Литмир - Электронная Библиотека
Содержание  
A
A

- Гэта не твая справа. Ты думай лепш пра падарунак сваёй маці...

- Я ўжо думала, але нічога не магу добрага прыдумаць, бо што я трапнага куплю за тыя капейкі, якія даеш ты мне на гэтую справу.

- Хопіць. Мы не ракфелеры, каб раскідацца грашыма на розныя глупствы. Гэта раз. А па-другое, не твой клопат пра маю маці. Што падару ёй - мая справа.

- А ўсё ж...

- Вось і «ўсё ж». А падарунак я зраблю добры. Гэта будзе вялікі сюрпрыз. На тое яна і мая маці, каб я як след шанаваў яе... Кажу, гэта будзе выдатны сюрпрыз...

Жонка нездаволена чмыхнула носам.

- Вунь дзеці чаравікі пазнасілі, трэба купляць новыя. Вугалю засталося лапаты на тры, а хутка халады...

- Вугалю маці купіць. Яна - гаспадыня кватэры...

- Вядома, гаспадыня... Толькі я каторы год хаджу, як апошняя наймічка... Божа мой, Божа, пашанцавала мне выйсці замуж у такую сям'ю... Не дай Бог нікому...

- Ну-ну...

- Што «ну-ну»? Ты нідзе не затрымліваўся на працы больш года, адусюль праганялі...

- Ніхто мяне не праганяў, я сам звальняюся, бо шукаю лепшага месца...

- Ён шукае лепшага месца! З рудніка прагналі за п'янства, а добрая была пасада электраманцёра...

- Што ты разумееш? Я і цяпер электраманцёр... А ты хацела б, каб мяне заваліла зямлёй у рудніку? Хіба не памятаеш, як пахавалі разам трыццаць шахцёраў пасля выбуху ў рудніку?

- Не гавары мне пра гэта, бо і ты быў вінаваты ў іх смерці.

- Хіба я забіваў іх?

- Кажуць, была няспраўная праводка, бо ты з-за п'янства недагледзеў яе...

- Кажуць, кажуць... Ці мала чаго кажуць, а ты толькі слухай...

- Але ж прагналі, за п'янства прагналі... і з гаража прагналі, і з лодачнай майстэрні прагналі... Скажы дзякуй маці, што ўладзіла цябе на гэты завод, тут бы хаця трымаўся...

- Пры чым тут маці? Я маю прафесію, з ёй мяне прымаюць у любым месцы.

- Колькі праліла слёз твая маці! Яна выплакала табе гэтую пасаду, ёй абрыдлі вечныя клопаты аб табе, лайдак ты няшчасны...

- Хопіць, разышлася! - і так стукнуў кулаком па сталу, што прачнуліся дзеці і адразу ўсчалі такі плач, што ён тут жа, моцна бразнуўшы дзвярмі, падаўся ў другі пакой.

«Вось і схадзілі ў кіно, - падумала жонка, выціраючы няпрошаныя слёзы. - Два дні дамаўляліся, каб схадзіць сям'ёй, як усе добрыя людзі. Дык сходзіш з ім, хіба толькі ў магілу...»

Яна пачала супакойваць дзяцей, потым павяла іх на вуліцу пагуляць ды разам з тым падзяліцца з суседкамі сваімі крыўдамі.

А Сузан сядзеў у пакоі, як заўсёды, пануры, задуманы. Сапраўды, не вязе яму ў жыцці. Нябожчык бацька ў яго гады быў куды шчаслівейшы. Ён меў нават свой уласны домік і нядрэнны рахунак у ашчаднай касе. Праўда, маці казала, быў ён вельмі настойлівы і працавіты, ніколі не змарнаваў ніводнага дня. Можа, яно і праўда. Але што ты возьмеш з тае працы? Ну, вядома, будзеш сыты і адзеты... А што з таго? Не такая ўжо прыемная штука - гэтая праца... І так дзень пры дні, дзень пры дні. Вунь некаторыя яго таварышы нідзе не працуюць, а жывуць няблага, ва ўсякім разе лепш, чым усе рабочыя і нават тэхнікі. Праўда, у аднаго багаты бацька, у другога амаль што мільянерша цётка, трэці атрымаў добрую спадчыну і ні аб чым не шманае, акрамя хіба салонаў і рэстаранаў, чацвёрты, пяты... Ёсць хлопцы, што абыходзяцца і без бацькоў. І не працуюць, не націраюць мазалёў, а гуляюць часам так, што ўся акруга грыміць... Усяго хапае ім: і віскі, і французскага каньяку, і прыгожых дзяўчат. Праўда, ім даводзіцца часта мець справу з паліцыяй, некаторыя пабывалі і ў турме... Канечне, гэта не вельмі прыемна... Затое жывуць!

