Литмир - Электронная Библиотека
Содержание  
A
A

Таго вечара і здаўся бацька.

І, можна сказаць, не сыходзіў ён з памяці сыновай, дбалі яны аб ім, стараліся, наколькі было сіл тых і розуму. Разы са два брат у астрозе адсядзеў за фабрычныя дзялы, быў ён куды спрытнейшы і на слова вастрэйшы, дасцігаў да ўсяго хутчэй. І не мінаваць яму б воўчага білета, каб не падаспела тут бежанства. У завірусе кінулі ім цікавіцца асабліва, а тут і давялося ехаць з родных месц, ехаць на новыя, невядомыя паселішчы, ратуючыся ад вайны, шукаючы кавалка хлеба. Ехалі цягніком таварным, але ўсяго толькі і праехалі перагоны са два, як замялі ўвесь цягнік казакі, пазганялі народ з вагонаў:

- Можаце і пешкі пайсці, не паны вы і не граф'я, публіка вы звычайная, бежанская... А вагоны нам і пад снарады патрэбны. Можаце, адным словам, ісці, не задзержывайся каторы...

У самую познюю восень надаспела справа тая. Пакутавалі колькі дзён, матляліся па Белавежскай пушчы, без ежы, без прытулку, і тут давялося рашыцца дзіцяці, азызла на дажджы ў дарозе, пасінела, звяло тварык у змаршчакі старэчыя, ды так і звянула. Закапалі наспех пад елкай, крыжык дубовы згоралі, паставілі, паглядзелі ў вочы адно другому, і жонка як кінецца тады вобзем на ігліцу тую калючую ды голасам немым як закрычыць, загалосіць. Здаецца, сэрцы ваўчыныя працяліся б жалем ад таго голасу, ад слоў тых простых, матчыных слоў, звычайных. А ў самога ўсярэдзіне неяк захаланула, ды думкі як жарства, як камень, як суровыя хвоі белавежскія. Стаяць гэтыя хвоі, не шалохнуцца, толькі вецер гудзе ў верхавінах, асыпае з нябес макрэддзю, працінае восеньскай золлю. Суровыя тыя хвоі, пракаветныя, дакраніся камяля - загудзіць працягла гэтак і глуха, як звон той па мерцвяках пахавальны. Сярод хвой дарогі - пясок, жвір, верасы паабапал. У самым цвеце былі верасы тады. Цвітуць верасы, няўлоўны пах ад іх, і кладзецца ён жалем вялікім і нязведаным на людскія сэрцы, жыццём абіваныя.

Дужа доўга будуць памятацца верасы тыя і суровыя восеньскія хвоі. Ды камень той, пад які давялося пасля і жонку пакласці. Усё адно да другога: і дзіцё, дарога позняя тая, восень з беспрасветнымі і халоднымі начамі - і застаўся адзін як перст. Хіба брат яшчэ ды матка. Выкараскаліся сяк-так з бежанскае тае бяды, да месца дабраліся. Брат на службу пайшоў, на завод, дабіўся там зручнай ваканцыі. Усё да сябе клікаў, каб ізноў гэта разам, як калісь раней. І матка з братам была. Але як трапіў адразу ў мястэчка, тут і загруз у кузні, і не хацелася нанава кратацца. Пазбыцца ўспамінаў тых цяжкіх не мог, усё стаяла ў памяці як жывое і жыў, як звязаны чым. І сутуліўся неяк раней часу, і іней на галаву ўпаў, заняпалі вочы, бляску таго колішняга ў іх не ўбачыш. Так і жыў без гора таго, здаецца, але і без радасці тае асаблівае. Адна ўцеха з сялянамі каторымі пагаварыць ды моладзь вось яшчэ. Тая моладзь, каторая вочы мела, у каторай яшчэ не астыглі грудзі, каторая і на свет яшчэ глядзіць не жмурачыся, на поўнае тое вока маладое, рукой яго ад сонца не засцячы. З ёй хіба і адводзіў душу, раздзьмухваў вугалькі тыя, што тлелі дзесьці глыбока ў сэрцы.

І вот акрыяў Іван Іванавіч духам, весялейшым стаў. Шчэ невядома было, хто тое гумно спаліў і як спаліў, з якімі, можна сказаць, думкамі яно было спалена. Але ж расцвіла тут радасць вялікая, і свет куды мілейшым стаў. «З гэтым светам шчэ можна памерацца, на свой капыл яго пераставіць». І калі гарэла гумно, і ішоў тады Іван Іванавіч пасля крыўд гаручых ад прыстава - падумаў тады:

«Правы ты быў, бацька мой, у думках сваіх правы, у словах сваіх... У адным ты, аднак, не правы... Не ўпрачайце добрым людзям на іхнай дарозе, хоць бы дарога тая была крывёю заліваная... Гэта, канешне, і хіба я тут супроць... Але ж не галоўнае гэта... Не толькі не ўпрачаць, а дапамагаць трэба дарогі тыя шукаць, якія б крывавыя яшчэ ні былі... У гэтым, відаць, і праўда наша... І гэта праўда, відаць, узнеслася полымем над панскім гумном... Але зноў жа згасла, сацьмела... Бо дарогі, відаць, шырокае тае не было... Ішла праўда тропкамі цёмнымі ды глухімі, сцежкамі тымі лесавымі, віхлястымі, мужыцкімі сцежкамі... Выйсця ніяк не магла знайсці на шырокія дарогі, бітыя... А хто ж вінаваты ў гэтым? Топчуцца людзі, з бітае дарогі ў балота кідаюцца...»

