, за бацькавым то клопатам... Дык чаго там бедаваць дужа? Ты гэта, браце, плюнь, дужа там сэрца рваць з дробязі такой. Плюнь, кажу, сяк-так абыраеш, не вялікая то справа-праява, калі яны там, скажам, крыху пабязулілі па дурасці, па маладосці...

- Каб жа то так, як ты кажаш, Хвядосе... Каб жа яно ад Банадыся, яно і клопату таго на кіпець самы... Дык жа не ад Банадыся зараза тая мая займела...

- Што ты, чалавеча, кажаш?

- А што ты казаць тут будзеш...

- Як жа гэта ты дзіцё не ўпільнаваў, на такую, можна сказаць, знявагу пусціў... І ад каго?

- Няйначай як ад парабка Напрэя...

- Уга... Зусім, браце, дрэнь справа... Не чакаў, суседзе...

- Прызналася ўчора... І каб жа то з добрым чалавекам якім, яно й жалю б таго не было... Дык на табе, выстаралася, бацьку ўзрадавала, бач, унукаў бацьку не хапае, каб на цябе тая немач белая... І хто б мог думаць, каб ён, Напрэй гэты, - вока ж тое саромеўся на дзяўчат кінуць, - каб гэта ён ды на такія ж авантуры пусціўся... Усё ў зямлю глядзеў, да ног сваіх усё прыглядаўся - ні віду з яго, ні слова людскага ад яго не пачуеш... А тут гэткі жа спрыт, можна сказаць, займеў. Гэткі жа ўскруцень напаў чалавеку ў голаў...

- Каб жа то, суседзе, у голаў... Тут, браце, не вялікага розуму справа...

- Яно, канешне, не вялікага... Знявага ж затое вялікая. Каб у каго, у каго, а то ў мяне...

- Ат... бяда - яна заўсёды, чалавеча, падпільнуе, як ты яе ні сцеражыся... Але ж і бяды тае - не сказаў бы, каб задужа... Кінь, кажу, думаць аб ёй, сяк-так асвойтаешся, ды шчэ і чалавек які знойдзецца. Мала хіба, каб гэта дзеўкі з дзецьмі гатовымі замуж ішлі... Колькі шчэ... Там удавец які з дзецьмі, там кавалер які перастарак, там калека які, недалуга... Не дзе дзенецца дачка твая, знойдзе пуця свайго. Ды пры тваёй, сказаць, браце, гаспадарцы і добрага чалавека знайсці не цяжка. Кавал зямлі той, кубел добры - і да цябе тады любы хлопец і з маладзейшых прыгорнецца. Яно, чалавеча, не ведама, дзе ты знойдзеш або згубіш. Як яно чалавеку суджана, так яно й выйдзе...

107
{"b":"555765","o":1}