Литмир - Электронная Библиотека
Содержание  
A
A

- Мы яшчэ пакажам усім! - уголас гаворыць ён, мнучы ў попельніцы недакурак цыгарэты.

- Што ты пакажаш і каму? - чуе ён голас. Ён нездаволена азіраецца назад, на дзверы. Хто гэта выбівае яго з прываблівага свету мар і спадзяванняў?

У дзвярах стаіць маці. У яе посны выраз твару, у бляклых вачах нямое запытанне.

- Гэта я так... - нехаця адказвае ён і, спахапіўшыся, дадае: - Вось кніжачку адну чытаю... - і ляным жэстам паказвае на дэтэктыўную аповесць, разгорнутую перад ім.

- Дык нешта ж уголас? Зноў, відаць, пасварыўся з жонкай. Нядобра гэта, сынок, нядобра. Яна цярплівая жанчына, трэба толькі здзіўляцца, як яна яшчэ трымаецца ў нас. Я б на яе месцы даўно разышлася з табой, такім слаўным мужам...

- Кіньце, маці, абрыдла слухаць!..

- Табе слухаць, а мне абрыдла глядзець на цябе і на твае паводзіны.

- А вы і не глядзіце, будзе вам спакайней.

- Добра, кінем. Адно, што я хацела б сказаць, каб вы жылі ў ладзе і спакоі. Хаця б тыя дні, на якія я адлучуся з хаты.

- Куды вы думаеце адлучацца? - механічна перапытаў Сузан, рады ўжо таму, што тэма гутаркі некалькі мяняецца.

- З'езджу да Беці дзён на дзесяць. Я не бачыла яе даўно. Гэта ж ужо дзесяць год мінула, як яна з мужам прыязджала да нас. Тады тваёй пляменніцы, маленькай Караліне, было ўсяго шэсць год. Памятаеш, як яна заліла соўсам твой святочны касцюм?

- Гм... Чаму ж не памятаць! Тады мне здорава ўляцела ад бацькі. Ён жа не ведаў, што прычынай усяму тая свавольніца, капрызуля, і ўсыпаў мне добрую порцыю гарачых...

- Знайшоў што ўспамінаць... А цяпер, як бачыш, той свавольніцы праз два тыдні будзе шаснаццаць год. Беці з мужам запрашаюць мяне на гэтую сямейную ўрачыстасць.

- Як жа ты паедзеш, а служба?

- Фірма згадзілася даць мне цяпер мой гадавы адпачынак.

- Ну што ж, едзь, маці. Мяне, нябось, не запрашаюць у госці?

- Паспееш яшчэ з'ездзіць... Мне-то, старой, не так ужо лёгка выбраць час для паездкі, ды і не люблю я доўгія дарогі...

- Цяпер жа не так ужо дрэнна ў цягніках, за якія суткі - паўтара будзеш і на месцы.

- А я думаю самалётам. І хутчэй, і пару дзён сэканомлю.

- Ты ж не ахвотніца лятаць на самалётах. Памятаеш, як у мінулым годзе праклінала адну сваю службовую паездку?

- Гэта не так ужо і страшна. Перасадкі з поезда на поезд - вельмі нудная справа, ды і часу траціцца зашмат.

Яны даволі мірна пагаварылі аб некаторых справах, успомнілі мінулае, калі жыў быў бацька і маці вяла толькі хатнюю гаспадарку. Успомнілі, што бацька ўсыпаў гарачых сыну не толькі за сапсуты касцюм, але і за дрэнныя поспехі Сузана ў школе, з-за якіх бацьку даводзілася не раз і не два весці не зусім прыемныя размовы з настаўнікамі. І як бяжыць час: прыязджала маленькая Караліна, усяго год чатырнаццаць было Сузану, а цяпер у яго ўжо дзеці, двое дачок... Усё было б так добра, каб не гэтыя сямейныя згрызоты. А з-за чаго? З-за якога-небудзь няшчаснага долара... Ну гуляе, ну выпівае часам... Падумаеш, якія страхі! Не мільёны ж прапівае ён...

Маці паволі рыхтавалася да сваёй паездкі. Купляла сякія-такія падарункі дачцэ, яе мужу і самы лепшы - унучцы Караліне. Усе гэтыя дні Сузан хадзіў вясёлы і ўзрушаны. Ён праявіў нават пэўную энергію і заклапочанасць. Схадзіў на аэрадром, прынёс дахаты акуратна выпісанае распісанне самалётных рэйсаў да горада, у якім жыла сястра ў Канадзе. Гадзінамі праседжваў вечарамі з маці, выбіраючы сумесна з ёй найбольш зручны для яе маршрут. Дастаў нават карту гэтых маршрутаў. І за пяць дзён да адлёту купіў маці білет. Купіў нават за ўласныя грошы, чым вельмі расчуліў маці, і яна, упершыню за колькі год, пацалавала яго і нават сказала:

- Вось бачыш, ты ж можаш, калі захочаш, быць такім харошым чалавекам... і... добрым сынам...

- Ну што вы, маці... Я заўсёды такі... Калі што і бывае, дык гэта ж выпадковыя з'явы, ці варта звяртаць на іх увагу!

- Вядома, сынок... Магчыма, я часам і памылялася, калі думала аб табе толькі блага...

Яна нават змахнула слязу, першую за апошнія гады слязу радаснага замілавання сваім адзіным сынам...