Тут узгадаў Іван Іванавіч Лаўрэнавы наведзіны. Аж здзівіўся Іван Іванавіч госцю такому, ведаў Лаўрэна за чалавека набожнага, да царквы старальніка, да слова святога прыхільніка найвялікшага. А той прыйшоў, запытаў для прыліку аб шворне - ці не можа ён - Іван Іванавіч - шворан новы паставіць у калёсы, бо рэпнуў стары, так-такі напал і рэпнуў, мусіць жа, жалеза папалася бракаванае.

І сам Лаўрэн ведаў, што пытанне яго недарэчы: як гэта, каб каваль ды шворна не мог зрабіць, звычайнага шворна немудронага да сялянскага ваза. Гэта ж не малатарню агледзець, не барабан які для крупадзёркі зрабіць. Самае, можна сказаць, простае дзела - шворан той самы. Але ж запытаў для прыліку. Пасля мяўся ўсё, мымрыў пад нос. Пра газеціну - «мо б ты, чалавеча, даў пачытаць навін тых», пра кніжкі каторыя. Урэшце загаманіў, паставіў язык на больш цвёрдае месца. Трымаў важна газетку ў руцэ, але чытаць каб, дык больш гаварыў.

- Я вот, Іван Іванавіч, часцяком, канешне, і газеціну ў руцэ патрымаю... Усё больш на тыя епархіяльныя ведамасці налягаю, балазе поп не шкадуе, дае пачытаць часам. Аднак я, чалавек, куравам не балуюся, газецінка, можна сказаць, у поўнай у мяне бяспецы. Ну, той і давярае, не баіцца, што я парву там ці на цыгаркі тыя пушчу, грэшным часам... Дык вось, чытаю, кажу. І сказаць, каб дужа гэта радавала мяне, дык не... Праўды, сказаць табе, не віджу я ў тым слове друкаваным. Усё я вычытаць хачу, якая яна, як да яе дасцігнуць. А газеціна кажа мне толькі пра камілаўкі, пра скуф'і ды набедранікі - вот аднаму папу там далі, другога там надарылі, трэцяму панагію на грудзі ўшчапілі. К чаму б гэта? Хіба праўда, скажам, у панагіі той, у крыжы тым срэбным?.. Альбо пішуць яшчэ, якія правы маюць папы на зямлю і што рабіць, якія законы на ўвазе мець трэба, калі, скажам, у папоўскім лесе пасечкі пойдуць ці на папоўскую мяжу хто ўзваліцца... А навошта, пытаю, папу зямля? Ці з яго так мала? Ці, скажам, недалёка за прыкладам ходзячы, навошта нашаму папу млын? І ці зручна духоўнай асобе справамі такімі займацца? Калі ўжо на тое пайшло, калі табе так закарцела, дык скідай рызу, станавіся ля жорнаў ды засыпай на здароўе. А то духоўная, можна сказаць, асоба, і раптам інтэрас такі. Канешне, аб нашым папу і казаць няма чаго - ад папа адна рыза засталася. Любога п'яніцу перап'е, любую бабу змусціць, а грыўню каб лішнюю сабраць, дык чорта перасцігнуў бы. Канечне, абы-каму не дужа я гавару аб гэтым, бо каторае яно і да ладу не дабярэ, што к чаму. Што і казаць, я і ў папа, канешне, пра сёе-тое пытаў, ды дзе гэта ён табе адкажа. Ты яму пра дзела якое, а ён табе Ісуса Навіна прыпляце, ты яму пра зямлю, а ён на Хрыста спасылаецца... Канешне, і я ў ісусах там да хрыстах добра-такі разбіраюся і толк некаторы маю... Але зноў жа - мёртвыя словы ўсё. Чытаеш, чытаеш, а сэрца, можна сказаць, не кратае. Зусім, трэба сказаць, сэрца пустое. Бо як ні круці, а багатаму чалавеку і Бог спрыяе ў сваім тым Святым Пісанні. І ў Бібліі, значыцца, ізноў жа і ў Евангеллі...

Дзе ж, пытаюся, справядлівасць тады? Дзе ж яна, тая праўда чалавечаская, і якім пісаніем праўду тую пасцігнуць можна?

Лаўрэн пытаўся пра праўду, і відаць было, што пытае ён проста так, ад звычайнае тае цікавасці людскае, ад халоднага людскага розуму. Не прыкіпела тая праўда да нутра, да сэрца яна не прыстала. І голас таму быў не ўзрушаны, не было цеплыні ў ім, не было таго хвалявання, душэўнага мітушэння і ўсяго таго, што ўласціва чалавеку, калі ён праўдай той чалавечаскай за жывую душу працяты. Адзін быў голас: і аб шворне тым, што напал, і аб праўдзе людской, вялікай.

І калі выслухаў Іван Іванавіч Лаўрэна, адказаў толькі:

- Сыты вы чалавек, пане Лаўрэн...

Дужа гэта чалавека здзівіла. Узрушыўся нават:

- Як гэта разумець вас, слова гэтае к чаму? Сыты? Яно, сказаць, і вы ж вот не згаладаваліся... сякі-такі кавал хлеба да вашых жа рук горнецца, няйначай...

105
{"b":"555765","o":1}