А ён не жыве, а марнее. Трэба было яшчэ ажаніцца! Гэта ўжо матчын клопат - спадзявалася, што ён пасталее, набярэцца розуму, як яна кажа. Розуму... Хіба ён жыве без розуму? Але ж, відаць, гэта праўда. Які ўжо тут розум, калі трэба лічыцца з кожным цэнтам, калі гэтая неадчэпная жонка толькі і ведае, што патрабуе: дай ёй на хлеб, дай на мяса, дай на адзенне... Ён жа не ракфелер які-небудзь! Урэшце, і ў яго душа жывая, мае і свае патрэбы: ёй трэба і віскі, ёй трэба і цыгарэты, ды ці мала чаго ёй трэба. Шчэ добра, што гэткая маці... Яна не патрабуе за кватэру, а што б было, калі б давялося яму наймаць кватэру? Страх нават падумаць. Аднак чэрствы чалавек гэтая маці. Ёй добра - яна зарабляе больш, чым ён, і гэта на адну душу. Канечне, яна сім-тым дапамагае - і на кватэру, і на вугаль, часам і дзецям сёе-тое справіць. А ўсё ж... магла б і больш раскашэліцца. Як-ніяк атрымала яна пасля бацькі і страхавыя, і невялікую спадчыну. Ёсць і ў самой сякія-такія зберажэнні. Неяк собіла яму паглядзець у яе ашчадную кніжку - аж галава закружылася. Яму б тыя грошы, ён даў бы ім рады. Віскі ёй не трэба, цыгарэты не трэба, адно што на царкву сваю часам патраціцца, дык невялікія то патраты.

Сапраўды, якія патрэбы ў старых? Ні ім модныя ўборы, ні ім забавы... Адно - пад'есці, адпачыць пасля працы і, калі вольная хвіліна, адвесці душу з суседкамі, такімі ж старымі, як і сама, перамыць костачкі ўсім блізкім і знаёмым. Канечне, у першую чаргу ў такіх абгаворах дастаецца яму, Сузану. Ён і лайдак, і няўдака, і збэшчаны чалавек, і невядома ў каго пайшоў, у каго ўрадзіўся. Адным словам, адбіўся ад рук, выхоўваўся без бацькі, а дзе жанчына ўправіцца з падрастаючымі дзецьмі, каб па-людску накіраваць іх на пуць-дарогу...

Можа, маці і мае рацыю па-свойму. І дзесьці ў глыбіні душы прамільгне на які міг нешта падобнае на спачуванне. Колькі яна перажыла, калі аднойчы ён цяжка хварэў. Усе ночы праседжвала над ім... Ну, а потым, потым... Канечне, хапіла ёй праз яго штукі і дурыкі ў дзяцінстве, а пазней праз яго розныя глупствы і такія справы, калі маці даводзілася важдацца з паліцыяй, упрошваць яе, ліць слёзы. А як жа іначай? На тое яна і маці, каб адказваць за яго. Хто ж павінен клапаціцца аб ім, аб яго дабрабыце, аб яго будучыні, як не яна. Відаць, яна забылася на сваё мінулае. Была ж і сама некалі маладая, павінна разумець яго. Ён жа хоча жыць лепей, весялей, каб пазбавіцца той штодзённай нудоты: завод, хатнія непаладкі, вечныя думкі аб тым, як дацягнуць да палучкі, апрыкралыя спрэчкі з жонкай з-за якой-небудзь пяцёркі долараў, прапітых з таварышамі. Што значыць прапітых? Ну, проста пасядзеў з прыяцелямі, была такая прыемная бяседа... Не піць жа яму заўсёды на чужыя грошы. І так ужо часам насміхаюцца з яго, і ўжо неаднойчы пагардліва назвалі нікчэмнікам, здольным хіба аблізваць чужыя талеркі. А ці ў яго няма гонару? Ці ён не павінен абараніць свой гонар? А маці не разумее гэтага. І калі ён напрамілы Бог прасіў яе аднойчы даць яму трыццаць долараў, каб аддаць картачны доўг прыяцелям, яна проста паслала падалей і яго, і прыяцеляў. Ёй гэта лёгка сказаць, а яму трэба запазычваць вочы ў сабакі, каб сустракацца пасля з таварышамі.

І дзесьці ў тайніках душы асядае, як муць, чорная думка аб тым, што няма нічога вечнага на зямлі, што і маці не міне таго, што наканавана кожнаму чалавеку на зямлі. Вядома, яе зберажэнні нідзе не падзенуцца, яны ж застануцца і па закону пяройдуць да яго. Праўда, ёсць яшчэ замужняя сястра, старэйшая за яго. Яна жыве ў Канадзе. Па закону ён павінен будзе падзяліць тыя здабыткі з ёй, закон ёсць закон. Сузан бярэ кавалачак паперы і скрупулёзна выпісвае лічбу за лічбай. Вось гэта давядзецца аддаць як спадчынны падатак... Дарэмныя патраты, і каб маці ўлічвала ўсё, яна змагла б цяпер аддаць яму яго грошы, якія ён і расходаваў бы, як і належыць паважаючаму сябе чалавеку. Але добра. Закон ёсць закон. І пасля падатку і перадачы сястры яе часткі (ён, зразумела, утрымае з яе выдаткі, звязаныя з пахаваннем маці, і само пахаванне можна зрабіць як мага сціплым - мы ж не якія-небудзь ракфелеры) яму застанецца ладны кавалак. Ну, папомняць тады ўсе, хто насміхаўся з яго, абражаў яго. Ён пакажа ім, як трэба паважаць сяброўства, як трэба па-сапраўднаму абыходзіцца з людзьмі, як трэба весяліцца... Канечне, давядзецца сёе-тое патраціць і на сям'ю, нідзе ўжо не дзенешся. Але хопіць і на іх...

Ад узнёслых мар прыемна кружыцца галава, як ад шклянкі добрага віскі. Не так ужо і кепска жыць на свеце, як гэта здавалася яму ў часе нуднай дыскусіі з жонкай.

30
{"b":"555765","o":1}