Литмир - Электронная Библиотека
Содержание  
A
A

- Чалавек павінен разумець нагайку і знаходзіць адразу голас.

Але голасу ад нагайкі не знаходзілі і, параіўшыся, як быць і куды дзець, парашылі: раніцай «у расход пусціць». Яшчэ свет не патух у прытульнай хаце, не змоўклі гамонка і вясёлыя спевы, як пацягнулася ад стопкі купка людзей. Выйшлі на шлях, насыпаны сярод багны і прызначаны калісьці пад чыгунку. Жоўты пясок змешваўся пад нагамі з мокрым снегам, у ім грузлі ногі і пэцкаліся боты. Хутка спыніліся. Мерзлі рукі, снежная мітульга абляпляла макрэддзю твары, з-за разарваных хмар прарываўся бялёсавокі месяц. І калі свяціў - тады больш злосным рабіўся вецер, шалёна кідаўся на прыдарожны параснік, на быльнёг па абочынах дарогі, забіраўся дакучлівай золлю пад шынялі. На суку бліжэйшай асіны трапятаў сіратой счарнелы ліст, і, як ліст гэты, трымцелі без шынялёў пяць палонных, прытуліўшыся адзін да аднаго, каб было цяплей... І каб весялей разам, умясцёх, зірнуць у халодныя, сляпыя вочы немінучага.

Людзі з карабінамі запальвалі папяросы, грэліся, паціралі рукі. Паручнік Граеўскі таропка перашэптваўся з старым капітанам Садоўскім:

- Хіба зачытаць прысуд?

- На якога чорта прысуд гэты самы, вельмі ён ім патрэбны... Дый ці для іх законы пісаны, - урэшце ўзлаваўся капітан, якому папалі за каўнер поцекі талага снегу.

- Станавіцеся на край!

Кароткі залп - і пяць чалавек адразу аселі, пахіліліся і ссунуліся на жоўты вільготны пясок. Яшчэ хвіліна, і яны пакаціліся па абочыне шляху, уніз, туды, дзе лазовы параснік, дзе халодная вада з снегам. Адзін затрымаўся ля куста алешніку, сунуўшыся тварам у зямлю. І на спіне ў яго прыстаў лапікамі мокры снег.

Людзі з карабінамі таропка пайшлі назад. Толькі Жорж Граеўскі на хвіліну затрымаўся, каб пакорпацца ў кішэнях забітых. І нічога там не было, апроч зашмальцаванае паперы дакументаў і невялічкага партыйнага білета. Ужо даганяючы сваіх, прачытаў Граеўскі пры святле месяца прозвішча забітага чалавека: «Анатоль Іванавіч Гарашчэня». І сунуў паперу ў свае кішэні, па старому звычаю, набытаму за гады службы ў вайсковай разведцы.

...Дзе ж жудасны свет воўчых вачэй асенніх? Хто ваўкі?

...Жорж Граеўскі.

...Анатоль Іванавіч Гарашчэня.

...Усё тое добра, што мае канец добры. А чым ён кепскі?

Уздыхнуў Анатоль Іванавіч, пацягнуўся, стаў ладзіцца нанач.

* * *

Пачынаўся камсамольскі сход. Сакратар ячэйкі Антон Макрэня, хваравіты хлопец з нейкім вечна прышчымленым выглядам, нібыта вось пнецца хто стаць яму на мазоль і таму ўхіляецца ўбок чалавеча, тупае з месца на месца, - зачытваў месячны каляндарнік працы ячэйкі:

- І ўсяго ў нас за месяц будзе чатыры сходы і чатыры бюро. І мяркуем правесці пяць індывідуальных дакладаў, і такім чынам ахопім трэцюю частку складу ячэйкі.

- А якія ж пытанні на сходах?

Сакратар нерашуча тупае з месца на месца, корпаецца ў сваіх паперах.

- Пытанні, кажаце... Ну, якія ж пытанні? З'езд трэба прапрацаваць? Трэба. Папросім вось ужо Анатоля Іванавіча даклад зрабіць. Ну, справаздачу бюро паставім, ну... ды яшчэ знойдзем што-небудзь.

- Дай мне слова! - і Яшка, прасунуўшыся да стала, дастаў замусоленую запісную кніжку. - Хлопцы... Вось што... Каляндарнік - ён каляндарнік і застанецца. Ён правільны, чаго там. Але не ў гэтым справа. Колькі я ўжо разоў казаў, няхай ячэйка трохі падумае ну хоць бы сабе вось аб інтэрнаце. Там жа ліха ведае што.

- Якое табе дзела да інтэрната, на тое ж заўком ёсць, - нездаволена гаворыць сакратар, паціскаючы плячмі.

- Ат, заўком... Нібы сам не ведаеш, які спрытны заўком наш.

- Ну, гэта ты ўжо таго, бузу пачынаеш.

- У цябе ўсё буза. Што ні скажы - буза. Вунь п'янства ды карцёж у моладзі.

- А браточак, ну прыспічыла табе - на бюро пагаворым.

- У цябе ўсё на бюро.

- Ну і пагаворым. Вось і Анатоль Іванавіч прыйдзе, тады і пагаворым.

- У цябе ўсё Анатоль Іванавіч. Вунь ён дагаварыўся з хутарскімі кулакамі на дастаўку саломы.