Сузан хацеў быў сказаць, што ён збіраўся купіць ёй у аўтамаце на аэрадроме спецыяльныя страхавыя полісы. Каштуюць яны вельмі танна, усяго які-небудзь долар ці паўтара, а выплачваюць па іх... здорава выплачваюць... Справа тут пахне тысячамі, калі купіць некалькі полісаў. Але тысячы толькі ў выпадку... Ну, ці будзеш жа гаварыць роднай маці, у якім выпадку выплачваюць тыя тысячы. І ён палічыў, што гаварыць ёй аб такіх справах было б ужо зусім нетактоўна... Ён жа сын, а не хто іншы. І ён прамаўчаў пра гэтыя полісы, якія каштуюць так танна, так танна...

Апошнія дні перад ад'ездам маці ён хадзіў маўклівы і пануры. Вечарамі корпаўся са старым будзільнікам, які застаўся яму ў спадчыну ад бацькі. Разбіраў, збіраў яго. Важдаўся з рознымі батарэйкамі. Неяк маці заўважыла яму:

- Займаешся, сынок, дзіцячымі гульнямі. Ты ж электраманцёр, каб хацеў, мог бы мець і некаторую прыватную практыку ў вольны ад службы час.

Ён адказаў ёй спакойна:

- Хачу адрамантаваць бацькаў будзільнік, а то вось часам пазнюся на працу.

- Дык аддаў бы ў майстэрню.

- Не бяруць. Кажуць, стары завельмі механізм, у іх няма патрэбных частак.

Маці махнула рукой. Ці варта залішне сварыцца з сынам перад ад'ездам?

Некаторымі вечарамі сын хадзіў на ўзмор'е і цэлыя гадзіны праводзіў у трысняговых зарасніках, якія цягнуліся на доўгія кіламетры па абодва берагі балоцістай рачулкі. Што ён рабіў там, ніхто не бачыў і не ведаў. Але з кожным вечарам сын рабіўся больш жвавы, весялейшы. Ён спрабаваў нават жартаваць, заводзіў гульні з маленькімі дочкамі, і ў кватэры ўзнімаўся такі вясёлы гармідар, што жонка толькі здзіўлялася, адкуль гэта ўсё бярэцца, адкуль такія перамены ў яго характары? Яна нават сказала аднойчы:

- Нешта я не разумею цябе.

І ён адказаў ёй не то сур'ёзна, не то паўжартам:

- А чаго тут разумець? Мы яшчэ пажывём з табой, вось пабачыш!

- Што я пабачу! І так ужо з мяне насміхаюцца ўсе суседкі.

- Шчэ насмяешся і з іх!

- Ці не надумаліся часам павысіць табе зарплату?

- А хіба гэта немагчыма? Не век жа мне хадзіць у электраманцёрах...

Урэшце падышоў і час ад'езду маці, і яна пачала ўкладваць чамадан.

- Кінь, маці, я дапамагу табе сам зручней запакаваць усе рэчы. Адпачні перад дарогай. Садзіся вось, калі хочаш, і гавары, куды якую рэч класці, што глыбей, што бліжэй.

- Ну добра, сынок, я збегаю яшчэ ў магазін, развітаюся са сваімі калегамі.

У вызначаны час яны выехалі на старэнькім «фордзе» - таксама спадчына бацькі - на аэрадром. Сын занёс чамадан у багажнае аддзяленне, купіў яшчэ маці бутэльку яе любімай мінеральнай вады. Улучыў хвілінку і ў касавым аддзяленні набыў на дзесяць долараў страхавых полісаў. Калі расплачваўся, рукі дрыжалі так, што дзяўчына-касірка шчыра параіла яму не хвалявацца.

- Хто ў першы раз ляціць, той заўсёды хвалюецца, а гэта ўсё так проста, так звычайна... - і надарыла яго такой мілай усмешкай, што другім разам Сузан абавязкова затрымаўся б на якую хвіліну, каб перакінуцца лішнім словам з такой слаўнай дзяўчынай. А тут ён толькі зірнуў на яе незразумелым вокам, потым спахапіўся і, паспешліва засоўваючы ў кішэню полісы, хуценька падаўся прэч.

Каб суняць крыху хваляванне, ён забег яшчэ ў буфет і залпам выпіў стопку віскі. Крыху супакоіўся, перасталі дрыжаць рукі, толькі ў нагах адчувалася млявасць. Яго штурхалі мітуслівыя пасажыры, ён сам натыкаўся нібы сослепу на сустрэчных людзей, яго некалькі разоў нават груба аблаялі. Некаторыя ж пасажыры, заўважыўшы яго блукаючы позірк, саступалі дарогу, абыходзілі. Маці таксама ўбачыла штосьці няладнае ў ім, трывожна запыталася:

- Ці здаровы ты, сынок?

- О, зусім здаровы, зусім здаровы... - паспешліва адказаў Сузан, пазбягаючы зірнуць у вочы маці.

Цень трывогі сышла з яе твару, і яна, ужо сурова, асуджаюча, сказала яму:

- А ты ўжо напіўся, як бачу я!

Яна хацела яшчэ нешта сказаць, але тут абвясцілі пасадку на самалёт. Яны правялі яе да выхадных дзвярэй, далей якіх іх, як суправаджаючых, не пусцілі. Бачылі, як паднялася яна па трапу, як бег, задыхаўшыся, спазнелы пасажыр, які, мяркуючы па яго расчырванелым твары, крыху заседзеўся ў буфеце ці рэстаране. І вось урэшце самалёт пайшоў на старт, месца якога не відаць было ад дзвярэй, дзе стаялі яны, Сузан з жонкай.

31
{"b":"555765","o":1}