- Якой саломы?

- Ды ў цэх жа вязальны... А чаму не хацеў браць з вёскі, вунь камітэт прыходзіў, чаму ж было не ўзяць камітэцкай саломы? А калі не з камітэта - чаму не можна было дагаварыцца з вяскоўцамі, яшчэ колькі вунь прыходзіла.

- Ты ўсё пра сваё. А пры чым тут мы? Адміністрацыя ёсць у нас?

- А вунь склад зусім згніў, працаваць няма як...

- Ат, кінь ты ўжо.

- Як гэта кінь?

Чалавек з дванаццаць камсамольцаў, якія спачатку досыць безуважліва слухалі сакратара, цяпер насцярожыліся. Была звычайная цікавасць да лаянкі, да ўзаемных папрокаў, цікавасць да таго, чым жа гэта, урэшце, усё скончыцца.

- Дык няма, хлопцы, больш прапаноў? - і сакратар згортвае і завязвае сваю парыжэлую, пажоўклую папку з паперамі. - Ну, дык лічу сход...

- Пастой, пастой... А маё хіба слова - не слова?

Новы загадчык клуба, які сядзеў да гэтага ў кутку і моўчкі назіраў за ўсім, пасунуўся да стала.

- Усё ж такі і я камсамолец, хоць і стары ўжо, але ж камсамолец. І сказаць вам - і буза ў вас, ну і буза-а... - «Але ж, канкрэтней, канкрэтней, таварыш Каведла...» - Так, бліжэй да справы. А справа, бачыце, у тым... Сяджу гэта я і дзіўлюся: і не камсамольцы, здаецца мне, сядзяць вось тут, а... хто яго ведае... ну, галошы старыя. Хлапец дзела гаворыць, а яму - кінь. Чаго ж гэта варта, любыя? І пра моладзь скажам... Паскудная, братцы, справа ў нас з моладдзю. - «Але ж канкрэтней, канкрэтней, таварыш Каведла...» - Так... Скажам, з'езд - добрая справа, трэба прапрацаваць, абмеркаваць, пагаварыць... Але ж да гэтага часу і другую справу трэба вырашыць. Як ты аб гэтым думаеш, паважаны сакратар?

Сакратар мнецца, моршчыць лоб і адказвае пытаннем:

- Гэта ты аб моладзі хіба?

- А хоць бы сабе і аб моладзі.

- Дык, бачыце, справа тут такая: гаварыў я анодысь з Анатоль Іванавічам, ну і парашылі мы вечар спайкі наладзіць... Ну, няхай паскачуць там. Ну, няхай... вось мы і думаем яшчэ на бюро пагаварыць аб гэтым.

- Гм... для пачатку што ж... Спайка - справа добрая, мо і прыгожая. Але ж трэба, таварыш, і аб іншым падумаць. Тыдзень я на заводзе ў вас - нічога толкам не бачу. - «Але ж канкрэтней, канкрэтней, таварыш Каведла!» - Клуб - гэта раз - анічагутка ў ім. Кніжак - два - анізвання. Газета - тры - ці бачыў хто ў вочы? Камсамольцы - чатыры - без пораху, ходзяць кіслыя. Інтэрнат - пяць - клоп клопа прусом паганяе. Завод - шэсць - цвіль на цвілі, дзіравыя печы. Заўком - сем - дзіравыя... так нікудышны заўком... А чаму? А вы ж ведаць павінны? А вы ж кам-са-молія.

Усе маўчалі. Сакратар не ведаў, дзе падзець вочы і куды пакласці сваю папку. Урэшце ён рашуча ўзяў яе пад пахі і, не гледзячы ні на каго, ціха мармытнуў сабе пад нос:

- Лічу сход зачыненым...

- Як гэта так?

- Ды так. Павестка дня ўся вычарпана.

- Як гэта вычарпана, калі я стаўлю вось гэтыя пытанні?

- Не ўнось дэзарганізацыі, таварыш... Нельга ж так, каб гэта раптам ды ўсё і вырашыць. Вось сабяромся на бюро і вырашым усё як след. Пазавём яшчэ... ну, хоць бы Анатоля Іванавіча... А то адразу.

Некаторыя з хлопцаў паціху смяяліся, другія мнагазначна пераміргваліся - найшла каса на камень - хто каго? А Яшка і яшчэ некалькі хлопцаў з нейкай не то надзеяй, не то з замілаваннем паглядалі на выцвілую кепку Каведлы, з-пад якой выбіваліся жорсткія русыя кудры. Каведла неяк грэбліва, пагардліва правёў вачыма згорбленую постаць сакратара, гэтую вечна спяшаўшую некуды постаць, спяшаўшую і не знаходзіўшую сабе месца. І пад кудрамі варушылася недзе назойлівая, дакучлівая думка: «Ну і тыпус! От вылівак, от птаха нябесная...»

Калі сакратар схаваўся за дзвярмі, Каведла смачна сплюнуў на падлогу, пастаяў яшчэ з хвіліну і, матнуўшы, нібы ў сцвярджэнне нейкае думкі, галавой, пасунуў рашуча да выхаду.

- Айда, хлопцы, чаго тут валэндацца. Хадзем, Яшка... - кінуў ён ад дзвярэй.

* * *
45
{"b":"555765","o":1}